3. Таемная пагроза

Янина Пинчук
Толькі своечасова распазнаўшы небяспеку, мы можам спадзявацца даць рады з ёй. (Фрыдрых Аўгуст Фон Хаек)

Чалавек баіцца толькі таго, чаго не ведае; ведамі перамагаецца ўсялякі страх. (Вісарыён Бялінскі)

Поле спрэс пабіта варонкамі, як воспінамі. Над ім навісла цяжкае свінцовае неба, хмары праносяцца паспешліва – ці то неба рухаецца, ці то зямля... Хоць гэта ад галавакружэння.

Дзе-нідзе лопаюцца хмурынкі шрапнэлі, расквітаючы ў запаволенні – дзіўна, што яны яшчэ прыцягваюць увагу... Бухканне артылерыі даносіцца марскім прыбоем ці далёкім громам. Батальён пайшоў наперад.

Усё, паваяваў. Зрэшты, ужо пляваць. Нават на тое, што ён ляжыць проста на сваёй вінтоўцы, і ствол рэжа спіну.

Затое чамусьці непакоіць халодная імжа. Яна ліпне да твару і жудасна цвеліць: дзіка хочацца піць. Ён забіў бы за шклянку вады. Калі б мог забіць. Калі б мог трымаць зброю. Мог бы рухацца...

І ведае ён, што піць няможна. Пры раненнях у жывот гэта немінучая смерць. Але, першае, ніхто не дасць: ніхто не прыйдзе. Другое – ужо «ўсё ўсё адно».

Але свядомасць рассякае выбліскам: не, пачакайце, як гэта ўсё адно, можна ж было б выратавацца, не, нельга, нельга – вось так вось... Накрывае хваля панікі і прабівае халодны пот. Ад страху смага робіцца нясцерпнай, сэрца кідаецца ў грудзёх, як падстрэлены заяц, у вачах цямнее, і хмары наліваюцца барвовай цемраддзю – гэткай жа, як кроў, у лужыне якой ён ляжыць.

Жах скоўвае жудасным холадам. Залпы батарэй зліваюцца ў манатонны гуд, а неба даканцова цямнее, накрываючы яго сваім саванам. Толькі адна частка свядомасці не дрэмле, скажона і здзекліва: яна засяроджваецца на ране. На страшнай аскепкавай ране.

Ён адчувае слабенькія штуршкі ўпотай у глыбіні развернутай плоці: гэта яго дурное сэрца гоніць кроў – выштурхваючы яе вонкі і забіваючы яго.

Самае дзіўнае, што болю амаль няма. Спачатку ён курчыўся ў канвульсіях, нібы аскепак быў кавалкам распаленай лавы, залітай ўнутр – а потым стала неяк адпускаць...

Гэта яшчэ больш вусцішна: пакута адцягвае ўвагу да апошняга моманту. А зараз ён проста ляжыць увесь у халодным поце і адчувае, як з цела паволі выцякае жыццё. І ён, некалі такі моцны, нічога не можа зрабіць...

Ды як ён зусім апынуўся на полі бою?! У яго ж іншыя абавязкі, іншае жыццё, ёсць тыя, каго ён любіць і перад кім ёсць асабісты абавязак – а тут...

Але ён не паспявае нават дадумаць гэту маленькую думку свядомасцю, што згасае, і зрываецца ў цемру.

Ад пачуцця імклівага падзення ён скалануўся ўсім целам і прачнуўся.

Міністр варухнуўся ў крэсле, цяжка дыхаючы. Кніга выпала ў яго з рук і валялася на дыване. Ён паднёс руку да лба: і праўда, ўвесь спацеў. Чартаўня. Бракуе рэальных праблем, так зараз яшчэ гэта.

- Андрусь, ды дзе цябе носіць? Астыне ўсё!

Заклік пані Лідзіі данёсся са сталовай, як гук палкавой трубы. Міністр скрывіўся ад параўнання, што з’явілася міжволі.

За абедам жонка пільна на яго паглядзела і, як звычайна, без усякага пераходу і ўступу, заявіла:

- Табе тэрмінова трэба ў водпуск. Не, спачатку да лекара.

Некага мог раздражніць гэты камандзірскі тон – а міністр абвык, што пані Лідзія выказвае так свой клопат і занепакоенасць. Але гэтым разам ён такі адчуў прыкрасць.

- Ты мяне чуеш? Я табе кажу...

