Жаночы конкурс

Ляксандра Зпад Барысава
Жаночы конкурс

                Посмотри-ка, птички в небе
                замотались в «Hello baby».
                И не падают капишки
                на головки ребятишкам,
                и не пачкают прохожим
                их одежду, морды, рожи…
                Все резвятся, очень рады:
                ничего стирать не надо…   


…Я сяджу на канапе і гучна зачытваю пытанні і задачку з першага пункта жаночага конкурсу. Людка сядзіць на падлозе, захінуўшыся ў падгузнікі, і перакладае кубікі, рэпетуе перад выступам. На галаве ў Людкі парык лысага бяззубага немаўля. І ніяк па вонкавым выглядзе не скажаш, што гэтай дзеўцы хутка на пенсію. Немаўля як немаўля. Сядзіць на дыване ўдалечыні ад мэблі, кубікамі гуляе. Я зачытваю пытанне і сама ж на яго адказваю. Людка паспявае толькі падтакваць. І на рашэнне задачы яна таксама падтакнула. Некалі ёй думаць, так занята кубікамі.

За першым пунктам з’явіўся надпіс: "А зараз вы можаце выразаць фатаграфіі! Спяшайцеся! Некаторыя фатаграфіі ўжо выразаны!"

Я перагарнула старонку. Сапраўды, на месцы адной фатаграфіі была дзірка. Хтосьці ўжо паспеў выразаць, пакуль я адказвала на пытанні. І чаму ён выразаў толькі адну фатаграфію? І колькі іх наогул можна выразаць мне? Я націснула пальцам на самую верхнюю фатаграфію, і вакол яе з'явілася расколіна, па якой трэба рэзаць. Тады я націснула на другую фатаграфію, трэцюю, чацвёртую. Вакол чацвёртай фатаграфіі расколіны не з'явілася. Значыць, нельга выразаць яе. Я ўзяла нажніцы і стала выразаць першую фатаграфію, падумаўшы: "А што будзе, калі я выражу чацвёртую?"

…Зусім забылася.
Для таго, каб нам дазволілі ўдзельнічаць у конкурсе, мы павінны былі скласці вясёлы верш пра падгузнікі і даслаць яго куды трэба разам з фатаграфіяй нашага немаўля ў гэтых падгузніках.
Чатыры радкі ў мяне склаліся маментальна. Але Людка сказала, што яны ў мяне прэсныя атрымаліся і дадала свае чатыры. Мы іх старанна перамяшалі ў тазіку. Паколькі дзіцяці ў нас не было, то Людка прыбралася немаўлём. І я яе сфатаграфавала на падлозе сярод кубікаў. А потым фатаграфію з вершыкам адправіла ў смеццевае вядро. І яно пайшло куды трэба. У нас падчас конкурсу ўсе смеццевыя вёдры аператыўна падлучылі да Інтэрнэту праз Wi Fi. Каб хатнія гаспадыні маглі прыняць удзел у конкурсе не адыходзячы ад рондаля.

…7 аўтараў самых зыркіх і цікавых прац атрымаюць дзіцячае аўтамабільнае крэсла…. Зусім забылася, у нас з Людкай не толькі немаўля няма ў наяўнасці, але таксама і аўтамабіля няма. Навошта нам гэта крэсла, і не ўяўляю…