5. Напружанасць

Янина Пинчук
Я оглянулся посмотреть, не оглянулась ли она, чтоб посмотреть, не оглянулся ли я. (Максім Леанідаў, «Дзяўчынка-здань»)

Прагніла нешта ў Дацкім каралеўстве. (Ўільям Шэкспір, «Гамлет»)

Неба зацягнула перламутравай сеткай хмарных штрыхоў. На фоне разведзенага ўльтрамарыну чырванелі старасвецкай цэглай зубчастыя сцены. Вайсковая акадэмія размяшчалася ў замку каля Балотнага завулка. Яе не спяшаліся пераносіць у больш сучасныя будынкі, а сам замак ператвараць у музей. У тым ліку па патрабаванні князя: ён лічыў, што сярэднявечныя байніцы, сцены і вежы пранікаюць ў сэрцы будучых афіцэраў нязменна ўзнёслым духам, які фармуе ў іх не казённае, а самае што ні на ёсць рамантычнае ўспрыманне службы Радзіме. «Не ўздумайце недаацэньваць, - строга казаў ён, - вы проста не разумееце, наколькі важную ролю эмоцыі і асацыяцыі адыгрываюць ў жыцці чалавека! А турыстам і так ёсць што паглядзець».

Ды як бы там ні было, Олі тут падабалася. Выкладчыкі па мовах былі самыя моцныя, людзі захопленыя, таму і яе таленты адзначалі з задавальненнем, дзіваваліся – хіба гэта не магло ўсцешыць? Вунь сёння ажно дзве высокія адзнакі. А прадметы – проста цуд: прыкладам, тэорыя разведкі і контрразведкі.

Яна яшчэ не зусім адаптавалася. Не выбрала, у якім са светаў жыць, у гэтым ці ў звыклым, увогуле часам галава кругам ішла. Але было падсвядомае пачуццё: яе тут шануюць. Не проста кормяць байкамі і строга пытаюць з-за раздутага, міфічнага статусу. У кожнага з тутэйшых выпускнікоў – сваё месца.

Улада паказала ёй гэты дзіўны свет і краіну, поўную аўтарытарнай рамантыкі, у нечым дапамагла, і нават адчувальна. Можа, гэта яе шанец? Оліны вусны кранула ўсмешка: яна не ўхмыльнулася – а менавіта ўсміхнулася проста і чыста.

Ніхто з іх тады не задумваўся пра тое, каб пайсці назусім. Яны спадзяваліся жыць на два светы, як на дзве сям'і. Але рана ці позна даводзіцца рабіць выбар – і несці за яго адказнасць.

Празвінеў званок. Усё заварушыліся, зазбіраліся, абцягвалі форму халоднага шэра-зялёнага колеру. Курсант Вольга Муравская выйшла ў калідор, і тут яе ветліва пазвалі па імені і задалі фармальнае пытанне:

- Можна вас на хвіліначку?

Неўзабаве, спрабуючы схаваць збянтэжанасць, яна села ў чорную машыну, прыпаркаваную ў двары, і на заўтрашніх занятках яе ніхто не бачыў.

Оля пазнаёмілася ў Акадэміі з хлопцам з паэтычным імем Баляслаў, яны раззнаёміліся і панадзіліся «выбірацца ў горад» усё ўчатырох, Мураўская са сваім кавалерам і Улада з Юрасём. У гэту суботу яны збіраліся зноў пайсці ў «Манхэтан» паслухаць аднаго нямецкага спевака з пацешным каціным голасам.

Аднак тэлефон ужо ў які раз выдаваў ветлівае і бясколернае: «Абанент часова недаступны – патэлефануеце пазней». Але тут апарат завібраваў.

- Алё?

У слухаўцы загучаў незнаёмы мужчынскі голас. Ён паінфармаваў, што Вольга Муравская знаходзіцца ў месцах не вельмі аддаленых па падозранні ў антыўрадавай дзейнасці.

Сувязь абарвалася.

