Сорак Сашак - Аксамiтавы погляд

Варужка Яешня-Тутошня
Сорак Сашак - Аксамітавы погляд

...Сядзеў ён за квадратным сталом пасярод пакоя. Вялікі, важны, шарападобны, с коратка пастрыжанымі кучаравымі валасамі, кранутымі ранняй сівізной. Вочы вялікія, асабліва з-за шкла акуляраў, аксамітавыя, апраўленыя густымі вейкамі. Бровы прыгожа надламаныя.

Пінжак. Вось, пінжак нікуды не варты: вельветавы гарчычнага колеру. Ну, і хай. Дробязі гэта.
 
Сядзіць ён, значыць, за квадратным сталом і вяшчае. А мы абселі стол з усіх бакоў і ўважліва слухаем яго вяшчанне.

- Пытанні ёсць? - перапыніўшы сваё вяшчанне, спытаў ён аксамітавым голасам.

У мяне пытанняў не было. Усё было абсалютна зразумела.

- У мяне пытанне, - кажа Лена і глядзіць на яго мяккім ласкавым поглядам.

І задае Лена пытанне. Я ведаю на яго адказ.

А ён павярнуў да Лены свой аксамітавы позірк і пачаў адказваць на яе пытанне.

 - І ў мяне ёсць пытанне, - сказала Галя, таксама ласкава на яго гледзячы.

І задае Галя пытанне. Я зноў ведаю на яго адказ.

А ён павярнуў да Галі свой аксамітавы позірк і пачаў адказваць на яе пытанне.

Ды што ж гэта такое?!!! Я таксама жадаю!!!

Тады я таксама вылезла са сваім пытаннем, хоць ніякіх пытанняў у мяне і не было.
 
А ён павярнуў да мяне свой аксамітавы позірк і пачаў адказваць на маё пытанне.
І не паспеў ён адказаць, як я зноў задала пытанне. І ён ізноў сваім аксамітавым голасам доўга тлумачыў мне яго...


...І раптам успомнілася даўняя, даўно забытая гутарка ў студэнцкім інтэрнаце.

- Я магу уявіць Варкінага мужа, - весела блішчучы вачыма, сказала чарнавокая, падобная на італьянку, прыгажуня Танечка.

"Чаму майго? - здзівілася я. - я сама яго наогул уявіць не магу. Няма адпаведнага ў гэтым свеце..." А ў слых спытала, крыва ўсміхаючыся: 

- Ну, давай.
- Ён будзе вельмі тоўсты, важны і напышлівы, у акулярах, вельмі разумны.
І кісла ў мяне на душы стала ад такой карціны, і сказала я холадна:
- Мне падабаюцца худыя блакітнавокія бландыны...
А пра сябе падумала: "Падабаюцца то, падабаюцца, але я іх зусім не люблю. Гнюсы ўсе, гэтыя бландыны блакітнавокія..."


Пасля чаго я паглядзела на яго, важнага, круглага і аксамітавага, відавочна напышлівага, і падумала: "Мой!!! Нікому не саступлю!!! Мне яго Танька напрарочыла!!!..."