Адмауленне

Виталий Сазанович
Урывак з сачынення па беларускай літаратуры на тэму “Беларуская мова ў сусветнай культуры” вучаніцы 11 “Б” класа гімназіі №2 г.Мінска Вікторыі Асмыковіч:

“Беларуская мова ў тым афіцыйным варыянце, які нам прапануе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, не існуе. Ніхто ніколі не размаўляў на гэтай штучнай мове, створанай энтузіястамі на падставе народнай мовы. Калі вы прыедзеце ў звычайную беларускую вёску і паспрабуеце паразмаўляць на гэтай мове з мясцовымі жыхарамі, то па меншай меры выклікаеце здзіўленне і зацікаўленасць, а калі вы выкажаце думку, што менавіта гэта мова з’яўляецца сапраўднай народнай мовай, то з вас могуць і пасмяяцца. Таму што народная мова, на якой размаўляюць у вёсках, адукаваная інтэлігенцыя называе “трасянкай”. А што такое “трасянка”? Гэта тое, чаго так саромеюцца і не хочуць прызнаваць аматары літаратурнай беларускай мовы: “трасянка” – гэта вялікая руская мова, забруджаная запазычаннямі з моў краін-суседак (часцей за ўсё з польскай і ўкраінскай) і аздобленая каларытным дыялектным вымаўленнем своеасаблівым для розных частак Беларусі”.

***

Авіярэйс Масква-Анталія спазняўся на паўгадзіны, што было звычайнай справай для чартэрных рэйсаў. Урэшце самалёт прызямліўся на запланаванай узлётна-пасадачнай паласе, і ўзрадаваныя пасажыры заапладзіравалі пілотам, дзякуючы за мяккую пасадку.

Пакуль самалёт вырульваў на парковачнае месца, пасажыры, не чакаючы дазволу, расшпілілі рамяні бяспекі і пачалі збіраць рэчы. Некаторыя нават паспелі ўскочыць і хуценька зняць сумку з палічкі над галавой. Шмат для каго гэта было першае падарожжа за мяжу, а нехта і ўвогуле ўпершыню ляцеў на самалёце. Яны зацікаўлена выглядалі ў ілюмінатары, разглядаючы, як яны лічылі, Турцыю, а потым засцярожліва, каб ніхто не ўбачыў патаемных хованак, правяралі, ці ўсе дакументы і грошы на месцы. Нарэшце самалёт спыніўся, і ўсе, стомленыя доўгім пералётам, паўскаквалі са сваіх крэслаў.

Пад’ехаў трап, дзверы адчынілі, і тут з пераду самалёта пачуліся нейкія крыкі, і грубы мужчынскі голас чутна загадаў: “Усім назад!” Пасажыры знерухомелі і павярнулі галовы наперад, занепакоена ўглядаючыся ў перад самалёта. Раптам яны ўбачылі, каму належаў гэты голас. У праёме наперадзе з’явіўся чалавек у сонцаахоўных акулярах і ваеннай форме з аўтаматам, паднятым угару. “Усім сесці для праверкі дакументаў”,- гаркнуў ён па-руску з акцэнтам і пачаў прасоўвацца наперад, распіхваючы людзей па сваіх месцах. Яго грозны выгляд і аўтамат, які ён чамусьці апусціў цяпер уніз і накіроўваў на пасажыраў, прымусілі ўсіх падпарадкавацца. Хутка ў праёме наперадзе з’явіліся яшчэ два вайскоўца. Яны нешта рабілі з дзвярамі, пакуль не здолелі зачыніць іх.

Пасажыры, здзіўленыя нечаканай праверкай у такой жорсткай форме, прыціхлі і сядзелі моўчкі, адчуваючы ўладу людзей з аўтаматамі. Другі вайсковец з аўтаматам прайшоў у сярэдзіну салона і, спыніўшыся ля аварыйнага выхаду, стаў спінаю да яго.

У праёме наперадзе з’явіўся трэці вайсковец. З носа ў яго ішла кроў, твар быў перакошаны ад злосці. Адной рукой ён трымаў за локаць сцюарда, які зусім нядаўна падносіў напоі пасажырам, другой – пісталет, прыстаўлены да галавы сцюарда. На змакрэлым ад поту твары сцюарда людзі прачыталі жах і адразу зразумелі, што адбываецца нешта жудаснае.

– Хочаце жыць, сядзіце ціха і чакайце, пакуль мы вас не выпусцім, – сіпатым знерваваным голасам вызверыўся чалавек з пісталетам. – Калі хто-небудзь хоча стаць героем, як, вось, ён, вас чакае такое ж пакаранне.

