8. Разрадка

Янина Пинчук
Да зброі варта звяртацца ў апошнюю чаргу — калі іншыя сродкі акажуцца недастатковымі.
(Нікола Макіявелі)
____________________________________________________

Сцямнела. Толькі блікі ад падсвету будынка скупа разлівалі бледныя плямы святла ў вокнаў.

Мы ад няма чаго рабіць шэптам сталі абмяркоўваць баявыя заклёны і ўзважваць, чым лепей біць. Але гэта яшчэ больш раздражняла нервы.

Тады мы замоўклі. Цішыня пачынала душыць.

У кнігах звычайна пішуць: «мы згубілі лік часу», але ў мяне ёсць дурная звычка вечна пазіраць на гадзіннік, і таму памятаю, што прайшло гадзіны паўтары ў такім чаканні, то бок, калі ўсё здарылася, было ўжо за поўнач, хоць дакладна сказаць не магу.

А яшчэ пішуць наконт таго, што «бязгучна адчыніліся дзверы». Адчыніліся яны сапраўды бязгучна, разрыў-траву варта толькі прыкласці да замка. Далейшыя рэплікі і дзеянні таксама былі тыповымі – але толькі да пэўнага моманту.

Мы разабралі цьмяны сілуэт і тонкі прамень ліхтарыка – і тут Улада пстрыкнула выключальнікам і адчаканіла:

- Імем вялікага князя вы арыштаваны!

Я ўскінула пісталет. Улада ўтаропіла вочы ў абурэнні: перад намі стаяла Магда. Гэта было і прадказальна, і нечакана – і здорава раззлавала. Яны ўсяго некалькі гадзін таму балбаталі ў трамваі і рассыпаліся ў няшчырых ласках. І апранута паненка была не па-шпіёнску: у попельна-ружовай строгай сукенцы і з ніткай жэмчугу. Таксама радавалася, фарсіла. Яна што, таксама разлічвае на магію?

- Не пары гарачку, - пагардліва працягнула Магда, спакойна злажыўшы рукі.

- І без дурасцяў, - прагучаў голас ззаду мяне.

Я схаладнела. Рука са зброяй стала апускацца сама сабой. У шыю мне адчувальна ўпілося лязо. Абвостраным пачуццём я ўлавіла, як ужо пячэ: зараз папаўзе кропелька. Усяго адна - які выразны, маляўнічы разлік.

- Кіньце пісталет.

Сэрца таўклося ля самага горла, ногі зрабіліся ватовымі. Як у сне, я паставіла «глок» назад на засцерагальнік і кінула пад ногі. Як мне здалося, недарэчным, баязлівым рухам. Шчокі заліло жарам, у вачах пацямнела. Ніякі я не храбрэц, кабінетны ваяка, і ўсё.

- Вось так, правільна, - прамовіў добра пастаўлены голас. – няма чаго храбрыцца.

- Дарэчы, - падала голас Магда, гледзячы на Уладу, - я думала, ты не прыйдзеш, збаішся. Ты ж такая асцярожная. Гарчакоў у спадніцы.

- А вось і не, не адгадала, - ціхім, з’едлівым галаском запярэчыла Улада. - Я, хутчэй, Талейран*. І дзеля «карысці Францыі» гатовая начхаць і на «мараль», і на лёс асобных людзей.

- Ну-ну, дзяўчынкі, не сварыцеся, лепш скажыце, гэта вы самі геройнічаеце? – спытаў голас за маёй спінай. - Ці вас паслалі? Калі другое, проста без каментароў.

Штосьці знаёмае – энергетыка, аўра. Але я не магла павярнуцца і паглядзець у твар.

- З кім маю гонар? – выдушыла я.

- А гэта ці не вы пісалі артыкулы пра Піначэта?

Што за габрэйская манера, пытаннем на пытанне...

- Дапусцім.

- Тады я знаёмы не з вамі, але з вашай творчасцю. На жаль, слабавата. Крыніцавая база проста ніякая.

