Нараджэнне Имперыи Саветов..

Алесь Здань
Нараджэнне імперыі Саветаў.
Узяўшы мяне пад пахі, моцнымі, нябачнымі рукамі, Чырвоны Анел перанёс мяне ў Маскву, якраз у цэнтар горада. Прыгожыя і чыстыя двары, шырокія праспекты, у зацені бульвараў прагульваюцца маці са сваімі малымі, на лавах гуляюць ў даміно старыя.Усё гэта нібы сценамі Крамля абнесена гмахамі хмарачосаў і гіганцкіх грамадскіх пабудоў. У цэнтры мегаполіса, як дамінанта, на месцы некалі знесенага храма Хрыста Выратавальніка ўзносіцца гіганцкі, магутнейшы Палац Саветаў, са стодам Леніна, чыя макаўка патанае ў шапцы аблокаў, што праплываюць над неабмежаванымі прасторамі Імперыі Саветаў. Ідучы па праспекце Леніна я бачу бясконцую плынь аўтамабіляў, натоўпы людзей, сярод якіх пазнаю еўрапейцаў, ураджэнцаў Гімалаяў і месцічаў Шанхая. Нібы пчаліны рой гудзе і рухаецца Масква. Ні хвіліны спакою, ні імгнення прыпынку, кіпіць, фантануе савецкі Вавілон. Партрэты мудрага Сталіна з кожнага фасада пазіраюць бацькоўскім вокам на росквіт краіны і шчасце падуладных народаў. Негар і азіят, еўрапеец і амерыканец – усе абавязаны заможнасцю і спакоем Бацьку Народаў.
Палац Саветаў – доказ магутнасці і росквіту першай ў свеце дзяржавы працоўных і сялян. Яшчэ не скончаны будаўнічыя працы: сотні аўтамашын падвозяць бетон і цэглу, дзесяткі жораваў-кранаў ківаюць сваімі галовамі і тысячы мурашоў-мулароў поўзаюць па неабсяжным сценам мураванкі. Я накіроўваюся адразу да галоўнага уваходу. Шырачэзны праспект шырынёй у дваццаць метраў вядзе да мармуровай лесвіцы. Уздоўж праспекта узвышаюцц сотні помнікаў Леніну, Кіраву, Свярдлову, Панамарэнку, іншым дзеячам і выбітным людзям дзяржавы. Адны маленькія, у  вышыню чалавека, іншыя вялізныя, з добры трохпавярховік – ўсё ад залежнасці  ўнёску ў росквіт Айчыны. Далей, нібы глінянае  войска кітайскага імператара, стаялі дзясяткі тысяч бюстаў тройчы герояў Савецкага Саюза, якія ў шматлікіх пераможных войнах з Сусветным Капіталам, пашыралі межы дыктатуры Пралетарыяту. Нарэшце ля самай першай прыступкі малахітавай лесвіцы, па абодвух яе баках, нібы египедскія сфинксы ўзвышаюцца постаці Маркса і Энгельса – прарокаў камуністычнай эпохи.
Заходжу ў палац і праз анфиладу пакояў, застаўленых, завешаных, упрыгожаных нібы музей, сцягамі, параднымі партрэтамі, мапамі і безліччу іншых артэфактаў Краіны, выходжу да службовага уваходу да Арэны. Арэна знаходзіцца недзе у гушчары залаў паседжанняў Палаца Саветаў. На агромністай плошчы гэтага збудавання ў сярэдзіне гмаху Палаца праходзяць розныя парады, дэманстрацыі і мітынгі. Сутарэнні расквечаны не толькі сымбалямі партыі і краіны, але ўяўляюць сабой вялізную мапу Свету дзе рукой мастака выяўлены найдалейшыя куточкі сусветнай Імперыі Саветаў. На трыбунах, што умяшчаюць сто тысяч гледачоў, палошчацца і трапечуць тысячы чырвоных сцягоў, безліч транспарантаў і партрэтаў Правадыра. Сёння вялікае свята Савецкага Саюза -  дзесяцігоддзе капітуляцыі галоўнага ворага Прылетарыяту – Злучаных Штатаў Амерыкі. Дзесяць год назад, аплот сусветнага капіталізму, кубло манаполій і карупцыі, не вытрымаўшы ні эканамічнай, ні вайсковай канкурэнцыі з краінай перамоглага сацыялізму капітулявала.