Ён зрабіў невялікую паўзу і змрочна як мантру дадаў ужо больш спакойным голасам:

– Пакуль вашы салдаты гвалтуюць жанчын і забіваюць дзяцей у Чэчні, дзе зараз ідзе вайна, вы ездзіце на курорты і нічога не заўважаеце. Але Алах усё бачыць. Няма бога на зямлі акрамя Алаха, а Мухамед – яго прадстаўнік. Алаху Акбар!

– Алаху Акбар! – грымнулі другія захопнікі, адзін з галавы, другі з хваста самалёта.

І ён выстраліў. Усе бачылі, як уздрыгнула і завалілася на бок галава сцюарда і яго безжыццёвае цела асела долу. У мёртвай цішы, якая ўсталявалася з самага пачатку пакарання, нехта ўскрыкнуў, нейчы дзявочы голас слаба праз слёзы вымавіў кароткае “мама”, жанчына недзе пачала плакаць і галасіць. Людзі заварушыліся, але страх перад смерцю бязмерна апанаваў імі. Тыя, хто ўсё яшчэ не верылі пабачанаму, глядзелі на залітую крывёю перагародку наперадзе і паціху пачыналі ўсвядомліваць сваё новае становішча заложнікаў.

***

З таго ж сачынення:

“Цікава, што сапраўдных носьбітаў той правільнай літаратурнай беларускай мовы таксама не існуе. Ці ведаеце вы хаця б адну сям’ю, дзе размаўляюць па-беларуску? Нават калі такая сям’я існуе, яна ўсё роўна ўвесь час знаходзіцца пад уплывам рускамоўнага асяроддзя. У школе, у магазіне, на вуліцы – усюды ў Беларусі людзі размаўляюць па-руску. Таму беларускамоўныя людзі заўсёды вымушаны адчуваць сябе ў грамадстве белымі варонамі. Пачутая ў звычайнай сітуацыі ад незнаёмага чалавека беларуская мова выклікае здзіўленне, злаванне, кпіны, разгубленасць, зацікаўленасць – усё, акрамя звычайнага ўспрымання сэнсу сказанага. У такіх выпадках людзей злуе тое, што яны вымушаны спачатку намагацца, каб зразумець, потым яны павінны зрабіць выбар на якой мове адказаць. Зручней адказаць на той жа самай беларускай мове, на якой было пастаўлена пытанне, таму што ўсе словы ўжо сказаны і іх не трэба перакладаць на рускую мову. Але тут прыходзіць усведамленне таго, што слоў усё ж не хапае і адказаць без памылак яны не могуць. Гэта ўзбурвае шмат каго. У такіх выпадках людзі часта адчуваюць, што іх наўмысна спрабуюць падлавіць на памылцы, прымусіць гаварыць па-беларуску, а можа і проста паказаць ім, што яны не здольны размаўляць на роднай мове. Да таго ж усе могуць размаўляць па-руску, але не ўсе па-беларуску. Таму выбар беларускай мовы з самага пачатку гаворкі ставіць суразмоўніка ў далікатнае становішча. І гэты выбар заўсёды не на карысць таму, хто абірае беларускую мову.

Жывой беларускай мовы не існуе. Моўны сінтэз, які адбываецца ў жывой гаворцы, не існуе як працэс для мёртвай штучнай беларускай мовы. Усе, хто сцвярджаюць адваротнае – летуценнікі, аматары, нацыяналісты, якія жывуць у сваім асобным свеце, не заўважаючы наваколля”.

***

Тэрарысты пачалі мініраваць самалёт. З вялікіх сумак, якія яны прынеслі з сабою, дасталі ўзрыўчатку, і ёю пачалі абкладаць салон. Недзе ззаду зароў немаўля. Бацькі дарэмна спрабавалі супакоіць яго. Першыя хвіліны пасля расстрэлу ўсе сядзелі моўчкі, шакіраваныя адбыўшымся і напужаныя смерцю. Урэшце адна з жанчын, якая трымалася лепш за астатніх, наважылася спытаць у аднаго з захопнікаў:

– Чаго вы дамагаецеся?

– Міру,- спакойна адказаў ёй тэрарыст. – Мы хочам, каб вашы ўлады вывелі расійскія войскі з Чэчні, - працягнуў ён, адчуваючы ўпэўненасць ва ўласнай праваце.

– І колькі вы будзеце нас трымаць?

– Мы нікуды не спяшаемся. Будзем трымаць вас, пакуль не выведуць войскі.

