Метро

Виталий Сазанович
У тую сераду я зноў выйшаў на Кастрычніцкай. Я дакладна памятаю, што гэта было ў сераду, таму што праз тры дні была субота. Я падышоў да таго месца і пачаў рухацца да эскалатара з надзеяй на ўдачу. Я падняўся наверх, але далей шукаць было дарэмна. Шляхі разыходзіліся, памнажаліся ў геаметрычнай прагрэсіі з кожным паваротам і скрыжаваннем. Таму я вярнуўся ў метро на тое месца, стаў крыху збоку, схаваўшыся за калону, і пачаў чакаць.

Яна з’явілася, як заўсёды, неспадзявана, але дакладна ў свой час. Я заўважыў яе яшчэ, калі яна толькі спускалася на эскалатары. Яна падышла да свайго любімага месца і спынілася, агледзеўшыся навокал. Ад яе патыхала свежасцю і бесклапотнасцю, як быццам і не было цяжкага працоўнага дня. Як я люблю, калі яна вось так з’яўляецца тут сярод гэтай шэрай масы людзей. Як кветка сярод пустазелля. Я не ведаю, адкуль яна прыходзіць. Ведаю толькі, што яна заўсёды прыходзіць у адзін і той жа час на гэта месца. Ніколі не спазняецца. Толькі за пунктуальнасць можна любіць яе. Яна падышла да нашага месца і стала тварам да рэек. Я глядзеў збоку на яе падцягнуты азадак, контуры якога выкрывала кароткая спадніца, на яе лыткі, напружаныя ад шпілек, нацягнутыя да максімуму. Яна зняла свой пінжачок, завужаны ў таліі, і рукой адкінула назад валасы. Яны хвалямі рассыпаліся па яе плячах. Быццам адчуўшы, што за ёй нехта назірае, яна паглядзела па баках, амаль не павярнуўшы галавы. Але я заўсёды стаю непрыкметна, зліўшыся з мармуровай калонай, як хамелеон, і назіраю за ёй праз невялікі праём паміж калонамі.

Я ўявіў, як урэшце падыду да яе і ўдыхну ў сябе пах яе пышных каштанавых валасоў, апушчуся на калені, пакладу рукі на яе лыткі і, павольна падымаючыся ўверх да клубаў, пачну цалаваць яе аксамітную смуглую скуру, забірацца ўсё вышэй і вышэй пад спадніцу, мае рукі праслізнуць пад яе блузку, пальцы адным рухам расшпіляць станік, сціснуць яе пруткія грудкі, намацаюць набрынялыя смочкі, адцягнуць іх, ад чаго яна млява застогне. Мае пальцы адпусцяць смочкі, грудкі затрасуцца, як жэлацінавыя торцікі, і мы сальёмся ў гарачым танцы кахання.

Я стаяў побач і чакаў цягнік разам з ёю і паасобку. Распранаў яе як ляльку, зноў апранаў ужо ў другое, больш інтымнае адзенне. Я пакрываў усё яе цела пацалункамі і чакаў пакуль ёй што-небудзь можа спатрэбіцца. Яна, напрыклад, можа не ўтрымацца на сваіх шпільках і перакуліцца на рэйкі. Тады я скочу за ёю. Падтрымаю яе за азадак, можа нават выпадкова пабачу колер яе стрынгаў. Можа яны будуць чырвонымі. А мо чорнымі? І мне будзе сорамна, што я гэта ўбачыў, але прыемна, што цяпер я ведаю яе тайну – яе любімы колер. Потым яна будзе дзякаваць мне. Я прапаную правесці яе. Калі мы падыдзем да яе дома, яна запросіць мяне на гарбату, і ў той жа вечар я паласуюся чарэшанкамі на яе торціках. А потым мы залезем у ванну і будзем карміць адзін аднаго з рук.

Яна падышла бліжэй да краю платформы. Набліжаўся цягнік. Я таксама выйшаў з-за калоны. Я глядзеў у бок цягніка, але на самой справе толькі на яе. Яна расшпіліла верхні гузік на блузцы. Ажурны ўзор станіка прабіваўся праз шаўковую тканіну. Позіркам можна было намацаць шлейкі, якія ўпіваліся ззаду ў яе цела, пакідаючы лагчынку паміж лапатак.

