Даць усим па вачах и зубах

Ляксандра Зпад Барысава
Даць усім па вачах і зубах

 (Урыўкі з летапісу)
                Прысвячаецца Андрею Столярику, як натхніцелю
                http://www.stihi.ru/avtor/stolyarikandre
                http://www.proza.ru/avtor/stolyarikandre 

 - Ну, што там яшчэ? - раздражнёна спытаў Саваоф у Міколы, які ў гэты момант нясмела прыадчыніў дзверы ў кабінет.
 - Вось, толькі што даслалі спіс несправядліва рэпрэсаваных і высланых навечна без права перапіскі яшчэ ў часы Зеўса.
 - Некалі цяпер! Канец працоўнага дня! Заўтра дакладзеш! А пакуль давай са спісу толькі аднаго пацярпелага.
 - Ну, хоць бы, напрыклад, старыя граі… Несправядліва пазбавілі іх маладосці і прыгажосці, а таксама вачэй і зубоў, пакінуўшы на траіх толькі адно вока і адзін зуб… А ўсё з-за чаго? На іх бяду, сястрыца іх Медуза Гаргона пераўзыходзіла прыгажосцю саму Афіну Паладу. Ну, і па гэтым чынніку з'явіўся струмень паклёпніцкіх ананімных лістоў  на сястрыц…
 - Добра, не працягвай, далей я ўсё ведаю. Дазваляю, дай ім усім па вачах і зубах, вярні маладосць і прыгажосць, і адпраў жыць туды, дзе ніхто іх не ведае…



 ***
 …Тры сястрыцы блізняткі, Вера, Надзея і Любоў, па прозвішчы Грай, сядзелі на канапе, падціснуўшы пад сябе ногі, і рэзаліся ў карты. Яны былі падобныя як тры кроплі вады. Толькі вочы ва ўсіх былі рознага колеру. У Веры вочы былі карыя, у Надзеі - зялёныя, а ў Любові - блакітныя.


 - Не так усё было, - ласкава, з любоўю, сказала Вера, - мы тады на беразе Сіняга Окена гулялі ў тэніс.
 - Ды што, ты, - упэўнена перабіла Надзея, - тады мы былі ў бабулі ў садзе. У мяч гулялі. Памятаеце, вялікі такі, у чырвона-белыя долькі...
 А Любоў прамаўчала, яна верыла і спадзявалася, што ўсё менавіта так і было...


 ***
 - Што ты, Верка, ізноў не той масцю пайшла, - папракнула Надзея і пхнула Веру локцем.
 Вера не ўтрымалася і звалілася з канапы. Пры гэтым яна стукнулася патыліцай аб падлогу, а вочы яе выпалі і заскакаўшы шарыкамі па падлозе, пакаціліся пад канапу.
 
 - Што ты нарабіла! - закрычала Вера і палезла пад канапу шукаць свае вочы навобмацак…

 ***
 - Не так усё было, - ласкава, з любоўю, сказала Вера, - Любоў тады адбіла, а мы з Надзеяй кінуліся лавіць і стукнуліся лбамі. І вочы ў нас выпалі з вачніц, і пакаціліся, падскокваючы шарыкамі па пяску. І мы папаўзлі шукаць іх навобмацак...
 - Ды што, ты, - упэўнена перабіла Надзея, - тады Любоў падкінула высока мяч, а мы з Верай кінуліся лавіць і стукнуліся лбамі. І вочы ў нас выпалі з вачніц, і пакаціліся, падскокваючы шарыкамі ў траву. І мы папаўзлі шукаць іх навобмацак...
 А Любоў прамаўчала, яна верыла і спадзявалася, што ўсё менавіта так і было...



 ***
 - Ух ты, як цудоўна, - сказала Надзея, дастаўшы сваё правае вока з вачніцы, і разглядаючы яго левым, - Давай, Любка, памяняемся на дзянёк вачамі. І продкі не зразумеюць, хто з нас хто.

 І калі Вера выпаўзла з-пад канапы і ўставіла на месца свае вочы, Любоў з Надзеяй ужо памяняліся вачамі і са здзіўленнем аглядаліся вакол.

 А Вера, забраўшыся на канапу, стукнула Любоў па патыліцы, паколькі прыняла яе за Надзею, сказаўшы:

 - Вось табе рэшта!

 Але Любоў не звярнула ўвагі на падпатыльнік. Яна ўсё яшчэ ашаломлена аглядалася вакол.

 - Ты, ведаеш, Надзька, маімі вачамі я бачыла, што гардзіны ў нас жоўтага колеру, а тваімі - сіняга… І ва ўсяго астатняга колеры памяняліся…

 - І я таксама бачу, што ўсе колеры памяняліся, - прашаптала Надзея..
 - І я таксама жадаю паглядзець вашымі вачамі, - капрызна працягнула Вера.

 ***
 - Не так усё было, - ласкава, з любоўю, сказала Вера, - Мы з Надзеяй папаўзлі па пяску, навобмацак,  адшукваючы свае вочы. А калі яны нарэшце знайшліся, яны ўсе былі залеплены пяском, страшна свярбелі ад гэтага і амаль нічога не бачылі. І потым мы яшчэ доўга ўсляпую шукалі гарлач з чыстай вадой.
 А калі мы гэтыя вочы ўставілі на месца, тое атрымася, што левае вока ў мяне ўсё бачыць няправільна. Неба - жоўтае. Трава памяранцавая...
 - Ды што, ты, - упэўнена перабіла Надзея, - Мы з Верай папаўзлі па траве, навобмацак,  адшукваючы свае вочы. А калі яны нарэшце знайшліся, яны ўсе былі залеплены мокрымі травінкамі, і поўзалі па іх нейкія казяўкі, страшна свярбелі ад гэтага і амаль нічога не бачылі. І потым мы яшчэ доўга ўсляпую шукалі вядро з чыстай вадой.
 А калі мы гэтыя вочы ўставілі на месца, тое атрымася, што левае вока ў мяне ўсё бачыць няправільна. Неба - чырвонае. Трава фіялетавая...
 - Ах, успомніла, - умяшалася Любоў, - гэта вы тады вочы пераблыталі... І нам усім вельмі захацелася памяняцца вачыма...



 І тры сястрыцы тут жа пачалі мяняцца вачыма, і хутка самі заблыталіся, хто ёсць хто.