13. Да свiтання

Янина Пинчук
Прыцішаныя крокі.
I — паварот ключа.
Нырае ў сон таропка
Маладзічок пляча...
(Рыгор Барадулін)

- Я проста хацеў даведацца, ці не мучыць вас бяссонне.
- І вы для гэтага мяне абудзілі? Вельмі па-сяброўску, Гасцінгс!
(к/ф «Пуаро»)
______________________________________________________

Неяк раптоўна прыхлынула ўжо знаёмая вострая асалода, і Улада ўпершыню сур'ёзна задумалася, як любіць гэта незвычайнае пачуццё: адзіноту такго, хто не спіць. Яна знаёмая і паўночнікам, і тым, хто ўстае ні свет ні зара. Прыгожым бывае патанулы ў цемры двор, дзе ва ўсім доме гарыць адно-адзінае акенца - тваё, а з тымі, з чыіх вокнаў таксама льецца святло, адчуваеш гэткую змоўніцкую салідарнасць. Тое ж самае адчуваеш, калі сустракаеш выпадковага мінака на прахалоднай, нясмела паружавелай ранішняй вуліцы, калі горад яшчэ бязлюдны. Менавіта гэтае пачуццё авалодвала ёю напярэдадні ночы ў міністэрстве, настолькі, што нават зусім выцесніла нервовасць.

Тое ж самае яна адчувала цяпер, у цёмна-сінюю гадзіну паміж глыбокай ноччу і нясмела ўзыходзячай раніцай. Але стомленасць брала сваё, і нават рамантыка, нават гонар саступілі простаму жаданню - вярнуцца дадому.

- Метро адчыняецца пазней, чым я думала, - прабурчала Алеся.

- Давядзецца на таксі. Улада, вы ж у нас арганізатар, патэлефануйце ім, - загадаў міністр.

- Толькі да метро давайце не пойдзем, зноў там пятляць будзем! - узмалілася Улада.

Яна дастала тэлефон і набрала нумар, перад гэтым уздыхнуўшы: ну правільна, і за жыллё яна адказвае, і за транспарт.

- Так, перакрыжаванне Прытыцкага і Берута. Дзякуй. Дзесяць хвілін, - коратка далажыла яна.

Яны спыніліся пад згаслым ліхтаром. Стамброўская дзеля забавы патупала, прабеглася туды-сюды, і ліхтар запаліўся.

- Дык што ж вы хацелі сказаць пра маё прысвячэнне, пан міністр? Можна сцісла? - спытала яна.

- Можна, хоць дзесяці хвілін, можа, і не хопіць. Вы ж пытацца будзеце. Такім чынам, у двух словах, - усміхнуўся міністр. - Выходзіць, што ўся гэта наша гісторыя яшчэ складаней, чым здаецца. Таварышу Вышынскаму ладна не пашанцавала вось у чым: ён прымудрыўся нарвацца на ўласнага допельгангера. На вас.

Алеся толькі ўважліва паглядзела. У аранжавым натрыевым святле яе вочы акружылі глыбокія цені і рабілі яе падобнай на персанажа з карцін Урубеля.

- Гэта значыць, атрымліваецца, што я... - прамовіла яна.

- Так. Менавіта так.

Яна толькі паціснула плячыма: ну і ну. Дык вось адкуль гэта незразумелае пачуццё: «хуліганскай» цікаўнасці і падабенства цеплыні да Вышынскага пры выразным разуменні, што гэта - вораг. Вось адкуль прыцягненне поглядаў, салодка-прыкры сон у аўтобусе. А сам-то ён разумеў? Тады сюды ж - яго ваганні, словы пра тое, што са Стамброўскай, маўляў, потым разбяруся, яе забіваць не стану. А падабенства? Як ні круці, а даводзілася гэта прызнаваць. Імпульсіўнасць, нецярпімасць, нават неадольны смак да казарменных слоўцаў пры агульнай інтэлігентнасці і розуме.

- Акрамя таго, - працягваў міністр, - у вас ёсць супадзенне «амплуа». Вышынскі напароўся на шынігамі - які, на жаль, апынуўся на іншым баку барыкад. Вы ж ведаеце, што ў японскай культуры гэта «бог смерці», альбо ўвасобленая смерць. Вось з гэтай выявай ён і працаваў, тым і жыў, на тым усё і будаваў.