Дык ён яшчэ і здзекуецца! У мяне з'явілася смутная здагадка. Губляць было няма чаго, і я рэкнула наўздагад:

- Дык вам жа лягчэй, Іосіф Рамуальдавіч! І вы наогул ў сваім рэпертуары.

Я пачула мяккі смех і гарачае дыханне ў патыліцу:

- Цудоўна, вы ведаеце, што са мной жарты кароткія.

- Хто гэта? – спытала Улада. Твар у яе пашарэў, як брудная снежка.

- Шпіён і забойца, альендаўскі біёграф. Караім з Вільні, - змрочна прамовіла я. Я падазравала, што з апошнім і было злучана яго з'яўленне з ніадкуль. Акультызм, «уздзеянні», у тым ліку зараз - віртуозна выкананы партал. А яшчэ вывядзенне са строю сігналізацыі, камер, раптам змораная сном ахова – і ускрыццё сейфа?

- Прафесар, дыпламат і перакладчык, пан Юзаф Грыгулевіч, да вашых паслуг, - ашчэрыўся мой кат. Я здагадалася, што ашчэрыўся, зноў па яго дыханні. – Але вам якая розніца? Хопіць балбатаць, і слухайце: вы адсюль сыходзіце, мы забіраем, што трэба, трымаеце рот на замку – і вы жывыя.

- Не, - адрэзала Улада.

- Не спяшайцеся паказваць характар, - пагардліва працадзіў Грыгулевіч, - нахапаліся тут замашак ад начальства. Я вам яшчэ сёе-тое скажу, каб вы не спакушаліся: вы застанецеся ў жывых, толькі калі пагодзіцеся на супрацоўніцтва. Вы, панна Кунец, зашмат асабістага дамешваеце ў службовыя адносіны, а вас, панна Стамброўская, за падтрымку дыктатур і працу на Чылі...

- Так што ж чакаеце?

- Вы занадта каштоўныя кадры, на жаль, - ізноў ялейным голасам прамовіў шпіён.

- Мяркуючы па ўсім, пан Грыгулевіч, вы таксама валодаеце... нейкімі ведамі, якімі і карыстаецеся? – спытала я, зглынуўшы. Усё тое ж дрыгаценне ва ўсім целе, але гаварыць мне стала неяк лягчэй.

- О так.

- Тады дасцё рады і без нас.

- Менавіта так, - злавесна прабурчэў ён. – Міласцівы пан Вышынскі яшчэ не да канца вырашыў, што з вамі рабіць, я проста імкнуся пераканаць яго...

- Прабачыце, - незадаволена ўмяшалася Магда, - мы будзем тут балбатаць, як у тупым амерыканскім кіно?

- Вядома што, не. Магда, паклапаціцеся пра дзяўчынак.

Яна падышла да нас і падняла з падлогі «глок», потым дастала і свой пісталет, накіравала на нас абодва. Улада стаяла ў пакутлівым жаданні ўдарыць заклёнам, але разумела, што так заб'е мяне.

Аднак тут нож ад майго горла аднялі. Мажны і круглаваты, жвавы, як більярдавы шар, Грыгулевіч шаснуў да сейфа. У святле ўключанай настольнай лямпы мільганулі гэтыя паўднёвыя рысы, з якімі так лёгка прыкінуцца лацінасам. У руцэ яго я разгледзела кінжал з крыжападобным дзяржальнам і хваліста выгнутым лязом.

- У вас яшчэ сёе-тое маецца, - развязна заўважыў ён. – Тое, чым вы адчынілі ўсе дзверы.

Я змрочна шпурнула яму картку разрыў-травы. Ён злучыў са сваёй, ухмыльнуўся, хіба што рукі не пацёр. Але пакуль адклаў. А сам выняў крэйду і пачаў рысаваць на дзверцах сейфа нейкі сіметрычны малюнак, прыгаворваючы напаўголасу ўрыўкавыя словы, некаторыя паўтараючы, як мантры, змяняючы інтанацыю. Малюнак, здаецца, пачаў фасфарасцаваць. Ахоўныя формулы разблытваліся і разраджаліся. Штосьці няўлоўна змянялася ў атмасферы і полі кабінета. Нарэшце ўсе формулы распаліся. Заставалася адна разрыў-трава.