Чуць ён чуў. Цяпер можна было растлумачыць, чаму не час браць водпуск, што адбываецца ў свеце, чаму патрабуецца яго ўдзел, сказаць, што ён сам зможа даць рады са сваімі праблемамі – але жонку б гэта, вядома, не пераканала. І спрэчка пачалася б наноў. Прайграўшы магчымы сцэнар, ён выкінуў з яго ўсе прамежкавыя рэплікі і проста пакруціў галавой:

- Не.

Пані Лідзія, як звычайна, адразу выбухнула:

- Ды цьфу на цябе! Вось упарты, нічым не праб'еш!

Міністр ўрэшце ўсміхнуўся. Вытанчанасці і свецкасці яго жонцы часам бракавала, хоць яна ўсё жыццё і імкнулася пераймаць усё тое, што складала вобраз «важнай пані». Затое магла адным словам падвесці рысу цэламу воблаку мудрагелістых прамоў ці выдаць рэпліку, што паражала насмерць. Некаторыя прыдворныя дамы адклікаліся пра яе грэбліва ці пляткарылі, некаторыя шанавалі за характар і «арыгінальнасць», а многія проста баяліся яе простага, хваткага розуму і бесцырымоннага языка. І за вочы клікалі гэтак жа, як жонку напалеонаўскага маршала Лефеўра: мадам Сан-Жэн*. Насамрэч пані Лідзія была чалавекам вельмі чулым – але яна сама вызначала, каго удастоіць гэтай чуласці і далікатнасці, а каго не.

- Ну я ж нездарма кажу, з табой дзееца штосьці ненармальнае, - амаль жаласным, памякчэлым тонам прамовіла пані Лідзія. – Ты ж апошні час ну проста з твару змяніўся.

Ды шчэ й як: твар у яго быў змяты, зношаны, змучаны. Разам пастарэлы, увесь ў нейкіх няроўнасцях, у яшчэ глыбейшых зморшчынах, не проста хмурны, а нібы пацямнелы ад змроку. Сны прыйшлі нядаўна – але ўжо паспелі выматаць яго. Калі ён узнімаўся з крэсла і рабіў першыя крокі, то пахістваўся. Міністр прыслухаўся да сябе: Сіла сапраўды выцякала з яго, як кроў, і цяпер плёскалася недзе на донцы – не хопіць нават залатаць уласныя дзіры.

Так-так. Выхадны безнадзейна сапсаваны.

У з'яўленні гэтых сноў не было аніякай сістэмы, але іх яднаў матыў: у кожным з іх міністр паміраў ад страты крыві на полі бітвы. Ландшафты бывалі рознымі, войска таксама, а вось раны заўсёды былі ў грудзі ці ў жывот: напрыклад, сёння ўначы прусак насадзіў яго на штых. Праз гэта міністр зусім не выспаўся і задрамаў у бібліятэцы – для таго, каб памерці ад аскепкавага ранення. А часам яшчэ кроў ішла горлам і вылівалася на зямлю і мундзір, як сюррэалістычныя ваніты. Агіднае, цяжкае трызненне.

Горш за ўсё, што гэтыя сны мелі выразныя наступствы. А цяпер ён падумаў, што паводзіў сябе вельмі бязглузда ўсе гэтыя паўтара месяца – з моманту, калі з'явіўся першы такі сон. Проста як людзі пры інфаркце – рэзкі боль і маляўнічае падзенне, як у кіно, бывае ж не так часта, галоўным чынам пачынаецца з адносна мяккіх сімптомаў. І людзі марудзяць ад дзвюх да шасці гадзін, спадзяючыся, што «сціхне» і што яны «самі справяцца».

Ён таксама не адразу распазнаў сутнасць і спраўляўся сам. Простыя ахоўна-аднаўленчыя формулы спрацоўвалі, хоць прыносілі ўсё меншы эфект – чамусьці толькі зараз стала заўважна. І цяпер ім усё больш авалодвала думка, што гэтыя сны неяк злучаны з няўдачамі, якія пераследвалі яго, і ўзрастаннем міжнароднай напружанасці. Вядома, ад такіх дум рабілася сорамна: быццам без энергаінфармацыйных уплываў ён зусім нічога не можа, як нейкая бяздарнасць. А нашто вопыт, нашто ўменне, здольнасці? Самым непрыемным было дакучлівае ўсведамленне, што ўсе яго хвалёныя таленты тут бескарысныя. Не, да крызісу паколь не даходзіць, крый Божа, але...

Прагучаў званок у дзверы.