Аб чым яна думала? Ды аб чым яна магла думаць. Напэўна, думала, як пойдзе са сваім хлопцам у суботу ў кіно. Ён заедзе за ёю на сваёй машыне, а вечарам павязе яе ў рэстарацыю, потым запросіць да сябе ў госці, і ёй будзе цяжка яму адмовіць, таму што яны ўжо даўно сустракаюцца, і яна дазволіла яму ўжо шмат чаго, і трымаць яго так далей будзе недарэчна.

Мы ўвайшлі ў вагон, і я зноў адчайна спрабаваў прыдумаць што-небудзь. Нават калі ў яе ёсць хлопец, а ён не можа не быць, таму што да такой дзяўчыны заўсёды стаіць чарга кавалераў, я не магу проста так адмовіцца ад яе. Ніхто ніколі не будзе кахаць яе так, як я. Яна можа думаць, што кахае яго, а ён яе, але аднойчы яны пасварацца, зразумеюць, што памыліліся, што не створаны адзін для аднаго. Я бачыў гэта ўжо шмат разоў сярод сваіх сяброў: людзі любяць перш за ўсё сябе і не гатовы ахвяраваць. Сучаснае пакаленне не ўмее кахаць.

Яна села і пачала разглядаць рэкламу, якая вісела насупраць. Ці так здавалася. Яе вялікія блакітныя вочы са здзіўленнем спыніліся на нейкай выяве, а пухленькія губкі, крыху прыадчыненыя, быццам пачалі прамаўляць надпісы на рэкламе. Я паглядзеў на рэкламу, але нічога незвычайнага не заўважыў.

На Якуба Коласа зайшоў нейкі бугай і сеў побач з ёю. Хоць мог бы і пастаяць. Месца толькі з’явілася, і жанчына, якая стаяла недалёка з сумкай, зрабіла няўдалы рух. Але яна адразу ўбачыла дарэмнасць і засмучана адвярнулася. Гэты тып мне адразу не спадабаўся: сеў, ногі разваліўшы, злажыў рукі накрыж. Пачаў касавурыцца на яе. Раптам ён нахіліў сваю галаву ў яе бок і нешта спытаў, напэўна, наконт рэкламы. Яна рассмяялася.

Яны пачалі аб нечым размаўляць. Я глядзеў на іх і мне хацелася плакаць ад крыўды. Толькі што я думаў, што ў яе ёсць хлопец, і яна ніколі не зверне на мяне ўвагу, адшые мяне за адну секунду, варта толькі падысці да яе з банальным жартам. І вось усё адразу перавярнулася, і я адчуў, што нікога ў яе няма, і што яна ахвотна знаёміцца з гэтым піжонам, і вось ужо нават зацікаўлена паглядае на яго.

Я стаяў, прытуліўшыся да дзвярэй. Спачатку мне хацелася выйсці на наступнай станцыі і паехаць дамоў. Але потым перадумаў. Ён пачаў браць у яе нумар тэлефона, рыхтуючыся да выхаду. Яны працягвалі ўсміхацца адзін аднаму і аб чымсьці перамаўляцца. Я ўжо ведаў, дзе яна жыве. Аднойчы я неяк правёў яе да самага пад’езда. Пазней я проста ездзіў з ёю да канечнай. А вось ён мяне зацікавіў. Таму я выйшаў за ім на Ўсходзе.

Мы пайшлі па мікрараёну, віхляючы паміж дамоў. Я асцярожна ішоў за ім, вытрымліваючы дыстанцыю. Добра што было ціха, таму што, калі ў яго зазваніў тэлефон, я выдатна пачуў усё, што ён меў сказаць:

– Вы дазваніліся ў службу псіхалагічнай падтрымкі. Дзеля паляпшэння якасці нашых паслуг гэта размова можа быць запісана. Аператар Алег. Слухаю вас? – ён пераклаў тэлефон на другое вуха і спыніўся ля агароджы дзіцячага садка. Хітра прыжмурваючыся, ён глядзеў на мяне і быццам у пустэчу, калі я праходзіў міма. Я абыякава, не звяртаючы на яго ўвагу, прайшоў крыху наперад за рог дома і там сеў перавязаць шнуркі.