І тут Улада пляснула ў ладкі, і пісталеты рвануліся з рук Магды, страляючы ўжо ў паветры. Яна разгубілася, але я ў стрэсе зрэагавала правільна: размашыста кінула ў яе напарніка Кіпцюры Пумы. Галава яго матнулася, як ад добрага ўдару, а на твары раскрыліся пунсовыя палосы. Слабавата, але сыдзе: я ўхілілася ад яго Юдыфі, і галава засталася на месцы, затое шафа ззаду зеўрала зарубам.

Нашы заклёны былі аўтарскімі: Уладзін называўся Хэмінгуэй, ці «Бывай, зброя» - распрацаваў яго сам міністр вольным часам. Маю формулу запазычыў у індзейцаў генерал.

Па сценах кабінета мітусіліся цені: чалавечыя і празрыстыя, якія вібравалі, як марыва ад дыму вогнішча.

Магда выкінула рукі наперад і хвастанула нас паветранымі пугамі – цела апякло ў дзясятцы месцаў, але Улада перахапіла імпульсы і злосна рванула на сябе. Я пахіснулася, а Магда паляцела носам на дыван. Хістанулася я зноў дарэчы – валасы на галаве траха не выдрала Крылом Кондара. Бач, ізноў Латамерыка! Я наўздагад кінула ў Грыгулевіча двума ўдарнымі імпульсамі, адным прамазала, другім патрапіла. Ён крактануў, адказаў тым жа, але я выставіла шчыт. Пад новым ударам ён прагнуўся, я адступілася.

А Улада сапраўды Гарчакоў, малайчына: стаяла і чакала, пакуль гэты галаварэз досыць Сілы на загаворы пусціць, і толькі потым ударыла.

Цяпер яна змагалася з Магдай: тая аказалася мацней, чым мы меркавалі. Яшчэ яна была вельмі вёрткай: адбівалася і адхіналася так, што Улада пачынала злаваць. Яна пакінула спробы кропкавых удараў і паспрабавала штурхнуць адной сілавой хваляй – Магда сцяміла і закрылася, і цяпер іх паядынак напамінаў армрэстлінг.

Тое ж было і ў нас з Грыгулевічем: ён метадычна дзёўб мой шчыт, а я са спалохам разумела, што і абарона слабее, і канцэнтрацыя падае – новы ўдар яшчэ доўга не сабраць. Божа... Чыстыя сілавыя паядынкі так вымотваюць!

У мяне дух захапіла: у мяне паляцеў ужо бясформенны згустак цемры, і святло лямпы замігцела, амаль загасла – мысленна я закрычала: «Аўгуста, дапамажы!». Адказ прыйшоў у выглядзе прыліву Сілы. Я зняла шчыт і шпурнула ў суперніка Чырвонай Спякотай – ён адсунуўся назад, прачарціўшы па дыване след, з крыкам зваліўся на калены ў страшным болі, скурчыўся і паваліўся на бок. Гэта таксама быў чылійскі заклён: ён не прычыняў фізічных пашкоджанняў, але выклікаў вострыя пакуты, як пры катаванні распаленым жалезам, але не адзінкавым дакрананнем, а па ўсім целе. Не вельмі гуманна, а што рабіць? Другім быў заклён, што звязвае, нядрэнна, толькі б утрымаўся. Але, здаецца, мой супернік ад болю знепрытомеў. Што ж, і гэта нядрэнна!

Злева пачуўся гук падзення, змагання і крык. Абедзве дзяўчыны выклаліся на поўную, іх чары самі сабой распаліся ад напругі, і прэс, і шчыт, - і яны наляцелі адна на адну. Гледзішча іх бойкі было не з прыгожых – якраз з-за элегантнасці абедзвюх.

