11. Схватка

Янина Пинчук
Vim vi repellere licet. (лац.) - Гвалт дазволена адбіваць сілай (тэзіс рымскага грамадзянскага права).
___________________________________________________

За акном чуліся стрыжовыя крыкі. Яно было адчынена проста ў цёплую лістоту, скрозь якую сачыўся блакітны прыцемак.

На міністра глядзелі дзве пары уважлівых вачэй, а сам ён сядзеў ля стала з кубкам адвара у руцэ. Улада села на нізкі ўслончык ля пліты, яна была без пінжака, у адных панчохах без туфляў і з закасанымі рукавамі. Алеся стаяла, прыхіліўшыся да халадзільніка, і апранута была ў нейкі стылізаваны чорны мундзір з залатымі гузікамі.

- Можна, я не буду гэта піць? - нарэшце адважыўся спытаць міністр.

- Ну, мабыць, не піце. Хопіць.

- Дзякуй. А то ўжо проста не ідзе. Толькі скажыце, Улада, чаму ў мяне такое дзіўнае здранцвенне? Вы што туды, віскі налілі? - Прамармытаў міністр.

- Ды які віскі, - абурылася Улада, - каб я прапанавала канцлеру ВКЛ “віскар”?! Толькі чысты спірт!

- Ага, - хмыкнуў ён, узгадаўшы вядомы раман. – Ад вас можна чакаць. Любой дыверсіі ды правакацыі.

- Ну не трэба, га? - Працягнула Улада. - І ўвогуле, гэта завецца «спакой». Вось толькі не адмаўляйце, што, ну... стан у вас быў надзвычайны. Я баялася. І што, вы паспрачаецеся, што пакутаваць было б лепей?

Міністр памаўчаў, кінуўшы хмурны погляд спадылба.

- Дык вы ўсё ж лічыце мае паводзіны нявартымі павагі?

- Не, - ціха прамовіла Улада. Алеся моўчкі пахітала галавой. - Гэта ж як хвароба. Вы тут сапраўды ні ў чым не вінаваты - усё проста супала, нагрувасцілася. І яшчэ... я лічу гэтыя, як вы выказаліся, «паводзіны» - наадварот, сумленнымі. Хай яны і паказалі вас са слабога боку. Хоць я лічу, што ў цэлым не варта было б так моцна перажываць. - Алеся зноў красамоўна кіўнула ў знак салідарнасці.

Добрае слова яна падабрала. Міністр адчуваў няёмкасць менавіта з-за пачуцця ўразлівасці перад ёю. А яшчэ ён ёй абавязаны. Зусім як тады ў Лізе Нацый. Але тады яна захоўвала нейкі піетэт, а сёння камандавала яму, уліваючы чарговую порцыю зелля, адпускала бурклівыя рэмаркі і вельмі бесцырымонна сцягнула з яго кашулю, каб адправіць у пральніцу. Зараз на ім была новая, з пакета, які прыцягнула Стамброўская ў ліку іншых - імі яна заваліла цэлы кут у пярэднім пакоі. Міністр міжволі паправіў каўнерык.

- Ну так, вас дзіка раздражняе, што гэта не Arrow, - насмешліва падчапіў Улада, - але ў нас тут патугі пратэкцыянізму і дэвіз «Купляйце беларускае!». А таксама гарачка з вынікаючымі наступствамі.

- Маглі б вы ўжо супакоіцца і не практыкавацца ў іроніі? - ветлівым тонам спытаў міністр.

Улада пачырванела і прамовіла:

- Прабачце, я проста, гэта ...

Яна злавіла яго за руку і пяшчотна паціснула. Ён паблажліва ўсміхнуўся.

- Бог з вамі. Давайце пагаворым сур'ёзна. Слухайце мяне ўважліва.

