закальцаваны свет

Ляксандра Зпад Барысава
закальцаваны свет

Не памятаю, як я перайшла мяжу. Выпадкова, напэўна. Памятаецца, на мяжы той былі рэдка расстаўлены слупы, а паміж імі клапатліва тарабанілі бульдозеры. А я, неўзаметку для сябе, прайшла паміж слупамі і апынулася па-за кругам, па акружнасці якога хадзілі бульдозеры.

І тут я ўбачыла Алу і Галю. Яны стаялі на сваім месцы і былі заняты справай. А я пачувалася не ў сваёй талерцы. Маё месца было там, адкуль я прыйшла. І я азірнулася назад, на свой свет.

Бульдозеры зрабілі сваю справу. Там быў роўны круглы цыліндр без вокнаў і дзвярэй.

І пахаладзела ў мяне ўсярэдзіне: бо я там магла застацца назаўжды замураванай.

- Там жа людзі, - сказала я Галі, - як яны адтуль выберуцца?
- Яны там робяць сваю Патрэбную Справу, - сказала Галя, - і ні пра што не думаюць, некалі ім думаць…
- Але ім жа адтуль ніколі не выйсці!
- Ну і што?...


Я паглядзела ўгору: над намі была роўная, цяжкая бетонная столь. А наперадзе гэта столь падпіралася слупамі, паміж якіх клапатліва хадзілі бульдозеры.

- Трэба адгэтуль выбірацца, пакуль нас тут не замуравалі, - сказала я Галі.

Галя спалохана азірнулася на бульдозеры, а потым з папрокам паглядзела на мяне. Яна нічога не сказала, але я зразумела яе без слоў: як гэта нас тут замуруюць? Нас? НАС?!!! Мы ж тут робім вельмі Патрэбную і Важную Справу!!!!

А я пайшла далей. Я перайшла праз лінію, уздоўж якой хадзілі бульдозеры, і апынулася ў чыстым полі. І нічога там не было, ні травы, ні дрэў. Усё шэра, і толькі ліпкі бруд пад нагамі.