Улада схаладнела. Ды што за трызненне? Вядома, кожны грамадзянін Вялікага княства ведаў, што такая сітуацыя тэарэтычна магчымая. Лібералы вельмі любілі папалохаць службай дзяржбяспекі. Але нікога не арыштоўвалі «проста так», за іншадумства – трэба было актыўна агітаваць за звяржэнне манарха, закідаць штаб-кватэру СДБ кактэйлямі Молатава ці яшчэ неяк адрозніцца. Але што Оля ў прынцыпе магла нарабіць? Наўрад ці яна адразу ж уступіла ў нейкую крамольную арганізацыю і здзейсніла там нейкі «подзвіг».

Магчыма, гэта параноя, падумала Улада, гэтак жа, як паніка ў кафэ з-за вельмі падобнай дзяўчыны. Але думкі былі занадта дакучлівыя, каб ад іх адмахнуцца. Што ж, сігнал такі: «Ты – наступная». І калі курсант Вайсковай акадэміі сапраўды мала што мог учыніць на ніве падрыўной дзейнасці, то чалавек, блізкі да вярхоў, хаця б чыста тэхнічна... Кепска. Ох як кепска. Тым больш, падобныя «беспадстаўныя» арышты таксама былі пагалоскай, і якраз у такіх выпадках чалавеку вынікала рыхтавацца да горшага.

Абанент недаступны. Часова. Ці назаўжды?..

Вядома, маючы цесныя зносіны з міністрам, Улада шмат што чула. Прыкладам, хадзілі безупынныя чуткі пра наяўнасць падрыўных арганізацый у вайсковых, палітычных, прафесійных і студэнцкіх колах. Галоўным чынам яны былі леварадыкальнага толку, але неяк слаба верылася, што гэтыя людзі сапраўды імкнуцца да аднаўлення сацыялістычнага ладу. Хутчэй, такія «кружкі» і «групы» выконваюць чыста інструментальную функцыю.

Зрэшты, усё гэта была тэорыя змовы, вынік трывожнасці ў няпростыя часы. Пакуль што пагроза выглядала досыць аморфнай: СДБ працавала добра. Як пераканалася Улада, нават занадта.

Праз тыдзень яны з Юрасём шпацыравалі па Ганзейскай вуліцы. Яна рассякала некалькі цэнтральных кварталаў і славілася крамамі на ўсякі густ і кішэнь. Як ні прымітыўна, але зіхаценне вітрын павінна было адцягнуць ад мітусні думак. Юрась зрабіў стаўку на жаночую псіхалогію і не пралічыўся. Улада заціхла перад крамай з бронзавымі гатычнымі літарамі на шыльдзе:

- Божа, ты толькі паглядзі... ну чаму яна каштуе так дорага... хоць не, гэта ж проста шэдэўр!

Можна было падумаць, што яна ўздыхае аб шыкоўнай сукенцы. Але ж гэта было б памылкай:

- Паглядзі, як зроблены прыклад, як усё падагнана – цацачка. І яшчэ яна трошкі лягчэйшая, чым ранейшая мадэль. Пра ўзмоцненую цэйсаўскую оптыку я наогул маўчу. Адно слова – Германія.

- Пайшлі ўжо, Дыяна-паляўнічая, а то слінкамі захлынешся, – засмяяўся Юрась.

- Не, пачакай, дай палюбавацца, - тэатральна ўздыхнула Улада. – Трэба намякнуць міністру, каб купіў сабе «Шварцвальд». Ці пачараваць, каб Яго Вялікасць падарыў. Хаця апошнім часам у іх адносіны нейкія незразумелыя сталі... Ну нічога, спадзяёмся на лепшае! Тады я дакладна ўламаю, каб мне хоць разок стралянуць далі. Дакрануцца да прыгожага, вось.