І ён пачаў распавядаць ім пра план контратакі і вяртання. Ён жа прыйшоў міністру ў галаву ў агульных рысах яшчэ раніцай, да таго, як яго падкасіла. Улада слухала, расхінуўшы шэрыя вочы, і часам нешта ўдакладняла, Алеся стаяла ўсё так жа нерухома і маўчала.

- Як бачыце, патрэбна невялікая падрыхтоўка, - падсумаваў міністр, - але здзейсніць гэта рэальна, проста неабходна...

- Не трэба падрыхтоўкі, - ціха перапыніла Стамброўская. Яна ледзь ці не ўпершыню падала голас, і казала стрымана, але узбуджана. - Я ўжо... тэарэтычную частку зрабіла. Мяне тут генерал навучыў. Наогул, галоўнае - ваша самаадчуванне. Але можна зрабіць усё хоць сёння.

Улада з міністрам пераглянуліся.

- Каторая гадзіна?

- Без сямі дзесяць, - далажыла Улада, зірнуўшы на гадзіннік.

Вакол плафона вілася першая камарэча, лямпачка часам падміргвала. З двара данёсся шум машыны: хтосьці падрульваў да пад'езда.

Пасля паўзы міністр вымавіў:

- Выдатна. Значыць, зробім. Гэтая ноч будзе нашым асабістым, маленькім бліцкрыгам. Галоўнае, не хвалюйцеся за мяне, а самі засяродзьцеся, як след - у нас усё атрымаецца, калі дзейнічаць будзем цвёрда і ясна. А на кухні, выходзіць, мы не дарма сабраліся - прыступім. Улада, знайдзіце нейкую міску, Алеся, прынясіце ліст паперы, я ведаю, вы купілі. А пяро ў вас ёсць? Ну, ці нешта падобнае?

- Пэндзлік! - пракрычала Стамбровская ўжо з пярэднім пакоі.

Калі даручэнні былі выкананы, ён загадаў Уладзе дастаць корцік.

- Навошта? - насцярожана перапытала яна.

- Не пытайцеся, а выконвайце.

Яна прынесла пінжак і дастала корцік з унутранай кішэні. Міністр узяў яго, кіўнуўшы, падвярнуў рукаў і без слоў, стрымана разануў ім сябе па руцэ крыху ніжэй за прыдалонне, трымаючы яе над міскай. Пырснула кроў, Улада здрыганулася - амаль адначасова.

- А без гэтага ніяк? - непрыязна спытала яна.

- Абвінавачванні пішуцца крывёй ахвяр, - адрэзаў міністр. - Хоць слова занадта гучнае, але я ж падпадаю пад вызначэнне пацярпелага боку. Я ведаю, Улада, пра што вы падумалі, - дадаў ён. - Але, калі перафразаваць, хто кроў сваю беражэ, той яе страціць, а хто пралівае - той захавае. Тым больш, пасля тых сноў я ўжо амаль прывык.

Тое, што адбывалася цяпер, ужо адкрыта аддавала сюррэалізмам. Утульная прасторная кухня ў сталінцы, фонам гучыць вячэрняя застаўка беларускамоўнага “Радыё “Сталіца” - а ён цэдзіць з раны, заціскае ручніком, Алеся ў чорным мундзіры бярэ пэндзлік, раздрукаваную паперку, садзіцца, прысоўваецца да стала. Белы, чырвоны, белы - міска, кроў, ліст. Улада схадзіла за бінтам, вярнулася, хмыкаючы. На словах усё гучыць страшэнна ўрачыста, здаецца, і на самай справе да такога дзейства трэба рыхтавацца, а яны тут прама з месца ў кар'ер, так, быццам пласцінку змяніць не паспелі. Нешта занадта штодзённае і спешнае, хоць у магіі звычайнасць - зманлівая.

- Дасі пачытаць?

- Напэўна, - унікліва сказала Стамброўская, старанна выводзячы літары. Яны хутка бурэлі. О, у абвінаваўчай прамове, напісанай крывёю, безумоўна, ёсць шык - Алеся ўсміхнулася летуценна і трохі драпежна.

