Сорак Сашак - Малады

Варужка Яешня-Тутошня
Сорак Сашак - Малады

Прозвішча ў яго такое было - Малады. І ён вельмі крыўдзіўся, калі Нінка здзеквалася:
- Малады яшчэ, зялёны…
І як тут ня крыўдзіцца, калі сапраўды маладзей за ўсіх.
Патрапіў ён да нас у чыста жаночы будатрад зусім выпадкова.

У той год з'явілася ідэя: даваць у кожны будатрад аднаго цяжкавыхоўнага дзіцяці, дзевяцікласніка, на перавыхаванне.

Нашаму цяжкавыхоўнаму лекары не дазволілі нікуды ехаць. А Саша быў яго сябрам. Ён усё хадзіў, клапатаў за сябра, але ўсё без толку.

А паколькі нам цяжкавыхоўны быў вельмі патрэбен, а іншага шукаць ужо не было часу, Аня, наш камандзір, і прапанавала Сашу паехаць з намі ў якасці цяжкавыхоўнага. Ён і пагадзіўся.


…Едзем у цягніку. Адны дзяўчынкі ў вагоне. І Саша сярод нас. Памятаецца, запрасілі яго ў наша купэ, і напакавалася ў ім дзяўчынак як вінаградзін на гронцы. Носа не ўбіць. І сядзіць Саша ля вакенца, а ўсё яго натоўпам абклалі, радасна на яго глядзяць, як на сонейка, усміхаюцца, трашчаць усё адначасова, кожная спрабуе на сябе ўвагу звярнуць, і ўся, як адна, прыгажуні.
А Саша сядзіць, задаволены сабой і жыццём, і пачуваецца цалкам утульна.

А я села далей ад усіх і ўткнулася ў кніжку. Не люблю хлопчыкаў, якія камфортна сябе адчуваюць у жаночым грамадстве. Мне яны здаюцца нейкімі дэфектнымі, ці што, распешчанымі, пестунамі…
І да таго ж, я не прыгажуня, у адрозненне ад астатніх, не магу з імі супернічаць.
Ды і Саша не ў маім гусце, бялявы нейкі.

І забаўляюцца яны так, перыядычна выбухаючы рогатам, а Саша, не-не, і ў мой бок паглядае. Гэта я бакавым зрокам бачу. Яму, напэўна, маёй увагі для поўнага шчасця  бракуе.
Ну, і добра, пераб'ецца…

…Не ведаю чаму, яго ўвесь час цягнула да мяне, ну, як магнітам. Мяне гэта дзівіла. Гэтулькі прыгажунь вакол так і вешаюцца на шыю, а яго вабіць да мяне, зусім звычайнай. Можа, гэта калі шмат салодкага, жадаецца чорнага хлеба кавалачак? Ці з-за маёй абыякавасці? Паказной, дарэчы.
І дзяўчынкам жудасна не падабалася, што ён цягнецца да мяне праз іх галовы. І вырашылі яны мне свінню падкласці: паказаць мяне Сашу ў невыгодным святле.

Быў конкурс самадзейнасці, і мне прапанавалі згуляць ролю "карасівы барышэн", вельмі непрыемнай асобы. Усе нашы прыгажуні вырашылі, што ім гэта роля не падыходзіць, а мне ў самы раз.

Былі там такія словы ў сярэдзіне:

                «…жирный, как барашека,
                Как урюк глаза,
                Губка ярка крашена,
                Рыжий волоса...»
 
Я пагадзілася на ролю, а пра сябе падумала: "Ах, вы вужакі падкалодныя. Пакажу я вам барышэн…". А ў мяне ўсё з сабой было. І ружовы эфектны сарафан, і басаножкі, і капялюш саламяны, вельмі эфектны, і чорныя акуляры.
Адным словам, Саша толькі на мяне і глядзеў, бесперапынна і з захапленнем. Я яго, як і раней, наогул не заўважала, а ўсе прыгажуні проста жоўклі ад рэўнасці…