Як надакучылi гэтыя Пугачы...

Ляксандра Зпад Барысава
Як надакучылі гэтыя Пугачы


Як мне надакучылі гэтыя Пугачы, сіл няма. Вось учора, напрыклад, прыйшлося выйсці на адзін прыпынак раней, і некалькі падкарэктаваць планы, паколькі ўбачыла я іх на прыпынку поруч "Алмі" цэлую зграю, пяць штук. І толькі я выйшла з аўтобуса, як яны туды ўсёй зграяй і заляцелі. Ну, хай ляцяць. Спадарожнага ветра.

А заўчора было яшчэ горш. Заходзіць у аўтобус бомж. Каларытны такі, кудлата-расхлюстаны, хоць ты Рэпіна запрашай, і духмяны на ўвесь аўтобус. Сеў так вольна на сядушку, там дзе сядушкі размешчаны насупраць адно адной. А ўсіх астатніх, хто там сядзеў, як вецер знёс.

Я так утаропілася на гэтага бамжа, што зусім закінула свой наглядальны пост у вакно.
І тут чую над сабой такі спагадлівы, мяккі голас, зусім як у лякарні для псіхічнахворых:
- А ў вас што?

Я здрыганулася, абярнулася, а гэта пугач нада мной стаіць, перапрануты ў чырвоную куртку, замаскіраваўся, набрыдзь, спагадліва ў вочы глядзіць, адказу чакае на зададзенае пытанне.

- Не памятаю, куды праязны засунула, - хлушу я, - пашукаць трэба. - А шукаць у мяне ёсць шмат дзе: мноства кішэняў і пакетаў, у якіх можна доўга і настойліва капацца ў пошуках няіснага праязнога.

І пакуль я гэтым займалася, пугач здзейсніў дзве памылкі: звярнуўся з гэтым жа пытаннем да дзяўчыны, якая сядзіць наперадзе мяне і стаў хапацца за бамжа, каб выправадзіць яго з аўтобуса. І тут жа адхопліваў рукі, як абпальваўся. А бомж глядзеў на пугача са здзіўленнем і не разумеў: што ад яго жадаюць.

А далёка наперадзе другі пугач верашчаў камусьці:
- Плаціце штраф!
Доўга верашчаў. Не ведаю, ці атрымаў ён штраф ці не, але неўзадаўжкі адтуль пачуўся голас:
- Усё, выходзім.

І тады мой пугач, кінуўшы мяне, дзяўчыну і бамжа на волю лёсу, выскачыў з аўтобуса сліну каўтнуўшы.
А я ў гэта момант перастала шукаць праязны.

А яшчэ за дзень да гэтага я з імі навыперадкі дадому дабіралася.
Не памятаю, да якога прыпынку даехала. Размроілася, гледзячы ў вакно. Гляджу, а там - зграя пугачоў. Прыкра, зусім не жадаецца выходзіць. Уладкавалася камфортна, прыгрэлася, задрамала.
А народ тут замітусіўся і стаў рыхтавацца да выйсця. Ну і я, няхочучы, за імі.
Выйшлі мы так дружна, вызваляючы аўтобус, каб пугачам камфортней было ехаць, і пайшлі пешшу да наступнага прыпынку.

Пакуль мы да яго ішлі, нас абагнала пару аўтобусаў. Ну, і выдатна.
А калі мы прыйшлі на прыпынак, падаспеў трэці аўтобус.
Мы на яго селі і паехалі, да наступнага прыпынку. А там ізноў прыйшлося выйсці, што мы і зрабілі дружна, і зноў пайшлі пешшу.

Хоць наступны прыпынак быў досыць доўгі, пакуль мы да яго ішлі, нас ніводны аўтобус не абагнаў. І таму, калі мы прыбылі на гэты наступны прыпынак, там сядзела наша знаёмая зграя пугачоў.

І тут я гляджу, так я ўжо да Мэблевага дайшла, які раней зваўся дыскаунтэр "На тыдзеньчык". Тут і да дому ўсяго пара прыпынкаў. Можна і пешшу.