- Але я ж нікога не забівала! - ужо з лёгкім абурэннем пачала Стамброўская. Міністр яе перапыніў:

- Не, вы пакуль нікога не забівалі, ды і дэманічную жанчыну з сябе не строілі. Але майстэрства сваё пачалі спасцігаць на могілках. А яшчэ раней - палюбілі таго, хто не належыць да жывых, прычым ні ў адным са светаў. Больш за тое - чалавека, які пры жыцці быў звязаны са стыхіяй смерці, вольна ці міжволі, так ужо склалася.

- Сапраўды, - задуменна сказала Алеся. - Але ж не я ж адна такая! А вунь Улада, яна таксама з могілак пачынала!

Той заставалася толькі сцвярджальна кіўнуць.

- Толькі я нікога не любіла, - уставіла яна. - Мне на ўсіх было пляваць.

- Так, з таго ж, - пагадзіўся міністр, - але ёсць заўвага. Уся гэтая экзотыка наконт «шынігамі» грашыць недакладнасцю. Бо ў нас ёсць свая класіфікацыя, і шкада, што ёй цяпер надаюць меней значэння. Вядома, што ў кожнага спецыяліста свая стыхія, вось у нас з Уладай - Donner und Blitz*, як той казаў, а ў вас - агонь. У гэтым, дарэчы, вы з Вышынскім не супадаеце, ён скарыстоўваў чыстую смяротную стыхію. А што тычыцца старадаўняй класіфікацыі, то ў кожнага чараўніка свае асаблівасці. Пры гэтым, вядома, некаторыя катэгорыі ідуць з накладаннем функцый. Ну, гэта звычайна ў старажытных пантэонах. Вось я, напрыклад, - Захавальнік.

Алеся гарэзна ўсміхнулася. А дакладна ж: міністр нагадваў дракона, які доўгімі стагоддзямі вартуе скарб (у выглядзе велічы роднай дзяржавы), і вось ужо куча рыцараў зламала дзіды, змяніліся пакалення, шмат вады сплыло - а ён усё там жа, і ўсё вартуе. І што характэрна - гэтак жа пільна.

- Ёсць яшчэ Лекары, Творцы, Воіны... - пералічваў міністр.

- Ну, а я-то хто?

- Вы? Інквізітар, - усміхнуўся міністр.

- Опа...

Гэта ўсё, што Стамброўская змагла сказаць. «Цудоўна», - падумала Алеся. Было незразумела, захапляцца ці абурацца.

Але тут зухавата падруліў кампотна-вішнёвы фольксваген з шашачкамі, і гутарку давялося перапыніць. Пакуль яны ехалі, у галаве пранесліся сотні думак.

Улада не ўтрымалася і адкінулася на падгалоўнік, але цвёрда зараклася драмаць. Яна скоса пазірала на Алесю: тая сядзела, задуменная, з шырока расплюшчанымі вачыма - збоку яе вочныя яблыкі паблісквалі ярка і выпукла, як каціныя. Потым яна перавяла погляд за акно: у цемры знаёмыя раёны выглядаюць па-іншаму, а ўжо малазнаёмыя і зусім ператвараюцца ў нязведаныя. Заходнюю частку горада яна наогул даволі дрэнна ведала, толькі Кальварыя існавала для яе маленькім астраўком, анклавам асабістай, вядомай прасторы. Таму Улада ўзрадавалася, калі яны праехалі развязку, пранесліся міма круглага кінатэатра «Беларусь» і выбраліся на Гарадскі Вал: злева замерлі ў цемры строгія старасвецкія дамы, а справа ўзбіраўся на пагорак сквер, дзе ў задуменні сядзіць бронзавы Адам Міцкевіч. Цікава, як змяняецца настрой і аўра пры перамяшчэнні з адной часткі горада ў іншую: мацней за ўсё гэта адчуваецца пры пешых шпацырах, на машыне ўсё занадта шпарка - але ўсё роўна ж ёсць.

Хутка яны ўжо падымаліся па лесвіцы. Паварот ключа, пстрычка выключальніка, і вось...

