9. Вяртанне

Янина Пинчук
Няма вяртання да таго, ад чаго адышоў. (Карлас Кастанеда, «Асобная рэальнасць»)

Успаміны - страшэнна цяжкі багаж.
(Эрых Марыя Рэмарк, «Цені ў раі»)
________________________________________________________

Яна была гатовая да чаго заўгодна. Вядома, раней, калі чытала пра экстрэмальныя пераходы і малявала сабе нейкія вобразы. Але зараз мільганула лагічная думка: падрыхтавацца да падобнага нават тэарэтычна немагчыма.

Жудасць была такая, што яна страціла здольнасць нешта цяміць. Цемра, здаецца, нагнала іх і паглынула: у лёце агні і паўцені і так змазаліся, а потым пацьмянелі. Потым было шалёнае кручэнне, як у віхуры, боль ад удару ў лёгкіх, у вачах не магло ўжо пацямнець, але іх нібы заліло чымсьці знутры, потым рэзкае разрэджанне паветра і... падзенне. Самае празаічнае падзенне на падлогу – хоць і чыстую, але бруднаватага колеру, - у нейкім казённым калідоры.

Праўда, звалілася Улада не на голую плітку, а на нешта мяккае, хоць бы адносна. У наступныя некалькі секундаў яна з жахам зразумела, што гэта сам міністр, і калі яна лёгка абышлася, то ўжо ён выцяўся як след, нават зашыпеў ад удару.

Яе нудзіла, усё цела дрыжэла і трымцела, уставаць на карачкі было цяжка, здавалася, званітуе – адной жоўцю, - і падымацца, абапіраючыся на сцяну, было цяжка – дый ён пачуваўся не лепш.

- Выбачайце, - мармытнула Улада.

- Ды годзе вам... – адгукнуўся міністр. – Не да гэтага... Мы ж у вас, так?

У яе. У звычайным свеце. Ды здаецца, так, але вось зразумець бы, дзе. За імі былі відаць адчыненыя дзверы ў нейкае памяшканне – ну правільна, для перасоўванняў жа патрэбна мяжа, а тут – парог. Ён аддзяляе свет жывых ад свету мёртвых, а да каго яны ў дадзены момант прыналежалі, Улада б сказаць не здолела, вельмі ўжо дзікае было самаадчуванне.

Яшчэ ў яе ў руцэ дагэтуль быў корцік. Улада расшпіліла пінжак, нязграбна зашнарыла, намацала ўнутраную кішэнь, якую яна сама папярэдне змайстравала, засунула туды сваю зброю і зноў зашпілілася, адначасна аглядаючыся.

Выгляд месца падаўся нейкім знаёмым, а потым гэтае невыразнае адчуванне перарасло ва ўпэўненасць. Улада заззяла, схапіла міністра за руку і пацягнула па калідоры. Ім трапіліся насустрач рэдкія групкі маладых людзей, і руку яго яна адразу выпусціла. З міністрам раз-пораз віталіся, але неяк на аўтамаце. На яе чамусьці кідалі спачувальныя позіркі. Калі яны звярнулі за вугал, і яна ўбачыла гэтыя старыя, пад дрэва, ліфтавыя дзверы, бірузова-зялёныя сцены, вузкі кораб з лесвіцай, грубаватыя яркія вітражы, апошнія сумневы рассеяліся.

Яна сапраўды не чакала апынуцца ў галоўным корпусе БДУ. Хоць, па справядлівасці, яна не чакала анічога, апроч смерці.

А зараз жыццё ўразіла - і аглушыла яе само па сабе, а таксама пытаннем: «Што рабіць?». Нібы ў тон яе думкам, пачуўся запытальны голас міністра:

- Улада, ну так што ж?

- Ды нічога, - слаба ўсміхнулася яна, - мы проста міма патрэбнага факультэта трошкі спудлавалі. Гэта ж мой універ. Толькі галоўны корпус.

Яны пракрочылі міма люстэрка, Улада мімаходам кінула позірк. Пацешна – нядзіва, што яны выклікалі ў сустрэчных такую рэакцыю: міністр нагадваў суровага выкладчыка, а яна - студэнтку, якая правінілася: ніяк не можа своечасова дарабіць курсавую.

І тут яна здрыганулася, у яе прабегла знутры хваля, якая змыла халоднае, аганічнае здранцвенне.

