Бульдозер на беларускай мове

Варужка Яешня-Тутошня
Бульдозер

 сон

 Едзем з Анькай у аўтобусе, размаўляем.
 На чарговым прыпынку па пустым салоне пранёсся міма нас рэвізор з крыкам:
 - Ты ў мяне зараз выйдзеш!..
 Я паглядзела яму ўслед, каб ацаніць становішча, і падумала: "Зараз ён з ім разбярэцца, а потым возьмецца за мяне. Трэба тэрмінова выходзіць, пакуль дзверы не зачынілі…" І не завяршыўшы думкі, якую пачала выказваць Аньцы, ірванула з месца і паспела прашчэміцца на вуліцу скрозь дзверы, якія ўжо зачыняліся.
 …Іду з прыпынку па незнаёмым прыватным сектары. Ходніка няма. Паміж плотам і праезнай часткай - вузенькая палоска здзірванелай зямлі. А над плотам звісаюць галіны садовых дрэў. І даводзіцца ісці па гэтай вузкай палосцы пад дрэвамі.
 Выходжу на пустку. Куды далей ісці – не ведаю. І к таму ж пайшоў дождж. Холадна і мокра. "Трэба ўзляцець і агледзецца - куды далей…" - думаю і ўзлятаю.
 Бачу знаёмае азярцо і гмахі за ім. Мне туды. Лячу ў тым кірунку, а вецер нясе мяне назад. І так, ваюючы з ветрам, павольна прасоўваюся зігзагамі і апускаюся пабач з аркай бліжэйшага гмаху. Я ведаю, што калі прайсці праз гэту арку - патрапіш на праспект Пушкіна. Праходжу - і трапляю на нейкую вузкую вулачку без ходніка. А па ёй, на ўсю шырыню, рухаецца бульдозер, і не абыйсці яго і не абляцець, такі велічэзны.
 Вяртаюся пад арку, а бульдозер за мной. Хаваюся ў нішу пад аркай, і зачыняю за сабой дзверы. Бульдозер б'ецца ў дзверы і пры гэтым кажа:
 - Я б сюды не павярнуў, калі б ты не паглядзела на мяне коса…
 Тут я прачнулася, і што далей было, не ведаю…