Страшная помста

Ляксандра Зпад Барысава
Страшная помста

 Ужасцік

 Перш за ўсё, атрымаўшы доступ у інтэрнэт, я зарэгістравалася на Тутбае і ад рабіць няма чаго стала там забаўляцца ў "Хто страмчэй". Спакусіла мяне тое, што за пяць тысяч паведамленняў яны абяцалі ўсякія прызы-неспадзеўкі. І вельмі мне жадалася паглядзець на гэтыя прызы-неспадзеўкі.
 Выставілі мне дзве выпадковых фатаграфіі. І пад адной з іх, якая мне больш спадабаецца, я павінна націснуць кнопку "Страмчэй". А сама забаўлялка пасля гэтага выбірае са спісу выпадковае паведамленне і адпраўляе гэтай абранай фатаграфіі. І я паняцця не маю, які пэўна тэкст пойдзе гэтай фатаграфіі.
 А потым выстаўляюць наступныя дзве фатаграфіі, і гэтак далей.
 А балаў пяць тысяч жадаецца набраць хутчэй. Вось, і стала я націскаць хутка, не гледзячы на фатаграфіі. Перыядычна да мяне прыходзілі адказы ад гэтых фатаграфій з падзякамі за адзнаку. А я, не рэагуючы на іх, ціснула і ціснула далей "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй"….

 Але калі я націснула "Страмчэй"  пад той фатаграфіяй, мяне як мароз па скуры праняў, я спынілася і ўважліва паглядзела на гэту фатаграфію. На ёй была намалявана маладая пара перад аўтамабілем з фанатычна-адухоўленымі тварамі. Ён у куртачцы, вышытай хахламскімі узорамі. Яна ў блакітнай летняй сукеначцы і зімовых ботах. І значыўся подпіс пад гэтай фатаграфіяй: Сержык Зімахвост.  г.п. Заазер'е.

 Мне стала вельмі ніякавата, як быццам я сваім дурным "Страмчэй" умяшалася ў іх асабістае жыццё.  Па фатаграфіі відаць, што яны ляцяць на Крылах Кахання, а я тут - са сваім "Страмчэй"…

 Трэба ўважліва глядзець. І я стала прыглядацца да фатаграфіі, перш чым націснуць "Страмчэй". Потым ізноў сарвалася, не вытрымала і зноў запстрыкала без прыпынку "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй"… Пакуль ізноў не нарвалася на гэту пару з фанатычнымі паглядамі, перад аўтамабілем. І зноў як токам стукнула….
 Потым махнула на іх рукой і сноў запрацавала "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй". "Страмчэй"…
 І ўрэшце я стала поўным кавалерам усіх іх медаляў. І расчаравалася.
 І закінула гэту забаўлялку і забылася пра яе.

 А праз месяц прыходзіць ад Сержыка Зімахвоста вельмі грубае паведамленне з недрукаванымі словамі.
 Я, вядома, сама вінаватая. Нарвалася. Навошта было націскаць кнопку "Страмчэй" пад яго фоткай.

 Але душа прагнула Страшнай Помсты. І помсціць я павінна не сама. Гэта не прыстойна. Я павінна знайсці Абаронцу. І я яго вельмі хутка  знайшла. Віртуальнага.
 Зарэгістраваўшыся на Тутбае пад імем Сідараў Касір, і ўзяўшы ў якасці асабістай фатаграфіі партрэт Джэкі Чана ў поўнай баявой гатовасці, я паслала Сержыку паведамленне: "У вас там усе такія? Ці ты адзіны ў сваім родзе"? І змясціла ў канцы паведамлення смайлік "Ойржунімагу".
 Адказ ад Сержыка прыйшоў да мяне праз тыдзень: "Мужык, ты чэ?".
 Я не стала адказваць на яго пытанне: мой Запал Помсты была здаволены. Праігнаравала я і наступныя яго дзесяць паведамленняў. Потым ён перастаў мне дасылаць розныя лаянкі. Дакладней, не мне, а Джэкі Чану, зарэгістраванаму пад імем Сідараў Касір. А што мне на іх крыўдзіцца? Ён жа не мяне лаяў, а Сидорова Касіра…