- Я ведаю, што б сказала мая сяброўка Арына, - заўважыла Алеся, - яна б сказала: «Прывітанне, кватэрка, мы вярнуліся з перамогай!».

Міністр агледзеўся і сказаў:

- Тут усё выглядае, як нацюрморт Хеды «Сняданак з ажынавым пірагом». Памятаеце, як усё натуральна? Пірог разламаны, лыжачка, шклянка з адбітым краёчкам, - карацей, бардак, - рашуча падсумаваў ён.

Мабыць, ён быў занадта суровы, але і на самай справе стваралася ўражанне, быццам яны выскачылі хвілін на пяць, пакінуўшы ўсё, як было.

- Пакеты я прыбяру, - счырванеўшы, сказала Стамброўская і пачала штурхаць іх у гардэробны пакойчык.

- Добра, гэта не так важна. Давайце лепш ачуняем і адпачнем. Заварыце хто-небудзь гарбаты, - з уздыхам загадаў міністр.

Абмеркаванне тактыкі ён таксама сказаў пакінуць на потым. Хоць і сам лавіў сябе на жаданні хутчэй спланаваць вяртанне і далейшыя дзеянні. І гэта пры тым, што дома (неяк натуральна яму падумалася: «дома») ён адчуў стомленасць, што межавала з нядужаннем: да слабасці, да дрыжыкаў у пальцах і збітага пульса.

Алесіна ўзбуджэнне ад пазнавання аб сваёй сутнасці ўжо схлынула - яна ўжо табаку важыла над кубкам, але ўпарта закідвала ў рот печыўца з цвёрдзенькай жэлейнай сярэдзінкай. Ад вядзьмарства, вядома, есці хочацца, а дзяўчат болей за ўсё цягне на салодкае.

- Я спадзяюся, вы вырашылі застацца ў нас, - заўважыў міністр. - Усё роўна і дабірацца зараз нязручна, і яшчэ, чаго добрага, прама на вуліцы заснеце і паваліцеся.

Улада, выходзячы з кухні, буркнула: «Я пасцялю пакуль». Перад гэтым яна зноў ціха ўключыла радыё.

- Умгу, - адгукнулася Стамброўская. - Тым больш, я ад вас не адстану, пан міністр. Вы не расказалі, што значыць - Інквізітар.

Міністр пацерабіў вузел гальштука, кашлянуў і пачаў, пагладжваючы цёплы бок кубка, што стаяў перад ім:

- Гэты від сярод вешчуноў вельмі рэдкі. Гэта нават не столькі від, колькі роля, прычым няпростая. Задача інквізітара - зрабіць так, каб зло не заставалася беспакараным. Разумееце? А гэта значыць, хутчэй, не апраўдваць, а абвінавачваць. Таму стаўленне да такіх спецыялістаў неадназначнае.

- Так-так... А гэта ж маё, - прамовіла Алеся. - Можа, я ўсюды бачу больш кепскага, чым добрага? Але вінаваціць для мяне значна больш натуральна.

- Гэта, можа, і так, але пры тым важна, што інквізітар не чыніць самавольства. Прычым па вызначэнні, - заўважыў міністр. - Яго функцыя і праўда карная у нейкім сэнсе: ён звяртаецца да вышэйшых сіл з абвінаваўчымі прамовамі супраць пэўнай асобы, ён жа, у выпадку чаго, прыводзіць прысуд у выкананне. Але гэта не банальныя сурокі: сваёй волі ў такога чараўніка няма, ён дзейнічае толькі з ласкі вышэйшых сіл. І гэта не цёмныя мастацтвы - гэта знаёмая нам рунічная практыка. Таму што руны дзейнічаюць па справядлівасці, і маг-інквізітар таксама - звяртаецца ў першую чаргу не за карай, а ў пошуках справядлівасці. З гэтым звязаны дзве рэчы. Па-першае, такі чалавек павінен быць набожны, каб мець незацемнены ўнутраны позірк. Па-другое, у асабліва цяжкіх выпадках інквізітар - гэта спецыяліст, які дапамагае следству. Так-так, іх у расследаваннях таксама выкарыстоўваюць! І тады яго функцыя - ўсталяванне ісціны і адшуканне доказаў на карысць таго, што паведамляецца яму вышэйшымі сіламі. Я кажу вельмі спрошчана, лепш за ўсё гэта апісана ў старадаўніх працах. Не ўпэўнены, што ў мяне ёсць такая кніга, але я пашукаю.

