Трынаццаты подзвиг Геракла

Ляксандра Зпад Барысава
Трынаццаты подзвіг Геракла

 Лепшаму конюху саўгаса "Светлыя Баўтагузы" Вярнідубу Гаўрыле, па мянушцы Геракл, выдалі бясплатную турыстычную пуцёўку па Грэцыі.
 - Ну, ты, Гаўрыла, у нас Геракл, табе і падарожнічаць па Грэцыі, - пажартаваў старшыня саўгаса пры ўручэнні пуцёўкі на ўрачыстым зборы ў іх новенькім, які аж зіхацеў ад жаўцізны дрэва, саўгасным клубе. - Толькі глядзі, будзь пільны і асцярожны - капиталізьма, там усёткі, не тое, што ў нас - светлая будучыня...
 …Да паездкі Гаўрыла падрыхтаваўся грунтоўна. Грошы зашыў у гумку трусоў, як ён падгледзеў у адным з рускіх серыялаў, рэчаў узяў па мінімуме, каб не абцяжарвалі ў дарозе, і паляцеў…
 …Сядзелі яны ўтрох за столікам у нумары гасцініцы і адзначалі… А што адзначалі, яны і самі добра не ведалі. Было б жаданне адзначыць, а чыннік заўсёды знойдзецца. Вось, сядзелі і адзначалі. Гаўрыла, па мянушцы Геракл, пастух Родзя з пад Копыля і слесар-сантэхнік Марык з Наваградка. Пазнаёміліся яны у самалёце і дамовіліся трымацца разам у гэтым чужым капіталізьме…
 …Уначы Гаўрылу абудзіла заклічнае конскае ржанне…
 "Ізноў бабы забыліся вароты зачыніць", - думкі у галаве варушыліся цяжка, - "І Хлопчык разгульвае па гародзе і топча капусту. Трэба пайсці, паглядзець…"
 Ён устаў з койкі ў апраметнай цемры, намацаў нагамі тэпцікі і, подсшморгнуўшы трусы, якія споўзалі ад незразумелага цяжару, закульгаў у двор.
 Патэпаўшы па двары сюды-туды ў беспрасветнай цемры, Гаўрыла ці то на штосьці натыкнуўся, ці то атрымаў чымсьці цяжкім па галаве, але з вачэй раптам фантанам пасыпаліся іскры, цэлы феерверк, дакладней, салют. Іскры павольна згасалі, разам з імі згасла свядомасць…
 …Гаўрыла насілу разляпіў павекі, сеў і агледзеўся. Было светла. Знаходзіўся ён на нейкай бясконцай лугавіне яркай смарагдавай травы. Справа ўзвышаўся вельмі стромкі і вельмі высокі ўзгорак, пакрыты той жа смарагдавай травой. Гаўрыла падняў галаву. Высока ў небе над узгоркам ён убачыў плакат, які трымалі маленькія пухленькія анёльчыкі. Іх маленькія крылцы хутка матляліся з лёгкім меладычным гудзеннем. А на плакаце было напісана адно слова: "Алімп".
 "Вось, дык, так", - здзівіўся Гаўрыла і стаў караскацца на ўзгорак, чапляючыся за траву.
 На вяршыні ўзгорка была белая мармуровая пячора, уваход у якую загароджваў струмень вады. Бліскучы струмень валіўся зверху, незразумела з якой крыніцы і ля падножжа пячоры незразумела куды знікаў. Побач з уваходам віселі дзве таблічкі. На адной было напісана: "Староннім уваход забаронены". А на другой: "Спіс, каму уваход дазволены". Прагледзеўшы спіс, Гаўрыла знайшоў у ім дзве сваіх мянухі: "Гера" і "Геракл". Пераканаўшыся, што яму ўваход дазволены, Гаўрыла адважна ступіў пад вадаспад. Ціску вады ён не адчуў: прайшоў як скрозь смугу.
 А там, у пячоры, у процілеглай ад уваходу сцяны, за столікам перад аконнай нішай, сядзелі два мужыка, апранутых, як пасля лазні.
 Адзін мужык, з доўгімі меднымі кучарамі і барадой, быў захутаны ў прасціну, замацаваную на плячы залатой спражкай. А другі, гладка выгалены і каротка астрыжаны, сядзеў у накінутай на голае цела львінай шкуры.
 Мужыкі пацягвалі штосьці з вялікіх масіўных кружак і гулялі ў шахматы.
 - А добрае піва варыць твая Гера, - сказаў мужык у шкуры хрыплым басам.
 - Ну, піва як піва, не горш, чым у іншых, - адказаў меднабороды аксамітавым буркочучым голасам. - Ты, лепш, распавядзі мне, Геракл, як табе атрымалася так хутка пачысціць стайні? Я яшчэ пакуль не чуў падрабязнасцяў…
 "Гэта ж я Геракл. Мая мянуха", - пранеслася ў галаве ў Герасіма, і ён хутка забалбатаў:
  - А чаго там чысціць? Як набягуць, бывала, бабы з вёдрамі. Усё начыста пычысцючь. Мне застаецца толькі шлангам з вадой прайсціся - і чыста…
 Мужыкі здрыгануліся і паглядзелі на Герасіма.
 - А гэта яшчэ, што за цуд? - здзівіўся меднабароды.
 - Геракл я, - сціпла сказаў Гаўрыла, - мянуха ў мяне такая….
 Меднабароды пытальна паглядзеў на голенага ў шкуры.
 - Я разбяруся, - сказаў голены, і са сваёй велізэрнай кружкай у руцэ пайшоў да Герасіма.
 - Дык, ачуйся ты, дурань, - раўнуў ён раптам жаночым голасам і плюхнуў з кружкі ў твар Герасіму.
 Герасім зажмурыўся, а калі адкрыў вочы, выявіў, што ляжыць ён у нейкім незнаёмым двары, побач з вялікай жалезнай бочкай, у адных трусах і ўвесь мокры. А над ім жанчына з пустым вядром, з якога яна, відаць, і абліла Герасіма вадой. А за ёй вымалёўваюцца Родзя з Марыкам. 
 - Ну, уставай, - сказаў Родзя, - мы ўжо хвалявацца пачалі: куды ты дзеўся.
 Герасім спалохана схапіўся за гумку мокрых трусоў: грошы былі на месцы.
 Тады ён з палёгкай ўздыхнуў, падняўся і паплёўся за сябрукамі ў нумар.
 - Сёння ў нас будзе экскурсія на Алімп. Праз паўгадзіну збор унізе, - паведаміў Родзя.
 - Ну, ужо, не, ужо, звольніце, - запратэставаў Гаўрыла, - сыты я гэтым Алімпам. Я лепш у гасцініцы на койцы паляжу…