– А, Вераніка! У вас ужо прайшоў шок ад першага знаёмства са сваім будучым мужам? Усяго дзесяць хвілін спатрэбілася. Гэта вы лічыце не хутка? Так, я разумею. Метро не лепшае месца для знаёмства. Дарэчы, ён прасіў перадаць вам, што хацеў бы запрасіць вас у тэатр у суботу. Выдатнейшая рэч: “Юнона і Авось”. З задавальненнем? Тады давайце дамовімся, дзе вы сустрэнецеся. Запісвайце адрас: станцыя метро Кастрычніцкая, па сярэдзіне платформы, субота, палова сёмага. Так, кветкі абавязковы. Да сустрэчы, прыемных сноў і не спазняйцеся! – ён скончыў размову так жа гулліва, як і пачаў яе.

Зноў Кастрычніцкая. Ці свет клінам на гэтай станцыі сышоўся? Я прайшоў крыху наперад і сеў на лаўку за кустамі перад першым пад’ездам. Галава ішла кругам. Гэты нахабнік вось так проста ўводзіць у мяне дзяўчо. Я ведаю пра яе ўсё: дзе яна жыве, як апранаецца, на што звяртае ўвагу, калі праходзіць ля вітрын,- усё, акрамя імя. Вераніка. Дык вось значыць, як яе завуць. Муж… Няўжо, ён збіраецца, прапанаваць ёй руку і сэрца? Запрашае ў тэатр. І што мне з таго? Я не зрабіў тое, што трэба было зрабіць. Я сам вінаваты. Спустошаны, я сядзеў на лаўцы, утаропіўшыся ў вычварны ўзор з масленых плям на плітцы перада мною.

Раптам ён прайшоў міма мяне да наступнага пад’езда. Значыць ён жыве ў гэтым доме. Ён спыніўся ля пад’езда і пачаў некаму тэлефанаваць. Неўзабаве з пад’езда выйшла кабета з калыскай, і яны пачалі размаўляць на павышаных тонах. Я адразу зразумеў, што яны муж і жонка. Толькі адносіны паміж імі былі не самыя лепшыя. Я пачуў некалькі ўрыўкаў фраз, але гэтага было дастаткова, каб прыйсці да гэтых высноў. Сэрца маё страпянулася з новай надзеяй. Значыць ён не свабодны. Адной, значыць, яму мала? Вырашыў сабе каханку завесці, поскудзь. Яму самому патрэбна псіхалагічная дапамога. А хутка можа і медыцынская спатрэбіцца. Калі б толькі ён не быў такім бугаём. Я ліхаманкава шукаў магчымы выхад ці варыянты помсты.

Наваяўлены псіхолаг Алег пайшоў у пад’езд, а яго жонка пакаціла калыску да дзіцячай пляцоўкі. Я дастаў блакнот і запісаў: “Ваш муж Алег завёў каханку. У суботу яны ідуць у тэатр на ‘Юнону і Авось’. Добразычлівец.“ Я зараз не магу сказаць, як мне прыйшла такая думка ў галаву. Напэўна, жаданне адпомсціць Алегу за крыўду, перавысіла ўсё астатняе. Мяне ўжо не цікавіла, што будзе з Алегам, калі яго жонка даведаецца аб здрадзе. Я думаў толькі аб нас з Веранікай. Калі Алег будзе выкрыты, я змагу прапанаваць Вераніке тое, ад чаго яна не зможа адмовіцца. Толькі бы паспець.

Жонка Алега пакінула калыску і куртку на лаўцы і пайшла вадзіць дзіцё вакол пясочніцы. Таму мне было не цяжка вылучыць дакладны момант і падкінуць ёй ліст, калі яна з дзіцём у чарговы раз адвярнулася. Я хуценька рэціраваўся. Я не ведаў, які будзе вынік усяго гэтага, але я спадзяваўся, што жонка Алега закаціць яму сцэну, і Алег не прыйдзе на спатканне з Веранікай.