Хутка на парозе сталовай паказалася Улада. На ёй быў антрацытавы жакет да стану, крухмальная белая блузка і гальштук у выглядзе чорнай стужкі, заколатай брошкай з абсідыянам. З-за манеры апранацца, адменных здольнасцяў і відавочнай адданасці Бірута, унучка міністра, дала ёй мянушку «цёмны дварэцкі» - у гонар персанажа анімэ. Эмілія тады шыкнула на дачку, але Улада толькі засмяялася і сказала, што ёй нават падабаецца.

- А, ды вы якраз да чаю! – узрадавалася пані Лідзія і пачала пералічваць усе наяўныя прысмакі: печыва дацкае, печыва наша, аўсянае, пірог яблычны, вось раніцай сама пякла...

Улада ветліва падзякавала з мяккай усмешкай і ўселася за стол, але ела без апетыту. Міністр улавіў, што яна ўпотай кідае на яго неспакойныя пагляды. Яна жадала хутчэй скончыць чаяванне і перамовіцца пра штось сам-насам.

Пасля чаю яны адразу прайшлі ў бібліятэку, і Улада пачала без хітрыкаў:

- Пан міністр, мне здаецца, адбываецца штосьці дзіўнае.

- Не вам адной здаецца, - адгукнуўся ён.

- Я прыйшла прасіць дапамогі. На мяне быў здзейснены напад. Прытым неаднаразовы.

Яна дадала:

- Мае ахоўныя формулы не спрацавалі. Я ніколі не прасіла ў вас тыя фаліянты з далёкай паліцы, але сёння яны мне патрэбныя, - са змрочнай рашучасцю прамовіла яна.

- Пачнём з таго, што здарылася, - прагаварыў міністр. - Такім чынам?

- У мяне... – Улада збянтэжылася, нібы не смеючы прамовіць. – У мяне спрабавалі выкрасці душу.

Было шэсць гадзін: гэта яна запомніла цудоўна. Улада прачнулася зранку, распешчана пацягнулася, заварочалася, уладкоўваючыся зручней. Даўно ўжо развіднела, хоць святло ў пакоі было яшчэ прыглушаным, без яркіх промняў. Яна была ў тым самым стане, калі лёгка ўстаць і прымусіць сябе штосьці рабіць – але гэтак жа лёгка зноў апусціць галаву на падушку і панесціся ў царства Марфея. Улада адназначна выбрала другі варыянт: субота ж. Гэта Алеська Стамброўская – псіх. Яна такая ж пераймальніца. Вырашыла, што раз яе любы генерал уставаў у палове на шостую, то ёй таксама трэба змяніць рэжым. З аўтарытарнага на таталітарны.

Улада ўжо ўгарнулася ў коўдру і ляжала ва ўлюбёнай утульнай позе: амаль на жываце, але трошачкі як бы і на боку, падвярнуўшы рукі – увогуле, іншым так было б нязручна, а ёй у самы раз.

Яна заплюшчыла вочы, але яшчэ не спала і не магла спісаць адчуванні на сон. Нейкая субстанцыя пачала напаўзаць ёй на спіну – яе дакрананне суправаджалася паколваннем, як у адседжанай назе. Улада заціхла. І тут гэта субстанцыя, яўна жывая, абхапіла яе ззаду рукамі – а можа, шчупальцамі, двума адросткамі, і зрабіла гэта так, як з размаху, смешна абдымаюць трохгадовыя дзеці.

Вось толькі ёй было не да смеху. Паколванне запоўніла ўсё цела і пачынала адчувацца скурай галавы – і яна... яна не магла варухнуцца. Драбнюткія іголкі атручвалі і паралізавалі яе. Цела налілося свінцом ці напакавалася ватай: яно не слухалася загадаў мозгу.

Субстанцыя ўлавіла гэты супраціў і ўпілася глыбей. А потым дзяўчыну нібы пачало распластоўваць напалам. Адзін пласт пачынаў адыходзіць угару...

Яе не слухаліся ўласныя павекі - нягледзячы на істэрычны лямант волі, на яе загады.

А Юрась спіць у іншым пакоі сном немаўляці.

Яе думкі як заляпіла скотчам – так, як палонным заляпляюць рот.

Але яна змагалася. Улада ледзь варочала свядомасцю, але праціскала цяжкую заслону словамі малітвы: «Ойча наш... існы на Нябёсах... няхай свяціцца імя Тваё...».

Няможна сказаць, каб са словамі «і збаў нас ад шатана» існасць у момант знікла. Але колючыя шчупальцы расціснуліся, морак пачаў паступова і выразна рассейвацца.

Самае дзіўнае: яна не магла ўспомніць нічога іншага. Усё было заблакавана – засталася толькі малітва «Ойча наш».

