10. Iнтэрлюдыя

Янина Пинчук
Голыя сукі, што зімой, здаецца, спяць, таемна працуюць, рыхтуючыся да сваёй вясны.
(Джалаладзін Румі)
___________________________________________________________

Улада сапраўды злавала: не на міністра, ды наогул ні на каго, і адначасна – на ўвесь белы свет. Але супакойвацца прынцыпова не хацела. Гэта была ратавальная, «спартыўная» злосць – яна падганяла і прышпорвала.

Праўда, у такім стане добра дзейнічаць гладка, без перашкод. Інакш рызыкуеш спатыкнуцца аб дробязь і раз’юшыцца. А ва Улады была якраз такая сітуацыя. Склад таго зелля, што варыла ў Нью-Ёрку, урэзаўся ёй у памяць, але які сэнс? Там не патрабавалася ні вада з сямі крыніц, ні мандрагора, але дастаць нават парашок чагі ці васільковыя пялёсткі – таксама праблема яшчэ тая.

Выскачыўшы на вуліцу, яна прабегла зусім крыху і затармазіла ў крамы пад аркай і вежкамі, што насіў спакулівую назву «Каравай». Тут Алеся ласавалася перад пачаткам заняткаў па іспанскім і ўсё распісвала ёй тутэйшыя кексы. Зараз было не да таго, і Улада тэлефанавала ёй з іншай нагоды.

Занята.

Чорт! Уракла?

Даўшы зарок захоўваць спакой, Улада завярнула за кут і здзейсніла набег на аптэку. Зараз у руках у яе красаваўся салатавы пакет, а там боўталася і пачак гарачкапаніжальнага, і шыпшынавая гарбата, і тры пакуначка: рамонак, падбел і ліпа. Яна зноў набрала Стамброўскую:

- Алеся, з кім гэта ты балбочаш?

- Ды я табе тэлефанавала!

- Ясна. Адначасова. Ты дзе?

- Ды ўжо ў сябе на Кнорына, а што? – Голас яе прагучаў незадаволена, быццам яе адарвалі ад важнай справы.

- Бяда. Напэўна, давядзецца цябе нагрузіць. Дапамажы, будзь сябрам!

- А што здарылася?

- Пытанне першае: у цябе ёсць трыпутнік ці вярбовая кара? Ты ж усё гэта збіраеш і ў сябе трымаеш?

- Вядома. А што...

- Пачакай, адразу другое пытанне: калі я табе суну невялікі спіс набыткаў, ты можаш кінуцца і ўсё гэта прыдбаць? Мы ж сюды літаральна як з неба зваліліся. А трэба ж нават на пару дзён неяк уладкавацца.

- Ды добра, дапусцім. Ну, змагу я ўсё гэта зрабіць. Але ты, нарэшце, растлумачыш, што такое? – Зараз яна ўжо не хавала раздражнення.

            І тут баявы запал і камандны тон ва Улады згас.

- Не хачу засмучаць, але, увогуле, міністру вельмі блага. Разумееш, ён усё ўспомніў. Сваё мінулае жыццё. І пра цяперашняе становішча спраў таксама даведаўся. І вяртанне ў наш свет на яго жудасна падзейнічала.

- Але ён жа і раней нешта ўзгадваў, - нерашуча прамовіла Алеся.

- Ведаеш, - уздыхнула Улада, - на ўзроўні цьмяных вобразаў, сноў – яшчэ добра. Што б ён ні казаў, але, жывячы ў Іншасвеце, ён не мог успрымаць гэта сур'езна. А калі ўсё гэта тут на яго абрынулася... уварвалася, можна сказаць... Мне было страшна на яго глядзець. Я не ўяўляла, што з ім такое можа рабіцца. Я б з акна кінулася на яго месцы. Ды адзін момант мне і зараз хацелася. Я ж была апошняй сволаччу, жартавала і з табой, і яго падколвала, хоць не ведала, як гэта цяжка! Разумееш, у яго тое, для чаго ў сучаснай медыцыне ні назвы, ні дыягназу няма. Затое з героямі класічных твораў такое здараецца – ад гора і ўзрушэнняў. «Нярвовая гарачка», так бы мовіць. Ляжыць у ліхаманцы, як тады ў Амерыцы. Ваяр з яго цяпер ніякі. Але нават жа не ў гэтым справа. Проста яму вельмі балюча, разумееш?

На тым канцы проваду павісла напружанае маўчанне. Стамброўская была засмучана.

