6. Высокiя стаукi

Янина Пинчук
Уменне ўтойваць - навука каралёў. (Кардынал Рышэлье)

Як захаваць мір - гэта вайсковая тайна. (Жарка Петан)
________________________________________________________

Улада сумнявалася, што з яе выйдзе добры прэс-сакратар. На гэтай пасадзе патрабуецца ж знаходлівасць – а як інакш унікнуць няёмкасцяў у стылі Джэн Псакі? Зрэшты, практыка паказвала, што многае вырашаецца па-іншаму: стараннай падрыхтоўкай, раз; пісьменнай падачай, два; спакоем, тры.

Над апошнім нядрэнна б папрацаваць, хоць з боку здавалася, што гэта ёй не патрэбна. Уладзе падабалася у час медытацый атаясамліваць сябе з родным Сожам, чые воды празрыста-чыстыя і з выгляду спакойныя, але насамрэч не спыняюць сваё магутнае, імклівае цячэнне ні на секунду. Яна навучылася захоўваць раўнавагу і рухацца наперад, пакідаючы ззаду непатрэбныя пакуты – хай нават пра некаторыя з іх яна не-не, дый узгадвала з настальгіяй. Да таго ж, з усёй плеяды дыпламатаў, чые імёны раз-пораз гучалі на парах па гісторыі міжнародных адносін, яна ўжо выбрала ўлюбёны вобраз і паціху «адпрацоўвала стыль»...

Зараз жа Улада сядзела ў трамваі нумар адзін, выняўшы нататнік, і ўпарта рысавала ў ім дзіўныя знакі.

Дзіўна, але ёй дагэтуль не атрымалася знайсці замоў і рунічных ставоў для вузканакіраванага задання: заспакаення нерваў перад  выступамі, спаборніцтвамі, кантрольнымі. Усё, што яна знаходзіла, напамінала біядабаўкі: «павялічвае агульны тонус», «куча карысных рэчываў» - і тут таксама: гарманізуе аўру, выводзіць негатыў, і таму падобнае, і будзе вам шчасце. А ёй трэба было штосьці простае і эфектыўнае, як таблетка анальгіну. Каб глушыла нервовасць, але не тармазіла рэакцыі.

Міністр дзіўным чынам абыходзіўся без гэтага, а яна эксперыментавала – праўда, пакуль што яе спробы не завершыліся поспехам. Альбо эфект кароткачасовы, альбо апатыя, альбо зусім не працуе. Творчасць і эксперыменты – цяжкі працэс.

Манназ – чалавек. Па баках два Ансуза для сувязі з вышэйшымі сіламі, яснасці і натхнення – па баках замкнуць Ісай для ледзянога спакою. Але раптам менавіта гэта замарозіць рэакцыю? Можа, памяняць Ісы і Ансузы месцамі? Не, паспрабуем зліць разам: у сярэдзіну Манназа – ледзяны стрыжань, справа прымацуем Беркану для бяспечнага эфекту, рысачка ў верхнім трохкутніку – той жа Ансуз для яснай думкі. Здаецца, нядрэнна.

Голас над галавой прымусіў перасмыкнуцца:

- Прывітанне!

Яна машынальна загарнула нататнік і ўстала.

- Ой, прывітанне, як нечакана.

- Спалохала? – расплылася ва ўсмешцы Магда. – Прабач, я так падкралася, а ты там так засяродзілася. Не злуеш? – Яна працягвала ўсміхацца.

Улада стрымана ўсміхнулася ў адказ:

- Ну што ты. Я не злую. Я менавіта засяроджваюся.

- Ты б сядзела... – выбачлівым тонам мармытнула Магда.

- Не-не, я на наступным сыходжу. Добра, што ты ўвагу прыцягнула, а то б я праехала, давялося б вяртацца! – штучна праззяла Улада.

- А што гэта ў цябе, калі не сакрэт?

- Нічога сакрэтнага, шведская мова, - бесклапотна адгукнулася дзяўчына і разгарнула нататнік на папярэдняй старонцы. Яна была спісана доўгімі словамі з умляўтамі.

- О, шаную. І як поспехі?

- Змагаюся, - усміхнулася Улада.

