Фантазия на беларускай мове

Ляксандра Зпад Барысава
ФАНТАЗІЯ

 Караткевіч "Ладдзя роспачы"
 Гервасій Выліваха гуляе са Смерцю ў шахматы. І выйграе, таму што, калі яна адвярнулася, перамясціў на дошцы некаторыя фігуры. Ці магчыма такая сітуацыя: колькі памятаецца, у Астапа Бэндара не атрымалася ашукаць такім чынам простага аматара. Ці парушыў Караткевіч логіку?

 Смерць была ўсяго толькі жанчынай, хоць і вельмі старажытняй. Калісьці яна была жонкай Авеля. Той час яна памятае вельмі смутна. Авеля яна не кахала. Гэта быў слабы, бесхарактарны чалавек, ханжа і крывадушнік, які хлусіў самому сабе для таго, каб яго хлусня гучала пераканаўчай праўдай для іншых. Авель быў увесь у бацьку, Адама, які ўсё жыццё папракаў Еву за яблык і за наступнае выгнанне з Рая.
 Ева, прыгожая, як сама дасканаласць, была, да таго ж моцнай і валявой жанчынай. Пра страчаны рай яна не шкадавала, таму што заўважыла, што сапраўднае жыццё пачалося тут, на Зямлі. Каін быў увесь у яе. З кудлатай шапкай густых саламяных валасоў і цёмна-сінімі вачамі, колер якіх змяняўся, у залежнасці ад асвятлення, ад светла-блакітнага да цёмна-фіялетавага, быў проста захапляльны. Праўдалюб, з буйным характарам, ён не любіў свайго брата. Таму ўсё так і выйшла, як выйшла.
 Аўдавелая жонка Авеля палічыла сваім абавязкам помсціць усяму чалавецтву за забітага мужа. З гэтага ўсё і пачалося. І пацяклі шэрыя беспрасветныя гады, стагоддзі, тысячагоддзі….
 Калі яна ўбачыла Гервасія Выліваху, перад ёй як жывы, паўстаў Каін.
 І яна раптам зразумела, што менавіта яго яна кахала ў часы свайго чалавечага быцця. Нуда, невыносная, беспрасветная ад немагчымасці штосьці вярнуць, выправіць, здушыла яе, надарвала волю, розум. Вонкава яна трымалася як заўсёды, але ўсярэдзіне пачаўся разлад. Таму яна і прапанавала Гервасію шанец, магчымасць вярнуцца ў жывы свет. Таму і не звярнула ўвагі на зман і наступную гульню не па правілах. Ёй ужо было ўсё роўна. Слабая спроба ("-Ты ваюеш не па правілах, Выліваха, - сказала Смерць. - Ты аддаў мне гэтага латніка і, значыцца, павінен замацавацца вось тут, а замест гэтага..." - "-Каму павінен?"...) нічым не скончылася. Смерць здалася, хоць і рабіла выгляд, што гэта не так.