Мае memoires, ч. 5

Пётр Шаколо
                V

        Згодна са звесткамі з розных пісьмовых і вусных крыніц даводжу вядомую мне інфармацыю аб дзецях Івана і Тэклі Якшэвіч, маіх цётках і дзядзьках, складзе іх сем’яў і жыццёвых шляхах.

        1. Іосіф, старэйшы з сыноў, 1907 г.н.. Бацька навучыў яго свайму рамяству. Яны разам хадзілі на заробкі, будавалі людзям дамы. Тэрміновую вайсковую службу Іосіф праходзіў у горадзе Горкім, застаўся там жыць пасля дэмабілізацыі, працаваў на мэблевай фабрыцы, ажаніўся, абранніцу звалі Елізавета. Дзяцей не мелі. Абое ўжо сышлі з жыцця.

        2. Надзея, 1908 г.н., старэйшая з дачок. Выйшла замуж за Ігната Адамовіча, 1897 г.н., жыхара в.Пушча, цесляра Плешчаніцкага аддзялення дарожнага аддзела. Жылі ў вёсцы Ляда (1 км ад вёскі Пушча ці Пушчанка, як яе называлі людзі)) Задор’еўскага сельсавета. Ігнат Ігнатавіч Адамовіч быў беспадстаўна рэпрэсіраваны, арыштаваны ў 1937 годзе. Асуджаны да 10 год зняволення. Расстраляны ў 1938 годзе. Засталося трое дзяцей: Яніна, Гэлюся і сын (здаецца, Эдуард), які ў вайну быў партызанам і загінуў. Ужо пасля вайны Надзея пераехала ў в. Гасцілавічы (побач з Лагойскам). Там яе дачка Яня выйшла замуж за свайго стрыечнага  брата Аляксандра (сына дзядзькі Віці). у гэтым шлюбе народжана трое дзяцей, якія ў далейшым уладкаваліся ў Мінску.
        Я добра ведаў Сашу і Яніну, якія заўсёды былі шчыра рады маім рэдкім з’яўленням у Гасцілавічах.  Пра  Гэлюсін лёс казаць не бяруся. Са слоў сваёй сястры Альбіны знаю, што Гэлю яшчэ ў перыяд жыцця ў Сцюдзёнцы, дзесьці ў 1939 г.,  узялі ў сям’ю для дапамогі нашай маме ў доглядзе за тады малымі Альбінай і Надзей . Уладкавалі ў школу. Гэлюся ж вучыцца не хацела: раніцою з сумкай выходзіла “ў школу”, а сама пойдзе, схаваецца за сарай, і чакае, пакуль дзеці будуць вяртацца з заняткаў, тады ідзе разам з імі дадому, як бы з урокаў. Мама раскрыла падман, спаймаўшы дзяўчынку ў яе схованцы, і адругала. Гэлюся забралася на печ, і ўсё бубніла: “Уцяку дамоў, уцяку…”  Пасля размовы мамы з сястрой, яны вырашылі, што дзяўчынцы трэба вярнуцца ў свой дом  - і Надзея забрала дачку.

        3. Пётр, 1909 г.н., ажаніўся з Леакадзіей Зімніцкай яшчэ ў вёсцы Сцюдзёнцы. Пасля жылі ў Косіне. Лёдзя была вельмі добразычлівая, гэту нявестку  надта любіла  Тэкля. Сястра Альбіна ўспамінае, што ўдваіх з  бабулькай часта хадзілі да яе ў Косіна, у госці. Пётр быў кавалём. У часе Вялікай Айчыннай вайны загінуў на фронце, а Леакадзія працавала на спіртзаводзе, памёрла ў 1980 годзе.  Нарадзілі  дачку   Веру,  якая ўвесь час жыла (і спадзяюся, жыве) ў Косіне і працавала на торфанарыхтоўках. У Веры нарадзіліся два хлопцы-двайняты.  Ужо даўно дарослыя,  маюць свае сем’і і жывуць у Мінску. З Верай і яе сынамі я сустракаўся ў 1984 годзе, калі мы з мамай прыязджалі на Лагойшчыну.