- Поспехаў ў бітве, - какетліва пажадала Магда, адкідаючы з твару бялявую пасмачку.

- Дзякуй, - павольна прагаварыў «цёмны дварэцкі».

Яны разам саскочылі з падножкі і пакрочылі побач міма царкоўнай агароджы, міма кветкавай крамкі, перакідаючыся слоўцамі, як неразлучныя сяброўкі.

- Цікава, мы ўпершыню сустрэліся ў горадзе.

- Ну так, а то ўсё на працы ды на працы. А нефармальныя адносіны таксама варта б усталяваць, а? Ну яго, гэты афіцыёз. Трэба ж і напружанасць неяк рассейваць, - прамовіла Улада. Магда прыжмурылася, а Улада, крактануўшы, павяла плячамі: вунь якія скамянелыя. Зрэшты, і Магда прыжмурылася толькі таму, што парывам ветру ёй валасы ў вока забіліся.

- Ну, тут басейн – самае тое, - працягнула яна.

- Рэлаксацыя, - падтакнула Улада.

- Ці наадварот – экстрым, - жорстка адрэзала Магда. – Скокнуць з парашутам ці з моста на рызінцы. Рассекчы гордзіеў вузел.

- Ды ну? Я аддаю перавагу больш... хм, «цывілізаваным» метадам здымання стрэсу, - нацягнута ўсміхнулася Улада.

- Затое радыкальна. Усе нашы бядоты ад нерваў, а тут выбух эмоцый – раз, і ўсё! І ўвесь негатыў сыходзіць, – захоплена выклікнула Магда.

- Магчыма, - асцярожна заўважыла Улада. – Але я да такога не гатовая.

- А я – гатовая.

- Але ў нас цяпер іншыя заданні. Паседжанне АБСЕ ў Гётэборгу – для нас абедзвюх той яшчэ экстрым.

- О так. Менавіта, - адгукнулася Магда. – І тамсама тэмы вельмі вострыя – хоць бы праблема Галічыны. Вось падумай, колькі мне перакладаць давядзецца! А Андрэй Януар’евіч такі прыдзірлівы бывае. Я баюся! – тэатральна-жаласным тонам дадала яна.

- Ды яго ўсё баяцца, - чмыхнула Улада. – А мне як выступаць…

- Ну, насамрэч мала каму баяцца варта, не такі ён страшны, - шматзначна прамовіла Магда. – Гэтак жа, як страшыцца гэтых брыфінгаў – не трэба. Усё будзе добра.

- Ну, дзякуй. Будзем спадзявацца.

- О не, не спадзявацца – верыць! Табе куды цяпер? Мне ў двары, у мяне там сястра жыве.

Магда махнула рукой кудысьці паміж гмахамі, дзе ў вянку з сучасных дамоў захаваўся некрануты кавалак даўнейшага прадмесця.

- А мне – у кнігарню.

Яны зноў абмяняліся ўсмешкамі і развіталіся. Улада пабадзялася ў кнігарні паміж паліцамі, бяздумна перагартала з пяток гістарычных выданняў і выйшла з іншага ўваходу. На вуліцы дастала люстэрка, прыгладзіла валасы. Хваста за ёй, здаецца, не было.

Ці выпадкова гэтая Магда апынулася ў тым жа трамваі? Ці магла яна зразумець, што Улада едзе да міністра? У кожным разе, слушна яна зрабіла, што выйшла на прыпынак раней. Зараз давядзецца прайсці пешкі. Нічога, вунь ужо выглядваюць з-за дахаў вежкі касцёла.

Гутарка атрымалася бязглуздай і прыкрай, як заўсёды паміж кабетамі-ворагамі. Намёкі на яе засяроджанасць, вайсковыя метафары, потым з яе боку гэтая бездапаможная рэмарка пра напружанасць, нефармальныя адносіны і рэлаксацыю – на што Магда адказала «экстрымам» і «рассяканнем вузла». А калі Улада заікнулася пра «цывілізаванасць», у адказ быў «выбух эмоцый» (вельмі прыемная перспектыва!). Усе гэтыя эківокі наконт таго, хто на што гатовы, хто каго баіцца. Маразм нейкі. А можа, у яе зноў манія пераследу? Хоць жа не можа яна сцвярджаць, што яна не вырабляла свае слоўцы і не падладжвала інтанацыі, як Магда. Ізноў гэтыя бабскія штучкі. Хутчэй бы ўжо рэальна нешта здарылася. Нават крызіс.

