Мае memoires, ч. 7

Пётр Шаколо
                VII

        Наш тата ў гады нямецкай акупацыі займаўся асабістай сельскай гаспадар-кай:  араў, сеяў, касіў, зрэдку гнаў самагонку, аб’ездзіў жарэбчыка. Паміж палявымі працамі кроіў і шыў на машынцы Singer для сям’і і аднавяскоўцаў тое-сёе са звычайных прадметаў аддзення.
        У маі 1943 года мама нарадзіла майго старэйшага брата Віцю.

З УСПАМІНАЎ СЯСТРЫ АЛЬБІНЫ.
-----------------------------------------------
       
        Аднойчы ноччу ў Аўгустова прыйшлі партызаны (яны ў асноўным і наведваліся па начах з рознымі мэтамі, а то - і загуляюць)  і забралі ў нас карову на мяса. ( Раніцой мы даядалі тварог і плакалі).  Загулялі і зараз. А калі адходзілі, ужо развіднелася. Дом жа наш – недалека ад лесу, а збоку дома ішла такая шырокая палявая паласа. Вось па ёй партызаны і выправіліся ў лес. У гэты ж момант на машыне з Лагойска ехала змена каравулу на спіртзавод у Косіна. Нехта з партызанаў пальнуў па машыне. Пачалася перастрэлка. Шалёнай куляй праз акно ў нашай хаце зрэзала вярхушку фікуса і мала чаго не зачапіла маму, якая якраз стаяла побач.
Я, Надзя  і мама, кінуліся на падлогу і ляжалі да сканчэння страляніны. Машына з паліцаямі развярнулася – і ў Лагойск. А таты дома не было – пайшоў за канём (недзе пасвіўся). Суседзі (Ёдкі) пераканалі маму ехаць з імі. Маўляў, бацька з канём убачыць небяспеку і ўцячэ. Мы, у чым былі апранутыя-абутыя, а сапраўдна, басанож (лета ж!), і накіраваліся разам з суседзямі ў бліжняю вёску Заазер’е. Я хацела ўзяць маміны туфлі,  але яна загадала кінуць іх у падвал. А бацька прывёў каня, запрог  у колы, узяў тое-сёе з пажыткаў і выехаў у бок Лагойска: падумаў, што мы выправіліся туды. Па дарозе, дзесь за паўкіламетра ад Аўгустова, наткнуўся на немцаў. Звярнуў на абочыну і спыніўся. Дзякаваць Богу, не зачапілі, прайшлі строям міма. Падышоўшы да вёскі, сталі яе акружаць. Ацапляючы, падпальвалі дамы. Тых, хто не ўцёк, пастралялі. Нам з Заазер’я было бачна агромністае полымя. З усёй вёскі засталіся цэлымі толькі 2 хаты. Пасля мы перабраліся ў Лагойск, дзе і жылі да канца вайны. (Аднойчы я адна збегала з Лагойска на папялішча,  меркавала знайсці тыя мамкіны туфлі. Але ўбачыла закапцелыя разваліны, у кустах ля плоту – саву, спужалася яе  - і пабегла назад у Лагойск).

------------------------------------------------

        У Лагойску Шаколы пасяліліся ў вельмі старым драўляным доме. Голыя, з бярвенняў, сцены, а па вуглах зімой іней. Замест часткі шкла ў вокнах – нейкі пергамент з незразумелымі слабавыразнымі іншамоўнымі пісьменамі. Ля парога вялікая руская печ, а дзе прыпечак –  пліта (каля заслонкі). Акрамя Шаколаў тут жылі яшчэ 2 сям’і: Мачковы з 5 дзецьмі і Вярбіцкія (?) - з 2 ці з трыма.  Разгарадзіліся шафамі: Вярбіцкія  - у парозе, Мачковы і Шаколы – па вуглах.