Але я памыляўся. У суботу вечарам усхваляваны Алег стаяў на платформе Кастрычніцкай з букетам руж, а я стаяў хмуры недалёка ад яго, і мы разам чакалі Вераніку. Яна падышла, ззяючы ад шчасця. Ён працягнуў ёй ружы і палез цалавацца. Яна падставіла яму шчаку, і яны ажыўлена пачалі аб нечым балбатаць і смяяцца. Навошта я ўвогуле прыйшоў на чужое спатканне? Можа Алег і не жанаты ўжо, а нядаўна развёўся. Тады ён мае права са спакойным сумленнем сустракацца з Веранікай, дарыць ёй кветкі, кахаць яе. Можа яны з жонкай і не жывуць ужо разам, і яна ніяк не можа на яго паўплываць. А я прыпёрся сюды з надзеяй, што сустрэну Вераніку, а Алег не прыйдзе, і тады я змагу падысці да яе, пазнаёміцца і запрасіць у кіно ці ў рэстарацыю. І яна не зможа адмовіцца, таму што Алег кінуў яе, і ёй будзе крыўдна, і яна захоча яму адпомсціць. Наіўна. Калі б Алег не прыйшоў, ён бы папярэдзіў яе па тэлефоне. Калі б ён не прыйшоў, яна б пачала хвалявацца, а не помсціць. Помста – гэта тое, што перапаўняла мяне, я не яе. Яна, напэўна, была закахана.

А яна была закахана. Я ніколі яе такой не бачыў. Яе вочы свяціліся шчасцем і захапленнем, прадчуваннем яшчэ большага шчасця. Шчаслівыя яны ехалі зараз у адным вагоне побач са мною. А я быў у роспачы. Я ніколі не адчуваў сябе больш няшчасным. Вераніка весела шчабятала нешта яму ў вуха, ён вымушаны быў нахіляцца да яе, каб лепей пачуць. Ён манерна усміхаўся, працягваў жартаваць, а яна паддавалася на ўсе яго хітрасці і залівалася смехам. Ён ужо паклаў сваю руку на яе талію, і яна нават не спрабавала ўбраць яе. Як хутка яна здалася.

Я правёў іх да тэатра, а потым пайшоў у бліжэйшы бар. Мне трэба было выпіць. Я ніколі не п’ю адзін. І проста так без нагоды не п’ю. Але ў той вечар мне было ўсё роўна. Вераніка глядзела з Алегам мюзікл пра каханне. Ён ласкава абдымаў яе ў цемры залы і шаптаў ёй словы кахання. Я тупа глядзеў, як праламляецца свет у гранёным бакале. Мая рука абдымала бакал, а вусны шапталі ўсялякую бязглуздзіцу. Бармэн спачувальна паглядаў на мяне і паклапаціўся аб тым, каб мяне ніхто не чапаў.

Я не паехаў дамоў і дачакаўся, пакуль яны выйдуць з тэатра толькі таму, што хацеў яшчэ раз паглядзець на яе. Я нядрэнна накідаўся ў той вечар і ўжо не да канца разумеў навошта я кружыў вакол іх, як якая драпежная пачвара.

Яны выйшлі на ганак тэатра. Ён засунуў рукі ў кішэні паліто. Яна ішла побач, трымаючы яго адной рукой пад руку. У другой руцэ яна трымала букет руж. Раптам ім насустрач з’явілася жонка Алега. Яны спыніліся. На твары Алега можна было прачытаць здзіўленне і разгубленасць. Размова была кароткая. У наступны момант жонка Алега пачала крычаць і біць сумачкай Вераніку, а Алег спрабаваў стаць паміж імі і скіраваць увесь гнеў сваёй жонкі на сябе. Вераніка рванулася ў бок і хутка пачала аддаляцца. Мне было шкада яе. Але адначасова радасць перапаўняла мяне. Цяпер яне не стане сустракацца з Алегам. І будзе больш разборлівай пры знаёмстве.

Я паспяшаўся за ёю. Нейкая невядомая сіла цягнула мяне да яе. Кожны раз, калі мы расставаліся, я вяртаўся ў свой шэры свет. Свет-беспрасвет. І жыў думкамі аб ёй, марыў, як мы зноў сустрэнемся, як будзем займацца каханнем, як я сам буду выбіраць ёй споднюю бялізну, як аднойчы я прыкую яе да ложка наручнікамі, і яна ўжо не зможа адмовіць мне ні ў чым. І спачатку яна будзе супраціўляцца, можа, нават крычаць. Але потым яна здасца, расслабіцца, і не заўважыць, як ёй самой ужо будзе гэта падабацца, нават больш, чым мне. І яна будзе стагнаць ад задавальнення, закусваць сваю пульхную ніжнюю губку, яе вочы закоцяцца ў экстазе, а цела спазматычна выгнецца, і мы разам зведаем раней не вядомы нам шлях дасягнення аргазму.

