Мастацтва касавокасцi

Варужка Яешня-Тутошня
Мастацтва касавокасці


      Вы, што, думаеце, у казку патрапілі?!!!


 ...Але, гэта сапраўдная казка!!! Першы дзень у вёсцы. Белая, не фарбаваная драўляная падлога. Цёмна-вішнёвая, таксама не фарбаваная, драўляная столь. Бярвеністыя сцены, абклееныя папяровымі шпалерамі. І так цікава праціскаць дзюры пальцам паміж бярвеннем: шпалеры рвуцца з гучным бабахам. І не памятаю, каб бабуля штосьці сказала па гэтай нагодзе.

 Невялікая хата падзеленая тонкай драўлянай перагародкай на кухню і пакой. А ў пакоі на ўсю даўжыню вісіць яшчэ фіранка, якая адлучае ложкі і печ.

 Маленькія вокны, падзеленыя драўлянымі планкамі на некалькі яшчэ меншых шкельцаў. На сцяне гадзіннік-ходзікі ў выглядзе казачнай хаткі з гірамі на ланцугу. У куце стол з крэсламі. Над сталом - абразы.

 Як прыемна прачынацца раніцай пад мернае ціканне ходзікаў, і скрозь напаўрасплюшчаныя павекі бачыць, як за вакном трапечацца ў сонечных праменнях куст бэзу. І ад гэтага сонечнага трапятання становіцца на душы спакойна і радасна.

 Павольна расплюшчваю вочы, гляджу на ходзікі, і бачу, што ходзікаў цэлых два, сінхронна качаюць ківачамі. Паглядзела ўважлівей, і яны ссунуліся ў адны ходзікі.

 А як жа былі размешчаны вочы, калі ходзікаў было два? Я паэксперыментавала трохі, і стала гуляць у раздвойванне розных прадметаў.
 То раздвойваць іх, то зноў злучаць. Цікава.


 Потым павярнулася і паглядзела на Лільку і раздвоіла яе.

 - Мама! - адначасова закрычалі дзве Лількі і пабеглі жаліцца бабулі.

 Гэта гульня мне вельмі спадабалася. Я цэлы дзень хадзіла за Лількай і раздвойвала яе. А Лілька, відаць, не жадала раздвойвацца, і ўвесь час ад мяне ўцякала.


 ...Увечар зайшла суседка, мясцовая фельчарка і бабуліна сяброўка. Паставіла яна мяне перад сабой і кажа:

 - Паглядзі ўгору.

 Я гляджу ўгору і бачу, што фельчарка таксама раздвоілася. А яна мне зноў, пасля таго, як я вока апусціла:

 - Паглядзі ўгору.

 І я зноў яе раздвоіла.

 - Паглядзі ўгору... - ізноў сказала фельчарка...


 Нарэшце, мне надакучыла з ёй гуляць, і я проста паглядзела ўгору, не раздвойваючы.

 - Усё добра, - сказала фельчарка бабулі, - трэба, каб яна навучылася добра ўгору глядзець.

Праз гады ў сваёй картцы я ўбачыла радок: "Касавокасць"