Няма i не будзе

Ляксандра Зпад Барысава
Няма і не будзе

Зазваніў тэлефон. А я ў пакоі адна. Інтуіцыя падказвае, што гэта Мегера Напраломаўна.  А гаварыць мне з ёй зусім не хочацца. А, раптам, не яна, а, напрыклад, з міністэрства званок па вельмі важнай справе? А, раптам, сам бацька на провадзе? Праўда, ён нам ніколі не тэлефанаваў, але, а раптам.

Здымаю ціхенька трубку, слухаю, стаіўшы дыханне, імітуючы няспраўную сувязь. Чую на тым канцы дыханне ў трубку. Сапраўды, яна, па дыханні я яе пазнала, але цярпліва чакаю, калі падасць голас. Нарэшце чую знаёмы голас, які прамаўляе трывожна:

- Алё, алё…

Я яшчэ вычакала некалькі секунд, імітуючы няспраўную сувязь, а потым ціха паклала трубку.

Тэлефон тэлефанаваў яшчэ некалькі разоў, доўга і настойліва, але я ўжо на званкі не звяртала ўвагі.

Заходзіць  Начальнік. Праз нейкі час ізноў раздаўся званок. Цьфу ты! Пры начальніку не паігнаруеш!

-  Начальнік, - пытаюся, - вы чакаеце званка?
-  Не, не чакаю.
-  І я не чакаю. Так, давайце, і трубку здымаць не будзем.

 Начальнік паглядзеў на мяне дзіўна і пайшоў здымаць трубку.

- Мяне няма і не будзе! - сказала я.
- Я скажу, што цябе скарацілі, - паабяцаў  Начальнік.

Званок быў з міністэрства Начальніку. Праблемы там у іх на мясцовай АТС.

- Вось, бачыш, - Кажа  Начальнік, - а ты мне трубку не дазваляла здымаць…

Тут тэлефон грымнуў ізноў.  Начальнік зняў трубку.

- Яна ўжо на той пляцоўцы працуе. Не, туды патэлефанаваць нельга, абяцалі ўсталяваць сувязь толькі пасля новага года. Не ведаю, ці будзе яна працаваць пасля новага года…

"Вось, настырная", - думаю я….


**********************************************
…На наступны дзень  Начальнік з раніцы быў на той пляцоўцы.
І тут грымнуў тэлефон.
Інтуіцыя падказвае, што гэта Мегера Напраломаўна. Ну, я зноў разыграла сапсаваную сувязь…
"Ёй жа ўжо ўсё сказалі! - думала я раздражнёна, ціха кладучы на месца трубку. - Чаго тэлефануе?!!!"

…Увечар заходжу да Вольгі Міхайлаўны са свежым нумарам ВМ.

- А мне сказалі, што ты ўжо на іншай пляцоўцы працуеш!
 
Ну-ну, вось так справы.

- Пераязджаем, - кажу, - паступова…