Аб усім гэтым я думаў, пакуль ішоў за ёю ў той суботні вечар. Таму я не хацеў спыняцца. Гэта было ўсё адно што адмовіцца ад вызвалення, якое яна несла ў сябе. Мы зайшлі ў метро на Плошчы Незалежнасці і зноў апынуліся на платформе. Я стаяў, крыху хістаючыся на нагах. Але я не быў п’яны. Адрэналін ад адчування таго, што я збіраўся зрабіць, засцілаў вочы. Далоні сталі вільготнымі. Усё было быццам у тумане. Так, я хваляваўся. Хваляваўся, як ніколі ў сваім жыцці. Але алкаголь надаў мне храбрасці. Можа, ён і сыграў нейкую немалаважную ролю ў тым, што адбылося далей.

Мае ногі наліліся свінцом, але я здолеў зрабіць некалькі крокаў і стаць ад яе крыху збоку. Я бачыў, як яна расстроена, і мне хацелася абняць яе, прытуліць да сябе, прашаптаць у вушка, што ўсё добра, што ёсць чалавек, які яе кахае, больш за ўсё на свеце.

– Я магу вам чым-нубудзь дапамагчы? – спытаў я, і здзівіўся таму, як гучыць мой голас. Я ўпершыню загаварыў з ёю. Я ўвогуле рэдка гавару, работа ў мяне маўклівая. Таму і размаўляць мне заўсёды цяжка з людзьмі.

Яна са здзіўленнем паглядзела на мяне, быццам яе вымусілі адарвацца ад сваіх думак. І вось цяпер я адчуў на сябе ўвесь холад яе абыякавых вачэй.

– Не,- коратка адрэзала яна і адвярнулася.

Ёй хапіла адной секунды, каб зірнуць на мяне і скласці сваё меркаванне наконт мяне. Я разумеў, што гэтым яна скончыла размову, але я адчайна спрабаваў зачапіцца за яшчэ якую-небудзь магчымасць.

– Вас нехта пакрыўдзіў?- вымавіў я ёй амаль у спіну. Магчыма, не трэба было гэтага гаварыць, таму што яна рэзка павярнулася да мяне, яе вочы гнеўна гарэлі, і яна жорстка амаль прашыпела на мяне:

– Калі мяне хто і пакрыўдзіў, то гэта не ваша справа! Калі ласка, пакіньце мяне ў пакоі,- і яна адышла ад мяне на некалькі крокаў і стала па-ранейшаму павярнуўшыся да мяне спінаю.

Людзі, якія стаялі на платформе побач назіралі ўсё гэта, пачулі ўсё, што яна мела мне сказаць. Калі спачатку магло падацца, што мы знаёмы, і я проста падышоў да яе павітацца, то цяпер усе маі намеры былі выкрыты, і людзі вакол разумелі, што мне толькі што адмовілі. Я гатоў быў праваліцца скрозь зямлю. Навошта яна гэтак дэманстратыўна адышла ад мяне, быццам я праследую яе? Выставіла мяне дурнем, няўдачнікам. Мужчыны пагардліва глядзелі на мяне. Нейкая жанчына агледзела мяне з ног да галавы так уважліва, што мне захацелася літаральна задушыць яе. Якая ёй была справа да мяне? Няхай думае пра свой боршч, які чакае яе дома ў лядоўні. Мне хапіла гэтых позіркаў, каб адчуць, што ўсё скончана, што я не пайду за Веранікай, не змагу прасіць у яе прабачэння тут на платформе, таму што ўсё гэта ўжо дарэмна, усё скончана. І ўйсьці я не мог. Калі б я проста пайшоў у другі бок, я б не вытрымаў гэтых позіркаў у спіну, якімі звычайна праводзяць няўдачнікаў. Таму я застаўся. З пачуццём асабістай годнасці я таксама зрабіў выгляд, быццам мне ўсё роўна і адвярнуўся ў другі бок.

