7. Перад бурай

Янина Пинчук
...на імгненне мне прыйшла да галавы думка, што там, наперадзе, ёсць толькі здані страты і нябыту, а гэтае святло, што атачае мяне, нерэальнае, мімалётнае, існуе толькі лічаныя секунды, пакуль я здольны ўтрымаць яго позіркам.
(Карлас Руіс Сафон, «Цень ветру»)
________________________________________________________

Мне здалося, што рыхтавалася яна не да бойкі, а да вечарыны.

- Апранулася ты, вядома, вельмі зручна, - іранічна заўважыла я.

Улада запэўнівала, што туфлі разношаныя, дарма, што абцас. У гэтай спадніцы яна таксама «за аўтобусам бегала», а гэта паказчык. Ну што ж, аргументы «ніжэй пояса» яшчэ можна было прыняць, але вышэй? Вышэй быў пінжак колеру навальнічнай хмары, гальштук цёмна-васільковага адцення, а ў вушах красаваліся лаканічныя, але даволі доўгія завушніцы. Яны холадна паблісквалі, як маланкі, калі яна рухалася.

- Ах ды, вядома, ты ж выходзіш на заданне, як Джэймс Бонд.

- А сама ты як Шцірліц, – хіхікнула Улада.

Ну так, я не ўтрымалася і надзела мундзір. У чалавеку ёсць невынішчальная цяга да эфектаў, але менавіта гэта мы і клічам рамантыкай.

- Ды годзе, - сказала Улада, - пра зручнасць наш міністр проста так сказаў, на аўтамаце. Для нас жа адзенне ролі не адыгрывае.

Усё гэта было слушна: мы ваявалі магічнымі сродкамі. І сёння я ўпершыню збіралася ўжыць у баявых абставінах тое, чаму вучылася па дапаможніку Хельгі Торсэн пад кіраўніцтвам аднаго афіцэра. Вядома, і ў нашым свеце мусіруюцца пэўныя чуткі – напрыклад, пра бескантактны бой. Але ў Іншасвеце праводнасць энергаінфармацыйных уплываў значна вышэй, чым у нашым, я б сказала, у разы. Таму самі яны і мацней, і размаіцей.

Дзейнасць чараўнікоў, ці спецыялістаў, падобная да айсберга. Верхавіну бачна: часам найлепшы спосаб захаваць таямніцу – не згадваць пра тое, што гэта таямніца. Дадайце траха скепсісу, навуковых аспрэчанняў, трошкі нуды – і людзі, пазяхаючы, адвернуцца, каб заняцца сваімі справамі. Тым больш, звыклыя нагаворы-адгаворы, сурокі, лячэнне – усё гэта дробязь, дый слабых чараўнікоў колькі заўгодна. А вось насамрэч магутныя патэнцыялы і служба вялікім мэтам - усё гэта ўжо сыходзіць пад ваду, хаваецца ў тоўшчы дзяржаўных таямніц.

- Нават не верыцца, - неяк здзіўлена сказала Улада і дурасліва крутанулася на насочках, зрабіўшы пас рукой. Гэта я яе навучыла некалькім па з сальсы. Але потым яна вычарціла нагамі яшчэ пару фігур – гэта ўжо было танга.

- Табе трэба гваздзік ў зубы і ісці спакушаць дам, - усміхнулася я.

- Але ж я прыгажун! – зухавата выклікнула Улада. У нас даўно ўжо была жартоўная манера часам называць сябе ў мужчынскім родзе. – А яшчэ тут круціцца зручна, і не слізка, - са значэннем дадала яна.

Падлога была аздоблена зялёным мармурам, што надавала холу строгі і ўрачысты выгляд, гэтак жа, як крыштальныя люстры, скупаватая, але выразная пазалота, калоны, шырокія развароты двух усходаў і паміж імі – велізарны партрэт Льва Сапегі. На другім паверсе знаходзілася галерэя, дзе віселі партрэты і іншых канцлераў Княства (шкада, што гэты даўнейшы тытул пры Саветах скасавалі, а пры манархіі чамусьці так і не вярнулі). Быў там і партрэт нашага міністра, а пісаў яго Вінцэнт Матэйка – прызнаны геній, дзівак і ўладальнік найдзікіх уланскіх вусаў.