Мяркуючы па ўсім, нешта павінна было адбыцца, і у хуткім часе, хоць бы ў звязку з гэтым паседжаннем – толькі вось пытанне: чарговы ўдар або вырашальны?

Міністр выглядаў стомленым, але ўсё ж не такім выматаным, як у мінулы раз. На пытанне пра сненні адказаў, што яны страцілі рэалістычнасць і праз пару дзён сышлі на нішто.

Улада расказала пра выпадковую сустрэчу і падзялілася зместам гутаркі ва ўсіх падрабязнасцях, яшчэ і скептычна каментуючы кожную рэпліку. Яна заўважыла, што міністр быццам бы разглядае яе: з ног да галавы, але неяк наскрозь, рассеяна.

- А ў вас дадалося жаноцкага, - заўважыў ён.

- Ну, дзякуй, канешне, - разгублена адгукнулася Улада. А на ёй сапраўды была элегантная сукенка ў французскім стылі і нітка жэмчугу на шыі.

- Я не пра тое, - сказаў міністр, - вы чытаеце паміж радкоў і бачыце прыхаваныя сэнсы. Я сур'ёзна. Альбо знарок - і тады гэта нахабства і выклік, - альбо выпадкова, але панна Магда сказала больш, чым можна пачуць з боку. Мы ведаем, што ёсць небяспечны чалавек і што ён знаходзіцца блізка, і ў мяне ўжо ёсць здагадкі. Нават горш: тое, што чыніцца асабіста з намі – верхавіна айсберга. Баюся, тут замяшана і ўнутраная палітыка. Гэта папахвае змовай і дэстабілізацыяй становішча. Унутраны вораг не толькі ў нас, гэты панятак маштабны. Вы казалі пра непрыемны выпадак са сваёй сяброўкай-курсантам – давядзецца прызнаць, што такая абвостраная пільнасць – апраўдана, і такія перагіны... нядобрыя, але вытлумачальныя.

Сэрца сціснулася: міністр закрануў небяспечную, далікатную тэму.

- А мне прыйшло да галавы, што гэта падстроена, - запярэчыла Улада. – І што гэта нас спрабуюць выставіць крамольнікамі.

Пры ўсёй сваёй лагоднасці і жыццярадаснасці князь Вацлаў любіў часам закруціць гайкі. І калі Вышынскі зараз бывае пры двары і займеў такі ўплыў, значыць, ён прыкідаецца змагаром за дзяржбяспеку, а іх з міністрам здатны прадставіць ворагамі народа, калі што. Нягледзячы на тое, якая яго сапраўдная пазіцыя ў гульні. Калі прыняць цвёрдую ўмову, што змова існуе.

Але, чорт, ізноў гэта слізкая тэма, і без яе ж няма і гутаркі... Ад прыкрасці Улада моўчкі сціснула кулакі і ўпілася пазногцямі ў далоні.

- Мне самому прыходзіла да галавы такая думка, - змрочна пагадзіўся міністр. – І пры гэтым...

- А вы дазволіце? – прамовіла яна з націскам. – Калі ласка, мне вельмі патрэбна вам сказаць! Не забывайце, што я нетутэйшая – я сёе-тое ведаю.

Ён маўчаў. Слухаў.

Далоні непрыемна змакрэлі. Улада асцярожна загаварыла:

- Вы не крыўдзіцеся, але я буду казаць усё без разбору.

- І кажыце.

- І добра. Апошні час такое пачуццё, што вас пад руку пхаюць. Заміж вас – злы геній. Заміж вашай рукі – рука двайніка.