- Я табе дапамагу, чым толькі можна, - як мага цвярдзей адказала яна. – З травамі цяпер пад'еду, але вось за барахлом некага свайго адпраўлю, можа, потым заскочу. Прабач, але ў мяне таксама такое, такое чыніцца! Не магу. Мне трэба быць дома і ўсім гэтым займацца, але Улада, гэта не па тэлефоне, скажу пры сустрэчы, але я не адвільваю, зразумей, гэта сур'ёзна, гэта наш шанец на выратаванне і перамогу!

Яна звычайна размаўляла павольна, а тут узбуджана таркатала, лепячы ўсё ў адну фразу, як Мураўская. Ад думкі пра яе сэрца непрыемна сціснулася: міністр толькі што ж ў роспачным трызненні спамянуў яшчэ пра адну «здраду» - вядомая рэч, пра Васільева*, значыць, накіпела, і ў яе тая ж сітуацыя гадкая, вось блін, яшчэ і з ёй потым разбірацца.

Алеся ўвайшла рашучым крокам, накіравалася на кухню і кінула на стол рознакаліберныя пакуначкі: трыпутнік, вярбовая кара, валяр'ян і матэ.

- Страшна падумаць, што гэта за грымучая сумесь, сапраўды, вядзьмарскае зелле, - прабурчала Улада.

- Ну, ты ж збіралася імправізаваць, так ці не? Прапорцыю сама вызначыш, замовы і малітвы патрэбныя адчытаеш – там і на эфект паглядзім, - паціснула плячамі сяброўка.

Потым яна на дыбачках прайшла ў калідор і нясмела зазірнула ў гасціную.

- Та-а-ак, - ізноў мармытнула Алеся. – Ну, калі б я была камуністам і даведалася, што ў мінулым жыцці служыла ў царскай ахранцы, ды яшчэ што пры гэтым думала і рабіла, то мяне б таксама накрыла.

Яна адчувала няёмкасць у праявах ласкі і спачування. Але Улада ведала яе манеру выказвацца і зразумела, што яна таксама перажывае.

- Мне здаецца, гэта нават з узрушэннем не так злучана, - выбачлівым тонам прагаварыла Улада. – Проста са здароўем нелады, арганізм не вытрымлівае.

Алеся згодна кіўнула. Удвух яны замяшалі на кухні дзіўны адвар, Улада засталася прамаўляць формулы і даводзіць уздзеянне да розуму, а Алеся ў нейкім нецярпенні выскачыла і панеслася назад, да сябе на Парк Чалюскінцаў.



(Апавядае Алеся Стамброўская)



Спачатку быў проста дзікі шок і падзенне, пасля якога адразу намагаешся зразумець: зламала штосьці ці не? Але ўпала я ў выніку не з акна міністэрства, а з вышыні метраў двух, і не на ходнік, а на нейкія мяшкі са смеццем. Вось гэта эпічна! Дзявуха ў невядомым мундзіры звальваецца ў памыйніцу.

Паніка наконт магчымых пашкоджанняў, вядома, мільганула, але яе выцесніў сорам і страх, калі я ўбачыла людзей, што ўтаропіліся ў мяне здалёк. Таму я проста падхапілася і трушком прыпусціла за дом, і ўжо бягучы зразумела, што цэлая. А па выглядзе мясцовасці дапетрыла, што знаходжуся недзе ў Беларусі, ну, ужо прынамсі, на постсавецкай прасторы. Прамым тэкстам пытаць, дзе я, было неймаверна: палічылі б вар'яткай. Прыдуманыя мной абыходныя пытанні таксама здаваліся нязграбнымі.

У выніку дапамагла памяць, вопыт і простая шыльда. На хаду здымаючы кіцель, я выйшла да непрывабнага ўнівермага і дома быту. Да іх трэба было ўздымацца па прыступках, унізе быў прыпынак, і на ёй я прачытала: «Сокал-1».

Ну, выдатна. Мікрараён за мяжой Мінска. Як жа, помнім! Я неяк паехала ў аэрапорт за злашчаснай пасылкай у выглядзе навуковай літаратуры. Даволі хутка справілася, але так хацелася хутчэй дахаты, а надвор'е было самае гідкае: холад, імжа, слота, туман – карацей кажучы, нялётнае, я нават прыкідала, колькі рэйсаў тады скасавалі. Мне сказалі, што можна даехаць да Сокала, а там у Мінск – я вырашыла, што здохну, пакуль дачакаюся свайго аўтобуса, і заскочыла ў той, «першы сустрэчны».