За вокнамі пачынаў згасаць вячэрняе зарыва. Я выглянула ў акно: усё ж якая выдатная панарама. Мімаволі прасякаешся ўзнёслымі думкамі. Узнёсласць мела тут самы прамы сэнс: будынак МЗС узносіўся над Грунвальдскай плошчай, як незвычайная сумесь амерыканскага хмарачоса і Кёльнскага сабора, пераклікаючыся са спічакамі нашых гатычных храмаў.

На сцены калідораў клаліся апошнія цёплыя водбліскі. Можна было б напісаць, як гулка аддаваліся нашы крокі – але не, усе калідоры тут былі высланы дыванамі. Але гэта таксама ўзмацняла пачуццё адзіноты: мы рухаліся бязгучна, як коткі альбо прывіды.

- А мы, лічы, засталіся адны... – задуменна прамовіла Улада. – Проста прачуй. Гэта ж усё маё уладанне! – выпаліла яна і панеслася па калідоры подскакам, зусім не велічна, а я разрагаталася і прыпусціла за ёй.

Вось дзіўнае, мы ржом, дурэем і паводзім сябе, як дзеці, а быць можа, нас сёння заб'юць. Ну добра, можа, і не заб'юць. Але могуць пакалечыць. Ды хто ведае. Мы абсалютна не ўяўлялі сабе, з чым можам сутыкнуцца і як супрацівіцца.

Можна было паабурацца, што на абясшкоджванне шпіёнаў адправілі дзвюх дзяўчынак, але гэта было злучана са спецыфікай: наўрад ці  Вышынскі адправіў на заданне абы-каго, а супраць моцных чараўнікоў часам і зброя бескарысная – а мы з Уладай не вінаватыя, што маем такі патэнцыял. З той жа прычыны ўзімку менавіта праз мяне перадавалі сакрэтныя дакументы для Мінабароны, а ўтрыманне іх таксама тычылася Галічыны: у выпадку ўзброенага канфлікту ці баявых дзеянняў Швецыя гарантавала падтрымку вайсковымі сродкамі. Дай Бог, каб да гэтага не дайшло.

Наша цяперашняе падмацаванне ў выглядзе цэлага дзясятка агентаў СДБ знаходзілася нават не ў будынку, а паблізу па машынах. Інакш іх можна было б засекчы пры праглядзе; на сябе мы наклалі заклён нябачнасці, а марнаваць Сілу на кучу людзей, і не факт, што з толкам – нерацыянальна. На жаль. Так што пры сутыкненні нам давядзецца трымаць ворагаў нейкі час, пакуль прыбудзе падмога і іх, нарэшце, схопяць. Пры гэтым іх варта абясшкодзіць - выпампаваць з іх энергіі як мага больш, - а нехта з нас тымчасам дасць сігнал. Эге. Але кепскі план лепей, чым аніякага.

- Што мы будзем рабіць зараз? – спытала я.

- Нічога, проста чакаць, - паціснула плячамі Улада.

Ведаць бы яшчэ, колькі.

У першую чаргу мы праверылі сейф. Адчыняць яго не збіраліся - мы ведалі і бачылі, што паперы там. Але з цікаўнасці прамацалі: поле вакол яго гуло ад ахоўных заклёнаў, як высакавольтная лінія. Я дастала сваю картку з разрыў-травой:

- Гэтым не справішся?

- Не, - пакруціла галавой Улада. – Трэба яшчэ заклёны паздымаць – гэта меры засцярогі. Але ты ж ведаеш, ёсць нюанс: гледзячы хто зараджаў тваю картку.

- Маю – генерал.

- Моцна.

Я паднесла разрыў-траву да дзверцаў і адчула на руцэ вельмі лёгкія ўдары, нібы токам, але поле пахіснулася. Я не збіралася працягваць. Проста ацаніла.

А Улада ўжо думала пра іншае. Яна на дыбачках, плыўна абыйшла вакол стала, уселася на скураное крэсла і расплылася ў хуліганскай усмешцы.