         4. Віктар, 1911 г.н., жаніўся на Эміліі Каральцэвіч, 1915 г.н. Жылі ў Гасцілавічах, працавалі ў калгасе. Дзядзька Віця ваяваў, меў кантузію, памёр у 1976 годзе. Цётка шмат гадоў хварэла, была паралізаваная (адказалі ногі), пайшла з жыцця ў 1981 годзе. Мелі, калі не памыляюся, 10 дзяцей, частка з якіх уладкавалася ў Мінску, нехта – у Лагойску. Больш шчыльныя стасункі ў мяне былі са стрыечным братам Барысам, які жыў і працаваў будаўніком у Мінску. Заўчасна памёр ад цяжкага захворвання.

         5. Марыя, мая мама, 1914 г.н. Гаворка пра яе пойдзе ніжэй у расказе пра нашу сям’ю.

         6. Іван, 1916 г.н. Пасля тэрміновай армейскай службы вярнуўся ў Аўгустова, працаваў у саўгасе імя Дзяржынскага. (Яшчэ людзі, у тым ліку і наша мама, называлі саўгас проста Дзержынскім. Можна было, напрыклад, пачуть ад іх: “калі жылі ў Дзяржынскім (Дзяржынску)”, “працаваў у Дзяржынску (Дзяржынскім)” і да т.п. Часта замест Аўгустова  гаварылі Дзяржынск). Па суседску ад дома Івана, праз вуліцу, жыла сям’я Ёдка. Іван узяў у жонкі іх дачку Стэфанію. Гэта адбылося перад вайной ці ў самым яе пачатку. Дзяцей нажыць яны не паспелі. У часы нямецкай акупацыі Іван быў партызанскім сувязным і па іх заданню  працаваў у паліцыі.
 
ВЫТРЫМКА З ЛІСТА АД СЯСТРЫ АЛЬБІНЫ.
-------------------------------------

       Пасля таго, як нямецкія карнікі спалілі наша Аўгустова, мы жылі ў Лагойску. У 1944 годзе, адчуваючы хуткае наступленне Чырвонай Арміі, акупанты сталі лютаваць яшчэ больш. Партызаны стараліся абараняць людзей, перамяшчаць іх з небяспечных месцаў у партызанскія зоны. Пры набліжэнні нашых войскаў к Лагойску, мы і іншыя жыхары Заазерскай вуліцы сабралі  нейкі няхітры скарб, пагрузіліся на падводы, і ноччу нас перавялі ў партызанскі раён. Дык у праважатых і быў якраз Іван Якшэвіч. Калі прыбылі на месца, далей ён адправіўся з партызанамі. Больш я пра яго нічога не ведаю. Прапаў без звестак. Казалі, што потым  Іван быў на фронце ў рэгулярных войсках… А Стэфа замуж больш не выходзіла. Усё чакала свайго  Івана. Пасля вайны пабудавала у Аўгустове дом, дзе і пражыла да канца  жыцця.
  .........

