Дзве зорки, Зялёная и Чорная

Ляксандра Зпад Барысава
Дзве зоркі, Зялёная і Чорная

 Фэнтезі

 …І з'явіўся Анёл на ўсе сайты і ўсе старонкі Інтэрнэту. І абвясціў:

 - Надыходзіць Канец Свету.

 І сказаў Анёл, што набліжаюцца да Зямлі дзве зоркі, Зялёная і Чорная.
 І Чорная зорка паглыне Зямлю, як дзюра чорная. А на Зялёную можна выратавацца, калі пабудаваць Каўчэг своечасова.

 І выклаў Анёл на ўсе сайты і ўсе старонкі чарцяжы Каўчэга і назвы матэрыялаў, з якіх яго трэба будаваць.

 Палічылі ўсё, хто ўмеў лічыць да дзесяці, колькі будзе каштаваць такі Каўчэг, і жахнула ўсіх астранамічная лічба.

 І тады пагадзіліся ўрады ўсіх краін, на Зямлі адразу ж спыніліся ўсе войны і разлады, а прамысловасць усіх краін была пераарыентавана на будаўніцтва Каўчэга. І працавалі ўсе простыя людзі планеты на гэтай будоўлі рупліва, днём і ўначы.

 І пайшла на будаўніцтва Каўчэга ўся, за ўсю гісторыю чалавецтва, назапашаная зброя і атамныя бомбы, і касмічныя ракеты, усе атамныя электрастанцыі і вялікія нафтаперапрацоўчыя заводы, усе аўтамабілі і чыгуначныя цягнікі. І яшчэ шматліка-шмат чаго.

 І як толькі Каўчэг быў пабудаваны, адмысловая Арганізацыйная Камісія склала спіс і графік чарговасці ўваходжання на Каўчэг, каб не было мітусні і панікі. І спісы гэтыя былі складзены па значнасці і велічы кожнага чалавека на планеце.

 І кожны чалавек ведаў, у які дзень ён павінен адправіцца да Каўчэга са сваёй сям'ёй, сваімі жывёламі і пажыткамі. І кожнаму для гэтай мэты быў вылучаны грузавы аўтамабіль.

 І навісаў гэты Каўчэг над планетай велічэзнай серабрыстай спіраллю, і ў сталіцы кожнай краіны быў спушчаны трап, па якім у Каўчэг маглі заязджаць аўтамабілі.

 І ў нейкі момант выявілася, што Каўчэг запоўнены цалкам, хоць толькі дзясятая частка жыхароў планеты паспела ўвайсці ў Каўчэг.

 І пайшла здзіўленая Арганізацыйная Камісія з праверкай, чаму так атрымалася. І апынулася, што лепшыя людзі планеты, якія былі першымі ў спісах, і якія абвыклі жыць на Зямлі з камфортам, і тут занялі гэтулькі месца, колькі паспелі захапіць. Калі іх папрасілі пацясніцца, яны паднялі такі крык і віск, што Арганізацыйная Камісія затыкнуўшы вушы ўцякла. Паколькі ўзброеная ахова ім дала знак, што ім тут са сваёй праверкай рабіць няма чаго.

 І яшчэ выявіла Арганізацыйная Камісія, што нейкім чынам без чаргі пракраўся на Каўчэг увесь цёмны крымінальны элемент, таксама ў вялікай колькасці,  сам сабе ахова, і таксама захапілі гэтулькі месца, колькі змаглі.

 І небяспечна было тут уладкоўваць разборкі і высвятленні, паколькі гэта магло скончыцца згубай Каўчэга.
  І махнула рукой Арганізацыйная Камісія і пайшла даваць сігнал да старту, паколькі Каўчэг быў ужо перапоўнены, і не мог больш прыняць ніводнага чалавека. І было гэта ў тры гадзіны ночы, у пятніцу.

 …І бачылі простыя людзі, якія рана раніцай прыбылі на пасадку ў Каўчэг, як павольна-павольна паднімалася ў неба лёгкая серабрыстая спіраль Каўчэга.
 Яшчэ бачылі людзі, як высока ў небе, бліжэй да ўсходу, радасна ззяла велізарная Зялёная Зорка.
 І яшчэ бачылі простыя людзі, як гэтак жа высока ў небе, але бліжэй да захаду злавесна шчэрылася Чорная зорка.

 А лёгкая, амаль незаўважная ў небе, серабрыстая спіраль Каўчэга апынулася як раз паміж імі. І накіроўваўся Каўчэг у бок Зялёнай зоркі.

 І нахмурылася злёгку ў гэты момант Зялёная зорка, а Чорная злавесна-радасна выскалілася яшчэ больш. І рванула раптам Каўчэг у бок Чорнай зоркі, і ўцягнуўся ён у яе, як у пашчу, і зачынілася тая пашча, са скрыгатам, падобным на злавесны смех. А потым Чорная  зорка знікла, як быццам яе і не было.

 А за ёй і Зялёная зорка павольна растала ў паветры.

 А неба стала звычайным, светла-блакітным, і на ўсходзе, на гарызонце з'явілася пунсовая паласа світанку.

 А людзі стоўпіліся на аэрадроме, і разгублена глядзелі ў неба, і не ведалі, што ім рабіць далей.

 І тут, ці то ў галаве ў кожнага, ці то ў паветры прагучаў ціхі голас:
 "Жывіце і любіце адзін аднаго"