Мае memoires, ч. 8

Пётр Шаколо
                VIII

         Пасля свайго ўладкавання  тата перавёз на новае месца і сям’ю. Альбіне было 12, Надзі -7, Віцю ішоў трэці год. Я нарадзіўся ўжо ў Ашмянах, праз год, 6 лістапада 1946 года.
          
         Спярша наша сям’я і дзядзька Станіслаў жылі на падсяленні  ў доме панны Янкі (прозвішча не знаю) каля педвучылішча (зараз- школа-інтэрнат).
Тут жа, за фанернай перагародкай у малюсенькім пакойчыку кватэравала маладая настаўніца вучылішча Тамара Ярмошкіна, з якой у Стася завязаліся сур’ёзныя адносіны – і яны пажаніліся.
         Станіслаў Людвікавіч скончыў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут, пасля чаго быў прызначаны  кіраўніком дзіцячага дома ў Астравецкім раёне, затым шмат год працаваў дырэктарам Рымдзюнскай сямігадовой школы і Гірскай (у в. Гіры) васьмігодкі  там жа, на Астравеччыне. Разам з ім настаўнічала і жонка Тамара Леанідаўна: выкладала рускую мову і літаратуру, біялогію. Яны нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей: сына Уладзіміра, дачок Ларысу і Зінаіду.
         Дзядзька Станіслаў на працягу першых дзесяцігоддзяў пасля пераезду ў Астравецкі раён час ад часу наведваўся да нас у Ашмяны, ці папутна, вырашаючы нейкія службовыя справы, ці спецыяльна. З ім заўсёды было цікава і ў бяседзе, і ў застоллі. Некалькі разоў прыязджаў разам з жонкай Тамарай, а аднойчы – з дочкамі-школьніцамі, у 1980 годзе быў на пахаванні таты, пасля –  сустракаліся вельмі рэдка. Апошні раз мы бачыліся з дзядзькам Стасем і цёткай Тамарай у 1999 годзе (незадоўга да яго смерці), тады я, мая сястра Надзея і яе сын Міхаіл прыехалі да іх у Гіры. Станіслаў ужо пачуваўся моцна хворым і амаль не ўставаў з ложка, Тамара падавалася крапчэйшай, але ж гады таксама бралі сваё. У бацькоў на той момант знаходзілася дачка Зіна (жыхарка Вільнюса) і дачушка-дашкольніца Ларысы, заўчасна памёрлай ад анкалогіі ў г. Жыгулёўску. З Валодзям, яго жонкай і дарослай дачкой я сустрэўся і пазнаёміўся ў іх мінскай кватэры ў 1998 годзе, таксама даведаўся, што іх сын-афіцэр служыць ваенкомам у адным з раённых цэнтраў Беларусі.      
 
         Напрыканцы 1946 года мы пасяліліся ў доме  Генуэфы Шушкевіч на вуліцы Польнай (зараз – Аўдзеева). Затым атрымалі невялічкую, метраў на 20, кватэрку па вул. Камсамольскай.
         У сакавіку 1957 года нам выдалі ад аддзела камунальнай гаспадаркі ордэр на кватэру ў двухпавярховым доме па Савецкай вуліцы, былыя жыльцы якой з’ехалі ў Польшчу. Перабраліся вельмі хутка, балазе наша жыллё  па новаму адрасу аказалася зусім побач. Агульная плошча  больш за 50 кв.м., што ў два с паловай разы перавышае папярэднюю, ёсць падвал,  сарай і каля 2-х сотак зямлі пад агародам.   Кватэра светлая, з вялікімі вокнамі і высокім паталком, з кафельнай печкай і плітой. Месца для заняткаў і адпачынку хапіла ўсім, нават нейкі час у нас на кватэры пастаяльцы былі.  Праз некалькі гадоў жылкамгас зрабіў капітальны рамонт. У выніку, замест двух пакояў, і і пярэдняй атрымалася 4 меншыя комнаты, прыхожая і кухня. Стала ўтульней.  У 1962 годзе ўстанавілі газавую пліту с балонам. А ў 1979 г.  нам падвялі халодную і гарачую ваду, каналізацыю і цэнтральнае ацяпленне, абсталявалі ванну і санвузел - дайшла цывілізацыя! У гэтай кватэры я жыву і  сёння. 

         У перыяд ашмянскага жыцця тата працаваў экспедытарам, нарыхтоўшчыкам, сторажам, суправаджаючым  гатовай  прадукцыі. Пражыў 77 гадоў, памёр з прычыны інфаркта міякарда ў 1980 годзе.

         Маці ў Ашмянах спярша хадзіла “па людзях”: у доме прыбраць, бялізну памыць, адпрасаваць, агарод прапалоць і да т.п. А потым працавала  тэхнічкай (прыбіральшчыцай класных памяшканняў) у першай сярэдняй школе. Памёрла ў 1993 г.  на 80-м годзе жыцця пасля абвастрэння хваробы.

         Альбіна і Надзя пайшлі вучыцца ў базавую (пры педвучылішчы) школу ў 3 і 1 класы адпаведна (Альбіна ў  2 клас хадзіла яшчэ ў Лагойску), у наступных класах навучаліся ў СШ № 1. У першую сярэднюю школу, па дасягненні 7 гадоў, у 1950 годзе залічылі Віцю, а ў 1953 прынялі і мяне.

