Як змагацца за чысциню

Ляксандра Зпад Барысава
Як змагацца за чысціню

 - Штрафаваць трэба, - думала Дунька, седзячы на лаўцы каля фантана. - Кіне хто недакурак - штраф. І не грашыма. Дзе там, грашыма возьмеш. Адбіткі пальцаў здымаць трэба. Зняў адбіткі пальцаў, занёс у базу дадзеных з падрабязнай інфармацыяй дзе жыве, дзе працуе… А ў наступны раз кіне ён недакурак - ізноў зняць адбіткі пальцаў, параўнаць з базай дадзеных - і, ціха-моўчкі, паведамленне ў бухгалтэрыю па месцы працы: пералічыць з рахунку вось такога грамадзяніна на рахунак горада гэтулькі і гэтулькі …

 Дунька задуменна назірала, як у фантане цурчыць вада. У левым кулаку, велічэзным, велічынёй з дзіцячую галаву, яна заціснула жменю семак. І беручы па адной у рот, сплёўвала шалупіну сабе пад ногі.

 - А яшчэ, - працягвала разважаць Дунька, - што гэта там дзіця вытварае? Набраў вады ў вядзерца з фантана і выліў ва ўрну. А матуля куды глядзіць? Балбоча на лаўцы з другой такой жа матуляй, і зусім не назірае, што яе Давід вытварае. Так, быў у нас Менск беларускі. А зараз тут Давіды афра-амерыканскія бегаюць, як у сябе ў Арабіі… І ваду ва ўрну наліваюць. Гэта яны ў Ізраілі, напэўна, абвыклі так рабіць…

 - Жанчына, як вам не сорамна, - Дунька здрыганулася ад нечаканасці. Над ёй узвышалася дворнічыха з венікам.

 - А чаго? - сказала Дунька, - семучкі - гэта натуральнае смецце. Яно не засмечвае атачальную флору-фауну.

 І Дунька цяжка паднялася, і перавальваючыся з адной нагі на другую, паплялася кудысьці па сваіх справах.

 А дворнічыха стала злосна шорхаць венікам, змятаючы ў кучу пакінутае Дунькай шалупінне.