У гонар гэтай падзеі, на Арэне, ладзіўся грандыёзны Парад і Дэманстрацыя. На трыбунах сядзелі дэлегаты кампартый усяго Сусвету: Кітая, Ісландыі, розных краін Амерыкі, Еўропы і Азіі, кампартыі бушменаў і Саюза Камуністычнай Моладзі Пігмеяў. Уся планета накіравала  сваіх найлепшых прадстаўнікоў на гэтае свята моцы і маладосці.
Пачынаўся парад шэсцем сцяганосцаў. Спачатку ішлі бясконцыя шэрагі вайскоўцаў, у чыне не менш за маёра, усе яны неслі штандары дывізій і армій ворагаў зрынутых моцай Чырвонай Арміі. Тысячы кавалкаў рознакаляровай тканіны, што калісьці выклікалі страх і павагу, клаліся к падножжу трыбуны Вялікага Правадыра. Потым ішлі сцяганосцы краін свету, якія далучыліся ў адзіную сям’ю народаў СССР. Пасля некалькі гадзіннага маршу сцяганосцаў пачынаўся ваенны парад. Ляскат гусеніц баявых машын перакрываў гукі маршаў. Многія сотні матораў магутным рыкам пелі славу вайсковай машыне сацыялізму. З надворку, буйнакаліберная артылерыя тысячамі ствалоў уславіла геніяльнасць Генералісімуса. А на Арэне, тым часам, паўзлі змеі  зенітных, аператыўных, тактычных, і стратэгічных ракетных палкоў. Ядраныя, хімічныя, біялагічныя баявыя часткі ракет ззялі полымем Перамогі Сацыялізму. Услед за імі ішлі калонны шматлікай вайсковай  тэхнікі і шэрагі ўсіх радоў войскаў, пачынаючы ад спецпадраздзяленняў СМЕРШа і сканчаючы дывізіяй касмічнай абароны. На парадзе была прадстаўлена толькі малая, лепшая частка шматлікага войска. Канешне дакладная колькасць яго была засакрэчана, але па меркаванням спецыялістаў складала ні як не менш ста мільёнаў.
Наступным нумарам праграмы стаў парад фізкультурнікаў. Маладыя хлопцы і дзяўчаты, праз розныя фізічныя практыкаванні, даказвалі неаспрэчную  перавагу сістэмы сацыялізму ў фармаванні новай генерацыі чалавека – чалавека моцнага целам і духам. Вянчала Парад фізкультурнікаў беларуская ваза – высачэзная піраміда складзеная з цел маладых людзей, беларусаў – народу які першым з усіх на планеце ўвасобіў у сабе ўсе рысы савецкага чалавека і запачаткаваў новы біялагічны від чалавека -  Homo soveticus.
