Транспартныя пакуты

Ляксандра Зпад Барысава
Транспартныя пакуты

Еду раніцай у 29 аўтобусе і бачу на прыпынку "Плошча дзяржаўнага сцяга" самотнага сумнага рэвізора. Колер яго сіне-жоўтай курткі нагадаў мне, што менавіта тут, вельмі тэрмінова і хутка, пакуль ён не зайшоў, я павінна выйсці. Паднялася і пайшла да выйсця. Са мной разам пра гэта ўспомніла яшчэ палова аўтобуса. І ўсе мы тэрмінова і хутка выйшлі і пайшлі далей пешшу.

І ішлі мы так дружна цэлы прыпынак, і дашлі да завода халадзільнікаў "Атлант". І яны ўсё, ці амаль усё, павярнулі ў бок заводу. Для мяне гэта было так нечакана, што я і засталася стаяць на гэтым наступным прыпынку, пакуль не прыйшоў 44 аўтобус, на які я села і паехала далей.

***
А ўчора было яшчэ цікавей. Сышоў у мяне з пад носа 40 аўтобус. Я з прыкрасцю паглядзела яму ўслед, а потым села на наступны, 50, хуткасны, каб пад'ехаць два прыпынкі. На Пінскай выйсці, там шмат падыходнага транспарта.

Вось праехалі адзін прыпынак, кароткі. Наступны - доўгі. А гаварылка раптам аб'яўляе:

"Асцярожна. Дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак "Станцыя мятро ПУШКІНСКАЯ"". Так і аб'яўляе, з моцным націскам на "ПУШКІНСКАЯ"

"Зноў у іх гаварылка загаворваецца, - падумала я, - Пінская ж…"

Аўтобус пастаяў яшчэ некалькі секунд, напэўна кіроўца рэгуляваў гаварылку, а потым ізноў раздалося:

"Асцярожна. Дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак "Станцыя мятро ПУШКІНСКАЯ"". І зноў з моцным націскам на "ПУШКІНСКАЯ"

"Вось, няўклюда, - думаю, - не можа зладзіцца з гаварылкай. Ну, і хай…"


А аўтобус усё не едзе, пастаяў яшчэ некалькі секунд з адчыненымі дзвярыма, і зноў раздалося:

"Асцярожна. Дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак "Станцыя мятро ПУШКІНСКАЯ"". І зноў з моцным націскам на "ПУШКІНСКАЯ"

"Вось дурань", - падумала я…

Пасля гэтага дзверы зачыніліся, і аўтобус паехаў. І што вы думалі? Наступны прыпынак сапраўды быў "ПУШКІНСКАЯ". Міма Пінскай мы просценька праехалі, там было ўсё раскапана-развернута, ніводны транспарт не спыняўся. І стаяў народ і безнадзейна чакаў чагосьці. А шматлікія, стаміўшыся чакаць, ішлі наперад пешшу.


…А на "ПУШКІНСКАЙ" я стаю і думаю: на чым далей ехаць? Даўно тут не была. Тут ідзе 77 аўтобус. А, вось, на ім магу трохі пад'ехаць.

І тут успомніла, што ён здаецца ідзе міма "Евроопта", які раней сціпла зваўся " Таллинн ". А раптам, не ідзе? І тады я спытала ў побач прысутнай жанчыны:

- Скажыце, калі ласка, ён праязджае міма "Евроопта"? Спыняецца там дзе-небудзь?

Яна глядзіць на мяне са здзіўленнем: якога "Евроопта"? Яна, напэўна, падумала пра  папулярны "Евроопт" за горадам…

- Ну, поруч " Таллинна", - нагадваю я старую назву.

- Ідзе, спыняецца, - сказала яна.


***
Вось, і наш хвалебны гіпермаркет, дискаунтер  "На недельку" таксама растаў. Зараз усе сцены таго будынка залеплены словамі рознай формы, колеры і памеру: "мэбля", "Мэбля", "МЭБЛЯ"…

Нуда…