Сорак Сашак - Чорная Кнiга

Варужка Яешня-Тутошня
Сорак Сашак - Чорная Кніга

Гэты Саша не вярнуў мне Чорную Кнігу. А калі ён яе вярнуў, то не мне, а камусьці іншаму. І зараз я не ведаю, дзе мая Чорная Кніга.

Гэту кнігу выпусціў наш інстытут, змясціўшы ў яе ўсе свае веды па вызначанай тэме. Кніга была вельмі дарагая, але ўсё адно хутка разыйшлася.  У мяне яе не было.

Праз некалькі гадоў, пасля таго, як ураганам пранеслася па зямлі перабудова, я зайшла ў букіністычную краму і ўбачыла яе па кошце талона на трамвай. І купіла.

Я ў яе часам зазірала, але больш старонкі зараз прачытаць не магла.
А потым наогул зазіраць перастала.

Пазней я гэту кнігу прынесла на працу і яе ўзяла ў мяне Рыба Лядоўня для маладых адмыслоўцаў чытаць.
Потым з Рыбай я палаялася і перайшла ў групу Сцервы Атрутнай.
(З якой пазней таксама палаялася і перайшла ў групу Віні Пуха. У якой дагэтуль і знаходжуся. Толькі не як Пятачок. А як Тыгра.)

…Сашу гэтага я ўпершыню ўбачыла рана раніцай, калі паднімалася па ўсходах. Абагнаў мяне нейкі малады чалавек і звярнуў на трэці паверх. Калі я паднялася на трэці паверх, ён спытаў мяне, ці не ведаю я, дзе цяпер ходзяць людзі з пакоя Халоднай Рыбы. Я сказала, што яны так рана не прыходзяць, і запрасіла яго пасядзець у пакой Сцервы Атрутнай.
А там, пазнаўшы, што гэта малады адмысловец, і будзе ў тым пакоі працаваць, я аддала яму ключ, сказаўшы, каб ён мне потым вярнуў, звальняючыся. Усё спадзявалася, што вярнуся ў той калектыў.
Забягаючы наперад, скажу, што ён не вярнуў ні ключа ні кнігі. Ну, і добра.

А праз яшчэ час, у мяне з'явілася вострае жаданне прачытаць Чорную Кнігу, і стаць разумнай вельмі. Я пайшла яе шукаць і знайшла ў Сашы гэтага.

- Вы яе чытаеце? - спытала я.
- Не, - сказаў ён
- Тады я яе забіраю

Прынесла я яе да сябе, адкрыла, прачытала некалькі літар і зачыніла зноў.
А хутка прыйшоў Саша і забраў яе.

А потым ён звольніўся.
І дзе зараз мая Чорная Кніга. Такая прыгожая, велічэзная, цяжкая, з залатымі літарамі. За адзін талон набытая. Паняцця не маю.
Ды яна мне і не патрэбна.