1. Корцiк i руны

Янина Пинчук
І халодная зброя сагравае душу. (с)

Няма нічога больш пастаяннага, чым неспадзяванае. (Поль Валеры)

Юрась акуратна выцягнуў са зграбных ножнаў тонкі клінок, гэтак жа мякка ўсунуў назад і загледзеўся, адставіўшы перад сабой выцягнутыя рукі з артэфактам. Рубленыя абрысы пёраў і дзюбы на арлінай галаве, суровае, зачэрненае адценне сталі на мініяцюрнай гардзе – эфес, хутчэй, армейскай зброі, чым...

Тут ён выразна адчуў спінай позірк гандляра: дапытлівы, поўны чакання і крытычны.

- Колькі ён каштуе? – спытаў Юрась, павярнуўшыся да каржакаватага сталага дзядзькі з доўгімі сівымі вусамі.

- Дзевяноста талераў, - спакойна абвясціў той. Пэўна што, вочы ў маладога чалавека акругліліся ад лёгкага абурэння, таму што ён дадаў: - Насамрэч яны прадаюцца даражэй. Па сто, а мо, і сто дзесяць. Сапраўдная імперская рэч, як-ніяк. Даволі эксклюзіўная.

Юрась у думках крактануў. Літоўскі талер быў прыкладна роўны амерыканскаму долару, нават крыху даражэйшы, і з’яўляўся адной з асноўных і найдаражэйшых еўрапейскіх валют. Малады гісторык разумеў, што гэтыя пару грошаў пры канвертацыі не вялікая наўда, але ўсё адно было прыкра.

- Ну, можа, скінеце дзясятку? – настойліва перапытаў ён.

            Без асаблівага поспеху. Гандляр з уздыхамі пачаў паўтараць пра выключнасць, пра тое, што і так ад сэрца адрывае і таму падобнае.

- Добра, я падумаю, можа, паспею, - пакорліва ўздыхнуў Юрась і пачаў далей разглядаць выстаўлены тавар.

Чаго тут толькі не было: і музычныя скрыначкі, і сервізы, і паштоўкі, і шчырыя дробязі накшталт медзяных падсвечнікаў, парцалянавых напарсткаў ці алавяных салдацікаў, і старыя мундзіры, і фотаапараты пачатку стагоддзя, пад столлю, як бялізна на вяроўках, павіслі шматлікія сцягі, на паліцах красаваліся фуражкі розных эпох і нават адзін ківер. Даволі шмат рэчаў было часоў Літоўскай Савецкай Федэрацыі – кароткай дванаццацігадовай эпохі, якая, аднак, была напорыстай, равучай, поўнай амбіцыйных праектаў і спарадзіла сваю ідэалогію, мастацтва, архітэктуру, вобраз думкі... Аднак паступова сапхнула дзяржаву ў эканамічны, а потым і палітычны крызіс. Становішча Літвы на міжнароднай арэне таксама стала пагрозлівым. Развязка наступіла моцна і жорстка – але прыйшла не з боку суседніх дзяржаў. Новая краіна скончыла свой нядоўгі век пад ботамі вайскоўцаў, якія аднавілі легітымную манархію і штыхамі зацвердзілі ўладу Традыцыі.

«Ды гары яно гарам, - незласліва вылаяўся пра сябе Юрась, - што я, грошай гэтых не зараблю? А Улада затое ад радасці да столі падскокне!». Ён палез у кішэнь за бумажнікам, старанна вытрас дробныя і сярод манетак убачыў адну дзіўную, нехадавую. Потым погляд выпадкова ўпаў на альбомы з манетамі, складзеныя на стэндзе. І ён заззяў: у галаве паспеў вераломны план.

- Паслухайце, пан, а што, калі вы мне корцік за пенязь шаснаццатага стагоддзя аддасце? Спрачаемся, што ў вас такіх няма! – весела выклікнуў Юрась.

Гандляр ад здзіўлення вытарашчыў вочы: ці не розыгрыш гэта? Цягам наступных пары хвілін мелі месца бурная і азартная сцэна гандлю, упартасць, высвятленні сапраўднасці, дэманстрацыя значка Калегіі гісторыкаў, прагны бляск вачэй, жарты, воклічы, і ў выніку жаданыя артэфакты перайшлі з рук у рукі – якія на развітанне былі паціснуты разы з тры. З антыкварнай крамы Юрась выходзіў ледзь не прытанцоўваючы: да чаго добра быць навукоўцам і ездзіць на раскопы! У самога па шчасці можа нейкая рэдкасць адшукацца, раз (прыкладам, гэтых пенязяў у яго было штукі чатыры). І адразу павагу выклікаеш, два.