- Зразумела, - працягнула Стамброўская.

Самае цікавае - пытанне набожнасці. У чым жа яно павінна заключацца? Характар яе не меў да гэтага схільнасці, хоць у нечым інквізітарскай натуры адпавядаў. У яе была яшчэ адна якасць, што радніла з Вышынскім: свядомая, спакойна ўзважаная, афіцыйна-дэкларатыўная жорсткасць у адносінах да ворагаў.

- Ах так, - дадаў міністр, - яшчэ ў нас да гэтага часу існуе пасаду дзяржаўнага інквізітара. Яна ахутана такім жа рамантычным флёрам, як таемныя ордэны і ложы, хоць існуе напаўафіцыйна. У апошнія гадоў трыццаць яе ніхто не займаў - дакладней, займалі чыста намінальна, таму што папросту спецыялістаў такіх не было. А хто ведае, падумайце: можа, вы калі-небудзь гэты пост і зоймеце.

- М-м, не, я нешта больш аддаю перавагу міжнародным адносінам, - прамармытала Алеся.

- Хто ведае, - хітра ўсміхнуўся міністр, - можна ж пераходзіць з адной сферы ў іншую, і цалкам паспяхова.

Алеся не стрымалася і хмыкнула: «Ды ў яго яшчэ хапае сіл жартаваць. На гэткія тэмы, практычна з самога сябе ».

Блін. Ну ўсё гэта к д’яблу.

Яна развіталіся і, як самнамбула, павалаклася ў пакой, дзе Улада паслала на шырокім ложку. Алеся ўпала на сваю палоўку і адразу ж заснула.

Яе сяброўкай чамусьці авалодала гаспадарлівасць: з адценнем самаіроніі яна на дыбачках насілася туды-сюды з лёгкім подыхам ветрыку, раскладвала рэчы, раскіданыя ў дзённым запале, мыла посуд, выцірала, расстаўляла, папраўляла, і галоўнае, невядома навошта. Потым падышла да акна на кухні і з лёгкай сумам глядзела, як растае змрок і зелянее на ўсходзе неба. Потым, неяк раптам спасцігшы ўласную стомленасць, апусцілася на табурэтку і хвіліны тры разглядала белае бязмоўе халадзільніка, затым з высілкам паднялася і пацягнулася ў душ, дзе правяла часу відавочна больш, чым патрабуюць рацыянальныя меркаванні.

Уладзе было ўсё роўна, што ноч сыходзіць. Яна рассеяна пагладжвала сваё стройнае моцнае цела і лашчылася пад цёплымі бруямі, сочачы, як яны збягаюць па белай скуры мудрагелістымі змейкамі. І ручніком расціралася таксама не спяшаючыся, і шаўковы халацік не проста накінула, а расправіла, завязала - ён расквітнеў смугой, ружовасцю і серабрыстымі жураўлінымі сілуэтамі.

Алеся спала на баку спінай да яе, ўтульна нацягнуўшы тонкую коўдру да самага падбароддзя. Яна далікатна пакінула Уладзе належную тэрыторыю, але тая ў нерашучасці спынілася перад ложкам. Неяк сарамліва было ўкладвацца, варочацца, міжволі будзіць, ды яшчэ пачуццё было, быццам яна няшчыльна прыкруціла кран ці не выключыла святло. І Улада выслізнула з пакоя, патушыўшы начнік.

- Божа, вы яшчэ не спіце? І яшчэ і кніжку нейкую знайшлі?! - шэптам закрычала яна, уваходзячы ў залу.

Міністр ляжаў на раскладзенай канапе, засяроджана гартаючы маленькі сіні томік.

- Гэта "Фаўст", - растлумачыў ён, адкладаючы кніжку на нізкі столік. - Сам не чакаў, што знайду яе тут. Выбачайце, што перашкодзіў. Святло ўжо выключаю.

- Ды я не лаяцца прыйшла, - ўжо сумелася Улада. - Проста...

- Проста прыйшлі? - усміхнуўся міністр, ужо улёгшись на падушку.