- Мне нядаўна князь сказаў, што мяне нібы падмянілі, – нявесела адгукнуўся міністр. – І не так ужо яму бракуе рацыі. Калі дагэтуль не падмянілі – то хутка гэта зробяць. Ведаеце, што больш за ўсё прыгнятае? Заўсёды ёсць некалькі варыянтаў развіцця падзей. У мяне такое адчуванне, што апошні час з усіх з іх вечна выходзіць найгоршы. Усё гэта было б смешна, калі б не было так сумна. І калі б адбывалася з кім-небудзь іншым, - сарданічна заўважыў міністр.

- А вы хоць ведаеце, кім падменяць?

- І кім жа?

- Ды Вышынскім жа! – зло выплюнула Улада. – Гэта ён ваш двайнік!

- Я і на яго думаю, - пасля паўзы адгукнуўся міністр. – Мяне крытыкуюць за непрымірымасць. А я рэаліст, і цярпець не магу ўсіх аднолькава. – Яго тон не змяняўся, і было незразумела, горка жартуе ён ці кажа сур'езна. – Калі хтосьці мае магчымасць узмацніць свае пазіцыі, ён будзе змагацца за іх узмацненне. Іншае пытанне – якім чынам. Таму я і схіляюся, што наш супернік бярэ ўдзел у больш маштабнай гульні.

- Я вам давяду, што кажу праўду, - ціха сказала Улада. – Як шмат вы помніце пра сваё мінулае жыццё?

Адказам было маўчанне. Чулася толькі ціканне гадзінніка.

- Вось мой шчыры адказ: я помню, што займаў аналагічную пасаду ва ўрадзе адной магутнай дзяржавы. Там быщ даволі ненатуральны эканамічны і палітычны лад. Зрэшты, тады ён мне такім не здавалася. Я служыў верай і праўдай. Верыў у тое, што раблю, хоць і захоўваў разважнасць. Ну, я шмат што тады ўспрымаў па-іншаму. Ды гэта ж і натуральна пры перараджэннях, як вы лічыце?

Яго інтанацыі гучалі адцягнена і спакойна. Ужо занадта бесклапотна ён пра гэта казаў. Гэта нават раздражняла. Улада панура перапытала:

- І гэта ўсё?

- А што вы яшчэ хочаце пачуць?

- Паверце ўжо, нічога новага вы мне не скажаце, - заявіла яна. - І ў сфінкса са мной не пагуляеце – таму што я ведаю ўсё пра ваша жыццё.

- Так ужо проста і ўсё? – мякка ўсміхнуўся міністр.

Прызнацца, гэта яе абяззброіла. Хоць яна ачулася праз секунду:

- Досыць. Я ведаю пра нашага ворага.

Ад хвалявання яе голас стаў, наадварот, манатонней. І яна з лектарскай інтанацыяй расказала яму ўсё, што ведала пра Вышынскага, пра тое, што чынілася тады ў Савецкім Саюзе і МЗС. Падчас яе аповеда было заўважна, як думкі ў міністра праясняюцца – а твар змрачнее.

- Вы можаце лічыць, што я накшталт тых спірытаў, што прыкідаюцца спецыялістамі. Але вы б не ўзялі мяне ў вучаніцы, калі б так было. Проста скажыце, вы мне верыце?

Павісла новая паўза.

- Я вам веру, - змрочна адказаў міністр. – Мазаіка паступова складаецца. Вам жа вядома, што маім першым немесникам павінен быў стаць не Вышынскі, а Сапега.

Вядома, Улада ўсё ведала і сама ўжо пачынала здагадвацца. Нашчадкаў вялікага канцлера  бударажыла яго слава*, і ўявіць МЗС без Сапегаў ужо стала складана. Дыпламаты з іх атрымліваліся і выбітныя, і сярэдненькія, як пашанцуе – але князь Кастусь быў “удалым” нашчадкам, сапраўдным самародкам. Міністр меў на яго вялікі разлік. Яго кандыдатура ў якасці першага намесніка здавалася ідэальнай. І вось перад самым прызначэннем бедны князь трапіў у аўтакатастрофу – нібы жарт злога рока.

- Я ведаю ўсю гэту злавесную гісторыю, - кіўнула Улада. – Вядома, уражанне было цяжкае. Для ўсіх гэта быў шок – але ніхто б і падумаць не мог пра нейкія... “забабоны”.