Лепш бы я гэтага не рабіла. Таму што пасля віхляння па глухмені мы прыехалі ў гэту выспачку жытла сярод непагадзі, а аўтобус да горада літаральна паказаў нам хвост. Мне давялося, скрыпячы зубамі, яшчэ паўгадзіны цягацца і чакаць наступнага.

Гэтым разам павезла больш, і на транспарт я села хвілін праз дзесяць. Перад гэтым ад няма чаго рабіць патэлефанавала Уладзе і страшэнна ўзрадавалася яе голасу ў слухаўцы. Напэўна, абедзве мы ўзрадаваліся, калі знайшлі пры сабе тэлефоны, але датэлефанавацца адна адной не спадзяваліся.

Самаадчуванне не здавалася небяспечным, але бянтэжыла. У мяне круцілася галава, усё цела дрыжэла. Яно імкнулася так і расцячыся па сядушцы. Пад лыжачкай нудна ныла. Але гэта не перашкодзіла мне адключыцца.

Не было доўгага і пакутлівага змагання са сном, якое я вяду ў транспарце пры недасыпанні. Не помню, як я правалілася. Помню само сненне: аднекуль з утульнага змроку насустрач мне выплывае не хто іншы, як сам таварыш Вышынскі. І глядзіць на мяне доўга, уважліва, цёпла, амаль з абажаннем! Я адчула дзіўную цягу. Ну ён жа не вінаваты, што ўсё так склалася, падумала я. Помню, як углядалася ў яго вочы, і яны здаваліся мне ўсё больш людскімі. Ён жа як мой генерал! Для ўсіх жудасны, а для мяне – пяшчотны. Я падняла руку і пачала гладзіць яго па шчоках. Пракурор моўчкі прыплюшчыў вочы і пацягнуўся за маёй рукой у пошуках новай ласкі.

Штосьці ткнула мяне праз сон, спалох, абурэнне – штосьці не тое! – я тузанулася і прачнулася, схамянуўшыся на сядушку. Аўтобус якраз пад'язджаў да канцавога прыпынку.

Чорт ведае што. Прысніцца ж такое. Яўна ад стрэсу: скажоныя, вычварныя гульні падсвядомасці, мой асабісты тэатр абсурду.

Я выйшла на аўтобуснай станцыі і пацягнулася да Магілёўскай. Там у пераходзе купіла шакаладку, спехам драпежна зжавала, у вагоне метро заснула амаль імгненна – гэтым разам нічога не снілася. На сіняй галінцы я зноў спала, як Шцірліц. Калі выйшла на свежае паветра, я ўразілася, наколькі бадзёра сябе адчуваю. Можа, ізноў нервы, узбуджанасць?

Дома я не павалілася спаць, а паставіла імбрык, выняла ўлюбёнае печыва з вішнёвым жэле, замяшала ўдарную дозу матэ. Чамусьці мне хацеўся захаваць гэты зменены стан свядомасці, нават цаной гвалту над арганізмам – але здавалася, што ў гэтым ёсць нейкае асаблівае, боскае натхненне, трымценне нацягнутай струны і лёгкае галавакружэнне канатаходца.

- Ну што, з вяртаннем, - пачуўся знаёмы голас.

Генерал стаяў за маёй спінай, нязмушана абапершыся на стол.

- Аўгуста!

Я не ўтрымалася і, ззяючы, кінулася яму на шыю.

- Тыгруся!

Ён бурчэў, рабіў выгляд, што церпіць і спрабуе ўхіліцца ад маіх пацалункаў і абдымкаў, але неўзабаве пакінуў прытворства, і стала ясна, што таго ён толькі і чакаў.

- Ну што, расказвай пра свае прыгоды, - загадаў ён, сядаючы, зацісканы і задаволены.

Я не ўтрымалася і фінальным акордам ушчыкнула яго за вусы, чым выклікала новую порцыю бурчання і пляскач ніжэй спіны. Дурасліва ўскрыкнуўшы, я наліла яму матэ, падсунула печыва і ўзялася за аповед.

У прынцыпе, ён быў больш-менш у курсе спраў. Дарэчы, аказалася, і з міністрам ён знаёмы, і яны нават некалькі разоў мелі вельмі прыемныя гутаркі пра гісторыю, геапалітыку і пра мастацтва. Так што на яго асабістае стаўленне таксама можна было разлічваць. Я выказала ўсё, што ведала і думала пра Вышынскага і пра бягучую сітуацыю.