- Дарэчы, а куды мы ідзем? Ох, але куды б ні ішлі... у норму нам трэба прыйсці, вось што, - разважаў міністр. - Тэрмінова выпіць чагосьці гарачага і салодкага, гарбаты альбо кавы. А то ў мяне асабіста нават рукі злёгку дрыжаць. Пры такіх пераходах бывае. Гэта не тое, што простая растрата Сілы, а сапраўдны ўдар па арганізме.

Яны выйшлі ва ўнутраны панадворак універсітэта.

Ох, нейкі хваравіты ў яе стан. Улада зажмурылася і сціснула зубы – а потым спынілася як скамянелая.

- Ды што з вамі?

Яна не адгукнулася, проста, зглынуўшы, схапіла яго за руку, рэзка і моцна сціснуўшы, нахілілася да яго блізка, імпэтна, і прашаптала, амаль дакранаючыся вуснамі да вуха: «Ды нічога, проста ты – мой самы любы прафесар», - і злёгеньку пацалавала недзе каля скроні, і гэтак жа хутка адхілілася, счырванеўшы.

- Вы мяне проста ашаламляеце, Улада, - напаўголасу прагаварыў міністр з нейкай хрыпатасцю. – Што на вас найшло?

- Нічога, - злосна адказала Улада, - тое ж самае, што тады на Новадзявочых могілках.

- Ну так куды мы ідзем? – пасля кароткай паўзы перапытаў міністр.

- Ды давайце ў тое ж кафэ, дзе вы мяне, э-э... завербавалі, - прамовіла Улада.

Міністр усміхнуўся:

- Як скажаце.

Кашмар, здаецца, гадоў дзесяць з той пары прайшло. Хаця тыя ж студэнты, панадворак усе той жа, толькі стаў яшчэ больш дагледжаным, кветнікі ярчэй застракацелі. А злева цячэ плынь у падземны пераход, да «Сталіцы» - помніць Улада, як яны ўсёй сям'ёй прыехалі на “прафесійна-псіхалагічную размову” пры паступленні, пайшлі пабадзяцца па крамах, пакуль надыходзіла іх чарга, як у яе, правінцыялкі, вочы разбягаліся ў зіхоткім гандлёвым цэнтры. Яна яшчэ купіла там сабе бранзалетку з вісюлькамі – тады было асабліва модна. А потым – вось смех! – у ВКЛ яна дакладна з такімі ж вачамі ўпершыню заявілася на Ганзейскую вуліцу, блукала па крамах у старасвецкіх будынках з галерэямі, лавіла гукі іншаземнай гаворкі, што гучалі то там, то сям. А што ж яна тады купіла? Ах так, бурштынавыя завушніцы! Пацешна... А вось яны выходзяць на вуліцу Ленінградскую – тая ж, цесная, але мілая, з кучай шыльдаў, крамкамі і канторамі, якія туляцца немаведама дзе, тая ж шэрая плітка пад нагамі, шэрыя будынкі хімфака і юрфака, як Сцыла і Харыбда, хай выбачаць такое параўнанне.

Яе сентыментальныя ўспаміны перапыніліся раптоўным і вусцішным адчуваннем: нейкай вібрацыяй у левага боку. Улада схапілася за злашчаснае месца – і траха не плюнула з прыкрасці: ніякай жа магіі, прычына празаічная – тэлефон!

- Алё? Рабяты, вы дзе?

- Божа, Алеся, як я рада цябе чуць! – закрычала ў трубку Улада і залілася чырванню ад сораму: яна дагэтуль была ў такім неадэкватным стане, што не ўспомніла пра сяброўку.

- Ды я таксама радая. Не думала, што ў цябе тэлефон не вываліцца, набрала так чыста, наўздагад.

- Ха, ён у мяне ва ўнутранай кішэні ляжаў! Гэта ўвогуле шпіёнскі пінжак. А ты яшчэ з мяне смяялася! А ў цябе слухаўка дзе была?

- У мундзіры таксама кішэнь добрая. Бляха-муха, ну навошта я яго апранула, як зараз па вуліцах пайду? Ай, к чорту, здыму кіцель проста... Але дзе вы?

- Каля вакзала, а ты?!

- Ну, пашанцавала вам! А табе кажа штосьці назва мікрараён Сокал?

- Не. О Пане, Алеся!