- Ну што, спраўдзілася мара ідыёта? – даведалася я. - Табе зручна?

- Ды самае афігеннае месца, адказваю, - шчасліва правуркатала яна.

- Дупе Вышынскага тут не бываць! – прабурчала я, драпежна шчэрачыся ва ўсмешцы.

- Ха-ха, скажы яму гэта ў твар! – скісла ад смеху паляшучка. – Ён зваліцца ад такіх слоў, ён жа лічыць, што быдла-стайл – гэта яго прэрагатыва.

Можа, гэта было з-за нервовага напружання, можа, не, але штосьці мы развесяліліся. Улада выступіла з нахабнай прапановай выпіць гарбаты, «таму што яна ведае, дзе печыўца», а потым з гаспадарскім выглядам дастала планшэт, паставіла нейкую джазавую музычку і стала раскладваць свае рэчы: электронную кніжку, нататнік, тэлефон. Я не прамінула выказаць сваё замілаванне. Улада паціснула плячамі і найсур'ёзным тонам адказала: «Не, ну я ж тут надоўга...» - што прымусіла мяне проста пакаціцца ад рогату:

- Ну і грунтоўная ты дзяўчына!

Улада ўстала ў пафасную паставу пасярод кабінета і з інтанацыяй Васісуалія Лаханкіна абвясціла:

- Я к вам прыйшоў навекі пасяліцца!

А час сапраўды цягнуўся пакутліва доўга. З гэтага сюжэта не выйшла б дэтэктыва, нічога нечаканага не меркавалася, рана ці позна яны аб’явяцца. Ведаць бы яшчэ, хто «яны».

Мы сапраўды ад няма чаго рабіць заварылі чай. І нават заход сонца за акном нібы нехта паставіў на паўзу.

- Ты маеш рацыю, не верыцца ў тое, што адбываецца, - задуменна прагаварыла я. – А раптам трывога памылковая? Не, не тое, каб, але... сёння ніхто не з'явіцца?

- Мы праглядалі лініі імавернасці, - адгукнулася Улада. – Дзевяноста адсоткаў.

Я нічога не праглядала і не аналізавала. Проста выскачыла з хаты праз сем хвілін пасля званка і памчала на Грунвальдскую плошчу.

- А калі не – лічы гэта рамантычным вечарам. Калі яшчэ выпадак будзе? – летуценна ўздыхнула яна.

А потым урачыста заявіла, што мае намер пабіць рэкорд Нэсэльродэ* па выслузе гадоў, што заўсёды марыла тут дняваць і начаваць і што ў яе ўжо ёсць практыка спання на канапцы ў архіве.

Да ночы скончыцца і запас спакою, і запас слоў. Але пакуль мы сядзелі на канапе і гутарылі пра працу і хлопцаў. Улада выказала здагадку, што вядомы Трызна мае да яе вядомыя пачуцці -  і найярчэйшым доказам з'яўляюцца слоўныя пікіроўкі. Нядаўна Уладзе давялося рабіць частку яго працы, таму што Арцём быў на бальнічным, а калі выйшаў, то яна адразу ж панеслася да яго з рапартам, каб усё было як след.

- Так, Трызна, пакуль ты хварэў... – пачала яна з парога.

- Пакуль я хварэў, яна адправіла войскі ва Уругвай! – у тэатральным жаху схапіўся за галаву Арцём.

- Не, а што, - падхапіла гульню Улада, - я не права? Гэта ж пытанне бяспекі. Тамака ж талібы. Ой, цьфу, ну гэтыя, тупамарас**.

- Тупамарас – гэта ты! – закрычаў Трызна, выклікаўшы ўсеагульны смех.

- Ды расслабся, заскочым і выскачым, - махнула рукой Улада з выразам твару, як у бландынкі з анекдота.