        7.  Аміля, 1922 г.н., закончыла курсы трактарыстаў, працавала ў саўгасе, але чамусьці не на трактары. У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, некуды з’ехала, а праз год-два вярнулася ў Аўгустова з маленькім сынам Сашам (Шуркай) на руках.  Потым працавала на хлебапякарні ў Лагойску, у той час яна нарадзіла дачку Ніну. Пасля перабралася жыць у Гасцілавічы, у старэнькі дамок-развалюху. У зарэгістраваным шлюбе цётка Аміля ніколі не была. На пачатку 50-х гадоў яна пабудавала побач са старым новы невялікі драўляны дом з халоднай кухняй і пакоем, перагароджаным шафаю і занавескай паміж ёй і рускай печчу на дзве комнаты: “залу” (каля 20 кв.м.) і “спальню” (прыкл. 10 кв.м.).
        Якраз у гэты перыяд я ў шасці-сямігадовым узросце прыехаў  у Гасцілавічы разам з мамай. Тут жылі тады некалькі сем’яў маіх цётак і дзядзькоў. Але мы спыніліся ў Амілі. І наогул, у далейшым, калі хто-небудзь з нас, ашмянскіх, зрэдку прыязджаў сюды, то так павялося, што начавалі заўсёды у Амілі, і ўжо ад яе хадзілі ў госці да іншых. Дык вось, у першы той прыезд яна сустрэла нас у сваёй новай хаце, куды толькі-толькі паспела перабрацца. Ніна была зусім яшчэ малая, а Шурка – на год старэйшы за мяне. Жыла цётка бедна.  Гадавала свінчо і мела з паўдзясятка курэй, каровы не было, малако брала ў сваякоў. Шурка ўжо самастойна хадзіў у лес збіраць грыбы, ягады, арэхі, затым частку з іх насіў прадаваць у Лагойск, чым дапамагаў сваёй маме зарабляць нейкую капейчыну. Падчас нашага прыезду ён якраз рыхтаваў арэхі для продажу ў Лагойску, тлумачыў: “Вось гэтыя лушчанцы панясу прадаваць, а гэтыя мякчэйшыя астаўляю дома, можаце імі частавацца, колькі захочаце.”   У хаце - няхітрая сялянская абстаноўка і самы неабходны мінімум посуду.
Цётка напякла бліноў, падсмажыла на патэльні сала з яйкамі, і мы селі за стол снедаць.  На мой запытальны позірк адказала: “Ты, Пеця, мусіць, чакаеш відэлец, але ў нас іх няма. Ты бяры скварачку і яечка вось так, блінком у руцэ, гэтак яшчэ і смачней.” І сапраўды, было смачна. Але гэта я расказваю не таму, што нібы быў такі ўжо далікатны- бачыш, відэлец яму падавай!- не, просто я пэдкрэсліваю тыя нялёгкія абставіны жыцця, тыя нястачы, у якіх жылі мае сваякі на Лагойшчыне пасля вайны.
       Мы ў Ашмянах таксама зусім не шыкавалі, жылі ўшасцёх у двух малюсенькіх пакойчыках, памерам з аміліну хатку, у паўсядзённым жыцці часта не ставала хлеба, нейкія прысмакі бачылі толькі  па святах, тата з мамай браліся за ўсялякую работу, каб пракарміць сям’ю. Але тут вайна не пакінула такіх жудасных слядоў, такой разрухі, як на радзіме бацькоў, і таму людзі хутчэй вярталіся да нармальных умоў жыцця. (Вось, хоць бы, тыя самыя відэльцы, дарэчы, алюміневыя, у  нашай сям’і былі).
       Паступова, памаленьку  і ў Гасцілавіцкай радні паляпшалася жыццё, узрастаў дабрабыт. Дзеці падрасталі, выходзілі на самастойныя шляхі. Шмат хто з іх з’ехаў у Мінск, нехта перабраўся ў Лагойск, нехта застаўся ў вёсцы. Аміліны Аляксандр і Ніна абзавяліся сем’ямі, працавалі на будоўлі ў Лагойску,  куды затым і пераехалі, атрымаўшы там аднапакаёвыя кватэры. Ніна пазней рабіла дыспетчарам на станцыі хуткай дапамогі. Ніна нарадзілася двух дачок, адну дачку меў Аляксандр. Апошнім часам Аміля жыла ў Ніны. Я яшчэ некалькі разоў прыязджаў да іх. У Лагойску кожны раз меў прытулак ужо ў Ніны. І яна колькі разоў бывала ў нас у Ашмянах,а  аднойчы разам  са стрыечнай сястрой Яней – на  пахаванні майго таты, а праз колькі гадоў – мамы. На жаль, і Ніна, і Яня ўжо пайшлі з жыцця, няма з намі і Аляксандра (Шуркі).