З УСПАМІНАЎ СЯСТРЫ АЛЬБІНЫ.
--------------------------------------------------

        Акупанты ўстанавілі каменданскі час. Летам пасля 19 гадзін знаходжанне на вуліцы забаранялася. Трое мужчын затрымаліся пазней дазволенага. Патруль паставіў іх да сценкі. Адзін з мужчын, з крыкам: “Капут, хлопцы!” даў дзёру. Па яму ўздагон стрэлілі з аўтамата, папалі. Паранены заскочыў у наш двор, дык кулі засвісталі яшчэ і па дому. Двор быў за глухім плотам. Уцякач заляцеў праз брамку – ды ў агарод, у крапіву. Там яго і знайшлі нежывым. У выніку стральбы паранілі дзяўчынку Мачковых (Зіну) ў руку і пазваночнік, куля ў ім так і засталася. А немцы яшчэ навялі перапуду пры вобыску. Грукаюць у дзверы: “Партызан, партызан!” Усім нам страшна. Мамка падхапіла Віцьку на рукі, мы з Надзяй  баючыся, збоку, адкінулі клямку. А фрыц шчоўкае затворам, гялдэчыць. Як у дом – шчоўкае, на двор – таксама. Ну а пасля ўбачылі раненую і многа “кіндэр, кіндэр…”. Прымусілі тату запрэгчы каня, адвезлі Зіну ў бальніцу, а забітага мужчыну па дарозе скінулі ля рэчкі.

---------------------------------------------------      

           Бацька па-ранейшаму араў, баранаваў, сеяў… Аднойчы капалі бульбу. Конь пасвіўся спутаны. З лесу выскачыў нейкі мужык, разануў нажом па путу – і быў такі, знік разам з канём. Воз цягнулі дамоў на сабе. Пазней тата ізноў набыў нейкую клячу. Каровы не было, прыйшлося нашым папасціцца. Не мелі і ніякай іншай жыўнасці. Потым айцец зноўку расстараўся і за адносна невялікі кошт прыкупіў карову. Сям’і стала крыху лягчэй.

З УСПАМІНАЎ СЯСТРЫ АЛЬБІНЫ.
---------------------------------------------------

           Калі напрыканцы чэрвеня 1944 года наша сям’я і ўсе жыхары Заазерскай вуліцы Лагойска на падводах выправіліся ў партызанскую зону, у нас ужо была карова. Яе прывязалі да ваза. Па прыбыцці ў лес людзей размясцілі ў нейкім сараі табарам. Нашу карову забралі партызаны. Пасля, калі  вярнуўся з вайны, тата яе знайшоў і падаў заяву ў суд, які вынес рашэнне аб вяртанні жывёлы законнаму ўладальніку (тату). Бацька з судовым выканаўцам паехалі забіраць карову, але на іх наляцелі мужыкі і не далі. Дык другім разам тата сеў на веласіпед і сам без ніякіх перашкод забраў рагулю прама з пашы, дзе яна была навязаная. Радасці было!..
           І вось наш табар у сараі. Бачылі, як, хаваючыся, чалавек 10 немцаў міма нас уцякалі. Але нам, канешне, усё роўна было страшна.  Недзе праз тыдзень, раніцой, прачнуліся – а ў лесе нашы салдаты, раздаюць нам усялікія цацкі, пачастункі. Мне падарылі бусы, цукеркі.
           І накіраваліся мы назад, у Лагойск. Тату прызвалі ў армію, і ён пайшоў на фронт, даваёўваць…

----------------------------------------------------


        Бацька закончыў вайну ў Чэхаславакіі ў маі 1945 года, у Празе. Узнагаро-джаны медалямі “За вызваленне Прагі”, “За перамогу над Германіяй”. Дэмабіліза-ваўся ў верасні 1945 года. Вяртаўся дамоў на Лагойшчыну праз Заходнюю Беларусь, канкрэтна – праз Ашмяны, у якія наведаўся па рэкамендацыі некага з землякоў, маючага тут радню. Месца спадабалася: слядоў вайны, разрухі амаль не відаць, людзям жывецца крыху больш хлебна, у параўнанні з Лагойшчынай. Вось тата разам са стрыечным братам (таксама вярнуўшымся з фронту) Станіславам, сынам Людвіга Шаколы, і паехалі ўладкоўвацца ў Ашмяны на жыхарства і працу. Дзядзьку Стася, які быў членам КПСС і меў сярэднюю адукацыю, узялі ў райкам партыіі інструктарам, а наш айцец устроіўся экспедытарам у  райспажыўсаюз.

-------------
Працяг будзе.