Мае memoires, ч. 6

Пётр Шаколо
       VI

     Такім чынам, мае бацька і маці, да калектывізацыі вёскі ў 20-30-х гг. ХХ ст., працавалі на ўласнай (бацькоўскай) зямлі, а затым, да самай вайны,- у калгасе, саўгасе і іншых дзяржпрадпрыемствах. (У 1927 – 1929 гг. тата праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Чырвонай арміі). Мама, Марыя Іванаўна, была малапісьменная, бо ў школу хадзіла, па яе словах, усяго адну зіму. Тата ж, Валяр’ян Ігнацьевіч, меў 4 класы адукацыі: па тых часах – дастаткова граматны  чалавек.
    
      Калі ў іх мясцовасці стварылі калгас (1929-30 г.), у які ўвайшлі вёскі Сцюдзёнка і Гарбоўшчына, у заможнай сям’і Якшэвічаў ў новаствораную гаспадарку забралі адну карову (адну ўспелі прадаць, адна засталася сабе), усіх валоў, коней са збруяй і інвентаром. Свіней, авечак, гусей і курэй не бралі. Шаколы былі малазямельныя, можна сказаць – бедныя (мелі 3 га).  Валяр’ян Шакола на той час працаваў сакратаром сельскага Савета, а пасля нядоўга і старшынёй гэтага калгаса (1931-33 гг.), загадчыкам сталоўкі ў Плешчаніцах. Але на кіруючых пасадах не прыжыўся, “не пацягнуў” – і затым працаваў,як і ўсе, на звычайных работах. Развозіў на конскай павозцы тавары ў Завішынскім сельпо, быў сторажам і паштальёнам, некалькі год перад вайной - фуражырам коннага транспарту Плешчаніцкага аддзялення  дарожнага ааддзела  ў в. Двары.
      Айцец быў  добрым  краўцом: кроіў і шыў на нажной машыне “Singer” розныя марынаркі, кажухі, фрэнчы, пінжакі, паліто, штаны і галіфэ, кашулі, рукавіцы, шапкі і іншае адзенне. Гэта швейная машына і зараз знаходзіцца ў рабочым стане, хоць ёй ужо каля 100 год.
      Яшчэ бацька вельмі любіў  коней і ўсё  жыццё меў з імі справу на той ці іншай працы, перыядычна трымаў каня і ў асабістым карыстанні. Дзякуючы бацькавай навуцы, і я з дзяцінства ўмею запрэгчы і распрэгчы каня, ездзіць конна, хадзіць за плугам і бараной, касіць, зграбаць, складаць копны і стагі, і шмат чаго яшчэ па гаспадарцы.
      
      Калі Валяр’яну Шаколу спадабалася Марыя Якшэвіч, то ён, будучы сакратаром сельскага Савета, у 1930 годзе прымусіў Тэклю паскорыць рашэнне выдаць за яго дачку пагрозаю ўключэння той (Тэклі Якшэвіч) у спіс раскулачваемых. А сказана гэта было ўсур’ёз, ці мой бацька толькі палохаў будучую цешчу? – сцвярджаць на 100% не бяруся. Ва ўсялякім разе тата сам казаў, што гэта быў жарт. Жарт ці не, а Тэкля ўсё ж аддала дзяўчыну замуж, хаця мама выходзіць за Валяр’яна не надта і хацела: яна ж была яшчэ зусім маладзенькая, лічы – дзяўчынка.
      Вось так і пажаніліся мае бацькі, маме тады ішоў 17 год, бацьку было 27. І нічога - пражылі разам амаль 50 год, нарадзілі дзяцей:  у 1933 – Альбіну; 1935 – Эдуарда (не дажыў і да года); 1938 – Надзею; 1939 –Леаніда (пражыў усяго 2 месяцы); 1943 – Віктара; 1946 - Пятра (гэта я).
      Альбіна і Надзя нарадзіліся ў Сцюдзёнцы, Эдзік у Плешчаніцах, Лёня і Віця ў Аўгустове.

З УСПАМІНАЎ СЯСТРЫ АЛЬБІНЫ.
-----------------------------------------------

…Пачатак Віцькінага жыцця быў посным. Я хадзіла с кружачкай па вуліцы і прасіла малака у тых, хто меў карову. Давалі…
------------------

Першая мая сустрэча з немцамі адбылася  ў Аўгустове.
Я дома адна. Заходзіць фрыц: “Яйка, масла!” – захацелася яму! Я і пакажы, дзе. “Гут, гут!” – гад! Я страшэнна яго баялася, яго чаравікаў з абмоткамі. Да гэтай пары не забылася.

А ў Лагойску іншы фрыц цукеркамі частаваў. Дала дзёру. Дык ён палажыў трубачку ледзянцоў-манетак і сышоў. Тады я і ўзяла.
-------------------

      Наша сям’я перабралася са Сцюдзёнкі ў Аўгустова за год-два да вайны. А было так. Тата працаваў фуражырам на будаўніцтве дарогі - нарыхтоўваў коням кармы. Аднойчы набраў сена з калгаснага стога, а заплаціць “забыўся”. Скраў. Далі 2 гады турмы. Сядзеў у Мурманску. А нас бабулька забрала да сябе ў Аўгустова. Пераязджалі зімой. Хату кінулі. Кабана закалолі. Прывязалі да ваза карову і падаліся на новае месца жыхарства. Вазніцай быў дзядзька Пракацень (запомніла прозвішча!).
     Вёску Аўгустова памятаю вялікай, у ёй нават вуліцы былі (але назвы іх у памяці не адклаліся), меліся клуб, магазін, школа. Бабулін дом на два канцы (адзін канец – незакончаны: не было вокнаў і падлогі) знаходзіўся  на крайняй вуліцы,  непадалёку ад лесу. У жылой частцы меліся два пакоі. У першым (большым) ля парога – печ, 3 акны, у другім – 1 акно. Дзверка печы выходзіла ў вялікую комнату, а ляжанка – у меншую, на ёй грэліся, спалі. У незакончанай палавіне захоўвалі ўсялякі інвентар, прыпасы, было падполле.
     Помню нейкія цікавыя абставіны жыцця. Напрыклад, аднойчы падвялі  ў хату радыё, а бабці не растлумачылі, як яго выключыць. Моладзь сышла на танцы, дома – яна і малыя ўнучкі: Надзя і я. “Талерка” раве, а Тэкля бегае па пакою, галосіць, спрабавала падушкай яе закрыць. Ледзьве дачакалася, каб выключылі. Бабуля была непісьменная, а грошы лічыць умела, хавала іх за абразамі. Перад сном хрысцілася.
 
     З Мурманска ў Аўгустова бацька вярнуўся ў 1940 годзе. Жылі некаторы час з бабуляй, потым у нейкім інтэрнаце (“абшчага”). А пасля, калі ўсе (Якшэвічы –/П.Ш.\)  перабраліся ў Лагойск, мы (Шаколы – /П.Ш.\)сталі жыць у іх доме.

     Да вайны мама з сёстрамі (Аміля, Гунэфа) працавалі ў калгасе (саўгасе). А як пачалася вайна, пакуль немцы яшчэ не прыйшлі, гаспадаркі расфарміравалі і маёмасць раздалі людзям. Маме дасталіся корова і жарабё, нешта з  ураджаю. Тавары з крамаў таксама разабралі.
-----------------------------

Працяг будзе.