4. Тайнае робiцца яуным

Янина Пинчук
Бо няма нічога тайнага, што не зрабілася б яўным, ні запаветнага, што не зрабілася б вядомым і не выявілася б.
(Евангелле ад Марка: гл. 4, ст. 22)
________________________________________________________

Званок заспеў мяне ў краме для творчасці, але я вырашыла, што рамкі мяне пачакаюць. Не цягнуць жа з сабой. Праз паўгадзіны я была ўжо на Праспекце.

- Вось, палюбуйся, – змрочна  прамовіла Улада і кінула перад мной на столік газету з Княства. Яе цяжка было ўявіць у кіёску «Белсаюздруку», але ў кавярні «Стары Менск» яна глядзелася на сваім месцы: паўцёмнае памяшканне, злева ў нішы зборня дзіўных пляшачак і флаконаў, пад шклом на століку паштоўкі пачатку стагоддзя, каменная падлога. Сэрвіс тут быў неназойлівы, а малюсенькія столікі ціснуліся да сцен – газета накрыла стальніцу амаль цалкам, давялося адсунуць кубак. Затое для гутаркі тэт-а-тэт – усё ідэальна. 

Загаловак на першай паласе біў па вачах: «Новыя страты ў Афганістане – каму гэта патрэбна?». Ніжэй драбнейшым шрыфтам было надрукавана: «Вялікае княства Літоўскае вядзе не сваю вайну – так мяркуе шырокая грамадскасць, як паказвае сацапытанне, праведзенае незалежнымі экспертамі Кансультацыйнай калегіі».

- О д’ябал, - працягнула я.

Паралелі паміж светамі і асобамі часам нават весяляць. Прыкладам, калі ў пятліцы ў некага не зорка Героя сацыялістычнай працы, а Ордэн Святога Казіміра. Тады пацешна. У дадзеным выпадку – зусім наадварот.

ВКЛ брала ўдзел у аперацыі «Несакрушальная свабода» супольна з ЗША. Усё гэта рабілася ў надзеі палепшыць адносіны шляхам супрацоўніцтва ў вайсковай сферы і ў вобласці змагання з тэрарызмам. Ну, і, натуральна, паўстаць у лепшым выглядзе ў вачах сусветнай грамадскасці.

У Вышэйшай манархічнай радзе, чальцом якой з'яўляўся міністр, гучалі розныя думкі наконт таго, ці варта ўвязвацца ў гэтую аперацыю. Споры працягваліся датуль, пакуль галасы не падзяліліся амаль пароўну – заставаўся толькі яго голас (а склад Рады заўсёды быў няцотным).

Гэты «ход канём» даўся міністру няпроста, але ў выніку ён прыйшоў-ткі да высновы, што «пацягне» гэтую рызыку. Іншымі словамі, з дапамогай сваіх уменняў зможа звесці страты да мінімуму і паскорыць ход аперацый. Ён перамовіўся і з маршалам Балаховічам: для энергаінфармацыйных уплываў былі вылучаны спецыялісты з Мінабароны. Увогуле гэта была дзіўная саманадзейнасць. Але за два гады страты літоўскага войска сапраўды былі ніжэй, чым у кантынгентаў іншых краін, нягледзячы на раўнацэнны ўдзел у баях, а пастаўленыя замежнапалітычныя мэты, у прынцыпе, дасягаліся, хоць і такім вось адыёзным спосабам. Да нядаўняга часу.

Перадавіца наводзіла на нядобрыя думкі. Канешне, пытанне: наколькі аб'ектыўна адлюстравана думка славутай «грамадскасці»? Але гэта тэма выплыла на паверхню і прыняла вострыя, атрутныя формы – хоць у ВКЛ людзі ставіліся і да войн, і да смяротнага пакарання значна лаяльней (з-за гэтага мы на пару з Масковіяй перыядычна прыводзілі Захад у абурэнне).

Тут варта зрабіць тлумачэнне наконт Кансультацыйнай калегіі: яна сапраўды складалася з незалежных экспертаў розных сфер. Яе роля была спецыфічнай: унутрысістэмная апазіцыя рэжыму, ці «апазіцыя Яго Вялікасці». Чальцам Калегіі дазвалялася бяскарна і адкрыта выказваць сваю думку наконт належнага парадку і распрацоўваць рэкамендацыі для манарха – іншымі словамі, гэты орган прымаў самы актыўны ўдзел у рэфармаванні. Часам, праўда, ён рабіўся прынадай для бязлітасных крытыкаў. Аднак крытыка Кансультацыйнай калегіі прымалася толькі тады, калі была абгрунтаванай і канструктыўнай.