Яны патушылі святло - кватэра праводзіла іх мяккай пстрычкай ключа і засталася, як дзяўчына, што чакае выбранніка з вайны. У двары ў твар патыхнула насычаным водарам чаромхі, суквецці цьмяна бялелі ў цемры. У цэнтры плошчы узнімаўся светлавой стралой абеліск, сцяліліся і трапяталі языкі вечнага агню. Плошчу абдымалі малочна-бела і аранжавата падсветленыя будынкі. Воддаль відаць было радыёвышку - мільгануў у галаве адрас: «Вулiца Чырвоная, чатыры» - так заўсёды аб'яўлялі на «Сталіцы».

І на вуліцах, і ў метро было мнагалюдна. Людзі не спяшаліся дадому, нехта відавочна выбраўся ў кафэ, нехта ў клуб, нехта на шпацыр. Ах так, і яшчэ быццам бы сёння ў гэтым годзе Ноч музеяў - ну вядома! Вунь тыя двое, багемныя жанчыны за пяцьдзесят, туды і накіроўваюцца, вунь той хлопец з камерай, з дагледжанай барадой і ў акулярах – яўна таксама. А вунь кампанія, дзе дзяўчына з гітарай і хлопец з дрэдамі - тыя да кагось на кватэрнік. «Здавалася, нішто не прадвесціла трагедыі». Улада нявесела ўсміхнулася.

Цяжка было прыкінуць, каго нагадваюць яны трое, нечым няўлоўна - а быць можа, і прыкметна - падобныя (можа, з-за строгасці адзення і амаль аднолькавага росту?). Яны стаялі на Купалаўскай, і Улада, гледзячы на сваіх спадарожнікаў, заўважыла, што нават у Алесі і міністра ў твары ёсць агульнае. Сама Стамброўская заявіла б наступнае: «Гэта ўсё расавы тып - заходні балтыд». А можа, гэта асвятленне такое? Купалаўская наогул дзіўная: выкладзена змрочнай зялёнай пліткай, святло цьмянае - такое адчуванне, што чакаеш цягніка пад вадой у старым басейне.

Так, яна не паспела сабрацца. Не паспела падрыхтавацца. Усё неяк бязладна, усё скамечана, як злашчасная міністэрская кашуля ў жалезных нетрах пральніцы. Такое ж адчуванне ўжо ўзнікала ва Улады па дарозе на Новадзявочыя - толькі цяпер не Масква, а Мінск, і едуць яны на Кальварыю.

У вагоне яны захоўвалі маўчанне. Уладзе хацелася што-небудзь сказаць, але яна нават не ведала, што канкрэтна, і таму не адкрывала рота.

Няміга - усё тыя ж брудныя падцёкі на сценах. Фрунзенская - цёмная, як бардовая вокладка савецкай кнігі. Голая Маладзёжная, так і хочацца сказаць па-руску – “Безнадёжная”. Пушкінская - ім выходзіць.

Афармленне ў выглядзе рамантычных «пецярбургскіх» ліхтарыкаў Уладу звычайна замілоўвала, а тут чамусьці раздражняла. Роўна як і зноў - паўсюды людзі.

Як звычайна «на Пушкарах», давялося паднапружыцца, каб зразумець, куды ж ім збочыць, каб правільна выйсці. Але яна ўсё роўна бывала тут часцей і сказала:

- Глядзіце, дзе вуліца Берута - нам туды.

Улада выступіла трошкі наперад і павяла іх за сабой. Справа на доме мільгала чырвонымі літарамі табло з аб'явамі, высвяцілася тэмпература, потым час: дваццаць тры дваццаць адна. «Нядрэнна ідзем», - падумала Улада, але міжволі памулялася. Набліжалася поўнач. Чым бліжэй яны падыходзілі, тым больш рэальным рабілася напружанне. Людзі слізгалі міма бясколернымі сілуэтамі і здаваліся бясконца далёкімі, а дакладней, чужымі: рабілася зразумела: калі што, яны не прыйдуць на дапамогу ці наогул проста бязглузда пацерпяць. Рабілася ясна, якая прорва аддзяляе іх траіх ад іх, астатніх.