- Ды годзе, тут, кажуць, праз хвілін дваццаць аўтобус будзе. Да Магілёўскай даеду, а там - разбірайцеся, наогул, без мяне, потым звяжамся.

Яна адключылася, і Улада даклала аб становішчы міністру. Праз пяць хвілін яны ўжо сядзелі і моўчкі пілі каву.

- Лягчэй?

- Лягчэй, - кіўнула Улада. – Яшчэ?

- Давайце. Тое ж самае.

Улада ўстала і накіравалася да касы. Што міндальны капучына быў двайным, яны неяк нават і не заўважылі. Затое самаадчуванне палепшылася цудадзейным чынам: сунялася гэтая агідная дрыготка ў целе, знікла напруга, слабасць. Улада ўвесь час мела справу з незвычайнымі практыкамі, але ў чароўны эфект кавы не верыла – на што міністр заўважыў, што магія можа хавацца ў самых дробных, штодзённых рэчах, і выяўляецца яна таксама не заўсёды – але гэта не значыць, што яе няма. Нават у гэтым свеце, дзе праводнасць уплываў такая невялікая.

- Пан міністр, вы не супраць? – ціха даведалася Улада і накрыла яго руку, што ляжала на стале, сваёй.

- Прабачце, Улада, я нічога не маю супраць, проста там, каля ўніверсітэта, так раптоўна і ва ўсіх на вачах, - пакруціў галавой міністр. – Самі разумееце. Але тое, што я забараняў, было памылкай. Службовыя адносіны і ўсё такое, але я разважаў з пункту погляду чыста чалавечага, а не магічнага. Хоць, улічваючы наша падабенства і супадзенне стыхій, дакрананні бываюць, хм, неабходны, - з лёгкай збянтэжанасцю прамовіў ён. – Для аднаўлення патэнцыялу. Вы ж ведаеце, існуе спосаб вяртаць згубленае шляхам медытацый і пэўных формул. Але, на жаль, высвятляецца, што гэта неэфектыўна, гэта кружны шлях у параўнанні з банальным аднаўленнем арганізма і ўзаемадзеяннем на ўзроўні фізікі, скажам так!

- І таму мне ўвесь час хочацца да вас датыкацца, - ціха праваркатала Улада, кінуўшы дапытлівы пагляд, і пагладзіла яго руку. Ніякага супраціву. Добра.

- Усё прымальна, калі не замінае працаваць, - адгукнуўся міністр ледзь сушэй, чым трэба. – Давайце абмяркуем сітуацыю. Гэта часовая перадышка і часовы плацдарм. Шлях застаўся адзін – супрацьстаянне, а наша мэта, дакладней, працоўнае заданне – здабыць перамогу. Як гэта зрабіць, я менавіта зараз не ведаю. На разважанне і дзеянні ў нас максімум два дні. Інакш пачнецца часавае накладанне, і мы вернемся занадта позна, а тут нават пяць хвілін могуць мець значэнне. Хоць, ведаеце, я нават на такі кароткі тэрмін тут не затрымліваўся. Максімум – на тры гадзіны. Калі вас, як вы зрабілі ласку выказацца, вербаваў. Я ж прыналежу Іншасвету.

Улада маўчала і слухала. Усе тыя ж тэмы і нейкае сюррэалістычнае прадчуванне.

- Вы кажаце, як палкаводзец.

- А цяпер я ім і з'яўляюся, - нахмурыўся міністр. – Калі служыш вялікай дзяржаве, пацыфізм – у старонку, ды якой бы ты ні служыў, калі перамовы немагчымыя, а ў дадзеным выпадку гэта менавіта так... – Ён красамоўна пакруціў галавой і ўзяўся за выкладкі і гіпотэзы.