Увогуле, цяпер князь мог бы прапусціць зняволенне Камісіі міма вушэй. Аднак ён  практычна даў санкцыю на агучванне антываенных настрояў. Значыць, ён сам незадаволены сітуацыяй? Значыць, гэта недвухсэнсоўны намёк самі-ведаеце-каму?

- Можа, я і нелагічна разважаю, - паціснула плячамі Улада, - тут за аналізам трэба да маіх аднакласніц.

- А чаму да іх?

- Ды яны вечна пляткарылі і практыкаваліся ў тлумачэнні: хто з кім ходзіць, хто як сябе паводзіць, хто як паглядзеў і што ўсё гэта значыць... Баб’ё, карацей, - пагардліва скрывілася Улада.

- Ды з такога «баб’я» ж дыпламатычныя працаўнікі і камплектуюцца! І вось іх і трэба сцерагчыся.

- Ты маеш на ўвазе, што ў школе мне трэба было не сядзець мовы вучыць, а ў інтрыгах практыкавацца? – з'едліва сказала Улада.

- Не, нешта іншае. Я маю на ўвазе, што такая вось звадлівая дзеўка ў вас у міністэрстве сядзіць. Ды прытым пад бокам.

- Мінскую вытурылі, калі што. За шпіёнства.

- Гэта можа быць і хлопец. І таксама шпіён. Усё гэта моцна папахвае шкодніцтвам.

- Ды мы ўжо сцямілі, - працадзіла Улада. – І гэты гад моцны. Ты ў курсе, што перамовы з Малдавіяй таксама сарваліся?

- Ні фіга сабе.

- Іх гаспадар паддаўся паніцы з-за свайго дурнаватага браткі, які палохаў «нераўнапраўнымі адносінамі» ледзь не ў духу імперыялізму. Ну так, калі нехта большы, нехта меншы, зразумела, будзе нераўнапраўе, - на пальцах тлумачыла Улада, - але яны ж не бананавая рэспубліка, а нармальная моцная краіна, дый мы не такія ўжо бессаромныя. Але горш усяго з гэтымі марскімі базамі і портамі.

- Сакрэтныя пагадненні?

- Яны самыя. Наконт падлодак, перадусім.

- Правал?

- Ну, а ты як думаеш? Раптам высвятляецца, што яны як агню баяцца Масковіі з яе Чарнаморскім флотам. Не, што флот у іх наймацнейшы, ніхто не спрачаецца. І малдаване за такія шуры-муры баяцца па шапцы атрымаць, калі штосьці ўсплыве. Так вось самыя горшыя боязі і апраўдаліся. Інфармацыя які-якая пратачылася.

- Блін... І што маскавіты?

- У іх няма ніякіх выяўных довадаў. Але нехта ім паказальна намякнуў, - саркастычна працягнула Улада. – І таму мы ўсё адно ходзім па краі.

Настрой у мяне сапсаваўся даканцова. Я адсярбнула астылы кавай і працадзіла:

- Злавіць ворага народа, і на вогнішча.

Уладзіны вусны кранула ўсмешка.

- Такім чынам, намякнуць мог той, хто знаходзіцца ў вышэйшых колах. Бяром зверху і паблізу. Намеснікі. Лойка, Агінскі, а каго на месца Мінскай узялі?

- Ды ёсць там адзін таварыш з польскай шляхты. А што, ён польскім шпіёнам быць можа. Тэарэтычна, - паспрабавала пажартаваць Улада.

- Клічуць як?

- Звычайна. Нейкі Андрэй Вышынскі.

- Пачакай... – У мяне ў грудзі прабег халадок, а думка затрапятала парасткам.

- Што?

- Пачакай...

Думка сфармавалася. І я траха не падавілася кавай. І змрочна ўтаропілася на Уладу.

- Ты ідыётка!

- Але чаму?

- Не, вы з міністрам удвух ідыёты, адзін другога лепей! Хоць ён, можа, і не, не вінаваты, усё пазабываў, а вось ты, з нашага свету, ты! Ды ў лыч табе трэба даць, вось што!

Тая глядзела на мяне неўразумела, разгублена прыўзняўшы свае цёмныя італьянскія бровы. Выгляд у яе быў безабаронны. Але шкадаваць яе я не збіралася, і прасіць прабачэння таксама.

- Як вы маглі прагледзець такога ворага?!

- Цішэй, не гарлапань! – спалохана зашыпела Улада.