Магда раптам ускінула руку з пальцамі-кіпцюрамі і хацела ўчапіцца Уладзе ў твар. І завыла: яе кісць была прабітая наскрозь. Ікол ляза з тыльнага боку далоні барвавеў крывёй. Паляшучка сціскала ў руцэ імперскі корцік – з такім жа засяроджаным, лютым тварам яна пракруціла яго ў ране і толькі потым выдрала.

І тут расчынілася акно - кожная клетка нашых цел скаланулася і сціснулася: праз нас пранеслася цёмная віхура накшталт той, што апісвала Улада. Тэмпература ў памяшканні ўпала. Цені згусцелі. Мы ўсе заціхлі, як зачараваныя, нават Магда – яна не спрабавала нават выцерці прабітую руку, яна павісла, як пуга, а дзяўчына застыгла на каленах з бязвольным выразам твару.

- Бач ты, які турнір! – пачуўся рэзкі голас.

У мяне хапіла адвагі падняць вочы: нязмушана абапіраючыся на стол міністра, перад намі стаяў пан Вышынскі. Ён быў у пракурорскай форме. Тонкі рот крывіўся ва ўсмешцы. Дзіўна, але я не магла адвесці ад яго вачэй. Хаця чым больш глядзела, тым менш баялася. А можа, у гэтым і падвох?

Ён зірнуў на Магду і прамовіў адно слова:

- Адамрыце.

Скінуўшы здранцвенне, яна шустра падхапілася з кален і, заціскаючы скрываўленую руку, падбегла да шэфа. На Грыгулевіча той зірнуў толькі мімаходам, тым і абмежаваўся.

Вышынскі падабраў з падлогі дзве карткі разрыў-травы, прыклаў да замка сейфа, усярэдзіне пстрыкнула, і дзверцы павольна папаўзлі, адкрываючы позірку змесціва. Павольна, па-гаспадарску, ён пачаў шукаць патрэбнае, потым выняў акуратную чорную тэчку і даволі нядбайна чмякнуў на стол. А мы з Валодай не маглі рушыць, як у сне: і рукі, і ногі чымсьці скавала. Здавалася, яны хутка пачнуць зацякаць і дранцвець, як адседжаныя. І ніводную вядомую формулу гэта нам не нагадвала.

Праўда, размаўляць мы маглі, і нават крычаць – але які сэнс? Гэта ўсведамленне паралізавала нас яшчэ больш.

- Я заўсёды дзівіўся вам, Улада, - холадна загаварыў Вышынскі, звяртаючыся да маёй сяброўкі. Мяне ён цалкам ігнараваў. – Вы проста абмежаваная, некампетэнтная, а прытым яшчэ дзёрзкая, вельмі дрэнна выхаваная маладая асоба, - працадзіў ён. – У першы ж раз ва ўніверсітэце я зразумеў, што вы нагадваеце мне былога падпарадкаванага.

- Што было, тое прайшло, часы змяняюцца, – гэтак жа холадна агрызнулася Улада.

- Ну вось, я ж сказаў! – усміхнуўся Вышынскі. - Вось яна, ваша хамская натура. А наконт часоў... Мяне такое становішча спраў не задавальняе, ні ў чым. І мяне нудзіць ад гэтых усходніх ускраін, ад гэтага ўпёртага каранаванага дзікуна, які цацкаецца з выскачкамі з халопаў! Вы вар'юеце ўсю сусветную супольнасць, але на ваша развіццё шкада глядзець. Вас якраз і трэба макнуць разок у лайно, каб уведалі, пачым фунт ліха, - прашыпеў ён. – А вы абедзве - подлыя, рэакцыйныя душонкі, якраз у духу цяперашняй улады. Я добра памятаю мінулае жыццё, тады менавіта такіх называлі ворагамі народа.

- Збіраецеся здаць краіну, а ворагамі народа нас клічаце. Дый якога народа?

- Цывілізаванага. Але я і так забалбатаўся, прыступім. З вамі, Стамброўская, разбяруся пазней, - кінуў ён мне.