- А то ж бо. “Забабоны”, тонкія матэрыі... Ведаеце, няпроста вас было слухаць, - з цяжкай інтанацыяй прамовіў міністр. - Вы быццам улезлі мне ў галаву, усе мае сны і ўяўленні адкапалі, прапаласкалі і паразвешвалі перад мною на вяроўцы.

- Мне лепш ніколі пра гэта не казаць? Я баялася, - ціха прагаварыла Улада.

- Ды не трэба баяцца, - запярэчыў міністр. – Проста вось у чым справа: некаторыя двойчы народжаныя робяцца апанаваныя праблемай памяці. Яны гатовы ўсе аддаць, каб адшмаргнуць заслону. Яны самі не заўважаюць, што імкнуцца жыць сваім мінулым жыццём, а гэта, прабачце за каламбур, горай за смерць. Некаторыя чараўнікі так вар’яцелі. Хто проста ад маніі, а нехта - ад таго, што ўбачыў, - паціснуў плячамі міністр. – Хіба мне гэта трэба? У практычных мэтах і інтуітыўных вобразаў досыць. А зараз слухайце сюды. Дзеяць трэба хутка. Паслязаўтра мы вылятаем у Гётэборг. На парадку дня галоўнае пытанне – з «першага кошыка». Галічына.

...Галічына была галаўным болем для Ўсходняй Еўропы ўжо на працягу паўстагоддзя. Гэта тэрыторыя пераходзіла з рук у рукі, як Эльзас і Латарынгія, і напераменку належала то Каралеўству Польскаму, то Вялікаму княству Літоўскаму. Але жылі там не палякі і не літвіны – не ўлічваючы, вядома, «тых, што панаехалі». Галіцкія русіны былі ваяўнічым і лютым народам, які размаўляў на мове, практычна тоеснай кіеўскай русінскай. Па культуры яны таксама былі падобныя да паўднёўцаў-русінаў ВКЛ, але шмат што ў іх было ўнікальным: і традыцыі, і абрады, і творчасць. Хоць польскі і літвінскі ўплывы ўпляталіся ў іх культуру ў якасці дадаткаў, але не разводзілі яе, а нібы адначасна ўносілі свежасць і ярчэй высвятлялі тое незвычайнае, што ўжо існавала. Пасля Вялікай Вайны з Германскім Рэйхам гэтая тэрыторыя адышла да ВКЛ, але гадоў праз пяць ізноў перайшла да Польшчы (яе легкадумна «падарыў» тагачасны князь Віктар-Жыгімонт, які да эпатажу меў большы талент, чым да палітыкі, завошта ў выніку і паплаціўся тронам). Польшча прынялася за асваенне новых земляў вельмі заўзята і аўтарытарна – так, што нецярпімыя галічане збунтаваліся. Іх паўстанне было задушана, але з тых часоў там увесь час тлелі вуглі мяцяжу, як у Паўночнай Ірландыі.

Сітуацыя была настолькі сур'ёзная, што Галічынай занялася Рада па апецы Лігі Нацый і прысвоіла гэтай тэрыторыі адменны статус, так што яна знаходзілася зараз пад падвойнай юрысдыкцыяй: з аднаго боку Каралеўства Польскае, з іншага боку – Ліга Нацый. У прынцыпе, варыянтаў вырашэння існавала тры: апроч уваходжання ў склад нейкай з дзяржаў быў варыянт усталявання суверэнітэту. У апошнія гады сярод галіцкіх нацыяналістаў пераважалі два рухі: «сепаратысты», якія выступалі за стварэнне незалежнай дзяржавы, і «ўніяты», якія лічылі за лепшае далучыцца да роднасных ім паўднёўцам у складзе ВКЛ, найлепш – на ўмовах аўтаноміі.

Іх прыцягвала рэпутацыя Княства як адносна талерантнай дзяржавы. Трэба прызнацца, яно і сапраўды нядрэнна манеўравала ў сферы адносін да народнасцяў. Яно надавала кожнаму грамадзяніну перакананне: «сіла – у адзінстве» - але не трактавала яго як уніфікацыю і дазваляла этнасам захоўваць іх ідэнтычнасць. Зазвычай, прадстаўнік кожнага народа ВКЛ з маленства валодаў дзвюма мовамі: этнічнай і дзяржаўнай.