- Нам трэба яго прыкончыць, - коратка падвяла я вынік. – Апроч таго, у мяне да яго асабістыя рахункі – псіхалагічнае ўварванне і спробы спакушэння, - пажартавала я, хаваючы няёмкасць, і расказала пра дзіўны сон і свае дваістыя пачуцці.

Дон Аўгуста глядзеў на мяне вывучальным позіркам, падпёршы шчаку рукой. На вуснах яго гуляла смутная ўсмешка. Ён нібы любаваўся мной, як вазай, што прасвечвае пад сонечнымі праменямі – а яны сапраўды падалі з акна за спінаю. Яго валасы ў такім святле паблісквалі срэбрам, а мае – белым золатам. Маўчанне зацягнулася, а ўсмешка яго рабілася ўсё шырэйшай і щсё больш загадкавай. Я гуляла з ім у глядзелкі, але не вытрымала гэтага ўнутранага дрыжання і выпаліла:

- Ну ж, кажы! Ты штосьці параіш?

Ён і адказаў не адразу. Божа, як ён цягнуў час! Відаць, для большага эфекту. А ў выніку вымавіў:

- Табе трэба ўжыць свае здольнасці і зрабіць тое, што ў цябе атрымліваецца найлепш.

Я перапытала:

- Ты пра нейкі баявы заклён?

Ён пакруціў галавой:

- Не. Ты станеш нядрэнным ваяром, у цябе ёсць цяга. Ты станеш і прыстойным дыпламатам, хаця характар у цябе занадта... перажывальны, імпульсіўны, ці што. Але ёсць адна справа, якой ты аддавала ўсе свае сілы ў апошнія гады, за што я табе бязмерна ўдзячны. Скажы, табе падабалася пісаць пра мяне? – І ён хітра прыжмурыўся.

- О так, канешне ж! Ты яшчэ пытаеш! Не лічу сябе геніем, але я ўкладала ў свае творы ўсю душу! – нецярпліва загаварыла я. – Я хацела быць тваёй Монікай Мадар’ягай**, тваім Хаймэ Гусманам***, я хацела... justificar****! – Не ведаю, але ў мяне вырвалася менавіта гэтае слова. – І цябе, і рэжым. Як той казаў, падвесці тэарэтычную базу, а калі можна, тое і экспрэсіі накідаць.

Генерал разрагатаўся:

- Ну вось у гэтым уся ты! Падвесці базу і экспрэсіі накідаць! Цудоўна! Ну вось жа пацверджанне, што культурная дыпламатыя – гэта тваё! Табе і цяпер трэба развярнуцца.

- І што зрабіць?

- Ды нічога. Напісаць прамову, пасля якой Вышынскага захочацца проста забіць.

Я пачала разумець. Рот у мяне пачаў распаўзацца. У выніку я таксама – разрагаталася ў нейкай напаўп'янай весялосці:

- Так вось гэта?! У-у-у-у, гэта мы ўмеем! Дайце мне крыніцу натхнення, і я размажу яго па сценцы! Але ж толькі, толькі? І што з гэтым рабіць?

Генерал паглядзеў на мяне і прамовіў:

- Такія пытанні вырашаюцца праз могілкі. Калі ваш міністр ачуняе, ён усё раскажа пра абрад.

- Улада сказала, ён не ведае, што рабіць. Ён ёй так сказаў.

- Ды ўсё ён ведае! Ён проста ўзважваў, як лепш пракруціць – я натуру ягоную ведаю...

Я прагна перабіла:

- А ты? Мне раскажаш?

- Не.

- Грамыкі адказ! – агрызнулася я.

Генерал засмяяўся.

- Ну, я - то не ён. Я, добра ўжо, раскажу. Каб ты разумела, якая твая роля. разумееш, існуюць такія цяжкія сітуацыі, што жывым іх не пад сілу перамагчы - з-за абмежаванасці сіл, няведання, верагоднасці памылкі. І тады даводзіцца звяртацца да мёртвых.

Чым больш ён расказваў, тым выразней перапаўнялі мяне захапленне і жудасць.

І тут зусім недарэчы прагучаў званок. Я падняла трубку, сяк-так адбрахалася, тужліва азірнулася на генерала:

- Мне трэба ехаць! А раптам натхненне знікне?!

- Не знікне! – усміхнуўся ён. – Пасля таго, пра што даведалася – дакладна не знікне. Раззлуйся як след і пішы! Ад цябе ўсё залежыць!