Ён выняў з кішэні срабрыстую нітку і нажнічкі накшталт манікюрных. Ён тузануў і нацягнуў нітку – Улада з болем выцягнулася і скрывілася ад болю, як падвешаная на круку. Яна ўсведамляла, што яе спробы цягнуць час выглядаюць мізэрна, але прагаварыла:

- І вы не паспрабуеце спакусіць мяне супрацоўніцтвам?

Вышынскі з дзіўнай гатовасцю адказаў, пакінуўшы свой кплівы тон:

- Вось наконт Стамброўскай падумаю, а вас – не. Вас можна – толькі забіць. Каб дабрацца да вашага любага міністра. Ну і знайшлі ж вы, у каго ўтрэскацца, прабач Пане. Але вы – яго допельгангер, і мне не варта тлумачыць, хто гэта, - панізіўшы голас, сказаў Вышынскі. Улада здрыганулася. – У вас частка яго душы, яго Сілы, вы – проста агідны, разумны, думаючы кавалак на дзвюх нагах, што дрыгаецца, як хвост яшчаркі, і, каб дабіць напэўна, мне трэба пазбыцца ад вас, - з нянавісцю казаў ён, ператвараючы гаворку ў хуткамоўку. – Вы зірніце ў люстэрка, зірніце на свой твар, на сваю агідную лесбійскую манеру апранацца, хай вы гэта лічыце эмзээсаўскім шыкам! Неда-дзяўчына, неда-клон, недачалавек, нежыць! Нават мы, я і той, іншы, нармальныя людзі, таму што мы народжаны і жылі, а вы абедзве – ніадкуль і ніхто, вы тагасветныя, прыхадні з іншага свету! І ты, дзяўчынка, не цела, а антыцела, спараджэнне нячыстай сілы, і ўсякі інквізітар сказаў бы дзякуй за тваё знішчэнне! Усё дзеля вялікай, прыгожай Бацькаўшчыны, і хай твая кроў напоіць нашыя палі!

Ён быў у шаленстве, у нашы твары біла наэлектрызаванымі хвалямі, што патыхалі гарам, а над галавой яго з ціхімі стогнамі заклубіліся аморфныя цені. Лямпа замігцела і загасла.

- Так давайце, забівайце мяне. Можаце спагнаць на мне сваю нянавісць. Але калі вы яго кранеце, я жадаю вам, каб вы здохлі ў страшных пакутах, - глуха прагаварыла Улада.

Нажнічкі кранулі нітку, і твар яе сказіўся агоніяй.

Недзе ззаду прагучаў гучны, глыбокі голас:

- Мне здаецца, вы перавышаеце свае паўнамоцтвы, пан Вышынскі.

З нашых целаў спалі нябачныя кайданы, і мы адначасна павярнуліся. За нашымі спінамі стаяў міністр.

Яго фігура застыгла цёмнай плямай на фоне сцяны. Па сцяне разлівалася слабое зарава – але не цёплае, утульнае, як ад агню, а прывіднае, няветлае, як тое, што ў небе пры бліскавіцах. А можа, проста падалося. Яшчэ мне здалося, што ў паветры запахла азонам.

- Вы прапануеце дуэль? – проста спытаў Вышынскі.

- За слова «дыялог» вы ж падымеце мяне на смех, - з паўпытальнай інтанацыяй прамовіў міністр. Вышынскі ўхмыльнуўся. – Хаця дуэль? Лепш ужо раззбраенне: кіньце-ка гэтае паскудства, што ў вас у руках.

- І не падумаю.

- Вы ўявілі сябе не то норнай, не тое Немязідай. Вы часам не пераацэньваеце сваю гістарычную ролю? – саркастычна ўсміхнуўся міністр.

- Яна больш годная, чым ваша, паверце ўжо!

І чаму ён раптам уцягнуўся ў балбатню? Пэўна што, вырашыў, што непераможны, няйнакш, вось і дазваляе сабе маленькую слабасць – з асалодай палаяцца.

- Я думаў, вы кар'ерыст, а вы апынуліся шкоднікам, - з ліхой усмешкай прамовіў міністр. – Мала таго – змоўцам, пераваротчыкам. Віншую, вы расцяце, гэта рангам вышэй за ката.

