Сорак Сашак - Саня

Варужка Яешня-Тутошня
Сорак Сашак  - Саня

Саня прыязджаў на летнія вакацыі да бабулі ў вёску Пагарэлка з Кіцеж-Граду. Я таксама прыязджала ў вёску Пагарэлка да сваёй бабулі з, не скажу, адкуль, скажам, з Персіполісу.

Усё лета я была ў Саню закаханая, астатні час я пра яго нават не ўспамінала.

Колькі я памятаю Саню, заўсёды ён быў маленькі, як верабейка, і прыгожы, як лялька. Вочы сінія-сінія з доўгімі пухнатымі вейкамі. 

Хадзіў Саня ўвесь час падскокваючы на ходу, і бесперапынна цвыркаў штосьці сваім звонкім галаском. І ўсміхаўся пры гэтым, як сонейка. І ніколі Саня ў бойках не ўдзельнічаў. Заўсёды стаяў у старонцы і ўсміхаўся, па-сяброўску так, гледзячы на тых, што б'юцца.

Усе Саню любілі. Ніхто ніколі не скажа: Санька. Усё казалі далікатна так: Саня.

Я таксама Саню любіла. Але каб схаваць гэта, заўсёды звала яго груба: Санька.
 

У Сані было два брата Грышкі, адзін родны а другі стрыечны, аднагодкі. І падобныя Грышкі былі паміж сабой як двайняты. Бялявыя, аблупленыя, вечна ваяўнічыя і зусім брыдкія.

Гэтыя Грышкі былі завадатарамі ўсіх боек і гульняў.

…Было мне тады пяць гадоў. Старэйшыя дзяўчынкі не прымалі мяне ў гульню. Я заўсёды сядзела на траўцы і назірала, як яны гуляюць.

А яны расчарцілі на пыльнай дарозе класікі і скачуць.

А тут ідуць па дарозе Саня са стрыечным Грышкам. І стаў Грышка замінаць дзяўчынкам гуляць, стаў класікі нагамі руйнаваць і дзяўчынак пхаць. А сам увесь час укручваецца, спрытны такі.

А Саня стаіць у старонцы і ўсміхаецца.

І тады я вырашыла ўзяць закладніка. Пакуль Манька ганялася за Грышкам, я падбегла да Сані і дужа абняла яго са спіны дзвюма рукамі. Ды як закрычу, захлынаючыся ад захаплення:

- А я Саньку злавіла!..

А Саня ціха стаіць, не вырываецца, здаецца, яму нават падабаецца, што яго злавілі.

Манька, якая змагалася з Грышкам, абярнулася і сказала мне кпліва:

- Мацней трымай…

А Грышка, састроіўшы зверскую рожу, пакінуў поле бою і кінуўся ратаваць Саню.

Тады я спалохалася, адпусціла Саню і ўцякла.

Грышка і Саня пайшлі далей, я вярнулася на траўку, а дзяўчынкі - да гульні.