Дома ён пракрочыў у гасціную проста з торбай, з прытворнай нядбайнасцю запускаючы туды руку:

- Чуеш, Гарчакоў*, гэта табе за службу!

- Чаго? – неўразумела перапытала Улада, насілу адліпаючы ад кнігі Бжэзінскага.

            І ў наступны момант яе выкінула з крэсла, як спружынай:

- Юрась, Юрась, я ў шоку! Дзе ты гэта дастаў?! Няўжо гэта мне?!

- А каму ж яшчэ? Хто ў нас тут легенда айчыннай дыпламатыі?

- Ой, ну перастань! – прабурчала Улада, што азначала найпоўнае, самае экзальтаванае захапленне – і з нагоды гасцінца, і з нагоды камплімента.

- Самы бравы дзяржаўны служака! І самая таленавітая вядзьмарка! - не сунімаўся ён, прымушаючы дзяўчыну яшчэ больш пачырванець.

            Яна з глыбокай пашанай любавалася дыпламатычным корцікам Германскай імперыі.

- Ну вось ведаеш жа, чым мяне скарыць. Не тое, што нейкія кветачкі і цацкі. 

- А то.

Выхадны пачаўся цудоўна. Улада паклала корцік у шуфлядку, дзе захоўваліся яшчэ сякія-такія штучкі, любыя сэрцу. А потым пайшла на кухню ставіць гарбату. Каля радыёпрыёмніка яна знайшла мяшэчак з рунамі, які забылася аднесці і таксама засунуць у стол. Але штосьці спыніла яе: яна адчула характэрную сумесь натхнёнага хвалявання і бязважкасці - вострае жаданне паваражыць і дакладны знак таго, што руны клікалі яе.

Цёмныя хваёвыя пласціначкі з залатымі знакамі рассыпаліся па льняным абрусе. Спакойна і амаль урачыста заплюшчыўшы вочы, падобная да сапраўднай жрыцы, Улада цягнула руны і клала іх зваротным бокам дагары. Яна вырашыла зрабіць самы просты і выразны расклад. Тры руны зараз чакалі, калі іх перавернуць. Юрась з далікатнай цікаўнасцю пазіраў на маніпуляцыі Улады, запіваючы гарбатай бутэрброд з яблычна-апельсінавым варэннем.

На твар яе, спачатку задаволены, ціхамірны, набегла хмарка.

- Нічога не разумею, глупства нейкае.

- Што там у цябе?

Яна з нарастальным хваляваннем хмурна паказала яму на расклад. Ера, перавернутая Манназ, нарэшце, Хагалаз.

- Даволі загадкава, - мармытнула яна нібыта выбачлівым тонам.

- Пачакай, давай вытлумачым, - асцярожна сказаў Юрась.

- Давай, - паціснула плячыма Улада. – Ера – гэта год, цыклічнасць... вынік папярэдніх дзеянняў – зараз жа час «збіраць ураджай». Яна ж у прынцыпе даволі спрыяльная. Абяцае завяршэнне пачатай справы і ўсё такое іншае. Ды я напамяць падручнік помню: «высілак, што завершыўся поспехам і прыводзіць да выніку» - але тутака ж яўна штосьці не тое! Яна ідзе спачатку і сімвалізуе мінулае.

- Не, «высілак» - пэўна, не тое. А вось папярэднія дзеянні – у самы раз. Гэта ж яшчэ і руна кармы. Але ў іншым, больш матэрыяльным выражэнні, чым руна Вірд.

- О чорт, ясней не стала, - прабурчала дзяўчына, пачасаўшы свой кірпаты нос. - Паехалі далей. Перавернутая Манназ – адным словам, звады. Раз яна ў прынцыпе сімвалізуе чалавека і чалавечыя стасункі, значыць, з кімсьці яны сапсаваны. Гэта знак непрыяцеля. Які ў мяне зараз ёсць. Пфе, вось гэта зусім дзіўна, у мяне з калегамі адносіны дай Бог.