Сапраўды, апошні час у Княстве назіралася нейкая паўзучая параноя, якую старанна стрымлівалі, але часам яна прарывалася падспудным гудзеннем і воплескамі то ў прэсе, то ва ўзмацненні мер бяспекі. Гаворка ішла пра ўжо вядомыя экстрэмісцкія арганізацыі, якія інфільтравалі шматлікія структуры, ад універсітэтаў да дзяржаўных органаў. Казалі, што іх фінансуе меркаваная «канфедэрацыя» - групоўка з трох-пяці буйных княскіх родаў, што лічаць сябе пакрыўджанымі цяперашняй уладай. Тон задавалі Радзівілы, заўзятыя лібертарыянцы і капіталісты, якія лічылі, што Вацлаў Першы – проста лявак, і што яго рэформы, у тым ліку працоўныя, а таксама зацыкленасць на «экалогіі» (перайманне дурнаватым скандынавам!) замінаюць ім атрымваць звышпрыбыткі. Рэформу Шышыгіна-Патоцкага яны палічылі зневажальнай паўмерай. Таксама яны сімпатызавалі Польшчы і лічылі пазіцыю князя (чытай: пазіцыю міністра) у адносінах да суседняй краіны занадта жорсткай. Чуткі заключаліся і ў тым, што шляхта і фінансісты абедзвюх краін жадаюць скончыць са «штучным падзелам», і іх ідэалам стала б унія са стварэннем канфедэратыўнага ўтварэння. Аўтарытарны і наравісты Вацлаў быў для іх «нязручным» уладаром, таму пажадана было б яго... увогуле, ліквідаваць. Прыкладам, дэстабілізаваць становішча ў краіне і давесці да адрачэння ад трону, а на яго месца пасадзіць уласнага кандыдата. Вось гэтую менавіта хвалю і спрабаваў асядлаць Вышынскі, якога грызла славалюбства і помслівасць.

- Гэта меркаванні, заснаваныя на здагадках. Але апошні час усё склалася ў цалкам выразную карціну.  Хоць хто ўжо там якую ролю адыгрывае, пакажа толькі далейшае расследаванне, - сказаў міністр.

- Вы кажаце ў будучым часе, гэта добры знак, - заўважыла Улада.

І зноў азірнулася навокал: як тут усё ж добра. І яшчэ зараз можна лічыць гэтае кафэ «іхнім месцам». Верхам кантэкстуальнай выкшталцонасці было б сядзенне за тым жа самым столікам, але гэта, пэўна што, ужо празмерна. Затое выдатна, як яны з жудасна сур'ёзным выглядам абмяркоўваюць унутрыпалітычную сітуацыю, трымаючыся за ручкі. Ох, чорт, ідылія!

- Я ж сказаў, наша заданне – перамога. Трэба падумаць наконт штаб-кватэры на час аперацыі, - працягнуў міністр тым жа злёгку іранічным тонам.

- Тая, дзе я жыву, не падыходзіць, - задумалася Улада. – Пэўна што, пашукаем з тых, што на суткі.

- Вам лепей відаць.

Давай, інтэрнэт, падключайся. Не разумееш ці што, тут візіт на высокім узроўні, а ты глючыш. Ну як магчыма шанаваць краіну, дзе злучэнне – як у самых задрыпаных кутках трэцяга свету?!

Так, дзякуй Богу. Тыкаем першы ж сайт.

Калі ласка, няхай гэта будзе сталінка! Так, стэрэатып. Але яна ж «з найлепшых меркаванняў». І гэты стыль такі блізкі да таго, што зараз на піку моды ў ВКЛ!

Адна – праспект Незалежнасці, 38, двухпакаёвая. Няблага, але ўжо занадта, у горшым сэнсе, сучасная. Усё нейкае прастакутнае, плоскае, голае напаказ. Але воку ж трэба за штосьці зачапіцца – і сярод гэтага мінімалізму брыдотненька-модныя, «лаканічныя» папсовыя дэталі накшталт «арта» над канапай і асіметрычных свяцільняў. Ну так, і велічэзная «плазма». Карацей – фэ.

На чацвёртай ці пятай спробе ў яе ўсё ажно соладка заныла ўсярэдзіне. Зусім каля першай: Захарава, 24. Той самы дом, дзе сінія медальёны з галубкамі і ляпніна з ураджайнымі гронкамі. Улада гартала фатаграфіі. Напэўна, гаспадары былі блізкія ёй па духу. Цемнаватыя на цяперашні густ шпалеры з узорам, мэбля, відаць, проста адрэстаўраваная, нават сервант, як у яе бабулі – калі там апынецца чэшскі крышталь «тых часоў», яна не здзівіцца.

- Ну што там?

- Хвілінку, пан міністр, зараз усё будзе ў лепшым выглядзе! – адказала Улада, ззяючы і ўжо набіраючы нумар.