Трэба было супакоіцца і ўзяць сябе ў рукі. Значыць яна лічыць, што я недастойны яе? Што гэты бабнік – лепшая кандыдатура для яе? Шлюндра, толькі што яна гатова была легчы пад яго, а цяпер ужо не хоча проста быць ветлівай з незнаёмым чалавекам.

Я зайшоў у цягнік і забіўся ў кут праз два вагоны ад яе. Я мог бы прапанаваць ёй руку і сэрца ўжо сёння, але ці заслужыла яна гэта? Такая вось ганарлівая дзяўчына, як яна, шастае спачатку па гораду. Ёй усе не падабаюцца, яна круціць носам і чакае свайго прынца. Потым прадаецца аднойчы лысаму чужаземцу, з якога ўжо труха сыплецца, за капейку, і спіць з ім без усялякага кахання. Таму што шлюндра!

Я выйшаў на апошняй станцыі і наўмысна паскорыў хаду, каб яна мяне не ўбачыла. Выйшаў з метро і патрухаў да мікрараёна, да яе дома. Калі яна так хацела сексу з гэтым лавеласам-бабнікам, то не адмовіцца пазнаёміцца і з сапраўдным мужчынам. Я зайшоў у пад’езд з боку лесвіцы і схаваўся за перагародку. Дзверы былі расхінутыя насцеж, таму што дамафон не працаваў. Лямпачкі нідзе не гарэлі. Калі я ўпершыню правёў яе сюды, то спачатку падняўся на ліфце на апошні паверх, спрабуючы здагадацца ў якой кватэры яна жыве, а потым спусціўся па лесвіцы ўніз. Так што я добра ведаў гэты пад’езд.

Я стаяў за перагародкай і цяжка дыхаў, больш узбуджаны ад прадчування сустрэчы з ёю, чым ад бегу з метро да яе дома. Пачуем, што яна мае мне цяпер сказаць. Дыханне пачало супакойвацца. Наступіла цішыня. Я нават спужаўся, што нас пачуюць. Што калі яна закрычыць? Трэба будзе адразу завязаць ёй рот яе ж шалікам. Я дастаў нож, які загадзя падрыхтаваў, і паглядзеў, як блішчыць лязо. Трэба яе як след напужаць, каб не крычала.

Я чуў, як гулка тахкае сэрца. Чаму так хутка і гучна? Калі хто-небудзь пачуе? Я ніколі не чуў тахканне свайго сэрца так выразна. Што калі яна будзе не адна? Ціха, нехта набліжаецца.

Я выглянуў, гэта была яна. Адна. Яна ішла вельмі хутка, гледзячы пад ногі. Зайшла ў пад’езд да ліфтаў. Я хуценька выскачыў і перабег за ёю. У руцэ я ўжо трымаў нож. Я схапіў яе ззаду адной рукой за рот і паваліў на падлогу. Калі зараз хто-небудзь пачне спускацца на ліфце – труба. Але мне зноў пашанцавала.

Яна змагалася як магла, нават спрабавала ўкусіць мяне, але сілы былі няроўныя. Я ўсім целам прыціскаў яе жыватом да падлогі, адцягваючы галаву за рот. Другой рукой я прыклаў нож да яе горла. Яе духмяныя валасы ўрэшце напоўнілі мяне жарсцю.

– Калі зараз жа не супакоішся, перарэжу горла. Будзеш крычаць – перарэжу горла. Разумееш мяне? Кіўні галавою, калі так,- я ледзь стрымліваўся, каб не сцягнуць з яе спадніцу і не зрабіць гэта прама тут.

Яна перастала брыкацца і заціхла. Потым неяк няўпэўнена кіўнула галавою, так што я нават спачатку і не ўцяміў, ці сапраўды яна згадзілася мне падпарадкавацца. Гэта раздражняла яшчэ больш. Яна гатова была рабіць тое, што я ёй скажу.

Я падняўся і падняў яе. Потым перавёў яе да лесвіцы, трымаючы нож ля горла. Людзей на вуліцы зусім не было.

– Не забівайце мяне, калі ласка,- жаласна шэптам паўтарала яна.

