Сорак Сашак - лабарант

Варужка Яешня-Тутошня
Лабарант


…Успамінаецца школьны навагодні агеньчык. І Сашка, у той час лабарант, паколькі праваліўся на ўступных іспытах, так выломліваўся ў танцы, што я больш ні на каго іншага і не глядзела. Я была ў процілеглым канцы напаўцёмнай актавай залы, таму Сашка не бачыў, што я на яго гляджу. Ён быў у чорных акулярах, доўгія валасы і рукі яго трэсліся з вялікай чашчынёй і сам ён выгінаўся і круціўся ў розныя бакі таксама з вялікай чашчынёй. Нездарма ж казалі, што ў яго вялікія здольнасці па фізіцы. А вось у чыстапісанні - ніякіх здольнасцяў. Вось і напісаў сачыненне на двойку на ўступных іспытах…

…Неяк напрасіліся мы з сяброўкамі ў школьную фоталабараторыю фатаграфіі праяўляць. А Сашка зачыніў нас там на ключ, а сам кудысьці зваліў. А я вось спадзявалася, што ён нам дапамагаць будзе, будзе хлопчыкам на пабягушках, будзе рыбкай залатой на пасылках… Рухнулі мае мары… Зваліў Сашка ў невядомым кірунку, зачыніўшы нас на замок.

Ужо і фатаграфіі мы даўно праявілі, і высахлі яны нават, а Сашкі усё няма і няма… І сталі мы знемагаць ад нуды і гультайства. І калі ўжо страцілі надзею, Сашка з'явіўся. Ох, і злая ж я была!. І кажу:

- Чаму так доўга не вяртаўся?

І, убачыўшы, што Сашка ніяк не зрэагаваў на мае словы, як быццам і не пачуў іх, я дадала:

- А мы тут такое нарабілі… - злавесным такім голасам.

І тут Сашка ўспудзіўся:
- Што?!!! Што вы нарабілі?!!!
- А не скажу, - кажу я ўсё тым жа злавесным тонам, - сам здагадайся…

І замятаўся Сашка ў паніцы па лабараторыі, і выгляд у яго быў такі панічна спалоханы, што я не вытрымала і сказала звычайным голасам:

- Ды нічога мы не нарабілі… Супакойся…

І тады Сашка выдыхнуў з палягчэннем, як пару спусціў, і выпусціў нас з лабараторыі…