         Бацькі, як маглі, садзейнічалі нам, дзецям, у атрыманні адукацыі. Дакладней – не пярэчылі авалоданню пэўнымі ведамі, не навязвалі выбар, бо поўнасцю дапамагаць матэрыяльна, а тым больш дыдактычна, было не ў іх  магчымасцях.
         Сёстры Альбіна, Надзея і брат Віктар пасля заканчэння 7 класаў, кож- ны ў свой час, паступілі вучыцца ў Ашмянах жа: дзяўчаты – у педвучылішча, а ён – у сельгастэхнікум. Жылі мы небагата,таму і стыпендыі студэнтаў сталі пэўнай прыбаўкай у сямейным бюджэце.          

         Бацькі пастаянна займаліся асабістай гаспадаркай: гадавалі адну, а то і двух свіней, трымалі курэй, дзесьці  ў сярэдзіне 50-х гадоў, калі больш-менш сталі на ногі, завялі карову, пачынаючы з жытла на Камсамольскай вуліцы і пасля, на Савецкай, мелі каля дома агарод, як і ўсе людзі, бралі належныя ад гарсавета соткі пад бульбу. У нейкія перыяды тата меў каня (казённага – у гады яго нарыхтоўчай працы, а як пайшоў на пенсію -  і свайго), бывала, пад настрой, займаўся і пашывам нейкай адзежы.  Мы, дзеці, з маленства дапамагалі бацькам ва ўсіх справах, і на рабоце, і дома. Напрыклад, я быў памочнікам маме на працы ў школе: пераварочваў парты і падмятаў палы ў класах пасля урокаў, выносіў смецце, пасля чаго яна рабіла вільготную ўборку, разам з Віцям мы выконвалі  заданні па догляду за канём і іншай жыўнасцю. А найлепшая радасць, гэта – праехацца на Орліку конна, калі бацька загадваў адвесці яго папасвіцца на лужок да рэчкі, дзе заадно можна было і скупнуцца. Усёй сям’ёй капалі бульбу, убіралі гародніну, нарыхтоўвалі сена і салому, іншы фураж і корм для жывёлы. Хадзілі ў лес па грыбы і ягады.

         Зрэдку, на дзяржаўныя і сямейныя святы, бацькі ладзілі застоллі ў нас ці ішлі ў госці да нешматлікіх сваякоў, або землякоў-лагайчан і ашмянскіх сяброў. (У 1940 – 50-я гады людзі, ідучы ў госці, як правіла,, прыносілі з сабой нейкую бутэльку напою з закускай, і нават посуд, якога ў гаспадароў часта на ўсю кампанію не ставала).

         Моладзь рэгулярна збіралася ў нашым двары (асабліва на Камсамольскай – аднакурснікі, сябры і сяброўкі Альбіны і Надзі), гулялі ў валейбол, розныя рухомыя гульні, шашкі, даміно, у падкіднога дурня (у карты). Большасць хлопцаў ужо адслужылі ў войску, з дзяўчатамі паводзілі сябе карэктна і паважліва. Вечарамі хадзілі на танцы, у кіно.
         Сёстры мае былі прыгожымі дзяўчатамі, шмат якім хлопцам хацелася б заваяваць іх сэрцы, але Альбіна з Надзей, асобы адказныя і сур’ёзныя, патрабавалі адпаведных адносін і ад іншых. Занадта надаедлівых кавалераў яны “адшывалі” тактоўна, з гумарам, а калі трэба -  і  рашуча. Напрыклад, заўважыўшы праз акно  М. - аднаго з такіх-  сёстры ўсаджвалі мяне, 7-8-гадовага падлетка,  ў пакоі за стол, даўшы патрэбныя інструкцыі пра змест размовы з нязваным госцем,  а самі хаваліся за сценкай на кухні і давіліся нямым смехам ад нашай з М.   бяседы, па ходу якой я плёў розныя небыліцы ў адказ на яго пытанні. У рэшце, зразумеўшы, што яму  нічога не свеціць, М. сыходзіў з хаты вон.       

   
         Пасля выпуску ў 1954 годзе з педагагічнага вучылішча Альбіна засталася працаваць у горадзе, важатай школы глухіх дзяцей, а Надзя ў 1956 г. паехала па накіраванні на працу настаўніцай пачатковай школы ў Маладзечанскі раён, дзе хутка выйшла замуж. У канцы 1950-х  гадоў  Альбіна  таксама выйшла замуж і выехала ў Ленінградскую вобласць, дзе і пражыла да сыходу з жыцця. Надзея ў 1970 годзе вярнулася ў Ашмянскі раён, у вёску Кальчуны, жыве там і сёння.
         Абедзве сястры завочна закончылі  педагагічныя  інстытуты:  Альбіна ў Ленінградзе, Надзея ў Мінску, і да выхаду на пенсіі выкладалі рускую мову і літаратуру ў сярэдніх школах. Выгадавалі дзяцей, падраслі ўнукі, з’явіліся і праўнукі.

-------------------
Працяг будзе.