Дакрананне да iдэальнага свету

Ляксандра Зпад Барысава
Дакрананне да ідэальнага свету

(трызненне)

…Калі ў вас шырокі хімічны апёк, то ўсе астатнія пачуцці-эмоцыі на фоне яго блякнуць, раствараюцца, знікаюць. І застаецца ён адзін, пякуча-пульсуючы боль. Вось, калі б ён знік, свет адразу стаў бы ідэальны і дасканалы. І толькі ён адзін атручвае існаванне.

Днём яшчэ нічога. А ўначы. Як ні ляжаш - усё балюча. І заснуць немагчыма… 


…Як я апынулася ў тым княжым палацы, і не ведаю. Усюды аркі, зводы, ляпніна, і ўсё беласнежна мармуровае са снежным бляскам. І ўсюды гараць свечкі. І ўсюды вісяць абразы. Я іх не бачу, паколькі яны таксама белыя і зліваюцца з белымі сценамі… 

…Але, як паліць-пульсуе, сіл няма трываць…


…Потым я неўзаметку перанеслася ў вялікі шляхетны дом.
Тут таксама ўсё белае. Тыя ж абразы на сценах, завешаныя беласнежнымі ручнікамі з махрамі, і таксама ўсюды свечкі. Я сяджу ў шырокім драўляным квадратным фатэлі за маленькім квадратным столікам. І дзве бабулькі клапочуць побач.

- Цяпер будзем есці суп, - кажа адна і ставіць на столік вялікую драўляную місу з ванільнымі сухарыкамі эліпсоіднай формы.

І залівае гэта вяршкамі, сапраўднымі, вясковымі.
І такі водар пайшоў па дому. І расклала яна вялікія драўляныя лыжкі.
І як гэта было дзівосна смачна.


…Але, як паліць-пульсуе, і калі гэта, нарэшце, скончыцца…

Калі адновіцца ідэальны свет?