Я ўсміхнулася. Часам жартачкі ў яе былі на грані фолу, а паралелі паміж, кхм-кхм, Афганістанам у нас і Афганістанам тут мяне асабіста напружвалі. А калі яна расказала пра намёк на Станіслава Панятоўскага, я ўпікнула яе, што гэта было груба і нават жорстка. Яна парыравала, што са сваімі залётнікамі я абыходжуся зусім жудасна, проста як адзін тутэйшы таварыш.

- Не крыўдуй, гэта параўнанне не ахці, але ў нейкім сэнсе ты чыста Вышынскі, - прагаварыла Улада.

Апошнім часам я вырашыла пабыць «нармальнай дзяўчынай» і «строіць адносіны». Займацца гэтым было ўсё адно, што мыць золата. Я вырашыла не паўтараць Уладзіных і ўласных памылак і пільнавалася правіла: «трэба ўмець загортваць нудную кнігу і сыходзіць ад непатрэбных людзей». Пры гэтым мне было далёка да ліберальнага Арынінага падыходу: «хуценька кансумуем, а там - разбярэмся». Не, я з тых, хто адносіны менавіта “строіць” альбо “будуе”. Як палац, як храм. Як мой генерал – Паўднёвую магістраль. Але вось бяда, усе праекты глухлі яшчэ на стадыі ацэнкі, і я вырашала, што «яно мне не трэба». У выніку хлопцаў я трымала на адлегласці і нічога ім не дазваляла, але мяняла іх як пальчаткі. Гэта ператварылася ў цынічную гульню. Я была халодная, грубая і з’едлівая: людскасці «не ганаравала». Ніхто ў мяне не абуджаў не тое, што дабрыні, а жаданні не быць сволаччу і прытрымлівацца прыстойнасці.

І, дзіўная ж справа, Вышынскі ў звязку з гэтым выклікаў у мяне змяшаныя пачуцці. Ён быў ворагам. Безумоўным, страшным – але я яго шмат у чым разумела. У яго д'ябальскім славалюбстве, напышлівасць і ў свядомай дэманстрацыі гідкага характару перад тымі, хто не можа адказаць. Як гэта ўсё жыццёва! Знойдучы ў іншага тую ж загану, што ў сябе, нярэдка прасякаешся спагадай. Толькі б яна не зайшла занадта далёка. Хоць мне нават яго твар на фатаграфіях здаваўся сімпатычным. Не, ну збачэнства нейкае.

Але і тут я не стрымалася і на Уладзіну заўвагу прамармытала:

- Гэта не абраза. Наогул Вышынскі, ён нічо-ога...

Тут яна ўся пацямнела, нібы хмара:

- Ведаеш, глядзі, як бы я цябе на дуэль не выклікала. За адзін твой язык. Калі нехта лезе да майго любага чалавека, ён атрымлівае ад мяне. А сябар майго ворага...

Я стушавалася і папрасіла ў яе прабачэння. Напэўна, пачынала адбівацца нервовасць.

Мы ўжо найграліся ў дзетак, якія засталіся адны дома. Мы сабралі лішнія штучкі, Улада запхнула планшэт у торбу, я дастала свой «глок» і праверыла засцерагальнік.

- Не хацелася б заляпаць кабінет нечай крывянкай.

- Не факт, што заляпаем. Ды калі нават і так? Разрадка настае не толькі ў выніку перамоў, але і ў выніку стрэлаў.
________________________________________
*Нэсэльродэ Карл Васільевіч (1780-1862) - граф, расійскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат. Пабіў усе рэкорды знаходжання на пасадзе міністра замежных спраў, займаючы яе на працягу 40 гадоў (а ўсяго знаходзіўся на расійскай дыпламатычнай службе на працягу 55 гадоў - з 1801 па 1856 год). У значнай ступені гэта тлумачылася тым, што не маючы ўласнай лініі ў знешняй палітыцы, Нэсэльродэ быў выдатным правадніком ідэй манархаў, за што яго часам з усмешкай называлі "Кисель-вроде".

**Тупамарас ці Рух нацыянальнага вызвалення (ісп. Tupamaros, Movimiento de Liberacion Nacional) — леварадыкальная ўругвайская арганізацыя, якая першай у свеце распачала ў 1960-х-1970-х гг. ужываць тактыку гарадской герыльі.