Яе голас гучаў па-дзіцячы проста і роспачна. Гэта быццам вярнула мяне да рэчаіснасці. Яна была яшчэ зусім дзіцём. Я па-ранейшаму трымаў яе тварам ад сябе, а лязо нажа ўпівалася ў яе горла. Нешта перашкаджала мне павярнуць яе. Напэўна, я не хацеў глядзець ёй у вочы.

– Любіш трахацца, сука? Здымай спадніцу, зараз я пакажу табе, як гэта правільна рабіць,- я ўзбудзіўся, яшчэ калі змагаўся з ёю там ля ліфтаў. А зараз быў гатоў узяць яе ззаду так, як яна любіць.

– У мяне нікога ніколі не было. Вы мне толькі балюча не рабіце і прабачце за тое, што я вам там сказала ў метро. У мяне сёння вельмі няўдалы дзень. Я нікому не скажу. Вы толькі не забівайце мяне, калі ласка. Мяне мама дома чакае,- яе голас напоўніўся слязамі, якія пачалі сачыцца мне на руку. Яна зараўла, як дзіцё, і пачала расшпільваць пінжачок.

Яна ўсё ж мяне пазнала. Што ж, тым горш для яе. Няўжо цнатлівая? Так, яна не можа зараз хлусіць. Гэта так відавочна. Як жа я памыляўся наконт яе. Не буду ж я тут вучыць яе займацца сексам. Ах, як шкада. Жарсць неяк адразу спала, і на душы стала неяк брыдка. Што зараз з ёю рабіць?

Зараз яна прыйдзе дахаты і ўсё раскажа бацькам, а праз паўгадзіны мяне зловяць. Яна мяне бачыла, мяне апазнаюць і ўсё – труба. На зоне мяне проста заб’юць, калі гэтага не здарыцца ў камеры папярэдняга затрымлівання. І гэта будзе яшчэ не самае горшае. Спачатку зэкі будуць выкарыстоўваць мяне ў якасці жанчыны.

А калі мяне не зловяць? Тады мой фотаробат будзе вісець на кожным уваходзе ў метро. І людзі ўспомняць, як я падышоў да яе. Знойдуцца сведкі. Ах, як шкада.

Я адцягнуў рукой яе галаву і рэзкім рухам нажа паласнуў па горлу. Яна абмякла і села на калені. Трымаючыся за горла, яна спрабавала спыніць кроў, якая няспынна лілася з-пад яе рук. Яна дастала шалік з кішэні і пачала абгортваць яго вакол шыі. Я стаяў здранцвелы. Я думаў усё скончыцца адразу, але я памыліўся. Кроў сцякала з нажа. Я нахіліўся і выцер яго аб яе пінжак. Яна нават не звярнула на гэта ўвагі. Так яна сядзела і старанна замацоўвала шалік на шыі, а я стаяў побач з ёю і без яе – яе забойца. Гэта доўжылася цэлую вечнасць. І я не ведаў, што мне рабіць. Мне не хацелася больш яе чапаць. Трэба было ўцякаць, а я стаяў і глядзеў на яе пышныя каштанавыя валасы. І нішто ўжо не перашкаджала мне стаць на калені за яе спінаю і ўдыхнуць у сябе іх пах. Але я ніколі б не адважыўся. Урэшце яна павалілася на бок. Яе рукі былі па-ранейшаму прыціснуты да горла, а вочы зачынены. Твар быў такі спакойны і сумны. Я ніколі не забуду гэты выраз.

Я стаю на Кастрычніцкай і гляджу на наша месца. Звычайна ў гэты час павінна з’явіцца Вераніка. Я чакаю яе, хоць і ведаю, што яна не прыйдзе. Я гляджу на эскалатар і не бачу нічога, акрамя шэрай масы людзей.

Калі не лічыць гэтую шыкоўную бландзінку, якую аж распірае ад жаноцкасці. Яна – як маладая кабыла гатовая да злучкі. Пругкі вялікі азадак пад чорнымі бліскучымі ласінамі, высокі абцас, татуіроўка на хвастцу. Такая кабылка безумоўна разбіраецца ва ўсіх тонкасцях радэа. Цікава, дзе яна жыве?