Я трошкі астыла і вырашыла прамацаць яе аўру. І сэрца сціснулася: ну так і ёсць. Морак. Непраглядны, віртуозна зроблены – блакуе любыя асацыяцыі... Прытым шматслойны, які складаецца, можа, з сотні плёначак, што наносяцца паступова, можа, нават цягам некалькіх месяцаў. Ну не можа чалавек, які ведае гісторыю і ўсё, што злучана з яго апекуном, так схібіць і нічога не ўспомніць!

Спакой, толькі спакой.

- Дай-ка мне свой корцік. І руку.

- І што ты збіраешся рабіць?

- Прымаць меры.

Яна ўздыхнула і паслухмяна палезла ў сумку. Афіцыянтка ніяк не адрэагавала на мяшэчак з рунамі на стале, на тое, як Улада гэтым корцікам раскалупвала цэлафан на новай кніжцы, што купіла сабе ў суцяшэнне – хай і цяпер не зважае. Калі з'явіцца, вядома. Тым больш, я хутка. Пакуль што мне было непрыемна такое рабіць. Але хваляванне прытушыла агіду: я зрабіла некалькі рухаў, рассякаючы Уладзе скуру на далоні: Соўлу, Хагалаз, Соўлу. Яна скрывілася, але змаўчала.

- Добра, што я травы з сабой нашу, - выдыхнула яна. – А ты піначэтаўка.

- Што ёсць, то ёсць, - сціпла прызнала я. – Не заціскай, пакуль сама не спыніцца, гэта благая кроў, атручаная. Я буду формулу чытаць, і ты пра сябе чытай, любую па выпадку. Зараз убачыш, як у мазгах праяснее.

Пакуль мы павольна мармыталі, я назірала за яе тварам. Ён ўсё больш ****неў, рабіўся спачатку ўсё больш разгубленым, а потым – шчыра няшчасным.

- Як я насамрэч магла... – узрушана прашаптала яна.

- Добра, прабач, што абазвала цябе. Ты ж і праўда не здольная была ўспомніць.

Усе людзі падзяляюцца на шэраг катэгорый. Ёсць звычайныя, а ёсць чараўнікі, ці, як кажа эўфемізм, «спецыялісты па энергаінфармацыйных уздзеяннях» (мы коратка, але са значэннем называем сябе проста «спецыялісты»). І сярод чараўнікоў, і сярод людзей ёсць «аднаісныя» і «двойчы народжаныя» (як гаворыцца ў старажытных арыйскіх міфах). У першых «адзінкавая існасць»: іх існаванне ў пэўным свеце (нашым ці Іншым) унікальна. Адно жыццё, вобраз і ніякіх паралеляў ні ў адным са светаў. «Двойчы народжаныя» - гэта людзі, якія прайшлі пасля смерці перараджэнне і ўвасобленыя ў іншым свеце. Пры гэтым часовыя рамкі могуць накладацца, але ж у Іншасвеце і час цячэ па-іншаму... Такіх крыху. Тут выяўляецца праблема памяці: людзі часам урывіста помняць падзеі папярэдняй біяграфіі ў выглядзе сноў, бачанняў, забабонаў. Нехта лепш, а нехта горш. Часам гэта дапамагае, часам замінае. Сярод чараўнікоў сустракаецца значна часцей, чым сярод простых людзей. А яшчэ з ліку чараўнікоў вылучаецца асаблівая катэгорыя «вандроўнікаў» - тых, хто здольны фізічна перасоўвацца паміж светамі.

Міністр быў палескім чараўніком, двойчы народжаным і вандроўнікам. А пра мінулае жыццё, па словах Уладу, помніў, але фрагментарна і як у сне – натуральны для ўсіх ахоўны механізм. Які зараз сыграў злы жарт. Праціўнік, як мы меркавалі, помніў значна з мінулага жыцця значна больш...

Але мы пра нашага міністра ведалі, што гады службы пад пачаткам Вышынскага сталі для яго найгоршымі за ўсю кар'еру, і яна зусім траха не пайшла пад адхон. І ўсё тое ж самае: неспрактыкаванасць у закулісных гульнях, наіўнае меркаванне, што прафесіяналізм вырашае ўсё. Прыязджае чалавек з Амерыкі, а тут, у Маскве, такія чэрці ў віры, што трымайся.

- Вышынскага ён нерэальна вар'яваў, - прагаварыла Улада, падціраючы кроў з рукі сурвэткай. – Нядзіва, што ў Іншасвеце цяпер такія жарсці. Ён, сволач, каму ж яшчэ. Давай збярэмся з думкамі.

- Я магу патлумачыць табе расклад, - сказала я. Мне чамусьці вельмі захацелася гэта зрабіць. – Ера – гэта гісторыя. Плынь падзей мінулага жыцця. Цяпер яны абодва сутыкаюцца з вынікам раней закладзеных заканамернасцяў і праяў. Перавернуты Манназ – сапраўды вораг. Хагалаз - скажам так, радыкальны ход і развязванне усіх гэтых падзей... Неяк так.

