Апошняя чытанка

Алесь Здань
Апошняя чытанка.

 Гісторыя пачутая ад выпадковага знаёмага.
Перакладзена на стара - беларускую Алесем Рыбачонкам.


На днях, снойдуючыся па горадзе, зайшоў я ў інтэрнэт-кавярню. Не дзеля забаўкі, а па справе – вырашыў пашукаць сабе ў сеціве працу. Якраз, ужо некалькі месяцаў не мог знайсці сабе нічога падыходзячага, і лічыў у кішэнях апошнія мільёны. Да гэтага меў досыць прыстойную працу – збіраў на велазаводзе генэратары для “Саманда”. Але Іран узарваў бомбу (ядзерную зразумела), і з-за амерыканскіх санкцыяў праца прыпынілася. Пару сотняў чалавек на заводзе скарацілі, у тым ліку і мяне. Вось так я апынуўся у інтэрнэт-кавярні без грошаў і надзеі. І што вы думаеце? Знайшоў усёшткі тое, што шукаў.
Спачатку аб’ява мяне збянтэжыла. “Шукаю чытача. Аплата з’дзельная.” Я адразу не уцяміў, што гэта за прафесія такая, а потым дайшло. Дай думаю, паспрабую, раптам атрымаецца. Запісаў нумар мабілы, натуральна і патэлефанаваў.
- Але. Я па аб’яве. Чытача шукаеце?
- Так, шукаю. Вы якраз па адрасе.
- А што рабіць трэба?
- Нічога складанага. Я паэт, вершы пішу. Вы іх будзеце чытаць. Элементарна.
- А аплата як?
- Аплата добрая. Два - тры мільёны за верш, у залежнасці ад аб’ёму. Згаджайцеся, не пашкадуеце.
Ну я і дамовіўся аб сустрэчы. А што? Праца сапраўды не цяжкая, а грошы добрыя. У маім становішчы і наогул адмаўляцца грэх. Апошнюю кнігу я, праўда, толькі у школе чытаў - “Выбраныя даклады Прэзідэнта”. Па праграме трэба было. Але чытаю я добра, дзесці 60 слоў за хвіліну. У ўколе ў мяне на экзамене па чытанню 76 балаў было. Карацей, вырашыў рызыкнуць.

- Ну прывітанне. Мяне завуць Алесь Няведны. Паэт. Ведаеце, што такое вершы? Гэта такія рыфмаваныя невялічкія гісторыі Лёгка чытаюцца. Вось трымайце. – Паэт працягнуў мне кніжку, старонак на сто. Кніга так сабе, у мяккай вокладке і зусім без малюнкаў, што мяне збянтэжыла больш за ўсё.
- Рады, што Вы згадзіліся, ужо паўгода чытача знайсці не магу. Дзе аб’явы толькі не даваў. Не дапамагае. Ну, што можа па піву?
Я канешне не адмовіўся, хоць знешні выгляд паэта аптымізму не надаваў.Апрануты ў нейкую дзіўную вышаваную кашулю, ён больш нагадваў старажытнага калгасніка, чым нармалёвага чалавека. Ды яшчэ акцэнт нейкі не тутэйшы.
Адглынуўшы з келіха піва, паэт узяўся за справу.
- Умову простая: чытаеце верш, пераказваеце мне як зразумелі і атрымоўваеце грошы.
Я разгарнуў кнігу і сумяўся. Яна ж на замежнай мове!
- Не прабачце, я на замежнай не чытаю. Не ведаю.
-Ды Вы што?! Гэта ж не замежная! Гэта беларуская…
Я угледзеўся у шрыфт. Літары безумоўна нашы. Сустракаюцца нейкія “ў”, “і”. Чытаць можна, але сэнсу ніякага, толькі некаторыя словы зразумелыя. Брэша паэт, не беларуская гэта мова. Наша мова дыялект вялікай мовы рускай, а гэта тарабаршчына нейкая.
-Не. Прабачце. Прабачце. Я пайду.
Ад граху падалей, ідучы да дому, я даў вялізнага кругаля. Ну яго к д’яблу, гэтых пісак. Вычварэнцы адны. Правільна зрабіў наш прэзыдэнта, што пару год таму сагнаў усіх гэтых “адмарозкаў” у рэзэрвацыю пад Курапатамі. І хто толькі ім дазваляе бадзяцца па гораду, нармалёвых людзей пужаць. Не. Пайду лепш дворнікам працаваць, чым гэтыя кніжкі чытаць.

   2011