- Ты не спяшайся. У такім выглядзе яна пазначае ўнутранага ворага – нейкае ментальнае смецце, якое прыцягвае знешнія непрыемнасці.

- Божа, ды я памятаю, - з прыкрасцю працягнула Улада. – Я проста кажу як адчуваю. Ну, на дэсерт зусім хараство – Хагалаз. Смерць і разбурэнне. Ага.

- Штосьці ты занадта павярхоўна настроена, - упікнуў Юрась. – Змены, што прыцягвае Хагалаз, не такія ужо трагічныя. Гэта ж адна з трох рун запаволення. Мантычнае тлумачэнне – гэта не абавязкова кашмар і параза, а ўмяшанне ў нашы справы непрадказальнага фактару.

- Ну здорава, а калі твае прамудрасці далучыць, то й зусім блытаніна.

- Чаго гэта яны «мае»? Улада, збярыся! Ты спецыяліст ці хто? Ты неяк легкадумна і дзіўна сябе паводзіш.

- Чаму гэта?

- Першае, так і сыплеш стэрэатыпамі, нават да цябе не падобна. Другое, разнервавалася без дай прычыны.

- Ну добра, - уздыхнула Улада, - ты маеш рацыю. Я іх падхапіла таксама ез дай прычыны, гэтая варажба была простай прыхамаццю. І цягнула я абы як. Ну, мне здаецца, небездакорна.

- На што варажыла хоць?

- Ды так... Нават асабліва ні на што. На жыццёвую сітуацыю.

- Эх, усё з табой ясна! – паўшчуваў яе Юрась. – А яшчэ і перажываеш. Пі лепш гарбату і выкінь гэтую ерась з галавы. Потым засяродзішся і нармальна ўсё зробіш.

- Мабыць, так, - з палёгкай засмяялася Улада, устала з табурэта і накіравалася да серванта за кубкам.

Пасля яны слухалі музыку, валяючыся на канапе, і з выглядам знатакоў аналізавалі кожную кампазіцыю. Прытым іранізавалі з нагоды сваіх жа мудрагелістых выказаў, што чаплялі адну тэму за іншую і адводзілі ўбок. Потым надышла чарга вялікай палітыкі – тут ужо языком мялі колькі ўлезе, так што Улада нарэшце заявіла, што перагрэлася і заседзелася, і рашуча прапанавала выбрацца ў скверык пагуляць у бадмінтон. Юрась паціснуў плячамі: чаму б і не? Жаданне было раптоўным, але не настолькі дзівацкім. Ласкавае вясновае надвор'е напаўняла здзіўленай радасцю і прадчуваннем: вось дык справа, яшчэ нядаўна было холадна, а тут усё зелянее, і так цёпла – а будзе ж яшчэ лепей! Таму яны схапілі ракеткі і, пстрыкнуўшы замком, паскакалі ўніз па лесвіцы.

Партыя была зацятай і справакавала цэлую буру эмоцый: яны гарлапанілі, віскаталі і дурэлі, як школьнікі, так што мінакі заглядаліся на іх то здзіўлена, то, наадварот, з дабрадушным разуменнем.

Дахаты прыйшлі чырвоныя, растрапаныя і стомленыя не толькі ад гульні, але яшчэ і ад рогату.

- А класна ж, у нас выхадны проста нейкі ідылічны атрымаўся, - усміхнуўся Юрась.

- Менавіта так, таму крый Божа мне недзе пра гэта расказваць. І добра, што я, калі пра Княства раман пісала, нікуды не ўпіхнула падобных персанажаў! – з удаваным жахам выдыхнула дзяўчына.

- Чаму гэта?

- Так засмяюць жа, дылетантам зняславяць! Таму што проста сіроп адзін. Не бывае такіх ідэальных пар і адносін, - усміхнулася яна.

- Ды гэта для нас ідэальна, а так – хто ведае... – пакруціў галавой малады гісторык, але таксама не мог схаваць задавальнення. – Сакрэт просты: мы два псіха, якія знайшлі адзін аднаго. Элементарна, Ватсан.

Улада не сыходзіла пастаянным захапленнем ці істэрыкамі, не мучылася недаверлівасцю і рэўнасцю, яе эмацыйны стан быў стабільны, а склад думак нічым не парушаўся – іншымі словамі, яна знаходзілася ў стане гамеастазу, адпаведным яе натуры, і дзякавала за гэта лёсу. Хоць часцяком адчувала сумневы: а ці на самай справе ўсё як трэба? А дзе экзальтацыя, дзе эмоцыі? Дзе незвычайнасць?   

