Мае memoires, ч. 12

Пётр Шаколо
                ХІІ


         Што датычыць мяне, дык я – сапраўдны ашмянін. Як кажуць,дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся: на Ашмяншчыне ўвесь час жыву і працую. З першага па дзявяты клас вучыўся ў гарадской СШ № 1, а затым –  у вячэрняй,  сярэднюю школу закончыў у 1964 годзе.   
         
         Працаваў рабочым, інспектарам аддзела сацзабеспячэння. С 1965 па 1968 год служыў у Савецкай Арміі (таксама, як і брат, аператарам зенітна-ракетнага дывізіёна).1968 – 1970 гг. –  настаўнік  фізкультуры і  выхавацель прышкольнага інтэрната Жупранскай СШ. Ад 1970 да 1985 года займаў розныя службовыя  пасады ў дзяржаўных, партыйных  і  сельскагаспадарчых органах: інспектар райсацзабеспячэння, ст.эканаміст інфармацыйна-вылічальнай станцыі, інструктар  райвыканкама  і  райкама  КПБ, аграном-інспектар  станцыі аховы раслін і пагранічнай каранціннай інспекцыі. З 1985 года – настаўнік, затым дырэктар Янканцаўскай няпоўнай сярэдняй школы, намеснік дырэктара Рудзішскай базавай, дырэктар Цудзенішскай сярэдняй і Анкудскай базавай школ. Увогуле: з 20 год педагагічнай дзейнасці – 5 працаваў настаўнікам, 5 – завучам і 10 – дырэктарам. Ад  верасня  2003 года – на пенсіі.
          
         У 1975 годзе закончыў завочна  Ленінградскі  сельскагаспадарчы  інстытут і атрымаў спецыяльнасць вучонага агранома, у 1992 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці: біёлаг,выкладчык біялогіі і хіміі.
          
         Акрамя працы і вучобы, вядома, як ва ўсіх нармальных  людзей, ёсць іншыя пэўныя запыты, нтарэсы   і   зацікаўленні:   літаратура,  музыка,   спорт,   яго гульнёвыя віды, більярд (асабліва – у маладосці), у свой час я абараняў гонар    раёна    па    настольным    тэнісе     на    абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. На аматарскім узроўні меў справу з матацыклам і аўтамабілем.
         
          Заўсёды побач са мной былі і ёсць бліжэйшыя сябры і таварышы, гатовыя працягнуць руку дапамогі ці падставіць плячо, калі тое спатрэбіцца. Не абмінула і любоў: жанчына для мяне заўжды – аб’ект захаплення і асоба, крыніца натхнення і творчасці, прыгажосці і радасці ў жыцці.
          
         Не могуць не закрануць душу адвечныя цуды прыроды, яе непаўторныя з’явы, узаемаадносіны чалавека з наваколлем.
          
         Усе пералічаныя акалічнасці так ці інакш  знаходзяць  адлюстраванне  ў маім светапоглядзе, і пэўна ж, - у творчасці.

                *********

         На гэтым пакуль пастаўлю кропку. Далей будзе яшчэ шэраг замалёвак аб вядомых мне падзеях і цікавых сустрэчах. Спадзяюся, што мае сціплыя нататкі пакінуць нейкі станоўчы след у чытача, падштурхнуць задумацца аб яго радаслоўнай спадчыне, успомніць добрым словам сваіх блізкіх людзей і ніколі не забывацца пра адметнасці жыцця і здабытках нашых папярэднікаў і сучаснікаў.

----------------------
Ашмяны, ліпень 2015 г.