Жыло-было Я

Ляксандра Зпад Барысава
Жыло-было Я

(Падражаю шматлікім)

Я так і не заўважыла, што здарылася ў той момант. Ці то трамвай страсянула, ці то яго ў аўтобусе хтосьці груба пхнуў, ці то яно само здрыганулася, убачыўшы заходзячых у тралейбус рэвізораў,  але ў выніку Я раскалолася на тры пласты рознай таўшчыні.

Прычым самы тоўсты пласт, амаль што ўсё Я, чорны і страшны, з грукатам і ляскам праваліўся скрозь падлогу аўтобуса, не пакінуўшы пасля гэтага нават самай вузенькай шчылінкі. Зусім тоненькі серабрыста-празрысты пласт узляцеў да столі і там тут жа растаў,  як увабраўся ў столь.

Трэці пласт, сера-бляклы паваліўся на падлогу і самлеў.
Як раз у гэты момант у трамвай і зайшлі гэтыя людзі ў сіне-зялёных камбінезонах, якіх Я так моцна спалохалася.   

- Гэта наша Я, - сказаў адзін тэнарам, - яно збегла з рэкламнай аб'явы. Пасуньцеся, грамадзянка, мы яго прыбяром…
- Не, не наша, - задуменна сказаў другі басам, разглядаючы Я, - і колеры не тыя, ды і габарыты іншыя. Пойдзем шукаць далей.

Я павольна ачуньвала. Над ёй клапатала грамадзянка, прапануючы пілюлі.
Але Я адмоўна пахіталася верхняй паловай.
Яно было шчасліва.
Наперадзе была воля.
Наперадзе было вольнае, шчаслівае жыццё.
Без усякіх рэклам.