Яна балбатала, разглядаючы зіхатлівымі вачамі суседнюю вітрынку з пісталетамі. Юрась глядзеў на яе і цешыўся: нарэшце ў нармальным настроі. Апошнім часам Улада не гыркала і не жалілася. Яна застыгала, моўчкі ўтаропіўшыся ў прастору. Калі яна так «завісала», рабілася ніякавата. З ім яна дзялілася ўсім, але ўзнікала адчуванне, што ў гэтых шэрых вірах, у яе вачах, клубіцца змрок, цяжэйшы за словы.

Менавіта так яны пацямнелі цяпер.

- Юрась, пайшлі адсюль.

Яна штосьці ўбачыла ў шкле.

- Ты што, Вышынскага ўбачыла?

Гэта ўжо была хадзячая назва – заміж «чорта».

Яна не паспела нічога сказаць, Юрась павярнуўся:

- Стой, ды гэта ж Оля і Славік! Ты што, нават не прывітаешся?

- Я табе кажу, не.

Яе тон раптам стаў цягучым, зласлівым, праз зубы. Яна схапіла яго за рукаво і зацягнула ў суседнюю краму.

- Слухай, ды што такое?

Хвіліны з тры яны стаялі ў дзвярэй і крычалі адзін на аднаго шэптам.

- Дык ты ведаў, што Мураўскую выпусцілі?!

- Ведаў. Я з Баляславам ваджуся, на фэйсбуку мы ў сябры дадаліся.

- Як дадаўся, так і выдалішся, - прашыпела Улада. – Я - ўжо, - дадала яна. – І вадзіцца – больш не смей.

Пасля гэтага лютага шэпту павісла паўза.

- Я цябе не пазнаю, - павольна прагаварыў Юрась. - Гэта гадства. Яна ж твая сяброўка. У яе папрасілі выбачэння за лжывыя падозранні, за арышт... Ніякіх наступстваў, яна чыстая. Або ў цябе рэальна сталінская псіхалогія?

Яна змерала яго дзіўным позіркам. Утрапёным. Але гэта была ўсё ж не злосць. Гэта быў жах.

- Юрась, ты ўсё ж – няпужаны ідыёт.

Больш яна нічога не сказала.

Улада падышла да акна, што даставала да падлогі, і з-за галін пальмы вызірнула на вуліцу, быццам раскайваючыся і спрабуючы адшукаць у людскіх плынях два знаёмыя сілуэты. Яна стомленым голасам загаварыла:

- Не мне табе расказваць, ты ведаеш пра прывідаў-двайнікоў. Яны капіююць драбнюткія дэталі аблічча, міміку, жэсты, і найчасцей іх з'яўленне не прадвяшчае нічога добрага. Часцей за ўсё – смерць. Можа, я перанервавалася, проста баюся за Олю. Не хочацца думаць, што штосьці здарылася ці здарыцца. Гэта мог быць морак для правакацыі. Альбо білакацыя – праекцыя ўласнай выявы. Хоць такі прагрэс для Олі нават дзіўны.

- Улада, - мякка сказаў Юрась, - ну ты ж сама сваім словам не верыш. Можна ж адрозніць жывое ад нежывога! Я – адрозніў.

Улада глядзела на вуліцу.

- А што, калі зараз яны сапраўды здані?

Ён не адказаў.

- Юрась, ты вось сказаў пра псіхалогію. А я не крыўджуся. Так і ёсць. І яшчэ я сёе-тое зразумела. Сталінскі пракурор і без Сталіна небяспечны, і мне хацелася б, каб гэта зразумеў ты. Апёкшыся на малацэ, і ваду студзіш.

Больш яны размовы на гэтую тэму не ўсчыналі. Ні калі пляліся па Ганзейскай да аднайменнай станцыі метро, ні калі прыйшлі дахаты. Дый наогул, у прынцыпе.

А Уладзе страшна хацелася пагаварыць пра гэта з міністрам, але яна чырванела ад сораму. Пытанне памяці само па сабе цяжкае, а яна збіралася нагадаць яму пра мноства непрыемных рэчаў з мінулага жыцця, навошта варушыць яшчэ і гэта?

