Лямант на трыбуне

Ляксандра Зпад Барысава
Лямант на трыбуне

Чаму ўсе напалеоны і хто ўзіраецца ў іх маленькія, крываногія і потныя, ці проста, маленькія і брыдкія, ці проста маленькія? Ці проста брыдкія. Ці проста…

…Юрась Лямант быў фотагенічны, як Агафон Бязвядзёрны. Ці, Бязвядзёрскі… Знайдзіце дзе-небудзь копію статуі Агафона гэтага, дзе ён без вёдраў, вёдры ён, напэўна, адставіў у бок, а проста, як Давыд, з прашчой. Вось тады вы зразумееце, які твар быў у Юрася Ляманта.
А паколькі помнік белы, я дадам, што валасы ў Юрася былі цёмныя, а вочы - ярка зялёныя. Часам здавалася, што яны свецяцца, як у ката.
Тварам Юрась быў - Агафон.
А целам - напалеон, маленькі, потны і крываногі.
І дзяўчыны трымаліся ад яго на адлегласці.

І ён вырашыў стаць героем, каб сваім арэолам славы прыцягнуць абыякавых дзяўчын.

І ён стаў героем. Ён з трыбуны грукатаў прамовамі, як сапраўдны трыбун. Вочы яго зіхацелі ярка-зялёным натхненнем.
А ўсе дзяўчыны з заміраннем сэрца глядзелі на яго зіхатлівы арэол славы.
А Юрась, бачачы, што погляды дзяўчын накіраваны на арэол славы, а не на яго, вельмі засмучаўся гэтым…