Выпрабаваннi

Виталий Сазанович
(па матывах апавядання Арыны Гардзей "Я украду тебя у смерти")

— На жаль, у Беларусі такую аперацыю не робяць — спецыялістаў не хапае. Бліжэйшыя цэнтры ў Германіі і Ізраілі. Я бы не хацеў уводзіць вас у зман. Шанцы невялікія, але ёсць, — доктар, быццам саромеючыся, пазбягаў глядзець Марыі ў вочы. Толькі зрэдку іх позіркі сустракаліся, і тады ён не вытрымліваў першы і вінавата апускаў позірк на стол перад сабою. Каб не выкрыць сваю вінаватасць, ён прымушаў сябе гуляць позіркам па пакоі, пераводзячы яго са стала на шафу, потым на акно і зноў на стол.

А Марыя шукала яго вочы. Чакала, пакуль іх позіркі сустрэнуцца, каб зразумець, ці ёсць у яе шанцы. І не разумела.

— Дык вы лічыце, што аперацыя не дапаможа?

— Я гэтага не казаў. Але нават пасля аперацыі застанецца рызыка рэцыдыву, улічваючы гісторыю вашай хваробы. Да таго ж, аперацыя вельмі дарагая.

— Колькі?

— 120 тысяч еўра, — і доктар неадрыўна паглядзеў у вочы Марыі. У гэты раз ужо яна першая была вымушана адвесці позірк. Канешне, у яе няма такіх грошай. Ён усё зразумеў без слоў.

З кансультацыйнага цэнтра Марыя выходзіла як у тумане. Віталь чакаў яе ў машыне.

— Ну, як усё прайшло? Што сказаў доктар?

— Паехалі дамоў, там раскажу.

***

— Мы прададзім нашу кватэру і кватэру тваіх бацькоў і пераедзем жыць у вёску, — нешта запытальнае гучала ў голасе Віталя. І гэта злавала.

— А ты ўпэўнены, што хочаш гэта зрабіць? Можа вернешся да сваёй каханкі? А потым, калі ўсё скончыцца, пераедзеце жыць сюды, дзетак заведзяце, — Марыя не жартавала і нават не іранізавала. Яе голас гучаў так абыякава, што напужаў Віталя рэалістычнасцю сваёй прапановы.

Аднойчы ён памыліўся, і хоць Марыя даравала яму тады на словах, у душы ён назаўсёды застаўся вінаваты. З тае пары ён усё рабіў, каб яна забыла здраду. Пачаў сам гатаваць ежу і прасаваць. Стаў слухацца яе ва ўсім, бездапаможна, як дзіцё, чакаючы адабрэння ці пакарання. А яна маўчыць. І нічога ёй не патрэбна. А ён яшчэ больш пачаў праяўляць клопат:

- Ці можа больш пасаліць?  Мо яшчэ адну падушку пад галаву? А як кветкі сёння, не звялі? Можа памяняць?

Але ўсё гэта не дапамагала. Здавалася нават, што гэта мела адваротны эфект. Марыя быццам замкнулася ў сябе і на ўсё адказвала сціпла і абыякава.

Вось і зараз Віталь стаяў пасярэдзіне пакоя і чакаў нейкага рашэння ад Марыі. Марыя ляжала на спіне на канапе, утаропіўшыся ў столь, і ёй сапраўды было ўжо ўсё роўна. Яна ўзгадвала розныя моманты са свайго жыцця: выпускны вечар у школе, першы пацалунак, першае каханне, потым універсітэт, потым знаёмства з Віталем. А потым усё пакацілася пад адхон. І чым далей, тым хутчэй. Вяселле, бясплоднасць, здрада, хвароба. За што ёй такі лёс? Навошта яна яму такая? Лепей ёй проста спакойна памерці, каб не цягнуць яго за сабою. Нават смешна, што яна павінна іграць гэтую ролю пакутніцы. Яна ніколі сябе так не адчувала. Заўсёды была змагаром. Толькі не зараз. "Як я стамілася, хутчэй бы ўсё гэта ўжо скончылася".

— Навошта ты так? — Віталь знясілена апусціў рукі. Ён адчуваў, што павінен нешта зрабіць, але ўвесь час вагаўся, ці сапраўды гэта тое, чаго яна хоча.