Але потым адкідала дакучлівыя думкі і арыентавалася на галоўнае: яна сапраўды не ўяўляла сябе ні з кім, апроч Юрася. Яны мелі падобныя густы і погляды, але былі досыць рознымі для таго, каб не засумаваць. А яшчэ з ім было неяк проста і добра. Ёй не даводзілася задумвацца і задавацца пытаннямі пра лінію паводзін. Усё выходзіла натуральна, а супярэчнасці ці няёмкія моманты не пакідалі асадку.

Юрась халтурыў яшчэ і перакладчыкам, выязджаючы на тым, што быў сынам натхнёнай настаўніцы ангельскай – ад замежнай мовы ў іх дома не мог адкруціцца ніхто, нават наравістая яршыстая сястра, і ён па змаўчанні рабіўся «другім родным», як французская для дваранскіх атожылкаў. І вось ён, які не цярпіць чужых заўваг, пытаў у яе рады наконт найболей удалага перакладу нейкага выразу. А яна, скрытная, магла папросту сказаць яму пароль ад сваёй пошты ці старонкі ў фэйсбуку, каб ён там ёй штосьці знайшоў ці спампаваў.

Неяк Улада чула ад сваёй цёткі Зосі адно меркаванне: калі ў чалавеку нешта раздражняе, задумайся, ці варта строіць з ім адносіны – таму што гэтая рыса нікуды не знікне і будзе раздражняць цябе ўсё жыццё. Выходзячы з гэтай заканамернасці, цалкам вытлумачальным выглядала крушэнне шлюбу з-за таго, што хтосьці чмякае, або раскідае па кватэры шкарпэткі, або бязглузда разяўляе рот, фарбуючы вейкі, або не зачыняе накрыўку ўнітаза, або ж мае звычай напяваць нейкі куплецік, страшна фальшывячы (а ўстрымацца ад спеву не можа, таму што прывык). Улада мела надзвычайную здольнасць выстройваць прычынна-выніковыя сувязі, што ператвараюць муху ў слана, і пагэтаму паставілася да папярэджання з усёй сур'ёзнасцю. Але і тут Юрась прайшоў праверку. Вядома, бывалі нагоды для незадаволенасці – але каб нешта ірацыянальна вар'явала? Не.

А яшчэ яна была пазбыта ад пакутлівых пытанняў палавога жыцця.

Таму што Юрась да яе не чапляўся. Ці то ён не адчуваў незадаволенасці з-за таго, што яго дзяўчына такая дзічка і недатыка – ці то вельмі ўжо ўмела гэта хаваў. І валодаў сапраўды анёльскай цярплівасцю. Не прыспешваў, не кідаў няўзнак гэтых «выпадковых» жартаў, што пад выглядам выпадковасці капаюць разбаўленай атрутай. Ён дазволіў падзеям развівацца сваёй чаргой. І што адразу зразумеў, так гэта што няможна падганяць і панукваць. Яго першым заданнем было не акунуць яе ў вір запалу, а дамагчыся хоць бы таго, каб яна перастала сціскацца кожны раз, калі гаворка ў прынцыпе заходзіла пра пачуццёвасць. Не кажучы ўжо пра фізічны кантакт. З часам з яе твару знік напружаны, падазроны выраз – і Юрась ужо гэта лічыў заваёвай.

А яна проста млела. Раставала ад ціхага, поўнага глыбокай павагі, захаплення. Яна не магла паверыць, што знайшоўся чалавек, згодны з ёй у тым, што можна «жыць і без гэтага». Альбо хлопец, «якому трэба не толькі гэта». І што хтосьці па-рыцарску аддаў ініцыятыву ў яе рукі, якімі б бяздзейнымі і халоднымі яны ні былі.