        8. Гунэфа, 1923 г.н., перад вайной працавала на розных сельскагаспадарчых  работах у саўгасе імя Дзяржынскага, амаль усё жыццё яе прайшло ў Аўгустове, толькі ў вайну ў складзе  сям’і Якшэвічаў (бабуля Тэкля, Аміля, Гунэфа і Іван) яна жыла ў Лагойску, а апошнія  гады – у  Мінску, у дачкі.  Мы з мамай былі ў цёткі Гунэфы ў Аўгустове ў 1984 годзе, адтуль пешшу  наведаліся ў Хатынь, да якой усяго каля 2 км.

        Сваіх цётак і дзядзькоў, хоць бы па разу – кожнага, мне пабачыць удалося, са стрыечнымі братамі і сёстрамі сустракацца даводзілася: з кім радзей, з кім часцей (хоць і не з усімі). А вось ужо іх нашчадкаў я амаль нікога  не знаю. Сувязь з малой радзімай бацькоў пасля таго, як наша сям’я адтуль ад’ехала, была вельмі слабая: калі-нікалі – якая-небудзь паштоўка ці рэдкія  адзінкавыя наведванні. Так, напрыклад, калі я прыехаў у 1979 годзе ў Лагойск да стрыечнай сястры Ніны Якшэвіч, яна ўзяла мяне з сабой на вяселле адной са сваячак Алы, ці то ў вёску Студзянец,ці то Завішына (дакладна не помню). Дык там у гасцях было вельмі шмат радні і з Шаколаў, і з Якшэвічаў. Ніна мяне з імі знаёміла наноў, бо я ж, на жаль, не ведаў ледзь не ўсіх, асабліва малодшых.

ВЫТРЫМКА З ЛІСТА АД ВІТАЛЯ ЯКШЭВІЧА.

Летась наведаў Гасцілавічы і Аўгустова. У Гасцілавічах зноў сустрэўся з Аміляй Якшэвіч. Але нечага новага даведацца ад яе не атрымалася (кажа, што нічога не ведае, бо была малая). Апроч таго, што на Лагойшчыну Пятра і Івана Якшэвічаў са Студзянца Плешчаніцкага раёна (Плешчаніцкі раён да вайны быў асобнай адміністрацыйнай адзінкай, а ў склад Лагойскага раёна ўвайшоў толькі ў 1962 годзе /П.Ш./ ) перацягнуў іх дзядзька Міхаіл, які жыў у Міхалкавічах, а пасля пераехаў у Бацяноўку (да сённяшніх дзён вёска не захавалася /П.Ш.\). Пераезд адбыўся ў 1932 ці 1933 гадах. Па гаспадарцы Якшэвічам дапамагала сястра нейкага Радзенчыка з Завішына.
--------------

         Пра спрыянне дзедавым братам Міхаілам гэтаму пераезду ўспамінае і Альбіна.

ВЫТРЫМКА З ЛІСТА АД СЯСТРЫ АЛЬБІНЫ.

         У сям’і Якшэвічаў сын Віктар вывучыўся на трактарыста, але не захацеў працаваць у калгасе, за што іх выключылі з гаспадаркі. Тады па парадзе дзядзькі Міхася, які ў гэты час жыў і працаваў у саўгасе Дзяржынск(в. Аўгустова, Лагойскі р-н), яны пераехалі туды. Ім далі дом з сараем, агародам. За дом трэба было выплочваць з заробкаў пэўную суму грошай у растэрміноўку, г.зн. – адпрацоўваць у гаспадарцы крэдыт, пасля яго пагашэння дом пераходзіў ва ўласнасць. На новае месца разам з бабуляй Тэкляй пераехалі 3 сыны і 2 дачкі: Пётр, Віктар, Іван (Янка), Аміля і Гунэфа. Наша мама з двумя дачкамі Альбінай і Надзеяй пераехала да бабулі напярэдадні вайны, недзе ў 1939-40 годзе. Дарэчы, у Сцюдзёнцы была камяністая слабаўрадлівая зямля, таму ў свой час Міхась і перабраўся ў Аўгустова на лепшую глебу…
         …Гэта быў новы саўгас. Кожнай прыбыўшай сям’і кіраўніцтва будавала дом, у асноўным 2-х ці трохпакаёвы, за які работнік паступова расплочваўся. Сюды прыязджалі нават ваенныя пенсіянеры. Мама казала, што зараблялі ў саўгасе няблага, напрыклад, толькі зярна на працадзень давалі па  3 кг, шмат бульбы атрымлівалі. І плюс - свая падсобная гаспадарка.   
………
15.11.04 г.