Ва Улады нярвова таргануўся левы куток рота.

Мы заказалі яшчэ па каве, каб паслаць далей афіцыянтку, якая пачала-ткі ўжо круціцца побач. Цягам наступных хвілін дваццаці мы абагульнілі і давялі да ладу ўсе нашы факты і гіпотэзы.

У нас быў моцны і падступны чараўнік, які задумаў загубіць міністра, а з ім і Уладу. Яе, найхутчэй, як вучаніцу. Выяўна з мэтай заняць якое вызвалілася месца і такім чынам «вярнуць справядлівасць», а заадно сакавіта і густоўна адпомсціць. Вораг аказаўся хітры і цярплівы, раз дзеяў так тонка, неўпрыкмет і даўгачасна. І менавіта з гэтага вынікае, што ён выношваў планы помсты, а помста, як вядома, страва, якая лепш падаваць халоднай. Чараўнік, без сумневу, цёмны, які чэрпае сілу з вельмі злавесных матэрый.

- О так, прышпільна, калі сатаніст, - ляпнула я, спрабуючы пажартаваць.

- У мяне з'явіліся здагадкі горшыя, – прамовіла Улада.

Як здолеў вызначыць сам міністр, гэта чалавек, які меў справу з жудаснымі рэчамі, але фармальна не заплямлены – вядомая рэч, пракурор: ён нікому асабіста не страляў у патыліцу, не трыбушыў вантробы і не рэзаў глоткі... Але адпраўляў людзей на смерць. Цэлымі партыямі. Чыніў расправы па канвееры.

- У мяне ёсць падозранне, - працягнула Улада, - што ён сілкуецца менавіта гэтай энергіяй смерці. Прынамсі, гэта для яго самая магутная крыніца. Цалкам магчыма, гэта злучана з душамі загубленых ім людзей.

- Думаеш, ён мог іх падпарадкаваць?

- А інакш адкуль у яго такая моц? І мне здаецца, з душамі ён абыходзіцца ўмее. Маю ж наштосьці выкрасці спрабаваў.

- І то праўда. Так-так, нявесела.

- Больш таго, у мяне зараз перакананне, што ён яшчэ і вандроўнік, - слабым голасам сказала Улада.

- Чаму?

- Успомні міжнароднае публічнае права...

Я ўспомніла. І схаладнела. Прозвішча нашага выкладніка было, увогуле, Вышымірскі, але якая розніца – гэта нядбайны камуфляж, што мяжуе са злавесным какецтвам, дый выгляд, звычкі, манера – супадала ўсё. Мне яшчэ тады здалося, што ён ужо занадта характэрны, хоць тады я ў савецкай гісторыі слабей разбіралася, чым зараз.

- Мы ў першы ж дзень даведаліся, што ён з юрфака, што ён быццам злы, але вядзе цікава. Ну, так і апынулася. Такія цікавыя заданні нам даваў – ніколі б не падумала, што мне спадабаецца розныя дамовы і канвенцыі штудзіраваць. Але яго ў нас баяліся і далі мянушку Андрэй Ягуаравіч, - усміхнулася я.

- Табе смешна, блін, а мне не, - прабурчала Улада.

- Мне не смешна.

- Ды ўсё адно. Я ж нарвацца умудрылася. У тым ліку і таму мне зараз гамон. Ён жа запомніў, гад.

- Як цябе собіла?

- Ды вельмі проста. Быў семінар, мяне выклікалі адказваць. Пытанне было цяжкае, адразу не рэкнеш, у двух словах не скажаш. І яму здалося, быццам я павольна адказваю. Зрабіў нейкую зневажальную рэмарку накшталт: «Ну, доўга яшчэ? А то мне нават чуваць, як у вас там з рыпаннем мазгі варочаюцца». Я адгыркнулася, маўляў, як трэба, так і варочаюцца, і калі сам выклікаў, так сядзі і слухай, і не шалей тут. Не, даслоўна так я не выразілася. Ветліва сказала, маўляў, калі вы мяне выклікалі, ды яшчэ па складаным пытанні, то зрабіце ласку даслухаць, неяк так.

- Проста ёсць такія выкладчыкі, якія лічаць, што студэнты – гэта быдла. Нават выдатнікі. Так, а ён што?