З Юрасёвага боку не было разліку – але ён не мог не адчуваць задавальнення, бачачы, як дэманстратыўная абыякавасць прыносіць адваротны эфект. Як толькі Улада ўразумела, што яе пакінулі ў супакоі, то хутка пасмялела. Лоб у яе разгладзіўся, а язык развязаўся – яна зрабілася цікаўнай і аказалася не такой ужо заціснутай. Дакрананні ўсё часцей і часцей ішлі ад яе і паступова рабіліся смялейшымі. У гэтым была і доля нявіннасці – хутчэй, вывучэнне, чым мэтанакіраваная страсць, але якраз гэта рабіла свой унёсак у збліжэнне. Улада з немалым здзіўленнем і шчырым задавальненнем адчувала знямогу і прыемны сверб у целе, і Юрась бачыў, як ззяе ў яе твар, як скачуць у вачах гарэзныя агеньчыкі, а цела, разагрэўшыся, робіцца гнуткім, як у звярка, набывае адменную мяккую пругкасць боегатоўнасці...

Аднак да «сур'ёзнага» ў іх пакуль не дайшло. Яны нібы набіралі крытычную масу для выбуху.

Але спалі часцяком разам. Юрась вырашыў, што ім трэба прывыкнуць адзін да аднаго – яны абодва былі менавіта з гэтай пароды людзей. І спанню ў адной пасцелі таксама вынікала вучыцца, асабліва Уладзе – яна так прызвычаілася да адзіноты і непадзельнага панавання на сваім вузкім аскетычным ложку, што нават намінальная наяўнасць некага яшчэ здорава бянтэжыла. Яна хадзіла пару разоў у паходы па берагах Сожа і Прыпяці, і самым пакутлівым для яе было спаць з некім у адной палатцы. Паспрабуй абвыкні, што нехта дыхае табе ў вуха, альбо ў сне закідвае на цябе ногі, а можа, храпе альбо мармыча, альбо, у Юрасёвым выпадку, абдымае, як плюшавага мішку, яўна не клапоцячыся, прачнешся ты ад гэтага ці не, і ці зручна табе будзе ўстаць па патрэбе. Таму на наступную раніцу паходу твар яе быў як навальнічная хмара, і прыкладна такога ж адцення былі сінякі пад вачыма. Але ў яе ўсё ж выявілася патрэба некага абдымаць – і яна да Юрася таксама пастаянна “чаплялася”.

Улада прысела на краёчак ложка, соладка пазяхаючы, і недарэчы мармытнула:

- А што, калі яго завастрыць?

- Што?

- Корцік.

- Ды хто ж узнагародную зброю вострыць. Калі трэба хлеб парэзаць, вунь у нас на кухні ножыкі нармальныя.

- Можа, я ім дыпламатычную перапіску раскрываць буду? – перадражніла Улада. – І ўвогуле, я, вядома, разумею, але абсалютная тупасць – абраза для такой выдатнай зброі, няхай і чыста цырыманіяльнай.

Юрась паціснуў плячамі, падумаў і адказаў:

- Ну, можа, ты і маеш рацыю, хто ведае. У гэтым штосьці ёсць.

- Так ты яго завострыш?

- Ну, трошкі – так.

- Добра.

З гэтым яны і паклаліся спаць. І зараз ёй гэта ўжо падабалася і нават паслабляла. Яна паварочалася ў пасцелі, уздыхнула і сонным голасам папрасіла:

- А пачашы мне спінку...

Юрась пасмяяўся з дзіцячага жадання, але просьбу ахвотна выканаў. Сёння ў тым ліку і гэта сцерла з памяці непрыемныя перажыванні і трывогу ад дурной варажбы.

___________________
* ГАРЧАКОЎ Аляксандр Міхайлавіч (4.06.1798-27.02.1883), рускі дыпламат і дзяржаўны дзеяч, канцлер (1867). Усё жыццё праслужыў па дыпламатычным ведамстве, быў надзвычай адукаваны, ведаў некалькі моў. З красавіка 1856 міністр замежных спраў. Рэзка змяніў знешнюю палітыку Расіі ад “дваранскага інтэрнацыяналізму” да абароны менавіта нацыянальных інтарэсаў саслабленай пасля паразы ў Крымскай вайне дзяржавы. Шляхам мудрагелістых камбінацый, дыпламатычнага майстэрства, настойлівасці ў яго атрымалася дасягнуць галоўнай мэты — дамагчыся скасавання небяспечных і зневажальных для краіны забарон мець вайсковы флот на Чорным моры (1870). Правёў рэформу дыпламатычнай службы, якая цалкам захоўвалася да 1917, а ў існасці, захоўваецца і да цяперашняга часу.