Я выграбла з шафкі травы, на кожны выпадак кінула ў торбу і матэ, а калі вылятала з кватэры, генерал ужо раставаў ў паветры, як Чэшырскі кот.

Я злятала як ашалелая туды-назад, а па вяртанні заварыла сабе новую порцыю травы і плюхнулася за ноўтбук.

Думкі беглі, не спыняючыся ні на секунду, пальцы лёталі над клавішамі, я страчыла, выпраўляла, як апантаная, я вылівала ўвесь свой жах, абурэнне, усю сваю злосць і каханне-нянавісць, я плявалася агнём. А часам ускоквала і пачынала скакаць па пакоі, урубіўшы музыку.

Он будет слитным с твоей тенью,
И твоим вторым "Я",
И всех толкать на измену,
И предлагать снова яд...

Не думай, што ты падменіш нашага міністра, варажнеча. Такія фокусы не праходзяць.

...Затем застечиво щупать
Мой слабый пульс на руке
И в бесконечности щупальц
Мечтать о новом враге

За шкоду здароўю табе таксама залічыцца, чортаў інтрыган. Усе сродкі добрыя, так?

Страшно, убегай!
Страх раскрыл свои объятья,
Эти берега
Вслед тебе несут проклятье

«Уся наша краіна, ад малога да старога, чакае і патрабуе аднаго: здраднікаў і шпіёнаў, якія прадалі ворагу нашу Радзіму, расстраляць як паганых сабак!..». То ж бо. Сука.

Круг не замыкай -
Это колесо Сансары;
Страшно, убегай!
Чувствуешь, запахло?

Лічу папсовымі гэтыя ўсходнія слоўцы: «карма», «сансара» і іншая. Але тут – усё ў наяўнасці. І сёння вось кола разамкнецца.

Ты ранишь словом, как ядом,
Ты убиваешь строкой,
Ты добиваешь снарядом
И беспощадной рукой...

Я звер. Я берсеркер. Божа, якое салодкае пачуццё, даўно я так не ўпівалася негатыўнымі эмоцыямі і – мабыць, пачуццём уласнай значнасці.

Гэта будзе мая лебядзіная песня, каб іх чорт узяў. І ў мяне чамусьці не заставалася сумневаў, што справа будзе вырашана ў нашу карысць. Таму што справядлівасць – рэч такая... Асабліва калі справа датычыцца тонкіх матэрый і смерці.

Нарэшце я скончыла тэкст і захавала файл. Ф-фух.

Вядома, усё гэта будзе перапісана ад рукі на лісце паперы.

Крывёю.
__________________________________________
*Грамыка не атрымаў якой-небудзь сістэматычнай адукацыі ў вобласці дыпламатыі і сферы міжнародных адносін. У гады Другой сусветнай вайны і пазней, аж да 1953 года настаўнікам, настаўнікам і старэйшым таварышам стаў афіцэр Генеральнага штаба, супрацоўнік Галоўнага разведвальнага кіравання вайсковы дыпламат Аляксандр Піліпавіч Васільеў. Андрэй Грамыка і Аляксандр Васільеў сябравалі сем'ямі і часта сустракаліся ў раскошнай кватэры апошняга ва ўрадавым квартале ў цэнтры Масквы; там часта збіралася бліскучае грамадства і можна было усталяваць карысныя сувязі. Аднак калі ў выніку постсталінскіх «чыстак» дзяржапарату Васільева ў званні генерал-лейтэнанта адправілі ў адстаўку, Грамыка зараз жа перапыніў і ніколі ўжо больш не аднаўляў ніякія сувязі – ні сяброўскія, н і афіцыйныя - са сваім, зараз ужо былым, настаўнікам.
**Моніка Мадар’яга Гуцьерэс (1942-2009) – чылійскі юрыст, навуковец, палітычны дзеяч. Займала пост міністра юстыцыі ў 1977-1983 гг., у перыяд стварэння і падпісання Канстытуцыі 1980 г. Стрыечка генерала Аўгуста Піначэта.
***Хаймэ Гусман Эрасурыс (1946-1990) – чылійскі юрыст, парламентар, заснавальнік партыі Незалежны дэмакратычны саюз. Умоўна лічыцца ідэолагам піначэтаўскага рэжыму і стаіць у вытокаў грэміялізму ў Чылі: рух, блізкі карпаратывізму і натхнёны каталіцкай сацыяльнай дактрынай. Дарадца Піначэта, прымаў удзел у складанні Канстытуцыі 1980 г.
****Апраўдаць; выправіць несправядлівасць (ісп.)