Пасажырам дазволілі карыстацца тэлефонамі. Тыя пачалі тэлефанаваць сваякам, у амбасаду, прэсу. Віка тэлефанавала маме. Яна чамусьці гаварыла вельмі ціха, прыкрываючы тэлефон далонню:

– Ало, мама? Ты толькі не хвалюйся. Я табе зараз нешта скажу, але я хачу, каб ты не хвалявалася. Са мною ўсё ў парадку, але ведаеш… – Віка памарудзіла, казаць, ці не, – наш самалёт захапілі ў Анталіі чэчэнскія тэрарысты. Нас павінны хутка адпусціць ці вызваліць… Не, я не ведаю, адкуль яны ў Турцыі… Так, Вадзік са мною… Мы сядзім на месцах 35 А і Б… Тэрарыстаў двое… Не, у іх толькі пісталеты. Можа цацкі, а можа пнеўматычныя. Ты толькі не хвалюйся. Яны вельмі міралюбівыя. Усё гэта хутка скончыцца. Я табе пазней яшчэ патэлефаную. Зараз трэба тэлефон выключыць, каб не разрадзіўся. Мама, я цябе вельмі люблю. Ты толькі не плач, мамуля. Не раві, чуеш? Мне могуць не дазволіць больш тэлефанаваць, але гэта не значыць, што са мною што-небудзь здарылася. Я сама буду тэлефанаваць табе, трэба зараз тэлефон выключыць. Пакуль, мама. Я люблю цябе.

Віка выключыла тэлефон, нахілілася наперад закрыла твар рукамі і зарыдала. Упершыню за апошнія пяць гадоў. Вадзім узяў яе за рукі, абняў за плечы, але гэта не дапамагала. Яна стрымлівала слёзы, закрывала рот рукамі, каб не быць пачутай, але цела яе сутаргава скаланалася ад роспачы, безвыходнасці і жалю да сябе. Загінуць у 25 гадоў, нічога не пабачыўшы, нічога не паспеўшы зрабіць, і так бязглузда і недарэчна. Ніхто не будзе выводзіць войскі з Чэчні, ніхто не будзе іх ратаваць. Тэрарыстаў знішчаць, а загінуўшых пасажыраў пералічаць у спісе нявінных ахвяр. І ўсе гэтыя людзі, якія так неспадзявана трапілі ў смяротную пастку. Чым яны заслужылі сабе такую смерць? Мамуля, як жа ты будзеш пакутаваць, калі мяне не стане. Як я цябе люблю, мама.

***

“Беларусь, як краіна, таксама, як і мова, размыта ў этнічным і нацыянальным плане. Нацыяналізм менш за ўсё ўласцівы для беларусаў. Ім усё роўна, як называецца краіна, у якой яны жывуць, на якой мове яны размаўляюць, якую гісторыю яны маюць. Адзінае, што іх хвалюе, гэта каб не было вайны, каб было што выпіць і чым набіць страўнік. Ды і якую гісторыю мае Беларусь? За нейкія дзве тысячы гадоў тэрыторыя сучаснай Беларусі была часткай розных краін, акрамя краіны пад назваю Беларусь. Межы гэтых краін увесь час мяняліся, мянялася ўлада, людзі заставаліся, такія ж абыякавыя да сваёй незалежнасці як і сёння. Хіба можна ганарыцца такой гісторыяй?

Беларусь ніколі не была незалежнай і нават зараз, атрымаўшы незалежнасць дэ-юрэ, дэ-факта Беларусь застаецца часткай Расійскай імперыі”.

***

Тэрарысты пачалі правяраць дакументы. Адразу адпусцілі жанчыну з немаўлём, які няспынна роў увесь гэты час. Яе муж павінен быў застацца. Адпусцілі некалькі туркаў, двух сірыйцаў, аднаго кіпрыёта.

– Мы не маем да вас прэтэнзій, - як завучанае гаварыў ім Рашыд – галоўны з тэрарыстаў, які здзейсніў пакаранне.

Пасажыры трымалі свае пашпарты над спінкамі сядзенняў. Ім загадалі трымаць пашпарты ўгару і сядзець з апушчанай галавою. Рашыд ішоў ад пачатку самалёта, прапускаючы рады чырвоных расійскіх пашпартоў. Ён спыніўся каля сям’і з галандскімі пашпартамі, узяў у рукі пашпарты, пачаў правяраць іх.

– Прозвішчы рускія і морды таксама. Якія вы галандцы, - Рашыд ухмыльнуўся і пайшоў далей.