Літаральна праз пяць хвілін пытанне было вырашанае. Як жа выдатна быць спецыялістам. Бо тое, што людзі клічуць «поспехам» і «удачай», дастаецца табе значна лягчэй і імаверней. Вядома, за суткі – восемдзесят, але ж ім два дні ўсяго. І яшчэ ў Маскве яна не пасаромелася выкінуць сто баксаў на букецік васількоў, а тут цэлая, блін, кватэра! Колькі было ў кішэні ў яе, Улада ведала, а вось міністра пра тое ж не пытала. Хаця пасля спрэчкі, што напамінала дыялог у дзвярах Манілава і Чычыкава, яны ўсё-ткі вырашылі размеркаваць выдаткі пароўну.

Ёй раптам захацелася падхапіцца, засмяяцца, закруціцца на месцы, ёй хацелася паказаць яму Мінск, усё арганізаваць, уладкаваць. Ды ўвогуле, «кінуць да яго ног» самае лепшае – хоць так звычайна кажуць пра мужчын (найчасцей – у тых раманах, якія яна не чытае). Аднак чым яна ўвесь час займалася на працы ў міністэрстве? Ды гэтым жа самым і займалася!

Міністр прапанаваў прайсціся да месца пешкі, Улада з радасцю пагадзілася. Як цудоўна, вось чалавек, які таксама любіць марш-кідкі.

Яны пайшлі звілістым шляхам: спачатку наўпрост па Карла Маркса, потым выйшлі на Праспект, потым вярнуліся, мінулі Аляксандраўскі сад, Дом афіцэраў, спусціліся па брусчатай крутой вуліцы да парка, ізноў завярнулі на Праспект, накіроўваючыся да моста.

Улада падключыла ўсю сваю эрудыцыю і натхнёна праводзіла беглую экскурсію, хоць і ўроскід: яна проста выдавала тое, што прыходзіла на розум, калі яна бачыла нейкія будынкі, мемарыяльныя дошкі, дэталі. Міністр задаваў пытанні, праводзіў параўнанні з Княствам, штосьці саркастычна каментаваў, над чымсьці думаў, штосьці адзначаў. Улада зноў гарэзна назірала за ім, нібы гуляючы ў хованкі. Ёй заўсёды дастаўлялі хуліганскае задавальненне ўсялякія намёкі, рэмінісцэнцыі. Што яна пры гэтым адчувала? Можа, перавагу? Заткнуць міністра за пояс па частцы валодання інфармацыяй (якой заўгодна) – а што, няблага.

І яна зараз спаўна адчувала гэтае не зусім этычнае, але такое спакуслівае задавальненне, натхнёна балбочучы на гістарычныя тэмы, пакуль выпадкова не ўлавіла нейкую змену. Цень набег на твар міністра, ён стаў рассеяны.

- Вам прыйшло штосьці ў галаву наконт Вышынскага? – прагна спытала Улада.

- Нічога асаблівага, - адразаў ён. – Хіба што думаю: ён жа можа здагадацца, куды мы зніклі, і з'явіцца сюды. А пра контратаку таксама разважаю. Узгадваю сёе-тое з кнігі Усяслава Чарадзея, часткова магло б падысці для такога выпадку. Дарэчы, ведаеце, мне здаецца, што Вышынскі рады бы і гэту кнігу займець, дарма, што яна няпоўная – найхутчэй, ён пра яе ведае. Божа, але ён страшны чалавек. Яго натура для мяне ўсё яснейшая. Падумайце, жыць з такой памяццю і так холадна яе скарыстоўваць... – цьмяна прамовіў міністр. І пры гэтым голас ён панізіў амаль да шэпту.

Калі яны падняліся ў кватэру, Улада спахмурнела: ён чамусьці не адчуў адменнага задавальнення ад абсталявання. Абвёў яго ўсё тым жа рассеяным позіркам, нахмурыўся, уздыхнуў, прайшоў да акна на кухні і адчыніў, быццам стала няма чым дыхаць. Потым заявіў, што ў яго ёсць пэўныя думкі, але яму трэба зноў прайсціся, каб прывесці іх у парадак. Так і сказаў. І зноў неяк каламутна, і Уладзе гэта жудасна не спадабалася.

А калі яна паглядзела на міністра, то яго выгляд яе спалохаў. Не, нікуды ён зараз не пойдзе. Таму што, мабыць, страціць прытомнасць проста на вуліцы, як тады ў Лізе Нацый.