Навошта варушыць непрыемныя ўспаміны, падумаў пан Вышынскі, і з прыкрасцю змахнуў з лацкана мошку. Яны напаўзаюць, як такія дробныя казуркі, і не даюць жыцця. І цалкам здольныя згрызці, калі што.

Слівы ўжо абляталі, і ходнікі былі абсыпаны ружаватым канфеці, але ў Лошыцкім парку ўсё яшчэ было прыбрана і бела. На алеі паказалася высокая сухарлявая фігура ў бэжавым гарнітуры, і набліжалася яна занадта павольна. Вышынскі ў лёгкім раздражненні зірнуў на гадзіннік. Хоць Крысціна і Юстыся яшчэ няхутка скончаць аглядаць маляўнічыя разваліны тутэйшай сядзібы. Але нават калі яны сустрэнуцца з Янушам, што тут дрэннага? Ён іх пазнаёміць. Над ім, бывала, паджартоўвалі, што нават дачку сваю ён назваў Юстынай – вядома, да якой выкшталцонасці мог дадумацца юрыст? А ўсё адно прыгожае імя. І яна сама красуня, уся ў маці, ды яшчэ і кандыдат навук. Ён імі абедзвюма ганарыўся. І нават употай хацеў, каб яны паказаліся на вочы князю Янушу – але, вядома, пасля таго, як будзе скончана гутарка.

Нарэшце бэжавая фігура наблізілася да лавы і, сядаючы, склалася напалам, далучаючыся да фігуры грыфельнага колеру.

У князя Януша Радзівіла быў выгляд свецкага чалавека, выправа адстаўнога афіцэра і такія ж характэрныя вусы – пышныя, шчыльныя, акуратныя. Яны сапраўды ўпрыгожвалі яго выцягнуты твар з прамым носам і крышачку элегічнымі вачыма з павалокай нуды. Яны, аднак, умелі прымаць і загадны выраз. Нездарма ён быў знакамітым фінансістам, сапраўднай акулай.

Уся сцэна глядзелася класічна: быццам нейкі дваранін вырашыў звярнуцца да свайго страпчага за парадай па нейкай далікатнай справе.

- Мне незразумела толькі адно: навошта спачатку псаваць з некім адносіны, каб потым іх метадычна аднаўляць і паўтараць пра поспехі нашай дыпламатыі, упіваючыся гэтым шчасцем?

У голасе Вышынскага загучала грэблівасць.

- Цалкам слушна. І ў тым ліку з гэтай прычыны пазіцыя па Польшчы мне заўсёды здавалася занадта жорсткай, - пакруціў галавой князь Януш. – асабліва ўлічваючы ўсе дружалюбныя дэкларацыі для прэсы. Але ці вам не зразумець, што часам даводзіцца дзеяць па прынцыпе «крок наперад, два крокі назад».

Намміністра цьмяна ўсміхнуўся, штосьці ўзгадаўшы.

- Але ўсё гэта – вялікая рызыка, яснавяльможны князь.

- Хто не рызыкуе... – Радзівіл маляўніча развёў рукамі. Вышынскі зноў іранічна ўсміхнуўся.

- Такім чынам, у вас ужо ёсць чалавек для гэтай працы.

- Ёсць. Хоць многае нам давядзецца, хм, самім... давядзецца накіроўваць у першыя часы.

- Гэта не так дрэнна, - павольна прагаварыў Вышынскі і зняў акуляры. Ён стаў марудліва, задуменна праціраць іх беласнежнай хусткай, вынятай з кішэні. Без акуляраў яго твар выглядаў вельмі нязвыкла, нават здаваўся нейкім безабаронным. Зрэшты, зманлівае ўражанне: намміністра зноў начапіў акуляры і паглядзеў князю ў вочы – дакладней, у пераноссе, як на допыце: гэта адгукнулася непрыемным свербам. Князь нават здзівіўся, як гэта адчувальна.