Міністр урэшце загаварыў, але звярнуўся да Стамброўскай:

- Я рады, Алеся, што не памыліўся наконт вас. Добра, што Улада залучыла вас у госці і прывезла ў Шаблі, я тады і ўбачыў ваш патэнцыял, але справа не толькі ў гэтым. Мне падалося, вы яшчэ адыграеце нейкую важную ролю, - задуменна вымавіў ён, папраўляючы пад рукавом павязку на ране.

- Я буду толькі рада апраўдаць ваш давер, пан міністр, - адгукнулася Алеся.

На пераходзе самотна, бесталкова міргаў непатрэбны святлафор. Наперадзе замаячылі разгалістыя старыя дрэвы, нібы сама цемра пералівалася праз агароджу цвінтара. Роўны тратуар сыходзіў пад ўхіл - так што справа могілкі навіслі над імі чорным брустверам.

Стала ціха, нават у руху па вуліцы надышла паўза: праехала тры, чатыры машыны, шапочучы шынамі неяк прыглушана, па-начному. Іншыя пакуль толькі цьмянымі агеньчыкамі фар вызначаліся удалечыні, і некалькі ліхтароў згасла: спрацаваў датчык фотаэлемента. Людзей паблізу не было, і цяжка было разабраць, у які бок рухаюцца вунь тыя колькі фігур у аддаленні. Стук дзявочых абцасаў здаваўся недарэчным - але хай лепей стукаюць, каб не чуць цішыні.

- Можа, абвясціце аб нашым прыбыцці? - нягучна запытаўся міністр. - Вы лепей ведаеце гаспадароў.

Улада паклікала.

Водгуку не было, Пан і Пані не адказвалі.

- Пачакайце, зараз зноў паспрабую, - прамармытала Улада.

Яны ўсё неяк адначасова падабраліся і паскорылі крок, каб як мага хутчэй дайсці да павароту направа і дарожкі да ўваходу. Але не паспелі.

Потым Улада зразумела, што, калі б давялося расказваць пра тое, што адбылося, то апісваць было б практычна няма чаго, таму што дзеянне змясцілася ў некалькі секунд.

Справа зверху на іх зрынулася чорная лавіна, выкідваючы пажадлівыя пратуберанцы. Усё вакол пацямнела і згасла. Але шок і прымусіў зрэагаваць маментальна: у разверстую пашчу цемры адначасова рынуліся дзве маланкі і струмень полымя.

Цёмная матэрыя пад ударам захісталася напаўпразрыстым марывам. У сярэдзіне абмаляваўся сілуэт, нібы праз бруднавата-фіялетавае шкло.

Ён пачаў падымаць руку для новай атакі - але тут ўдарная хваля велізарнай сілы абрынулася на цёмную масу. Пачуўся выбух. Улада не ўтрымалася на нагах і паляцела на зямлю. Ёй здалося, кроў хлыне з вушэй, свядомасць памутнела.

Калі яна ўзняла галаву, шчака запалала драпінамі. Неба і ліхтары зноў мелі нармальнае адценне, контуры былі выразныя. Толькі перад самым асфальтам трошкі ў аддаленні клубілася як бы завісь з вугальнага пылу. Відаць было, як яна калышацца і асядае, а над ёю вертыкальна, як у гіпнатычнай каталепсіі, падвешана серабрыстае цела прывіда.

- Як вы? Дайце руку!

