Людзи добрыя дапамажыце

Ляксандра Зпад Барысава
Людзі добрыя дапамажыце

 Дзень быў яркі, сонечны. На выйсці з мятро сабраўся натоўп гандляроў. А таксама на прыступках сядзела бабулька і моўчкі чакала міласціны.

 А на верхніх прыступках лесвіцы стаяла жанчына з плакатам, на якім была фатаграфія жыццярадаснага маляняці. І гэта жанчына тонкім пранізлівым голасам заклікала:
 - Людзі добрыя, дапамажыце на лячэнне майму дзіцяці!..

 А людзі добрыя ішлі і ішлі міма, і я з імі…

 Далей было наступнае выпрабаванне на шкадобу. Уздоўж Камароўскага пляца на дзвюх мыліцах цягнулася маленькая худзенькая жанчына, шэранькая і бясколерная, у акулярах. Ступні яе ног былі развёрнутыя на сто восемдзесят градусаў. І так яна цягнулася, павольна перасоўваючы ногі і перастаўляючы мыліцы. І вельмі падобным на першы, тонкім і пранізлівым голасам, заклікала:
 - Людзі добрыя, дапамажыце на лячэнне!..

 А людзі добрыя ішлі і ішлі міма, і я з імі…

 Далей скакалі негры пад музыку, а за імі прыстроілася яшчэ адна жанчына з фатаграфіяй дзіцяці. І таксама тонкім і пранізлівым голасам заклікала:

 - Людзі добрыя, дапамажыце на лячэнне майму дзіцяці!..

 А людзі добрыя ішлі і ішлі міма, і я з імі…

 …Калі я вярталася з Камароўкі дадому, у мятро раздаўся той жа самы тонкі і пранізлівы голас:
 - Людзі добрыя, дапамажыце на лячэнне майму дзіцяці!..
 І праз вагон пайшла жанчына, вельмі падобная на тую, што цягнулася на мыліцах па Камароўцы. Толькі гэта ішла лёгка на сваіх тонкіх, трохі крывых нагах. І такім жа голасам, тонкім і пранізлівым стала заклікаць:
 - Людзі добрыя, дапамажыце на лячэнне майму дзіцяці!..

 …Примроілася мне раптам, што гэта добра распрацаваны спектакль, і за ўсімі гэтымі нябогамі бачылася раха ў цёмных ачках,  якая тузала за нітачкі гэтых марыянетак і добра пачувалася за іх рахунак…

 Напэўна, гэта раха прымроілася не мне адной.
 Таму і ішлі людзі добрыя моўчкі і ігнаруючы.
 Бо на самой справе нашы людзі добрыя па-сапраўднаму, і блізкім, якія патрапілі ў бяду, заўсёды дапамагаюць.