Пра сабак

Варужка Яешня-Тутошня
Пра сабак

 Я з дзяцінства баюся сабак. Памятаю, кінулася на мяне ў двары нешта вялікае, чорнае, страшнае… Я нават толкам разгледзець яго не паспела. Потым я доўга сядзела на прыступцы паміж сенцамі і кухняй і бесперапынна плакала, сама не ведаючы чаму, і дзівілася, чаму на мяне ніхто не звяртае увагі: не суцяшаюць і не лаюць. Потым мяне бабуля пасадзіла на кажух, раскладзены мехам угару на ложку, стала вадзіць вакол маёй галавы нажом і штосьці шаптаць. Гэты шэпт быў зачаравальна-заспакойлівы…
 …У тыя часы я бачыла толькі ланцужных сабак, маленькіх злых дварнякоў, якія шалёна рваліся з ланцуга, пры гэтым аглушальна бесперапынна брахалі. І я была ўпэўнена, што калі гэты монстар сарвецца, ён мяне абавязкова з'есць.   
 ***
  У нашым доме жыве вялікі прыгожы сабака на дзявятым паверсе, якога я пра сябе называю Жоўты Д'ябал: у яго афарбоўка, як у сіямскай коткі, уся жоўтая, і толькі кончыкі лап, вушы і пыса карычневыя. З выгляду ён вельмі спакойны, я ніколі не чула, каб её калі-небудзь брахаў. Але яго спакой нейкі злавесны, і, казалі, што ён загрыз дзвюх маленькіх шавак. Я думаю, ён гэта зрабіў таму, што палічыў абразай сваёй сабачай годнасці існаванне такой драбязы, якая таксама магчыма ўяўляе, што яна таксама сабака.
 ***
 Неяк падыходжу да свайго пад'езда. Раптам адкрываюцца дзверы, і выходзіць жанчына з сабакам. Я гляджу: не, не Жоўты Д'ябал. Проста нейкі вялікі сабака ў карычневых плямах… "А, гэта дурніца з першага паверху…" - падумала я - "зусім бяскрыўдная…" - і паглядзела на яе. А гэта дурніца, якая ўжо амаль мінула, раптам азірнулася і цяпнула мяне за руку. Вось табе і бяскрыўдная!
 Ніколі не ведаеш, што і калі прыйдзе ў іх дурную сабачую галаву.