- Нічога, зрабіў казіную пысу, але дакончыць даў. Усе нашы за мяне былі. Сядзіць слухае, я кажу – і пад канец разумею, што практычна ідэальна... Мёртвая цішыня настае. Усё разумеюць: тут  пытанне палітычнае. Зменшыць ацэнку за такі адказ – прамы афронт, паставіць справядліва – таксама афронт! - але ўжо сабе. 

- І што ж?

- Нічога мне не сказаў. Потым я Мураўскую папрасіла ў журнал зірнуць, што стаіць. Дзесяць балаў! Ну ўсё, думаю, кранты. Я ж як разважыла? Калі б я дрэнна адказала, паздзекаваўся б з мяне, дый пусціў з Богам, і на экзамене б строга не пытаў. А тут быў змушаны найвышэйшы бал паставіць – хіба не прычына зненавідзець? Гэта ж самалюбства абражанае, сама разумееш.

- Ёсць доля праўды, але як насамрэч было? На экзамене?

- Ведаеш, а вось тут Бог памілаваў. Дапытваў, як гестапавец, але дзявятку заслужаную паставіў. Нават пахваліў, уяўляеш? У прынцыпе, не так ужо кашмарна ўвесь экзамен прайшоў, ацэнкі ў людзей былі прыстойныя. Затое з некаторымі з нашых усё адно пазабаўляўся: заходзіць дзяўчынка, дрыжыць, толькі што зубы не стукаюць, пачынае мямліць, а ён ёй: «Ну прызнайцеся, не вучылі ж!». Тая глядзіць няшчаснымі вачыма і ўсё адно змагаецца, зацята працягвае, потым збіваецца. А Ягуаравіч на яе гэтак, як на мышку паўзадушаную пазірае і кажа: «Калі сумленна прызнаецеся, я вам ацэнку зніжаць не буду». Тая і прызналася: маўляў, так, з першага разу не запомніла, а другі раз прайсціся – на другую палову пытанняў часу не хапіла. А ён ёй бярэ і пяцёрку лепіць. Яна лапоча: «Як?..», а адказ такі: «Тое, што не зніжу, не азначае, што павышу! Я вам спачатку зусім чатыры хацеў ставіць».

- Жэсць...

- Менавіта так. Вышынскі – сука.

Яна прамовіла гэта змрочна, як прысуд. Сабе.

- Трэба нанесці ўдар у адказ. Нягледзячы на тое, што ён нас аслабіў, - прагаварыла Улада. – Але хоць як зараз трэба ісці ва-банк.

Мы дапілі каву, разлічыліся і выйшлі на вуліцу. На тэрасе я павярнулася на званок нечага тэлефона: гэта была мелодыя з фільма «Ва-банк». Якое супадзенне з Уладзіным выразам... Гэтая музыка мне вельмі падабалася. Захацелася паглядзець, што за чалавек паставіў яе ў якасці званка. Гэта апынулася фарбаваная бландыначка прыкладна нашага веку. Я ўсміхнулася сваёй думцы: у яе не толькі твар, але і целасклад можна быў назваць «прыгожанькім»: худзенькае, вытачанае цела і пышны, нібы намаляваны, бюст. Мадэль. Яна абмацала мяне паглядам, падносячы трубку да вуха. Тут я адчула, як Улада ўчапілася мне ў запясце:

- Алеся, пайшлі адсюль. Хутчэй.

На вуліцы яна прашыпела:

- Гэта Магда. Ардынарац Вышынскага.

Я зразумела, што маецца на ўвазе бачаная ў ягоным кабінеце паненка. Улада раптам нагнулася і схапіла штосьці з зямлі. Гэта была сурвэтка, прамочаная крывёй. Улада злосна пхнула яе ў сумачку.

- Ты ўпэўнена? Давай яшчэ раз паглядзім!

На наша шчасце, па Праспекце якраз крочыла група нейкіх турыстаў, што схавала нас ад прысутных за столікамі. Мы ўгледзеліся праз акно. Улада прыжмурылася:

- Паслухай, пэўна што, параноя. Гэта ўсё ж не яна.

Мы завярнуліся і папляліся міма сталінскіх дамоў пад гуд кіпучага аўтамабільнага руху.

- Але як падобна! Хоць я накшталт пірсінг заўважыла – у міністэрстве так не паходзіш. І жэсты. Гэта дзяўчынка тэлефон нармальна трымае, а я бачыла, як гэтая Магда: трыма пальцамі неяк, быццам келіх бярэ. Мяне гэта ўжо злуе.

Я прамаўчала. Калі чалавек у трывозе, яго ўсё раздражняе, ці мне не ведаць. Улада раптам паглядзела на мяне і гучна сказала:

- А ведаеш, што мяне яшчэ вар'юе? Вар'юе, што гэты гад – таксама Андрэй!