- Пажадаць спакойнай ночы, хоць ужо раніца, - прабурчала Улада. - А наогул, ад вас нічога не ўтоіш, так, я прыйшла «проста». Каб зрабіць вось прыкладна гэта, - сказала яна і пагладзіла яго па галаве, а потым нахілілася і пацалавала ў лоб.

Улада падумала: «Ну вось чаму ад такіх простых рэчаў я так хвалююся?». А міністр злавіў яе руку і паднёс да вуснаў - прама як тады, у Нью-Ёрку. І Улада залілася чырванню і прызналася сабе, што не можа, не жадае сыходзіць у гэтую ж секунду, таму што ўжо вельмі доўга чакала такога моманту. І справа толькі ў тым, што менавіта такога: асаблівага, з трапятаннем, пакутлівым звонам ў грудзях, які - яна ведала - можа даводзіць да слёз.

Міністр і сам у гэты момант адчуваў дзіўную сумесь замілавання і тугі. Ён злавіў сябе на думцы аб тым, што гэта ўжо ўвайшло ледзь не ў традыцыю - глядзець на яе знізу ўверх, лежачы: то ў ліхаманцы, то гуляючы, то зноў у трызненні. Ну, і вось зараз. А Улада як быццам да канца не зразумела, хто яна: валькірыя або Флорэнс Найтынгейл**, і вырашыла быць адразу абедзвюма.

Улада, лягенечка кранаючы, пагладжваючы, ўглядалася ў яго твар, і адчувала салодкую горыч.

- Ты мой харошы, патрапаў цябе вораг... - прашаптала яна і пацалавала яго побач з левым брывом трохразова: як бы ў лоб, бліжэй да скроні, крыху бліжэй да вока.

Выгляд у міністра быў хваравіты, цяпер гэта стала прыкметна і было нядзіўна з улікам падзей апошніх двух месяцаў. А асабліва апошніх дзён.

- Ды нічога страшнага, - адгукнуўся міністр. - Адпачыць трохі трэба, вось і ўсё.

Праўда, зараз правальвацца ў сон расхацелася.

- Ага, трохі... Так, пан міністр, а я вось за вас баюся, і мне не сорамна прызнавацца, - прабурчэла яна, зноў пераходзячы на "вы" - яна гуляла займеннікамі вельмі натуральна і тонка. - Ведаеце, такія подзвігі дарма не праходзяць.

Бурчыць. Зноў бурчыць - саромеецца.

- Так, вядома, Лада. Сам здзіўляюся, адкуль сілы ўзяліся.

- Вы дакладна нармальна сябе адчуваеце? - строгім шэптам сказала яна.

- Ну, натуральна, не «нармальна». Але смяротнага нічога няма. Супакойцеся ўжо.

- Ага, канешне...

Яна пяшчотна паціснула яго руку, якая ляжала на грудзях, нахілілася і пачала цалаваць яго, як хворае дзіця.

Ён чамусьці хацеў дазволіць ёй пабыць менавіта такой, нібы робячы падарунак. Здавалася, яна прыкрываецца цалкам натуральнымі сваімі якасцямі: аўтарытарнасцю, іроніяй, але ўсё-такі - прыкрываецца. Кранальна намашаецца пераймаць яму, адпрацоўваючы спакой. Гэты форс напускнай абыякавасцю праходзіць з пераменным поспехам: ну што зробіш, маладосць! Ціхі славалюб, «камсамолка і проста прыгажуня», «чалавек у футарале» - на самай справе яна прагне пабыць такой, як зараз. І перад ёй неяк не сорамна выяўляць слабасць, ну, па-першае, таму што ніхто ў свеце пра гэта не даведаецца, а па-другое... проста - ані не сорамна.

Міністр уздыхнуў, як ад прыступу раптоўнага болю. «Ён прывык на яе так глядзець»... Хіба выпадкова? Няўжо не звязана гэта з той прапановай, што ён выношваў так доўга і ледзьве рашыўся зрабіць сёння на Кальварыі?

- Улада... - дрыготкім голасам прашаптаў міністр. - Я нават хацеў бы - каб у апошнія хвіліны ўсё было амаль вось так...

Ён-то і іх цяпер успомніў і ведаў, да чаго яго сны.