Здавалася парад падыходзіць да завяршэння – і тут… Раптам, падзьмула прахалодай, уключыліся снежныя пушкі і на Арэну пасыпаўся густы снег, завыў вецер напампоўваемы моцнымі вентылятарамі. Ад уваходу  пацягнулася бясконцая калона абадраных, захутаных у рыззё людзей. Знясілена перастаўляючы ногі, брылі яны між шэрагаў аховы НКУС і заходзячыхся ў брэху сабак. Мужчыны і жанчыны ішлі пешшу, дзе ні дзе на падводах сядзелі дзеці. Вось яны! Паганае адродзе мінулай эпохі! Буржуі, кулакі, нацдэмы, эсэры, меншавікі, тэрарысты, шпіёны, пятая калона, свядомыя, левакі і трацкісты, папы, жыдамасоны, сіяністы, анархісты, правасекі, бандэраўцы, з і мноства, мноства іншых шкоднікаў, сабатажнікаў – Ворагаў Народа. Вось гэта яны тармазілі прагрэс, не жадалі прыняць адзіна праўдзівую Ісціну Камуністычнай партыі і асабіста таварыша Сталіна. Гэта яны сумняваліся ў перамозе Сусветнай Рэвалюцыі і не падтрымлівалі адзіны блок камуністаў і беспартыйных. А галоўнае яны не верылі ў геніяльнасць, абранасць,  Генералісімуса Перамогі, лепшага сябра дзяцей, абаронцы працоўных усяго свету, правадыра Чалавецтва, праваслаўнага атэіста таварыша Сталіна!!! Туды ім і дарога – у Сібір, на ўранавая руднікі Паўночнай Афрыкі, на радовішчы вугалю Антарктыды і будаўніцтва трансатлантычнага тунэлю. Няхай працай, пакутамі, голадам і холадам выкупаюць сваю Віну. Дзяржава Саветаў і так нясе вялізныя выдаткі на ўтрыманне дзясяткаў тысяч канцлагераў па ўсяму свету. Амаль мільярд ворагаў народа перавыхоўваюцца ў гэтых лагерах, але гідра алігархіі не знішчана і пляце свае цянёты, уцягваючы ў іх мільёны новых ахвяр. Колькі падспудных змей яшчэ на волі!?
У цэнтры Арэны ў гэты час падымаліся і апускаліся платформы з тэматычнымі сцэнамі. Вось копія працоўнага лагера з калючым дротам, вышкамі і баракамі. Вось ЗК валяць заснежаны лес. А вунь глядзіце! Зэк уцякае ад пагоні. За ім ідзе цэп салдат з аўчаркамі, наганяюць і тут жа, на месцы расстрэльваюць. А вось іншая сцэна – сутарэнні НКУС, ідзе допыт. Мажны следчы б’е ў галаву чалавека сярэдніх год у выцвілай гімнасцёрцы. Вы яго не пазнаеце? Гэта камандуючы Індыйскай Вайсковай Акругай – абвінавачваецца ў шпіянажы на былую Японію… Ля каменнага мура укленчылі дзясяткі чалавек. За іх спінамі ідзе капітан і кожнаму страляе ў патыліцу з нагана – гэтыя абвінавачваюцца ў здрадзе Радзіме (не хацелі уступаць у ВЦСПС).
На цэнтральнай трыбуне сядзіць сам Таварыш Сталін. Задуменная усмешка на яго вуснах. Правадыр назірае як пад яго нагамі поўзаюць скораныя народы. Аб чым ён разважае? Аб новай гіганцкай будоўлі сацыялізму? Аб рэвалюцыі працоўных на Марсе? Ці аб тым, якім коштам далася Перамога. І колькі мільёнаў чалавек яшчэ трэба знішчыць, каб пабудаваць Новы Свет? А можа ён думае аб сваіх прыбліжаных? Вось Берыя, які гвалціць малалетніх – ён добры служка, выканае любое даручэнне. Вось Варашылаў – надзьмуты, але бескарысны ідыёт. Калінін – чыю жонку катавалі на яго вачах, а ён нават не міргнуў. Маленкоў які падпісаў  “растрэльны” на сваю маці. Яны як сабакі глядзяць яму ў рот, ловяць кожнае слова. Дастаткова абурыцца смакам эфіопскай кавы, і назаўтра, ўсе эфіопы будуць пагружаны на параходы і вывезены ў Сібір. Дастаткова сказаць, што вылецела пломба з зуба, і тысячы стаматолагаў па справе “Зубапратэзнага Цэнтра” апынуцца ў лагерах. Сотні тысяч шавак кінуцца выконваць яго загады, зубамі выгрызаць здраду, пісаць адзін на аднаго даносы, душыць бліжняга, катаваць невінаватых. 
Не. Таварыш Сталін думае аб іншым. Сталін разважае аб тым, што сярод вяльможных халуёў ён застаўся зусім адзін.