Ён выглядаў, як чалавек перад прыступам. Ад акна так і не адышоў і глядзеў кудысьці ўдалячынь застыглым позіркам, у якім змяняліся разлютаванасць і роспач. На кароткае імгненне ён адчуў нешта накшталт змрочнага гневу і сціснуў кулакі – але тут жа расціснуў, і рукі яго павіслі бязвольна ўздоўж цела, як у чалавека пад руляй аўтамата. У твары не засталося ні крывінкі, пастава, здаецца, не змянілася, але здалася надламанай. Улада, ужо баючыся, хацела зазірнуць яму ў вочы, але не паспела – з уздыхам, які бывае, калі стрымліваеш стогн, міністр пачаў асядаць, губляючы прытомнасць. Яна ледзь паспела адной рукой падставіць крэсла, другой падхапіць яго – пэўна што, нязграбна, затое сама падзівілася сваёй рэакцыі – літаральна секундным пробліскам, таму што далей накрыў страх.

Няўжо да яго і тут дабраліся? Вораг апынуўся шустрэйшы, усё зразумеў? Міністр, яна, Алеся, скандал, ВКЛ, князь, суверэнітэт... Усё мільганула ўміг. І па канцавінах паралітычным ядам разлілася паніка. Усё. Канец.

Але яна знайшла ў сабе сілы патармасіць міністра за плячо, нават патрапаць яго па шчацэ і глуха спытаць: «Што з вамі?». Ён расплюшчыў вочы. Лепш бы гэтага не рабіў. Такога зацкаванага пагляду, які проста сыходзіў болем, яна проста не бачыла – ні ў яго, ні ў каго-небудзь яшчэ.

- Я ўсё ўспомніў, - слабым голасам прамовіў міністр. – Усё, - ледзь чутна паўтарыў ён.

Значыць, Вышынскі іх не прыкончыць літаральна зараз жа?

Палёгка таксама доўжылася мізэрную долю імгнення, пасля чаго Улада сарвалася ў новы вір.

Ён зараз зразумее ўсе яе брыдкія намёкі, і што з ёй будзе? Ды к чорту! – што будзе з ім?!

Лепш бы, і праўда, самлеў, але міністр загаварыў ненатуральным голасам: ціхім, роўным і здушаным:

- Улада... быць двойчы народжанай – крый божа вам... Я казаў, вар’яцеюць, калі памятаюць. А Вышынскі і звар’яцеў – ён жа карыстаецца гэтым, а я так не магу... Не магу! – выгукнуў ён, ізноў сціснуўшы кулакі, і Улада скаланулася.

- Што ж я нарабіў, Лада... што я нарабіў... – прашаптаў міністр і зрабіў тое, што спалохала яе больш за ўсё.

Ён заплакаў.

Ён выдаў кароткі, шапатлівы ўсхліп і затуліў твар рукамі, засланіўся, як ад камянёў, і сагнуўся, згорбіўся – зламаўся.

Наўрад ці калі-небудзь было горш. Таму што зараз ёй было не проста страшна: Улада раптам адчула сябе абсалютна бездапаможнай.

Гэта не былі рыданні з воклічамі ці галашэннямі. Улада чула яго кароткія сутаргавыя ўздыхі, бачыла, як здрыгваюцца яго плечы, але чамусьці пагляд яе спыніўся на яго руках, грубаватай формы, сялянскіх... Уладальнікі такіх рук рашучыя, простыя, яны ўжо дакладна не паддаюцца эмоцыям – хіба што гневу. А зараз – так жахліва ўяўляць, што робіцца за гэтымі рукамі, як за забралам, як за зачыненымі дзвярыма. І таму Улада не вытрымала і адняла іх ад твару міністра, падрыхтаваўшыся да ўсяго, нават да гэтага страшнага позірку.

А міністр ізноў глядзеў не на дзяўчыну, а кудысьці скрозь яе, і ўсё паўтараў аднымі вуснамі: «Што я нарабіў... што я нарабіў...» - а твар яго быў ўвесь заліты слязьмі, і нагадваў дрыготкае шкло са слядамі залеўных кропляў, і рот крывіўся пакутлівай лініяй. І кожная рыса яго жудасна старыла і выдавала такі смутак, ад якога, дарэчы, паміраюць.