Сну як не бывала. Улада схапіла са стала тэлефон: шэсць нуль сем. Яна б не здзівілася такім з'явам у глухую ноч, у гадзіну, у дзве – але ж не раніцай пасля світанку!

На ўсе жылы імкнучыся супакоіцца, яна перавярнулася на спіну, не падстаўляючы яе ворагу, прачытала пра сябе яшчэ пару малітваў і заплюшчыла вочы.

Амаль расслабілася.

І тут праз верхні пласт яе цела злева направа пранеслася зласлівая, імклівая віхура. Яна была як плоскасць са сціснутага паветра. Штосьці ў ёй натапырылася рванымі краямі, скудлацілася пёрамі, устаючы над паверхняй цела. Але віхура праляцела.

У моташлівым ліпкім жаху яна зноў падхапілася на пасцелі. Ізноў схапіла тэлефон: шэсць трынаццаць. Улада дзіка аглядалася на шторы і шпалеры, ужо пазалочаныя блікамі сонца.

Усё адно потым будзе драмаць, але і класціся больш не хацелася.

У той дзень яна правяла ўсе рытуалы, якія толькі ведала. Вычысціла ўсе люстэркі, куты, спаліла не адну і не дзве грамнічныя свечкі, наставіла абарон так, што кватэра стала напамінаць узорыстую светлавую клетку. Яна не забылася і пра аўтарскія формулы міністра, ужо на іх можна было разлічваць. Яны ж працавалі нават у гарачых кропках і нестабільных рэгіёнах. А нанач перавярнула і завесіла ўсе люстэркі.

Як высветлілася – бескарысна.

Уначы яна прачнулася таму, што яе зноў скаваў той жа цяжар – але зараз да яго дадаўся холад. Нават не фізічны, а як азотная замарозка, што скоўвала кожную клетачку. Было страшна адкрываць вочы, але яна сябе прымусіла. І не ўбачыла нічога.

Перад ёй была абсалютная чарнота.

Яна ж помніла, што ў пакой падае святло ліхтароў з вуліцы, часам вельмі ярка свеціць месяц, заўсёды можна ўначы ўстаць і прайсці без боязі ў штосьці ўрэзацца.

Але цяпер перад ёй павісла цемра. Але на другі погляд аказалася, што бакавым зрокам яна бачыць нармальны пакой, у яго звыклым выглядзе. І нават Юрася, што спаў побач – і зноў ён не прачынаўся!.. Але ці мог ён? Твар завастрыўся і збялеў, як у мерцвяка. Гэта напамінала кому, а не моцны здаровы сон.

Яе трымаў у абдымках Цень. І быў ён згусткам, чарнейшым за усё на Свеце. Гэта і было абсалютна чорнае цела, што шукаюць фізікі. Гэта была чорная дзіра. І Улада адчула, як у яе з кожнай пары высмоктваецца эфірнае рэчыва – адным пластом, што паўтараў абрысы цела.

Яе крык быў нячутны. Але ён праразаў цемру і ноч, рассякаючы лязом чыстай Сілы.

Цень страсянуў яе, траха не выбіўшы дух, і адскочыў ў нікуды, як кабета, якой пляснулі ў твар кіслатой.

Сэрца калацілася як шалёнае, Улада дрыготкімі пальцамі схапіла выключальнік, і засвяцілася лямпа. Юрась прачнуўся і сонна прабурчэў:

- Улада, табе зноў нейкае паскудства прыснілася? А то і ў мяне пачаўся там... нейкі трэш... я прачнуцца імкнуўся. Чэсна. Але не мог.

Да раніцы яна нават не жадала расказваць, што здарылася, проста папрасіла пакінуць святло. Хоць ужо па вопыце ведала, што нават ён – зусім не перашкода...

Яна не выспалася. Адранку зварыла крамянае зелле для бадзёрасці, напампавалася гэтым паскудствам, потым адправілася да міністра, прытым спачатку пайшла на імшу ў касцёл, а потым ужо паднялася да яго ў кватэру.

- Вам ад малітваў лягчэй? – спытаў міністр.

- Так.

- Мне таксама. Гэта добры знак. А як выглядала пачварына ў першым выпадку?

Улада загаварыла павольна, імкнучыся лепш апісаць тагасветнае аблічча бясцелавай існасці:

- Яна была спачатку быццам празрыстая, калі ліпла са спіны. А калі са злосці пранеслася нада мною, то чорная з фіялетавым. Праўда, прытым здавалася, што яна пры гэтым... таксама быццам бы празрыстая.