 
ВЫТРЫМКА З ЛІСТА АД ВІТАЛЯ ЯКШЭВІЧА.

        У Аўгустове хацеў сустрэцца са Стэфаніяй Ёдкавай, якая была жонкай Івана Якшэвіча, і з Аленай Курыленкавай, дачкой Міхаіла Якшэвіча. На жаль, аказалася, іх ужо трэці год няма на гэтым свеце. Але цікавая размова атрымалася з Ганнай Трацэўскай (да замужжа Пучак), пляменніцай Стэфаніі Ёдкавай. Ганна нарадзілася ў 1942 годзе, у вайнў засталася сіратой (бацькоў забілі), і яе разам з сястрой гадавала Стэфанія. Бацька гэтай Ганны паходзіць з Селішча, што ў трох кіламетрах за Хатынню. У Хатыні жылі стрыечныя дзядзькі Стэфаніі Казімір і Ян Ёдкі. Па словах Ганны, гэта не Камінскі выскачыў з агню з дзіцём, калі палілі Хатынь, а стрыечны дзядзька Стэфаніі Казімір, які прыбег у Селішча і праз тры дні памёр, таму што ў яго былі толькі далоні і ступні цэлыя. (Прозвішчы членаў сем’яў Казіміра Феліксавіча (9 чал.) і Івана Аляксандравіча (4 чал.) Ёдкаў, спаленых у Хатыні, у афіцыйным спісе ахвяр пазначаны як Іотка /П.Ш.\).
        Яшчэ Ганна распавядала, што да рэвалюцыі Ёдкі жылі на хутары каля Бацяноўкі, а побач жыў багаты сусед, нейкія сваякі якога працавалі ў банку. Пад час рэвалюцыі гэтыя сваякі скралі золата і схавалі ў пчальніку. У вайну сыны таго багатага суседа вярнуліся і шукалі золата, але не знайшлі. Пазней да Стэфаніі прыходзілі з НКУС і распытвалі пра тых сыноў. Кажуць, што золата знайшоў другі жыхар Аўгустова, які за год пабудаваў дзецям кватэры, пакупляў машыны.
----------

        Леташняй восенню быў ва Ўболацці. Гэта вёска ў пяцёх кіламетрах ад Студзянца. З кнігі “Памяць” ведаў, што там калісьці жыў Вячаслаў Якшэвіч, які загінуў на вайне. Аміля таксама ўзгадвала ўболацкіх Якшэвічаў, але не магла патлумачыць, хто там жыў і кім ёй даводзіўся. І жыхары Ўболацця мала што ведаюць. Са зблытаных аповядаў можна зрабіць наступныя дапушчэнні. У Івана Якшэвіча, Вашага дзядулі, была сястра Марыя, якая нарадзіла паміж 1907 і 1910 гадамі пазашлюбнага сына Мечыслава. Яго ў вёсцы скарочана звалі Меця. Пазней Марыя выйшла замуж за Іосіфа Філіповіча ў Гарбоўшчыну, у іх у 1911 годзе нарадзіўся сын Аляксандр. Марыя і Ісіф, мабыць, памёрлі маладымі (апошняя згадка датуецца 1917 годам), бо Мечыслава і Аляксандра гадавалі цёткі. Недзе ў 1930 годзе Мечыслаў ажаніўся і пабудаваў хату пад Уболаццем, а пазней, калі звозілі з хутароў, перанёс яе ва Ўболацце. Аляксандр таксама ажаніўся з уболацкай дзяўчынай і жыў ва Ўболацці. Мечыслаў загінуў на вайне і памылкова запісаны Вячаславам.
………
24.08.07 г.   
----------------------

Працяг будзе.