“Яна хоча памерці. У гэтым не можа быць сумневу. Але я не магу так пакінуць яе. Я не змагу жыць, калі не зраблю ўсё ад мяне залежнае. Яна зменіцца. Нельга здавацца”.

— Я дам аб’явы аб продажы кватэр. Табе зробяць аперацыю ў Германіі, і мы будзе жыць разам доўга і шчасліва.

— І памром у адзін дзень. Ад шчасця. Амін.

***

Пакупнікі знайшліся даволі хутка. Дзеля гэтага прыйшлося занізіць цэны. Але Віталь не шкадаваў аб згубленых грошах. Час — гэта адзіная каштоўнасць, якая мела зараз значэнне. Калі ўсё перамовы былі праведзены і дакументы падпісаны, заставалася толькі забраць грошы і прывезці іх у банк, каб пакласці на рахунак.

Віталь вяртаўся ў цягніку з Мазыра, куды яму прыйшлося паехаць, каб забраць апошнюю суму. Прыхіліўшыся тварам да акна, ён з сумам глядзеў на асенні ландшафт, які праносіўся міма. Апошнія два тыдні сталі самымі выпрабавальнымі ў яго жыцці. Але адна думка не пакідала яго ўвесь гэты час. Ці патрэбна было ўсё гэта рабіць, калі яна сама не хоча? Калі шанцаў на папраўку амаль няма. Нават пасля аперацыі. Ці кахае яна яго ўвогуле? Пасля той здрады іх адносіны кардынальна памяняліся. Яе быццам падмянілі. І ў гэтым была яго віна. Але ці павінен ён пакутаваць так з ёю ўсё жыццё? “Выпрабаванні. Адны выпрабаванні,” — Віталь маркотна ўздыхнуў.

— У вас нешта здарылася? Вы сядзіце такі сумны ўвесь час. Можа я змагу вам дапамагчы. Парадай ці проста выслухаю. Мне таксама сумна, — жанчына, якая нядаўна падсела да яго ў купэ, выглядала вельмі вытанчана і інтэлігентна.

— Не думаю, што тут можна ўжо чым-небудзь дапамагчы. Чалавек, якога я вельмі люблю, захварэў. І яму патрэбна аперацыя, якая каштуе шмат грошай.

— Сапраўды, парадай тут не дапаможаш.

І яны памаўчалі, кожны думаючы аб сваім.

— А магу я вас спытаць, як вы шукаеце грошы? У маіх знаёмых становішча вельмі падобнае на вашае. У іх захварэла дачка, і калі грошы на аперацыю не знойдуцца, яна памрэ.

— Грошы я ўжо знайшоў. Нам прыйшлося прадаць некаторую нерухомасць. Але аперацыя можа не дапамагчы.

— Разумею. Рызыка заўсёды ёсць.

І яны зноў памаўчалі. Потым прыйшоў час класціся спаць, і Віталь далікатна пакінуў купэ, каб даць суседцы пераапрануцца.

Раніцай, калі цягнік пад’язджаў да Мінска, правадніца разбудзіла Віталя гучным выкрыкам:

— Мінск. Прачынаемся.

Суседка кудысьці знікла ноччу. Яе матрац быў скручаны і акуратна пакладзены на верхнюю палічку. “Напэўна сышла ноччу. А я думаў яна таксама да Мінска едзе.” Але нейкі сумнеў закраўся ў душу Віталю. Ён адчыніў багажнае аддзяленне, падняўшы ложак, і ўсхвалявана пачаў расшпільваць замок сумкі. Замок заела, і рукі знервавана цягнулі бегунок, які ўсё ніяк не хацеў расшпільваць маланку. Урэшце маланка разышлася, каб пацвердзіць тое, чаго так баяўся Віталь.

***

Жанчына ў вытанчаным гарнітуры хутка крочыла па праспекце Незалежнасці. На плячы ў яе цяжка гойдалася жаночая сумачка, у руцэ яна трымала мабільны тэлефон.

— Ало, Вадзім? Я знайшла грошы, выдалі аб’яву, калі ласка. Так, мы больш не прадаём кватэру. Я потым табе ўсё растлумачу. Як там справы ў Марыйкі? Сёння яшчэ не кашляла? Яна супчык паела?