Мае memoires, ч. 1

Пётр Шаколо
              Публікуючы гэтыя радкі, я раблю даўно задуманую справу: прапаную чытачу ўспаміны аб родных і дарагіх мне людзях, выказваю свае ўражанні аб абставінах і падзеях, якія адбываліся на працягу жыцця некалькіх пакаленняў Шаколаў-Якшэвічаў, падаю пэўныя вядомыя мне біяграфічныя звесткі асобных членаў сямей.               
               
              У пачатку аповеда павінен сказаць, што раскрыць глыбінныя пласты майго радаводу не прадстаўляецца магчымым, бо ў нашай сямейнай памяці такія звесткі амаль не захаваліся. Тое, аб чым я раскажу тут, - гэта ўсё запомненае з некалі  пачутага намі, дзецьмі, ад сваіх бацькоў і іншых сваякоў, а зараз узноўленае і нейкім чынам сістэматызаванае шляхам узаемаабмену думкамі і меркаваннямі. На вялікі жаль, наяўныя ўспаміны – толькі частка  колішніх расказаў. На цяперашні розум,  занатаваў бы ў свой час на паперу, - вось бы зараз яно і прыйшлося б да месца! Але ж тады пра такое нават і не задумваліся, было іншае жыццё і іншыя турботы. А назад ужо нічога не павернеш: як ёсць, так ёсць!
              Добрая палавіна гэтых  мемуарных запісак заснавана на звестках з лістоў да мяне  ад старэйшай сястры Альбіны і асабіста пачутым у размовах з ёй. У апошнія гады жыцця мамы Альбіна штогод па некалікі тыдняў бывала ў нас у Ашмянах, у часе  наведванняў яны з мамай вялі працяглыя гутаркі аб гісторыі сям’і. Вось тымі ўспамінамі Альбіна і падзялілася са мной, шкадавала толькі, што нічога   не запісвала,  і не ўсё  трывала адлюстрава-лася ў памяці. Яшчэ пэўная частка тэксту – мае асабістыя ўспаміны, а таксама -  вынік нашых размоў з сястрой Надзеяй ці рэзультат абмеркавання канкрэтных пытанняў, пастаўленых мною перад сёстрамі.
              Асобную падзяку выказваю Віталю Якшэвічу, сваяку па мамінай фаміліі. Ён не адзін год трывала займаўся састаўленнем і апісаннем радаводу Якшэвічаў: працаваў у архівах, наведваў мясціны пражывання радні, вывучаў іншыя магчымыя крыніцы па тэме. Мы з ім на працягу пэўнага часу вялі перапіску, і Віталь падзяліўся са мной часткай сваіх даследванняў, маючых непасрэдныя адносіны і да майго радаводу. Пададзеныя ім пэўныя звесткі я таксама ўключыў у гэты тэкст.


                І

              Карані нашай сям’і знаходзяцца на Лагойшчыне Мінскай вобласці. Там жылі дзяды, адтуль – бацька і маці. Дзеда і бабку па бацькавай лініі звалі Ігнат і Грасыля Шакола, у іх і нарадзіўся ў 1903 годзе сын Валяр’ян, мой бацька. Ён быў малодшым з чатырох дзяцей. Перад ім: Казімір /1895 г.н./; Гіляр (Іларыён) /1897/; Амбрук (Андрэй, Амвросій) /1900/.
Першая вядомая афіцыйная згадка пра Шаколаў (знойдзеная Віталём Якшэвічам у архівах) датуецца 1903 годам. У той год было пададзена прашэнне Мінскаму Грамадзянскаму губернатару аб аднаўленні Хатаевіцкага касцёла, і ў спіс парафіян Кораньскага касцёла, прыкладзенага да прашэння, трапілі Франц, ягоная жонка Магдалена, сыны Іосіф і Канстанцін, дачка Уладзіслава; і Людвіг Шаколы. Наступная згадка датаваная 1909 годам. Тут у спісе парафіян Хатаевіцкага касцела апроч імён і прозвішчаў пазначаны сваяцкія сувязі і ўзрост. У гэты спіс патрапілі: Франц – 43 гады; ягоная жонка Магдалена – 37 г.; сыны Іосіф – 13 г., Канстанцін – 9 г.; дочкі Уладзіслава – 7 г., Мальвіна – 6 г., Гунэфа – 3 г.; (яшчэ адзін сын Франца запісаны невыразна – ці то Віталь, ці то Вітольд); Людвіг – 39 г., яго жонка Францішка – 25 г.; сын Іван – 19 г., дочкі Паўліна – 10 г., Ядзвіга – 2 г.; (тут жа запісана цёця Марцэля – 66 г., але гэты радок выкрэслены). У метрыкальных запісах Хатаевіцкага касцёла за 1918 год згадваюцца: народжаны 27 кастрычніка Вітольд, сын Івана Шаколы і Стэфаніі Якшэвіч, хроснымі бацькамі якога былі Ігнат Якшэвіч і Францішка Шакола; Іосіф і Пётр Шаколы як сведкі шлюбу Іосіфа Панькоўскага і Эльжбеты Ляшкевіч. Можна меркаваць, што першыя Шаколы пераехалі ў вёску Студзянец напрыканцы ХІХ ст., бо ў суседніх вёсках гэта прозвішча не сустракаецца. У дакументах 30-х гадоў знайшліся імёны Гіляра, Андрэя і Валянціна (Валяр’яна) Ігнатавічаў Шаколаў. (Заўвага: майго бацьку Валяр’яна ў вёсцы звалі з дзяцінства паменшана Валька – адсюль бывае сустракаецца і поўнае імя Валянцін).

            Такім чынам, на падставе маючыхся звестак можна
скласці наступны фрагмент радаводу Шаколаў.
                             
/Франц * Магдалена\--------- /Людвіг * Францішка\-----------+
(1866-?)…(1872-?)             (1870-?)…(1884-?)               
-------І-------               -------І----------               
Іосіф (1886-?)            :   Іван(1890)*Стэфанія Якшэвіч(1891): 
Канстанцін(1900-?)        :   Паўліна(1899-?)                :         
Уладзіслава(1902-?)       :   Ядзвіга(1907-?)                :         
Мальвіна(1903-?)          :   Станіслаў(1914-?)*Тамара         :
Гунэфа(1906-?)                Фаіна(7-?)*Гураў(?-?)            :      


+----------/Ігнат * Грасыля\ (1874-?)…(?-?)
                ----------І---------------
Казімір(1895)*Дар’я
Гіляр(1897)*Марыя
Амбрук(1900)*Юзэфа   
Валяр’ян(1903-80) * Марыя Якшэвіч(1914-93)               
      :-----------------------------------               
      :
Альбіна(1933-2015)
Эдуард91935-1935)
Надзея(1938)
Леанід(1939)
Віктар(1943-1993)
Пётр(1946)
             

Працяг будзе.