- Такім чынам, адбудаваць разбуранае, выправіць сітуацыю і пайсці нават далей. Скасаваць штучны падзел і ўзмацніць патэнцыял. Але, каб нікога не палохаць, зрабіць патрэбныя дэкларацыі, здзейсніць ператварэнні і прыняць дакументы. Ну што ж, вы мне задалі задачку, князь, тут шмат чаго давядзецца фабрыкаваць.

- Я бязмерна шаную вас як спецыяліста. І ніхто, апроч вас, не справіцца з пастаўленым заданнем больш элегантна, - прамовіў Радзівіл.

Вышынскі прыжмурыўся: ох, якія мілыя рэчы, нават нечакана. Але тым больш прыемна.

Прыемн, калі цябе шануюць – і баяцца. Нават уплывовыя людзі. Калі ведаюць, які ты спецыяліст і на што здольны. Калі могуць даць табе тое, што ты заслугоўваеш. Калі пры змене ўлады ты ўзлятаеш – а не апынаешся засунутым у кут з нейкім недарэчным суцяшальным прызам у выглядзе пасады пастаяннага прадстаўніка пры ААН – калі ўсё паўтараецца з дакладнасцю да наадварот, і вось у гэтым «наадварот» уся і слодыч, усё і шчасце!

І ў новых магчымасцях таксама асалода. Вядома, раней там, дзе ён жыў, людзі ні ў што падобнае не верылі, а высвятляецца, дарма. Ён позна выявіў свае таленты і позна прайшоў ініцыяцыю, але затое абагнаў усіх тых слабакоў, што выхваляліся тым, якія яны маладыя ды раннія. І яшчэ яму дастаўся вялікі цяжар і вялікі дарунак: памяць. Памяць і сувязь. І ён здолеў ператварыць гэта ў крыніцу невычарпальнай моцы.

- Ведаеце, міласцівы пан Анджэй, мне яшчэ здаецца, што ў нас шмат што не ідэальна, не толькі знешняя палітыка, - мякка заўважыў князь Януш. – Прыкладам, было б добра вырашыць праблему шляхты.

- О, яшчэ як, - жыва адгукнуўся Вышынскі. – Таму што кожны павінен ведаць сваё месца. Хлопу месца на сяле, калі што.

- Згодзен, - скрывіўся князь. – Вунь міністр эканомікі, сялянскую морду за вярсту бачна, хоць і прозвішча падвойнае ўзяў, так што зараз не проста Шышыгін, а Шышыгін-Патоцкі. А ўзяць гэтага Пятра Машэру, што на чале нашай Партыі, тая ж гісторыя.

- Менавіта так. Без каментароў. Але вы ж не прымяншаеце ролю Партыі ў прынцыпе, князь? – строга спытаў Вышынскі, ізноў упёршыся яму паглядам паміж вачэй.

- Н-не, - прагаварыў Радзівіл, - проста лічу, што на чале яе павінен стаяць іншы чалавек...

- А вось гэта разумна. Я падзяляю вашу думку. А калі вярнуцца да тэмы знешняй палітыкі, то нам трэба пераадольваць гэта ўпартае, сялянскае, местачковае мысленне. Вы разумееце, пра што я кажу, - і пра каго.

- О так.

Прыкра, калі тваё месца займае той, хто гэтага не заслугоўвае. І раздражняе цябе яшчэ з мінулых часоў. У нейкім сэнсе гэта напамінае помсту ці адыгрыш – так бы сказалі зласліўцы. Але насамрэч гэта завецца іншым словам – Справядлівасць. Тое, да чаго ён заўсёды ў сваім жыцці імкнуўся – так, што нават увасобіў у імені любай істоты.

«І ўбачыў ён, што гэта добра».

Яны з князем перакінуліся яшчэ парай нязначных фраз, а потым на алеі сапраўды паказаліся ўсмешлівыя Крыся і Юстыся, і мужчыны ўсталі і пайшлі ім насустрач, і адбылося вельмі нават мілае знаёмства, і сонца зусім не пякло ў плечы, затое сімпатычна высвечвала траву.

Пан Вышынскі быў усім задаволены.