Улада здрыганулася, як ад удару бізуном. На вейках яе адразу павіслі слёзы, як градзінкі, і яна прыглушаным голасам злосна засіпела:

- Андрэй... ты... не смей казаць такія рэчы! Не разумееш, ці што?!

І запалала, і ясна было: на самай справе яна сама пра гэта пакутліва марыла, са страхам і болем марыла.

- Я ўсё разумею, - прамовіў міністр, - проста...

Проста ў яго сэрцы не трэба было «растопліваць лёд», не бяздушны ён чалавек - але такія наплывы эмоцый здараліся рэдка, і калі б гэта была хваля, то яна збіла б яго з ног. І сапраўды, адчуванне хваль. Напэўна, галава крыху круціцца.

«Як недарэчы я гэта сказаў... Напэўна, я і праўда нездаровы - ну што за глупства! Але хай яна не ўцякае, божа, няхай не злуецца».

«Я больш не магу. Зараз расплачуся, а, можа, потым - з-за таго, што не зрабіла. Ну і хай лічаць мяне бессаромніцу! Хаця хто будзе лічыць? Вунь той партрэт на сцяне?».

Улада слізганула на коўдру на ложак побач з міністрам і умольна пацягнулася, абдымаючы яго за шыю і прыціскаючыся лбом да яго шчакі.

- Ты толькі не праганяй мяне, Андрэйка, я сама зараз пайду, я проста абняць хачу...

Ну, навошта пра гэты тон, просьбы аб прабачэнні? Міністр з прыкрасцю вымавіў:

- Ніхто цябе праганяць не збіраецца.

- Не?

- Не. І што ты так няёмка?..

Улада шмыгнула пад коўдру, як хлапчук ў піянерлагеры, які ноччу збег з пакоя для нейкага свавольства, а цяпер вярнуўся, кожную секунду баючыся, што яго застукае важаты. Міністр нават усміхнуўся гэтаму яе руху. І абняла яна яго неяк па-дзіцячы, і ўткнулася лбом яму ў шыю, і ёй, акрамя гэтага, нібы нічога было не трэба. Як кацяня грэецца.

- Рыська ты такая... лясная, кіпцюрыстыя, - усміхнуўся міністр і цмокнуў яе ў лоб. - Маленькая мая.

Улада ціха засмяялася і заззяла:

- Ну вось іншая справа, а то пра кашмары усялякія гаворыш. - Яна падняла руку і пачала гладзіць пальчыкам яго бровы. І пры гэтым стала прыгаворваць словамі з песні з пяшчотнай пытальнай інтанацыяй:

- Чаго ты, лося, чаго ты, дзікі, к зямлі прылягаіш?

А потым узяла яго за вуха, стала то выглаживать-вымалёўваць па контурах, то кратаць трыма пальчыкамі - міністр зажмурыўся ад задавальнення - і з камічнай задуменнасцю прамовіла:

- А ці ты, лося, ці ты, дзікі, сцідзёну зіму чуіш?

Ён не вытрымаў і засмяяўся ціхенька, і спытаў:

- Ну што, няўжо я на самой справе да лася падобны?

- Ды не ведаю я, Андрэйка, да каго ты падобны! - хіхікнула Улада. - Мне часам здавалася, што да барсука. Альбо, не, на мядзведзя. Але чорт яго ведае. У маскавітаў міністр каня ці дога нагадвае, і гэта адразу відаць, а ты - незразумела хто. Але страшэнна мілы. Мая сяброўка адна сказала, што ў цябе "чыста наменклатурная знешнасць". І Крылоў гэты, выкладач у МГІМО, нешта вякаў шчэ***... Ну вось дурні ж набітыя, што яны разумеюць?! Ты, Андрэйка, прыгожы... асабліва вочы ў цябе такія.

- Ну, гэта ты хапіла, юны паэт, - збянтэжана прамармытаў міністр.

- Няпраўда. Яны разумныя і добрыя, а значыць - прыгожыя. І яшчэ крышачку сумныя, але гэта не дрэнна, не, так яшчэ лепш. Элегичнасць - гэта добра. Толькі не хачу, каб табе калі-небудзь балюча было, - прашаптала Улада і кранула вуснамі яго павекаў.