Міністр нахмурыўся і задумаўся.

- Тое, што вы спачатку апісвалі – можна было на дамавіка зграшыць. Што потым – на астральны вецер. А потым усё больш дзіўна. Падобна, што яна кімсьці створана і нацкавана. Кім?

- Не ведаю. У мяне няма ворагаў.

- І вы гэтым ганарыцеся, лічыце, што авалодалі дыпламатыяй хоць бы на абывацельскім узроўні. – Улада счырванела. – Але не ўсё так проста. Мы не можам адчуваць, якая ў каго паўстане прыхамаць ці антыпатыя. Прынамсі, адчуваць гэта міжволі. Слуга ці ўвасабленне, вось што гэта. Хто гаспадар гэтага стварэння – вось што трэба вызначыць, а там ужо біць пэўна.

- Ён закрыты, - забітым голасам прамовіла Улада.

- Вы глядзелі?

- Так. Такі парасон, што ніякім прамацваннем не прабіваецца.

Міністр падняў руку: «Пачакайце», - і ледзь прыплюшчыў вочы: ён глядзеў.

- Вы маеце рацыю. Там стаіць магутная ахова. Вось што толькі цікавае, як ён змог знесці дашчэнту нашу абарону?

Ён упершыню сказаў «нашу». Ва Улады халадок прайшоў па спіне. Яна не паспела нічога прамовіць, міністр апярэдзіў:

- Так, я зараз амаль упэўнены: нашы цяжкасці маюць шмат агульнага.

І ён расказаў пра сны. А ва Улады сціснулася сэрца: вось жа ў чым справа, чаму ж яна не разумела? Хоць бачыла, як ён стамляецца, як дрэнна выглядае, ёй так часта хацелася абняць міністра. І яна часам адахвочвалася на гэта, а потым было прыемна: яна амаль адчувала, як Сіла перацякае да яго. Але хто замуціў ёй розум так, што яна нават не цікавілася прычынай пагаршэння яго здароўя?

- Мне бачыцца, што гэта нехта з нашага найблізкага асяроддзя, - павольна прагаварыў міністр. – Спантанна ініцыяваны. Магутны. Магчыма, вандроўнік. Абапіраецца на вельмі цёмныя і разбуральныя матэрыі. Забойства людзей там замяшана, але... без непасрэднага ўдзелу. Да бруду ён, быццам бы, не дакранаўся. Але насамрэч – «рукі па локаць»... Але хто менавіта – не бачу.

Ён і так паспрабаваў і зрабіў усё, што мог, далей выпытваць бессэнсоўна. Улада сутаргава выдыхнула. Ёй таксама нічога не прыходзіла да галавы.

- Трэба як мага хутчэй узяць след. Але перад тым... Вы казалі пра мае кнігі. Пэўна што, перадусім пра рукапіс Усяслава Чарадзея**, так? – Ва Улады загарэліся, было, вочы. - Я вас расчарую: гэта проста кніга пра кнігу. Арыгінальнага асобніка не захавалася. Але князь нездарма атрымаў сваю мянушку, і веды свае вырашыў не разбазарыць, а захаваць – таму ў манаграфіі ёсць хоць бы фрагменты. Я адразу прызнаюся: мне яны дапамагаюць. Зразумейце ж, у чым спецыфіка: складаў гэтыя формулы не абы хто, а чалавек дзяржаўны. Хоць некаторыя і давялося мадэрнізаваць. Абарона там таксама ёсць – да яе я пакуль не звяртаўся, зберагаў напаследак, і, напэўна, дарма. І вам яна таксама прыдасца, хаця б часова, а яшчэ паспрабуйце разам са мной падумаць і вызначыць: каму магла спатрэбіцца ваша душа і навошта?

Міністр павярнуўся і пакрочыў да стэлажоў, павабіўшы яе за сабой. Надзея была. Хоць бы часовая.
____________________________________________
* У перакладзе з французскай – Мадам Бесцырымоннасць.
** Усяслаў Брачыславіч (Усяслаў Прарочы, Усяслаў Чарадзей; ок. 1029—1101) — князь полацкі з 1044, адзіны прадстаўнік полацкай галіны Рурыкавічаў на кіеўскім вялікакняскім пасадзе (1068—1069). Варты ўвагі таксама як герой «Слова пра полк Ігаравы» і ўсходнеславянскага фальклору, дзе ён паўстае як волат і чарадзей, здольны ператварацца ў звера; таксама выдатны незвычайна працяглым княжаннем у Полацку (57 гадоў).