Калі Рашыд спыніўся ля сям’і, ў якой бацька быў немец, Вадзім пачаў шаптаць Віцэ:

– Віка, гэта твой шанец выйсці зараз. У цябе ж беларускі пашпарт. Ты толькі не кажы, што мы разам. І прозвішча ты не мяняла. Кажы, што Беларусь – гэта не Расія. А я потым як-небудзь выберуся.

– Добра, - чамусьці адразу пагадзілася Віка і, крыху памаўчаўшы, дадала: – Вадзік, я цябе так кахаю. Ты толькі не рызыкуй дарэмна. Чакай, пакуль усіх не вызваляць. Нас не могуць не вызваліць.

Немец вырашыў застацца з сям’ёю. Рашыд крыху павагаўся, а потым, уражаны такім мужчынскім учынкам, вырашыў адпусціць усю сям’ю.

Урэшце ён дайшоў да Вікі з Вадзімам, узяў Вікін цёмна-блакітны пашпарт і пачаў гартаць яго, а потым неяк абыякава сказаў:

– Беларусь – тая ж самая Расія.

Віка чакала гэтага моманту як прысуду. У яе вачах пацямнела, кроў прыхлынула да твару, у галаве мільганула думка “вось і ўсё”. Але заставаўся яшчэ адзін хоць і вельмі невялікі, але ўсё ж шанец, і яна пачала таропка, няўпэўнена, быццам пакрыўджана, казаць:

– Беларускія салдаты не ваююць у Чэчні і ўвогуле нідзе не ваююць, толькі Беларусь абараняюць. У Беларусі свой гімн, свой герб, свой сцяг, свая мова, - Віка запнулася, разумеючы дарэмнасць гэтай прамовы.

Але Рашыду спадабалася такая рашучасць, і яго быццам забаўляла жаданне дзяўчыны выратавацца любымі сродкамі.

– Мова, кажаш, есць свая? У Чэчне таксама свая мова – чэчэнская. А ну, скажы, што-небудзь па-беларуску.

Віка ліхаманкава ўспамінала ўрокі беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі, дзе яна вучылася да таго, як паехала паступаць у Маскву. Урэшце дрыготкім голасам, упершыню са школьных часоў вымаўляя беларускія словы, якія гучалі так незвычайна ў жахлівай цішы самалёта, яна пачала:

– Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы. І цягам доўгія часіны, дзявочыя забыўшы сны, на лад пярсідзкі ткуць яны. І тчэ, забыўшыся, рука, замест пярсідзскага вузора цьвяток радзімы васілька.

Радкі, вершы пераблыталіся. Гэта ўсё, што памятала Віка, але гэтага было дастаткова.

– Ну, пакуль мову памятаеш, будзеш жыць. Ідзі і не забывай, дзе нарадзілася, - Рашыд больш не ўсміхаўся. На нейкую хвіліну ён успомніў сваю радзіму, родны кішлак, дзяцінства. Але ўсё гэта было да пачатку вайны.

***

“Мне сорамна казаць, што я з Беларусі, калі я выязджаю за мяжу і мяне пытаюцца, адкуль я. Людзі не ведаюць, дзе знаходзіцца гэта краіна і як яна дакладна называецца. А калі што-небудзь і ведаюць, дык толькі дрэннае, звязанае з палітыкай. Мне сорамна за людзей, якія жывуць у Беларусі, таму што іх культура алкагалізму і менталітэт абыякавасці, які яны называюць “талерантнасцю”, такія ж самыя, як і іх мова “трасянка” – забруджаныя і несапраўдныя. Таму я адмаўляюся прылічваць сябе да беларусаў і заўсёды кажу, што я з Расіі. Я адмаўляюся ад мовы, якая выклікае абурэнне ў саміх беларусаў. Беларуская мова не існуе ў сусветнай культуры, таму што яна не існуе ў Беларусі”.

***

Ішла пятая гадзіна раніцы. Віка сядзела ў зале аэрапорта, побач з ёю – псіхолаг, якую даслалі разам з групай спецназаўцаў самалётам з Масквы. З таго моманту, як захапілі самалёт, прайшло 16 гадзін. Віка ўглядалася ў цемру праз акно туды, куды пасля захопу адагналі самалёт.

– Я разумею, вам цяпер вельмі цяжка. Ваш муж, вы яго кахаеце. Раскажыце, які ён. Я ведаю, гэта дапаможа вам… – моцны выбух перапыніў псіхолага.

Ад узрыўной хвалі здрыгануліся вокны. Заліты агнём самалёт азарыў палову турэцкага неба заўчаснай зарніцай.

Пачынаўся новы дзень.