Міністр паспрабаваў паставіць Уладу на ногі, падхапіўшы пад мышкі, як кацяня. Яна пачала вінавата мацаць нагамі ў пошуках паверхні, хістанулася, выпрасталася, праганяючы галавакружэнне. Алесі нібыта пашанцавала больш, але яна не спрабавала ўстаць і сядзела на тратуары ў позе русалачкі з Капенгагена.

- Выбачайце, што зачапіў вас.

Голас яго прагучаў вінавата. Дык гэта што - ён?!..

Улада здрыганулася: над галавой загрукаталі рэзкія раскаты, ўдарыла па вачах бліскавіца, і буйныя кроплі дажджу рынуліся ў лоб. Яны крыху прывялі да прытомнасці. Сціскаючыся, яна пайшла да рэштак цёмнай матэрыі і ўгледзелася ў твар прывіда.

Вышынскі. Драбнюткія супадзенні рысаў не пакідалі сумневу. Ён выглядаў так, нібы яго абудзілі сярод ночы, і цела рухалася, а розум застаўся ў царстве Марфея. На ім быў мундзір, ці то дыпламатычны, ці то пракурорскі. Такі ж незразумелы, як у Алесі - у прывідна-дымным срэбры Улада не магла разабраць, а для знакаў адрознення занадта дрэнна кеміла.

Улада тупа падставіла далонь дажджу. Гэтак жа тупа злізнула шырокім жывёльным рухам. А потым ва ўпор паглядзела на міністра:

- Пан міністр, а вам не здаецца, што гэта занадта?

Пацешнае было ў яго аблічча - ад шчырай збянтэжанасці ў ім нібы крыху парушылася сіметрыя.

- Я сам не думаў, што вось так усё атрымаецца. Хоць мы ж не на шпацыр выбіраліся, а ў бой, варта было б чакаць, - прамармытаў міністр. Выгляд і ў яго быў не вельмі - таксама як пасля кантузіі. Алеся ўжо паднялася і з насупленым тварам абтрасалася.

- І што гэта значыць? - спытала яна, скоса паглядзеўшы на серабрыстую фігуру.

- Гэта? Яго душа, - проста адказаў міністр.

- Зразумела, - уражана прамовіла дзяўчына.

Дождж перапыніўся гэтак жа раптоўна, як пачаўся. Дзесь удалечыні яшчэ залівалася нечая сігналізацыя, як часам бывае ў навальніцу. Улада апасліва сцепанулася: няўжо ўсё гэта можа прайсці незаўважаным? – каб не набег сюды абы хто; але нешта падказвала ёй, што нават калі яны пойдуць, людзям будзе хацецца абысці гэтае месца бокам.

- Хадзем, - загадаў міністр. - А таварыша Вышынскага мы бярэм з сабой, канваяваць будзеце вы, - кіўнуў ён Уладзе.

Яна інстынктыўна выцягнула руку ў кірунку прывіда і адчула пульсацыю энергіі. Непрыкметнае завіхрэнне, штуршок - і ён прымагніціўся, і паплыў за ёй, нават калі яна апусціла руку і нясмела падалася ў бок.

Яны наблізіліся да брамы, і Улада зноў паклікала.

- Добрай ночы вам, Яснавяльможны Пан і Яснавяльможная Пані!

Па кронах дрэў прабег шэпт, і пачуліся два галасы:

- Добрай ночы і вам, панове!

На дарожцы да касцёлу павольна выткаліся з перламутравага святла дзве фігуры - акрамя слабаватага свячэння, яны ў выніку нічым не адрозніваліся ад людзей, нават Вышынскі выглядаў больш тагасветным.

- О, я бачу, у нас высокія госці, - ў прыемным здзіўленні працягнуў пан Магілёўскі, - калі ласка, пан канцлер.

Міністр ветліва пакланіўся і абмяняўся з гаспадарамі могілак вытанчанымі прыдворнымі фразамі, так што пані Гарлеўская нават зардзелася ад задавальнення. Рэдка сустрэнеш у наш час такіх высакародных паноў і важных вяльможаў, ды да таго ж - вандроўнікаў (самі Пан і Пані існавалі ў абодвух светах адначасова, як і Алесін генерал: пасля смерці для душы няма перашкод). Пасля ўступных фраз міністр, асабліва не мудруючы, патлумачыў сутнасць справы.