- Затое вы як былі ланцужным сабакам, так ім і засталіся, - пагардліва кінуў Вышынскі.

- Усё так, як вы кажаце, усё так, - з небяспечнай мяккасцю загаварыў міністр, - а значыць, мне трэба вас спыніць. Нанесці краіне ўдар, потым іншы, учыніць закалоту, давесці да адрачэння, пасадзіць свайго кандыдата, правярнуць унію і стабілізацыю становішча напаказ, а потым распараджацца як заманецца – прабачце, не атрымаецца! Я вам сваю краіну не дам, - скончыў ён.

Таму, як ён проста, па-дзіцячаму нязграбна сказаў гэтае «не дам», яго словы прагучалі яшчэ больш злавесна.

- Так вы нават зразумелі, што адбываецца, - здзекліва працягнуў Вышынскі, - але вам гэтыя веды ўжо не дапамогуць. Тым больш, без свайго прыдатка, гэтай шаўкі Кунец, вы б нічога не пазналі і не змаглі.

І ён пачаў змыкаць нажніцы на нітцы.

Цемру прарэзаў выбліск, Магда завішчала, Вышынскі ўскрыкнуў, затрос пальцамі. Маланка! Срэбная нітка кудысьці знікла, нажнічкі валяліся на падлозе. Вышынскі з нянавісцю пераводзіў пагляд з Улады на міністра і назад.

- Значыць, так? – прагыркаў ён праз зубы.

- Так, так! А за шаўку адкажаш! – крыкнула Улада.

- Малайчына, - шапнуў міністр, але яна пачула. Гэта быў яе ўдар.

І тут мы ўсе трое – уключаючы Магду – інстынктыўна паваліліся на падлогу. Над намі з ровам схвоснуліся два струменя Сілы такой магутнасці, што, здавалася, кожная клетка цела скаланулася. Шклы ў вокнах выляцелі начыста. Шчокі пакалоў злы шкляны пыл, стала цяжка дыхаць. Паветра ператварылася ў дзікую сумесь цёмных жмутоў і зіхатлівых разрадаў. Але нешта схлынула, і я ў шоку падхапілася на ногі, і Улада са мною разам – мы ўбачылі, што абодва суперніка стаяць насупраць адзін аднаго, выцягнуўшы правую руку.

Улада да крыві закусіла губу: яна зірнула на міністра і абмерла – ён быў ****нейшы за палатно, а ў вачах стаяла невыказная, перадсмяротная туга.

Не вытрымліваў. Занадта моцнае кровапусканне яму зладзілі перад гэтым.

А Вышынскі заўважыў – і разрагатаўся. І зароў:

- Ды каб ты згінуў, Пяруноў вырадак!

А над галовай яго лунала стовочая вільготная цемра, і ён выгукнуў нейкае слова, і цемра апанавала столь, усе сцены, і з жахлівым ровам з усіх бакоў рынулася на нас.

Я нічога не зразумела. Проста міністр з апошніх сіл схапіў нас абедзвюх і штурхнуў у акно.

Я ашалела, валячыся з дваццаць пятага паверха, але мне здалося, што ён кінуўся разам з намі.

Потым мяне ахапіў смяротны жах, і сэрца маё яшчэ ў лёце разляцелася, як шкло, на сотні аскепкаў.
________________________________________________________
* Шарль Марыс дэ Талейран-Перыгор (1754- 1838) — французскі палітык і дыпламат, яки займащ пост міністра замежных спраў пры трох рэжымах, пачынаючы з Дырэкторыі і заканчваючы ўрадам Луі-Філіпа. Вядомы майстар палітычнай інтрыгі.  Імя Талейран стала ледзь не агульным для пазначэння хітрасці, спрыту і беспрынцыповасці. На самай жа справе, на думку гісторыка Дэвіда Лодэя, уся справа ў тым, што Талейран быў адданы прынцыпам (карысць роднай краіны, а таксама мір і стабільнасць у Еўропе), а не асобным уладарам.