Сорак Сашак - Ахоцкае мора

Варужка Яешня-Тутошня
Сорак Сашак - Ахоцкае мора

…Гэтага Сашку я памятаю альбо стаячага ля варот сваёй хаты, дыхтоўнай хаты, крытай свежай залатой саломай, альбо як ён едзе на калёсах, звесіўшы ногі паміж дубцамі, і пануквае каня, трасучы лейцамі:

- Но, но…

…Вяртаемся мы неяк… А вось адкуль вяртаемся, забылася. Значыць, вяртаемся мы аднекуль, я, Тонька, Зінка і Манька. Ідзём па сельскай пыльнай дарозе. Сашка стаіць ля брамкі сваёй хаты і глядзіць на нас спадылба сваімі дрымучымі вачыма. Шапка густых зблытаных валасоў робіць яго падобным… і нават ня ведаю, на каго робіць яна яго падобным, але выгляд вельмі экзатычны.

І тады Манька зацягнула пранізліва-віскатлівым голасам бязглуздую песню:
               
                «…Ох ты море, Охотское море,
                Без тебя я три года жила…»

Мне было сорамна за Маньку і за бязглуздую песню, але яна спявала пра Сашку, і таму я трывала:

                «…Без тебя полюбила я Сашку,
                Сашку с верной рыбацкой душой….
                И за чёрные брови густые,
                И за взгляд простодушный такой…»

Мы ішлі, хіхікалі, пераглядаліся, на Сашку зусім увагі не звярталі. А Сашка праводзіў нас сваімі дрымучымі вачыма, а Манька працягвала з нейкай адмысловай пераможнай злараднасцю, выкрыквала віскатліва-гучна:

                «…И стою я у моря рыдаю,
                Оттого, что я Сашку люблю.
                Всё прощаю Охотскому морю,
                Гибель Сашки простить не могу…»

А Сашка ўсё глядзеў і глядзеў нам услед…


…На пятым курсе пасля будатрада я вырашыла адпачыць пару тыдняў у вёсцы ў бабулі, хоць ужо было 7 верасня, пяты курс на бульбу не пасылалі, і ўжо пачаліся заняткі.

Іду я па пыльнай вясковай вуліцы і бачу далёка наперадзе выязджаюць з Сашкінага двара калёсы, паварочваюць налева і нясуцца ў тым жа кірунку, што і я іду. І сядзіць на іх Сашка, звесіўшы ў бок ногі, а за ім - куча дзетак, мал мала менш, усе пагодкі…
І тужліва мне стала чагосьці, як быццам я страціла штосьці вельмі каштоўнае, хоць пра гэта Сашку я наогул ніколі не думала…