Пані з абыякавым тварам ўтаропіла позірк у Вышынскага.

- Значыць, дапамогі просіце і дазволу. Мы пачулі, што тут бой ідзе. Ну што, я ў гэтым пане вялікага бязбожніка бачу - але зараз жа адказаць не можам. Тут гаворка не пра асабістыя звады, а пра рэчы дзяржаўныя ідзе, дакладна ж я пана канцлера зразумела? Таму справу выслухаць трэба. Па справах суд, а па словах адказ.

- Мы гэта з самага пачатку разумелі, Яснавяльможная Пані, - уставіла Улада.

Дама ледзь прыўзняла бровы і прамовіла:

- Выдатна. Тады - хадзіце за намі.

Яна зрабіла знак і, зашамацеўшы падолам, паплыла між магіл, а пан Магілёўскі больш цяжкімі і цвёрдымі крокамі накіраваўся за ёю. Шлях здаўся Уладзе знаёмым: налева, міма старых скляпоў і зарослых участачкаў, міма яшчэ аднаго «адміральскага» крыжа, быццам складзенага з абрубкаў мачтаў, па сцежцы са шчарбатых плітак, затым міма бронзавай статуі нявесты ў пушкінскіай сукенцы, затым пакінуўшы злева, пад шатамі высокіх вязаў, роўныя алеі з надмагіллямі, дзе прозвішчы былі спрэс на «-скі» - як «Стамброўская» і «Вышынскі».

Колькі вады сплыло з яе першага з'яўлення на Кальварыі, але цяпер гэта, як і для міністра, вяртанне. Галоўнае ў гэтай карціне - засталося тым жа: вясна і юнацтва, смерць і адплата.

- І ўсё ж такі, што гэта было - я пра заклён? - зашаптала цікаўная Стамброўская, ледзь яны ступілі на сцежку.

- Молат Тора, вось што! - выпаліла Улада, апярэдзіўшы міністра. - Старадаўні скандынаўскі заклён, ён не ўжываўся ўжо каля чатырохсот гадоў! Ён малавядомы, але нават веданне не забяспечвае ўмення, так? - а тут версіі былі розныя: нехта меркаваў, што тэхніка выканання страчана, а ў асноўным лічылі, што ў чараўнікоў цяперашніх сілачкі не хапае! Ну вось, бачыш, аднак ... - І яна захоплена каб разгледзець на свайго настаўніка.

- Я не меркаваў, што калі-небудзь у жыцці давядзецца гэтым карыстацца, - стрымана заўважыў міністр, - хоць сама формула была мне вядомая. Загавор, які дзее падобна ударнай хвалі, выклікае кантузію чалавека і дэзінтэграцыю тонкіх існасцяў, часам - у літаральным сэнсе выбівае дух. - Ён усміхнуўся і скоса паглядзеў млявую постаць Вышынскага, што плыла за імі. - Пабочны эфект - характэрныя атмасферныя з'явы. Я дастаткова распавёў? Вядома, я ніколі не ставіў сабе мэты выканання, з майго боку гэта была імправізацыя. Але ўздзеянне, што супадае са стыхіяй спецыяліста, адбываецца больш спантанна і патрабуе меншых энергетычных выдаткаў. Вунь як вы, Улада, у таварыша Вышынскага разрадам запусцілі.

- «Пяруноў вырадак», - хіхікнуўшы, прыгадала Алеся і войкнула: галінка ляшчыны сцебанула яе па вачах.

- Ды калі б і так, адкуль у вас сілы? – неспакойна загаварыла Улада. - Я баюся, што...

- Дык вы прапануеце ўсё кінуць? - жорстка спытаў міністр, азірнуўшыся.

