Нi завошта не аддам!

Варужка Яешня-Тутошня
Ні завошта  не аддам!
 
…Завод паступова перабіраецца на Туплашчадку, як з карабля, які тоне, на выратавальную шлюпку. Не ведаю, колькі там гэта шлюпка праплавае ў акіяне. Хутчэй за ўсё яна ўтопіцца, і кожны будзе дабірацца ўплаў да асабістай незаселенай выспы.

Хто - ужо там працуе, хто - у адпачынку. Я сяджу ў пакоі адна. І сталі ў мяне вочы заплюшчвацца так невыносна, што паклала я галаву паміж клавіятурамі.

І тут убачыла. Патыліцай, ці што? Не, скурай убачыла: стаіць злева ад мяне тонкі, шэры, расплывісты па краях, з падлогі ў столь, слуп.
І глядзіць на мяне люта патрабавальна:

- Аддай не сваё, - прагучалі ў галаве ледзяныя словы.

"Ні завошта не аддам," - падумала я, шчыльней ахінаючыся ў белае, непранікальнае воблака.

Потым насілу адарвала галаву ад стальніцы і паглядзела налева.
Там нічога не было.
Ніякай пагрозы ў паветры не вісела.