Деревенские сказки. На белорусском языке

Лена Линд
Казачкі пра Боўблі. Парася.

Ёсць пад Менскам вёска Боўблі. Заўсёды ў гэтых Боўблях нешта здараецца.
Вось пакралі ўчора ў Кашуліных парася. Унеслі самага маленькага — ружовага ды салодкага. Баба Галя ўсю раніцу па вёсцы насілася ды пыталася, ці бачыў хто злодзея з парасём пад пахай. Ніхто не бачыў, але некаторыя моўчкі на хату косую пальцам паказвалі. Так і так, думае Галя, Грышкі-небаракі гэная хата. Штоздень ён па вуліцах шлэндаецца, на гарэлку грошы канькае. Як тут такога ружовенькага парася ды не скрасці?
Пайшла Галя да Грышы. Бачыць — матка ягоная на лаўке сядзіць, слёзы л’е. Грышку, гаворыць, пакралі, няма нідзе. Ні на пячы, ні ля крамы. Дзед ужо і ў клюб хадзіў. Знік Грышка, дрэнная справа.
Вось табе, бабка, і Юр’еў дзень, думае Кашуліна. Хрэн з парасём, людзей жывых крадуць.
Прыйшла яна дадому, дзеда свайго па серп паслала, а сама чыгунную патэльню ўзяла, абараняцца. Кашуліных голымі рукамі ня возьмеш.
Селі з дзедам за печ. Сядзелі-сядзелі. Тут дзеду на вядро захацелася. Галя яго не пускае. Дзеду ўжо сіл нестае цярпець. Бабка яму патэльняй прыгразіла: «Сядзі, стары, калі гэны чорт прыйдзе, ніякае вядро табе ўжо ня трэба будзе».
Тут у дзверы нехта пастукаў. Адразу выпхнула Галя дзеда нагой з-за пячы: «Ідзі адчыні, мне пенсію прынеслі. Толькі лядзі мне, гарбаты, я ж грошы потым пералічу!»
Дзед закалаціўся ўвесь, але бабкіну параду зразумеў. У Максіма на пладова-ягаднае возьме. Затое на вядро па дарозе схадзіць можна.
Адчыняе дзед дзверы, а там Грышка стаіць, з сумкай паштальёніхі. Дзед перахрысціўся: «Ці ты гэта, Грышка? Цябе ж пакралі!» Бабка слухала-слухала, ды не вытрымала, вылезла з-за пячы: «Дурань ты стары, зяпу разінуў! Ён цябе зараз сярпом заб’е! Вось, паштальёніху ўжо забіў і пенсію маю ўкраў!»
Грышка гаворыць: «Баба Галя, я ж больш не навалач клюбная! Я цяпер паштальён, вось, у мяне дакумент ёсць». Грышка паказаў Гале акуратную паперку з пячацямі. Ну, праўда, морда Грышкіна на фатаздымку. «Мяне не ашукаеш, сапраўдны Грышка зараз дзесьці валяецца забіты. Не Грышка ты, а чорт! Дзе мае грошы?» І як дасі Грышке па гарбу патэльняй, што той упаў. «Так цябе, чорт!» — з гэтымі словамі Кашуліна адлічыла сабе грошы, подпіс у квітанцыі паставіла. Падняўся Грышка, сплюнуў пад ногі: «Не, лепей зноў гарэлку піць пайду, я ж не рызыкант які-небудзь». І пайшоў.
А парася знайшлі ўвечары — да касцёла пабег, у людзі.