Литаргия

Алесь Здань


Летаргія.



Гэта была звычайная дзяўчына. Маладая, прыгожая, вясёлая. Сярод натоўпу на дыскатэцы яе немагчыма было вылучыць. Яна такая як і ўсе. Кароткая спадніца, нафарбаваныя вусны. Адно толькі кідалася ў вочы, дакладней не ў вочы , а ў слых -размаўляла яна на чысцюткай беларускай мове.  І сярод рускамоўнага гоману гэта было на відавоку. Танчыць, спяваць, смяяцца. Гэта і прывяло яе з сяброўкамі на дыскатэку. Тут яна была свая. Тут яна жыла. Тут ёй падабалася.
Каля дзьвюх гадзін ночы пачала збірацца да дому. За поздна ўжо. Хоць яна і дарослая дзяўчынка, але бацькі дома хвалююцца. Адпусцілі яе толькі з умовай, што пойдзе з сяброўкамі, і не надоўга.
Менск горад спакойны, стабільны. Вядома ёсць злачыннасць але не вялікая. Наша міліцыя нас беражэ. Бацька штовечар глядзеў навіны па БТ і дакладна ведаў, што ў нашай краіне нічога дрэннага здарыцца не можа.
Услед за дзяўчынамі, з клюбу выйшлі два хлопцы. Не прыцягваючы да сябе увагі, яны наводдаль накіраваліся услед за сяброўкамі. Хлопцы таксама звычайныя. На дыскатэке яны адпачывалі і пілі віно маладосці. Ад іншых іх адрознівалі толькі маленькія, круглыя значкі, са свастыкай РНЕ.
Хлопцы трымаліся ў ценю, пакуль яна не засталася адна. Да пад’езда заставалася дзве-тры хвіліны хады. І тут яны наляцелі як каршуны. Адзін абхапіў рукі і спрабаваў заціснуць рот. Другі пачаў зрываць адзенне. Яна пачала трапятацца, вырывацца на волю. Здолела адпіхнуць гвалтаўніка і закрычаць.
- Успокой её.- выгукнуў другі.
Сталёвы кастэт раз і другі абрынуўся на галаву. Яна абмякла і не супраціўлялася. Павалілася долу і распласталася белай птушкай. Малойчыкі кінуліся ў бакі – нехта, пачуўшы крык, выглянуў ў вакно.
“Хуткая” апраўдваючы сваю назву данеслася да шпіталя за лічаныя хвіліны. На насілках яе перанеслі ў аперацыйную. Хірургі ўжо умывалі рукі.
Яшчэ дзесяць хвілін назад хірург і анестэзіёлаг сядзелі спакойна на канапе і каб прагнаць сон пілі каву. Размаўлялі з большага не аб чым, але сёння, ніз таго ні з гэтага, закранулі тэму Беларушчыны. Хірург, даўні сімпатык БНФ, даказваў, што мову беларускую трэба неяк выводзіць з сучаснага стану, і што улады наадварот робяць усё магчымае каб яе знішчыць. Анэстэзіёлаг,  даводзіў, што мова сваё аджыла, і няма ні якай магчымасці вярнуць яе да жыцця. Трэба, настойваў ён, у першую чаргу дбаць аб дэмакратыі. Ды і ўвогулле, ці патрэбна нават і дэмакратыя нашаму народу? Але дыскуссія,  прыпыненая вядомымі нам падзеямі,  так не скончылася.
Аперацыя была цяжкая – дзяўчыне праламілі чэрап і пашкодзілі мозг. Некалькі гадзін яна была ў коме. Аперацыйная брыгада змагалася за яе жыццё, і паспяхова. Жыццё было выратавана. Але пасля аперацыі яна так і не прыйшла ў сябе.Ужо чатырнаццаты дзень дзяўчына не выходзіла са сну. Тэрмінова быў скліканы кансіліум. Агульнай высновай было тое, што гэта летаргічны сон і колькі ён працягнецца,  аднаму Богу вядома. Прадстаўнік міністэрства аховы здароўя прымусіў прафесуру запоўніць безліч папер, і вельмі шкадаваў, што дзяўчына не можа падпісацца на нейкім акце. З гэтага моманту дзяржава поўнасцю брала на сябе адказнасць за лёс дзяўчыны.
Яе змясцілі ў асобную палату шпіталя, і кожны месяц давалі справаздачу аб яе стане начальству. Жыццё яе цалкам перамясцілася ў статыстычныя зводкі і справаздачы. Для дзяржавы яна стала увасабляцца, як шыльдачка з асабістымі дадзенымі, павешаная над ложкам.
Толькі хірург ды анестэзіёлаг (вядома акрамя бацькоў) працягвалі зрэдку наведваць яе. Нягледзячы на ўсе намаганні урачам заставалася толькі падтрымліваць той стан, што існаваў. Падтрымліваць у ёй той маленькі агеньчык жыцця які пакуль, што не згас.

Дзякуй Богу, гэтай гісторыі на сам рэч не было. Не было з канкрэтнай дзяўчынай. Але яна кожны раз паўтараецца з Беларуссю, з Беларушчынай. Змардаваная, згвалчаная ляжыць яна ў летаргічным сне. І невядома - жывая яна, ці мёртвая. Прыхільнікі беларушчыны яшчэ спрабуюць яе абудзіць, але дарэмна. Адзінае, што цяпер магчыма, гэта толькі падтрымліваць той стан каторы існуе. Захаваць хоць бы тое невялікае, што пакуль захавалася. І спадзявацца. Спадзявацца, што прыйдзе час і яна прачнецца.
Ёсць дыягназ, няма толькі лекаў. Некаторыя мараць аб эфтаназіі, іншыя гавораць:”Пачакаем. Сама памрэ.” А мы ведаем - Яна прачнецца. Яна толькі спіць. Ужо не доўга…