А яшчэ спраўдзіліся боязі, і ён усё ўзгадаў, і прамовіў-ткі гэтую няшчасную фразу задушаным голасам:

- А яшчэ я зразумеў, Улада... вы ўвесь час з мяне здзекаваліся...

Гэта апякло яе, як хваляй кіпеню, а міністр вымавіў:

- Але я гэта заслужыў.

І тут па-сапраўднаму расплакаўся – а Улада ўжо разам з ім. Яна кінулася да яго, абняла, прыціснула яго галаву да сваіх грудзей, цалавала, гладзіла, глытаючы ўласныя слёзы, і маліла, плачу:

- Прабач мяне, Андрэйка... ну лапачка мой, ну калі ласка, ну прабач!.. Андрусь, коцічак... я такая злая! Я так цябе пакрыўдзіла... а ты добры, ну не плач, я не магу...

- Мне балюча, Лада... – прашаптаў міністр і застагнаў, прыціскаючыся да яе, як паранены звер, які ратуецца ад паляўнічых.

- Ну мілы, любы мой... не магу глядзець, калі ласка, не плач...

Яна не бачыла, але кранала, гладзіла яго шчокі, і яны ўсё былі мокрыя. Але ўрэшце міністр з заўважным высілкам адхіліўся, цяжка ўздыхнуў і загаварыў:

- Лада, няма чаго ў мяне прабачэння прасіць. Гэта я павінен – у гэтулькіх... Гэты чортаў Афганістан, а я ўсё такая ж нікчэмнасць, аднаго жыцця мне было мала, мне трэба было некага адправіць на бойню яшчэ і ў наступным... Чэхі таксама – як агідна... Але годзе! Я Вышынскага разумею, хоць ён і жывёліна, ах, як разумею! Чаму я аддаў усё жыццё?! Каму? Апошні з іх вышпурнуў мяне, як анучу, як толькі я стаў не патрэбны, вось і ўсё... а ў які бардак яны міністэрства ператварылі... Так а я што?! Я не лепшы, я ідыёт – сярод зборышча ідыётаў – божа, як з імі было невыносна! - ну прабачыце, я ўжо скажу, як ёсць! Хоць я ж поўнае нішто. Чаму служыў?! Брыдоце ўсялякай, не магу ўявіць, каб Княства наша вось так вось – так жыло... Ды хоць як! Ды пляваць на лад, левыя, правыя, вядома – улада! Вось яна, субстанцыя! Вось яно, боскае! Стварэнне! А якое вам, да д’ябла, стварэнне, усё к чорту развалілася, Улада, нас ашукалі, усё пылам пайшло, які сэнс, вось у жыцці маім – які быў сэнс?!

Ён гаварыў нягучна, але страшэнна блытана і хутка, як вар'ят, у трызненні. І Улада сапраўды баялася, што ён кранецца з розуму. І нават заціхла і выцерла слёзы.

 - Гэта проста здзек, і я яшчэ і здраднік, двойчы, тройчы, сотню разоў такі! Чаму я служыў?! Не Масковія, не Літва, незразумела што, кажу ж - брыдота! Я Радзіму забыў, пад русака падрабляўся, і сябра я забыў за тое, што ён пад рэпрэсіі трапіў, кар'ерыст я паганы, і што, дагуляўся я, Улада! Сын мой не ў літвінскай зямлі жыве, і ўнук – маскавіт запісны, усе туды ж, таму што роду майго, здрадніцкага, хто ж яшчэ ў мяне атрымацца мог! Але яны ж не вінаватыя, яны людзі добрыя... не вінаватыя... гэта я адзін... Усё страчана, усё згінула... – зашаптаў міністр, гледзячы праз яе.

І тут – ад страху – Улада раззлавалася. Яна закрычала:

- Ды апамятайцеся! Вы не маглі па-іншаму паступаць, вы рабілі, як атрымлівалася! А ўсе ж так жывуць!

- Але кажуць жа, свабода волі, – з горкай іроніяй прамовіў міністр.

- Сістэма, а не свабода волі! – выбухнула Улада. – кожны чалавек існуе ў гістарычным кантэксце, хто гэта казаў? Ды вы ж і казалі, і ўсё слушна!

- І дзе вы гэта ўзялі?

- Ды ў вашых жа мемуарах, ну... дзе пра мінулае жыццё...

- Трэба ж, ухвальна, я ўсцешаны, - саркастычна прагаварыў міністр.

