Навальничны шквал

Ляксандра Зпад Барысава
Навальнічны шквал

 24-25 траўня 2013 года

 - Ідзі дадому, - сказаў мне Мікола. - Ідзе навальнічны шквал. Будзе тое ж, што ў сакавіку са снегам. Толькі зараз будзе навальніца з дажджом…

 …А я жадала затрымацца на гадзіну…
 Паглядзела ў акно - а там ні аблачыны. Неба ззяе ціхамірна.
 - Навальнічная хмара падыдзе да Менска ля сямнаццатай гадзіны.
 Я паглядзела на гадзіннік: 17.15. Потым ізноў у акно, на неба - там блакітная ціхамірнасць.
 - Ужо сямнаццаць пятнаццаць, - кажу. - Дзе хмара?
 - Ідзі, паглядзі ў мяне на маніторы.

 Падыходжу, на маніторы жудасны малюнак: хмары так і клубяцца вакол Менска.
 І я паехала дадому. Не на мятро, на аўтобусе дваццаць дзявятым.
 ***
 …Памятаю некалькі гадоў назад быў навальнічны шквал з градам. Я перачакала тады яго на ганку цэха, а потым пайшла на мятро. А ў мятро не пускаюць. Тады я скрозь дождж і моцны вецер пайшла зваротна ў бок заводу. Праходзячы праз сквер, убачыла ляжачыя дрэвы, якія яшчэ стаялі, калі я ішла ў бок мятро. Значыць, зваліліся толькі што.
 У падземным пераходзе перад заводам моцна пахла ігліцай, і валялася мноства дробных яловых галінак.
 Я здзівілася: цяпер лета, а не Новы Год. Чаму гэтулькі яловых лапак валяецца?
 Калі выйшла з падземнага пераходу, адразу стала ўсё ясна. Валяліся не толькі яловыя лапкі, таксама павалілася адна з велічэзных елак у завадской прахадной.
 …Калі я дабралася да аўтобуснага прыпынку, даведалася, што аўтобусы таксама не ходзяць.
 І паплялася я пешшу праз увесь Менск, скрозь дождж і вецер, і басанож па глыбокай вадзе.
 ***
 …І вось сёння я пайшла адразу на дваццаць дзявяты аўтобус, каб не патануць у мятро, і паспець, пакуль аўтобусы ходзяць…
 Першыя чорныя хмары з’явіліся на гарызонце толькі позна ўвечар, каля дваццаці гадзін. Яны павольна, па крузе зацягвалі гарызонт, і таксама павольна набліжаліся.
 Калі яны нарэшце дабраліся да нас, то ўжо страцілі апошнія сілы, злёгку пакапалі дажджом, удалечыні злёгку пагрымела, і на гэтым жудасны навальнічны шквал скончыўся.
 ***
 Хоць, не скончыўся. Хмары увесь час ішлі па крузе, і ў нас іх гэтулькі назапасілася, у цэнтры гэтага круга, што наступны дзень быў шэры, тужлівы па-восеньску, а хмары віселі так нізка, што здавалася, што іх шэрыя кудлы чапляюцца за зямлю. І дамы бледна шарэлі скрозь бялявую смугу.