У апошнія чатыры гады сімпатыі сярод галіцкіх русінаў сталі схіляцца да «ўніятаў», і палякі захваляваліся. Напружанасць пачала ўзрастаць. Абодва міністры замежных спраў прыйшлі да пагаднення, што самае цвярозае рашэнне – звярнуцца ў Пастаянную палату трацейскага суда ў Гаазе. Два гады назад справа паступіла да разгляду. Хутка павінна было стаць вядомым рашэнне па дадзенай міжнароднай спрэчцы. На пасяджэнні АБСЕ планавалася абмеркаваць меры па стабілізацыі ў кантэксце розных сцэнараў развіцця сітуацыі.

Але Каралеўства Польскае не жадала так лёгка расставацца з тэрыторыямі – цыркулявала інфармацыя, паводле якой польскае войска мела дакладна распрацаваныя планы інтэрвенцыі ў Галічыну. Асабліва – у выпадку правакацыі. Што мелася на ўвазе пад «правакацыяй», не ўдакладнялася, і ў самай расплывістасці паняцця ўжо ўтойвалася нешта гніласнае. Абедзве дзяржавы імкнуліся ўчапіцца за гэтыя землі ўсімі праўдамі і няпраўдамі. Хадзілі нават чуткі, што шаноўны, найінтэлігентны Машэра, кіраўнік Нацыянальнай літоўскай партыі, у маладосці пачынаў сваю кар'еру як прафесійны баламут – агітатар і камандзір тайнага пралітоўскага апалчэння ў Галічыне, і што яго дасканалы матэматычны розум быў прыстасаваны не толькі для выкладання, але і для планавання дыверсій. Вядома, гэта была інфармацыя непацверджаная і засакрэчаная, але рамантычнага флёру вакол папулярнага дзеяча дадавала яшчэ больш.

Некаторыя чакалі арбітражнага рашэння з Гаагі як знака Боскага. Але скептыкі разумелі, што ў выпадку спрыяльнага для ВКЛ вердыкта боязі не ліквідаваліся: варта было ўзгадаць выпадак Чылі і Аргенціны, спрэчку з-за выспаў у праліве Бігля. Нават аўтарытэт міжнароднага права не суцішыў жару аргенцінскага нацыяналізму, і Чылі давялося перажыць шэсць гадоў перамоў, каб не дапусціць ні дня вайны. Пра гэты выпадак гутарылі вечарамі сын міністра Анатоль, які быў паважаным прафесарам-лаціністам, і заўзятая «чылійка» Стамброўская.

Горш за ўсё, што ў ВКЛ таксама існавалі і вайсковыя планы па захопе Галічыны, і знешнепалітычная праграма на выпадак захопу.

Тут уступалі ў гульню падвойныя стандарты. «Я ведаю, што ты ведаеш», я ведаю, што ў цябе ёсць  - але справа ў агалосцы. А раз галоўнай тэмай пасяджэння АБСЕ была Галічына, то і магчымая дыверсія была злучана з ёю. Агалоска планаў Княства магла б выклікаць міжнародны скандал, пра наступствы якога не хацелася нават думаць.

Дакументы, злучаныя з адыёзнай тэмай, захоўваліся ў міністэрстве замежных спраў, а менавіта ў асабістым сейфе ў кабінеце міністра. Аднак нават наймацнейшы сейф не выстаіць супраць разрыў-травы. А ахоўныя і загараджальныя чары таксама можна зняць пры жаданні.

- Адшукайце Стамброўскую. Жыва, - загадаў міністр. – Адпраўляйцеся ў міністэрства. Баюся, вам давядзецца там заначаваць.

- Клас! – выклікнула Улада.

- Тры дні таму я размаўляў з Балаховічам і Ясінскім, - працягваў міністр, праігнараваўшы вокліч. - Яны прышлюць сваіх людзей і будуць трымаць перыметр, - цвёрда працягваў ён. – Я ўгаварыў і міністра абароны, і міністра ўнутраных спраў, хоць і давялося ладна выкласціся. Але ворага мы павінны схапіць за руку, няхай гэта будзе Андрэй Януар’евіч альбо хто іншы. Я яшчэ не ў курсе падрабязнасцяў іхняй бруднай змовы. Але ўпэўнены, яны казычуць нервы і ўзрушаюць уяўленне. Калі што – мастацкія дэталі мы з іх выб'ем.