- Ну так, толькі я хачу сказаць, што ваша цяперашняе жыццё – гэта ж зусім іншае! – упарта паўтарыла Улада.

- Як «іншае», калі я – адзін? – усё гэтак жа ціха, роспачна прамовіў міністр. – Што ж вы мяне, напалам распілуеце, душа адна? Была... – дадаў ён слабым голасам.

Сапраўды. Зараз яна пабілася. Успаміны чорнай расколінай рассеклі яе на дзве паловы.

- Калі з глузду з'еду, не дзівіцеся, - працягнуў міністр. – Я не разумею, хто я, дзе я... чаму я наогул прыналежу... Дзе мая Радзіма, што яна такое? Можа, я дарма тут сваіх абзываў? Я не ведаю зараз, дзе «сучаснасць». Адзін я або мяне – некалькі...

Павісла маўчанне. Улада стаяла, утаропіўшыся ў падлогу. Нарэшце яна прамовіла з уздыхам:

- Вы – адзін, і душа ў вас адна. А жыццяў – два, так атрымалася. Абодва сапраўдныя. І вы – сапраўдны ў той момант, у які існуяце. Таму што яшчэ атрымліваецца, што вы – допельгангер самога сябе.

Ён маўчаў з паўхвіліны, а здалося – паўгода, а загаварыў знарочыста роўным тонам, душачы кожную інтанацыю – хоць не вельмі гэта атрымоўвалася.

- Добра, каб іх чорт узяў, я сарваўся. Вам не зразумець, што са мной зараз чыніцца, і дзякуй Богу. Так, гэта сціхне. Міне. Не зважайце. Я логікай усё разумею, толькі... усё адно пагана. Ведаеце, чаго больш за ўсё хочацца? Проста памерці. Каб не ганьбіцца.

Ён сядзеў, нямогла прыхінуўшыся да сцяны і гледзячы спустошана ў адну кропку. Улада падышла і ўкленчыла перад міністрам, і ўзяла яго за рукі, і загаварыла, гледзячы яму знізу ў твар:

- Але мы ж сюды для таго, каб ваяваць, прыйшлі! Ратавацца. Не кідайце нас, калі ласка, вось я цяпер кажу, можа, вы і не зразумееце, а я яшчэ скажу, і яшчэ – не пакідайце нас, калі ласка. Вы ж добры, я люблю вас, я і раней вас любіла – хоць я ўсё ведала! А вось вораг бы не перажываў, ён ужо невядома, у якога дэмана ператварыўся, а вы – чалавек! Я ж люблю вас... – паўтарала Улада роспачна.

На яе руку ўпала цёплая кропля. Улада падняла галаву. Твар міністра быў такім жа застыглым і гаротным, толькі на левай шчацэ быў відаць вільготны след.

Яна ўстала і пацалавала яго ў вочы. Соль, якую яна адчула на вуснах, быццам прасыпалася ёй на рану. Міністр нічога не сказаў. Ён мякка, але рашуча адхіліў яе і падняўся - аднак пахіснуўся, калі ўставаў.

- Улада, я прашу ў вас прабачэнні за слабасць... – Яна адкрыла, было, рот, але ён перапыніў яе жэстам. – Я разумею, вы адзіны сведка, але я ж за вас у адказе. І за Алесю таксама. І за Княства. Выбачайце. Я абяцаю хутка апамятацца, проста пакіньце мяне на гадзінку – гэта проста трэба ператрываць...

Потым ён пайшоў у гасціную і паваліўся там на канапу. Нават не зняў пінжак, і, сціснуўшы зубы, скурчыўся на боку, як быццам яму балела сэрца. «Гэтага не хапала», - змрочна падумала Улада. Яна падышла і дакранулася да яго лба. Ну канешне. Нездарма яна ўспомніла пра выпадак у Лізе Нацый – гарыць агнём.

- Божа, знайшлі час! – праенчыла Улада.

- Прабачыце, - ізноў прамовіў міністр ледзь чутна. – Я ўсё ж ануча. Я вас так падвожу...

Улада адчула раскаянне за свой вокліч. Ці ёй вінаваціць яго?

- Ну, Андрусь, задаў ты мне задачку, - зашыпела яна сярдзіта, выбегла ў пярэдні пакой, на хаду глытаючы слёзы, і панеслася ў аптэку.