- Не, але... - Яна ледзь не наткнулася на масіўны чыгунны вазон у нечай магілы.

- Ведаеце што? Я проста занадта злы, - з нязвыклай разлютаванасцю вымавіў міністр. Ён цяпер гаварыў паспешліва, хоць стрымана і нягучна, але тым гарачэй выходзіла, тым больш пачуцця білася ў яго словах. - Я заклікаю ў сведкі маіх слоў усіх, хто тут спачывае. Сёння днём я адчуў найвялікшы боль. Можа, сапраўды, не да канца апраўданы - але гэта было страшна. Самі асновы майго жыцця абрынуліся. Я быў прыгнечаны настолькі, што хацеў памерці і, здаецца, нават сказаў гэта ўголас. Мне здавалася, што пакутамі, пакорай я б адкупіў віну... Але я патлумачу, да чаго прыйшоў. Віна? Я выконваў загад, так кажа афіцэр, а я за ім паўтараю, так і Вышынскі паўтараў, але ўсё-ткі, нават калі служыш і выцягваешся ў струнку, можна захоўваць годнасць сваю і чужую, ёсць тонкая рыса - разумееце? І мне здаецца, што я гэтую рысу ўсё ж такі не перасякаў. Але нават гэта ўсё роўна! - напружана падкрэсліў міністр. - Вы, Улада, дакладна сказалі, ды я ў запале не хацеў чуць: мінулае застаецца ў мінулым, я адзін, а жыцця - два, і калі ўжо я хачу што-то «выправіць», то не так. Ці можна перакрэсліць паразу паразай, боль - болем: каму б я што давёў? Нічога і нікому. А Вышынскі ж марыў мяне прыкончыць? Так, а тут я здамся, і падарунак яму зраблю. І, хоць на мне свет клінам не сышоўся, але Княству дакладна карысці не будзе - вось тут-то я здраднікам і зраблюся, і гэта завецца - дэзерцірства! Вам, Улада, я скажу: позна. Пакіньце вашыя страхі. Па-першае, рызыкуем ўсе. А калі я напружання не вытрываю, так таму і быць, але галоўнае - перамога. Змагайцеся за мяне - вы і Алеся, гэта вам мой наказ, але гінуць дарэмна я сёння днём зарокся. Мне шкада і Радзімы, і родных - ну і што, што яны «без мяне дадуць рады»?! Незаменных людзей на свеце няма - але кім замяніць? Вышынскім? Дзякую шчыра, хай я пасля рытуалу страчу Сілу, упаду і сканаю ў страшных пакутах альбо без іх - здавацца не збіраюся. І які б я ні быў, добры ці дрэнны, але на гэта - права не маю.

Ён вымавіў гэта і змоўк - надоўга. Дзяўчыны таксама маўчалі, ды і казаць было асабліва няма чаго.

Гаспадары павялі іх направа па спуску з гары, па пясчанай вузенькай сцяжынцы, што жыла тут у выглядзе пралысін, а напалову з'ядалася пырнікам і трыпутнікам. Улада ступала з асцярожнасцю, таму што тугія астраўкі травы бы знарок штурхалі яе па насках туфляў. Перад вачыма адкрылася даволі прасторная пляцоўка, не занятая магіламі, толькі справа стаяла нейкая тумба, падобная да саркафага. Яна не сыходзіла настолькі моцна пад ўхіл і нагадвала штучнае збудаванне, аднак не нагадвала новы ўчастак і наогул наўрад ці магла б знаходзіцца тут пры звычайных абставінах. Значыць, вось яны - першыя знакі здзяйснення рытуалу. Па спіне ў Улады прайшоў халадок; міністр папярэдне распісаў ім ўвесь «пратакол», і ён здаваўся выдраным з нейкай кніжкі ў стылі фэнтэзі. Але зараз для скепсіса не было месца - пачынаўся Працэс.