Ён выражаўся зусім не ўласцівай яму мовай. Хваравіта бледны, бязлітасны твар узмацняў уражанне.

- Ведаеце, будзьце там хоць бы а восьмай, а палове на дзевятую. Апраніце штосьці зручнае. І ведайце – я вас не кіну. Мяне ўсё гэта дастала...

З яго вуснаў гэта гучала небяспечна. Улада хмыкнула. Але міністр прамовіў сёе-тое, што прымусіла яе схаладнець:

- Улада, нашы адносіны робяцца занадта сур'ёзнымі. Я вам вось што скажу: мой допельгангер – не толькі Вышынскі. Вы. Будзьце вы маім двайніком. Будзьце захавальнікам маёй памяці, раз ужо допельгангер – фігура такая злавесная.

Ва Улады загарэўся ў вачах зухаваты агеньчык, а на губах з'явілася крываватая ўсмешка:

- І я магу карыстацца правам выказваць вам свае меркаванні? – Яна не адважылася сказаць «парады».

- Чаму б і не, - прамовіў міністр.

- Тады я вам адну разумную рэч скажу, толькі вы не крыўдуйце. Калі на трон будзе прэтэндаваць чалавек з прозвішчам Панятоўскі**, а вы вырашыце прасоўваць гэту кандыдатуру – ідзіце і суньце галаву пад кран з халоднай вадой. Ён разваліць усю дзяржаву, а вам пасля гэтага жыць не захочацца. Ну, у мяне ўсё. Я пайшла.

- Ідзіце ўжо, - хмыкнуў міністр і сам зачыніў за ёй дзверы.

Яна паспешліва пракрочыла міма касцёла і перахрысцілася. Яе думкі былі заняты хуткай сутычкай. Кальнула, было, сумленне за дзёрзкасць і двухсэнсоўныя намёкі – але ёй ужо занадта авалодаў баявы настрой, у якім замінаюцца злосць і змрочная весялосць.


________________________________
* Леў Іванавіч Сапега (1557-1633) — дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага княства Літоўскага, дыпламат і палітычны мысліцель. Леў Сапега ўзначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы трэцяга Статута Вялікага княства Літоўскага (зацверджаны 28 студзеня 1588 года), які быў выдадзены на беларускай мове і лічыўся на працягу многіх гадоў узорам заканадаўства ў Еўропе, дзейнічаў 252 гады і быў скасаваны толькі ў 1840 годзе пры Мікалаю I. У сваёй палітыцы Леў Сапега бараніў суверэнітэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай, няўхільна прытрымліваўся 12-а артыкула 3-га падзелу Статута 1588 года, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і пасады у ВКЛ. Леў Сапега быў адным з самых багатых магнатаў, валодаў  шматлікімі маёнткамі і староствамі. Спрыяў развіццю беларускага друкарства. У сваёй рэзідэнцыі ў Ружанах сабраў багатую бібліятэку.

**Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732 – 1798) - апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі. Ягонае панаванне - гэта перыяд палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай, спробы рэформаў і ўмацавання дзяржаўнага ладу краіны, інтэрвенцыі Расіі і яе саюзніка Прусіі. Суседнія манархіі - Расія, Прусія і Аўстрыя - дзялілі тэрыторыю дзяржавы (падзелы 1772, 1793 і 1795 гг.), а патрыятычныя сілы ў Польшчы, Літве і Беларусі на чале з Тадэвушам Касцюшкам узняліся на ўзброенае паўстанне ў 1794 г., каб ратаваць незалежнасць радзімы. Скончылася панаванне Станіслава Аўгуста ў 1795 г. ліквідацыяй Рэчы Паспалітай. Незалежнасць Польшчы і Беларуска-Літоўскай дзяржавы была скасавана Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй: Беларусь і амаль уся Літва далучаны да Расійскай імперыі, а Польшча падзелена паміж Прусіяй і Аўстрыяй.