- Нікуды не дзенешся, Лада, што Бог пашле, тое і трываць будзем, - прамовіў міністр.

- А я не хачу, - упарта паўтарыла Улада. - І ты, Андрэйка, не смейся, але я заўсёды хачу цябе абараняць. І буду!

Міністр не расплюшчваў вачэй: няхай цалуе - як жа гэта незвычайна, як добра. Дзеля такіх момантаў варта змагацца - дзеля цяпла. А ў звычайных грамадзян жа значна больш шанцаў для праявы цеплыні, ну чаму ж яны так па-дурному гэта упускаюць? Ён задумаўся пра тое, як абдыме ўсю сям'ю, калі вернецца ў свой свет, які тутэйшыя жыхары і яго слаўны двайнік Улада называлі Іншасветам. А ўсе яны яшчэ прыемна падзівяцца, чаго гэта ён такі лагодны - хоць вось Эмілія яму калісьці нават адкрыта заўважыла, што з гадамі ён стаў больш... нейкае яна недарэчнае, але мілае слова сказала... ах да, «няшны». Божа, як напрыдумлялі усялякага слэнгу. Яшчэ ён адчуваў, што здароўем сваім усё-ткі давядзецца заняцца, ды хоць бы на адпачынак з'ездзіць. У Юрмалу на дачу ці што?

Улада нібы прачытала яго думкі:

- І яшчэ я за ваша здароўе хвалююся. Так, пан міністр, я зноў пра тое ж. Я выказваю занепакоенасць.

Яна зноў перайшла на афіцыйны тон - ці то ад заклапочанасці, ці то зноў апранаючы ўбранне сваёй іроніі.

- Проста як Ліга Нацый! - падыграў міністр. - Што вы робіце?

- Я хуліганіць не буду, абяцаю, - засяроджана сказала Улада. Яна засунула руку яму пад піжамную кашулю. - Я бачу энергетычныя прабоі. Ну вось тут, напрыклад. - Яна накрыла цёплай далонню яго сонечнае спляценне. - Я, вядома, Усходам горача не захапляюся, але ведаю сёе-тое. Ну вось што я магу сказаць? У вас жа Маніпура-чакра прабітая. Ну сапраўды, - настойліва паўтарыла яна, пагладжваючы яго па жываце. - І Анахату зачапіла. Усё гэтыя атакі і сны дурныя... І наогул гэта ў вас слабое месца, трымайце на кантролі, а то гэта не жарты...

- Вы зноў мяне алюзіямі чапляеце? - прабурчэў міністр. - То Панятоўскі, то гэта...

- Няпраўда, - пакрыўдзілася Улада. - Ты, Андрусь, бессаромны. Вось сам мяне крыўдзіш. А за гэта я ад цябе не адстану і нікуды не пайду.

- Ну і не ідзі.

- І не пайду.

- І не трэба. Мы, здаецца, спаць збіраліся.

- Ды хвілін пятнаццаць усяго прайшло. Супакойся.

- Сама прыйшла і разварушыла.

- Тады пайду!

- А вось і не, - прамовіў міністр, выключаючы святло. - Я цябе не пушчу.

Яна нічога не адказала і з ціхім варкатаннем абняла яго, зноў уткнуўшыся і прыціснуўшыся. І яны ані адзін аднаму не перашкаджалі, і заснулі праз паўхвіліны.

А Алеся так і не прачнулася і не пазнала, што яе тэрытарыяльная далікатнасць аказалася марнай.
__________________________________________
*Гром ды маланка (ням.)
**Флорэнс Найтынгейл (1820 - 1910) - сястра міласэрнасці і грамадскі дзеяч Вялікабрытаніі.
***З успамінаў журналіста-міжнародніка Мэлора Стуруа: «Шмат гадоў таму, калі я яшчэ быў студэнтам МГІМО, я спытаў прафесара Сяргея Барысавіча Крылова, які выкладаў у нас міжнароднае права, наколькі важная для дыпламата прыгожая знешнасць. Стары Крылоў адказаў:
-Калісьці гэта мела значэнне, але не цяпер. Зараз, калі ты прыгажэйшы за малпу, то падыдзеш. Зірніце на Грамыку… »